Адрес:

222357, г. Воложин, пл. Свободы, 2

Телефон приемной:

+375 (1772) 5-55-72

Режим работы:

с 8.00 до 13.00 и с 14.00 до 17.00 по будням

горячая линия: +375 (1772) 5-55-72

Калі душа імкнецца да прыгажосці

26.08.2019

Кожны раз не перастаеш здзіўляцца, якія таленавітыя, працалюбівыя і сціплыя людзі жывуць на нашай зямлі.

У Галіны Мікалаеўны АРЦЮКЕВІЧ, жыхаркі вёскі Дубіна, я аказалася выпадкова. Дагледжаны двор прыцягнуў увагу буйствам фарбаў. Разгаварыліся. Гасцінная гаспадыня запрасіла ў хату. Калі зайшла, падалося: папала ў музей народнай творчасці. На падлозе і пры ўваходзе ў хату лапікавыя дарожкі. Усе ложкі, канапа засланыя саматканымі посцілкамі. Прыгожа складзеныя адна на адну падушкі накрыты вышыванымі накідкамі. У кутах іконы прыбраны ручнікамі незвычайнай прыгажосці. Вязаныя шыдэлкам сурвэткі, вышываныя карціны, пано, вырабы з паперы ствараюць цёплую, утульную, светлую атмасферу. Тут жадаеш пабыць падолей, тым больш, што Галіна Мікалаеўна – цікавы суразмоўца.

Нарадзілася і вырасла наша гераіня ў Дубіне. Творчасцю была апантаная яшчэ з дзяцінства. Яе маці слыла ў наваколлі выдатнай рукадзельніцай, нават дываны вышывала. Гледзячы на гэта, і малой Галі хацелася зрабіць нешта прыгожае сваімі рукамі. Першую работу добра памятае. Па трафарэце яна вышыла марачку і марака. Сямігадовая дзяўчынка вельмі ганарылася вынікам карпатлівай працы. З таго часу з іголкай, а пасля і шыдэлкам Галіна Мікалаеўна ўжо не расставалася.

Лёс не песціў Галіну, з маленства прыходзілася шмат працаваць, каб дапамагчы матулі. З сямі гадоў пасвіла за капейкі чужых, а заадно і ўласных кароў. У поле брала ніткі, спецыяльны чаўнок і ткала паясы, некаторыя з іх захоўваюцца да гэтай пары. Шарсцяныя яркія посцілкі, якімі засланы ложкі, і дарожкі таксама засталіся з тых далёкіх гадоў, калі яшчэ дзяўчынкай вырабляла іх з матуляй.

Замуж выйшла рана. Спадарожніка жыцця знайшла ў сваёй вёсцы, хлопец жыў праз тры хаты ад бацькоў. У сям’і нарадзіліся два хлопчыкі. У 48 гадоў стала ўдавой. Працавала лабарантам, загадчыцай фермы, а апошнія 15 гадоў – слесарам па газе. Адвучылася ў Мінску 3 месяцы і занялася дастаўкай і ўстаноўкай балонаў на тэрыторыі калгаса. Справа нялёгкая, больш мужчынская, чым жаночая. Трэба было пагрузіць, разгрузіць, данесці да месца 50-кілаграмовыя балоны. Але здужала... У наваколлі лічылася добрым спецыялістам. Нават жыхары райцэнтра звярталіся да Галіны Мікалаеўны з просьбамі парамантаваць пліту ці іншае газавае абсталяванне.

Нягледзячы на вялікую загружанасць, ніколі не пераставала займацца рукадзеллем, наводзіць прыгажосць у хаце і на падворку. Здаецца, адкуль тыя сілы браліся сядзець да поўначы над чарговай вышыўкай. Але менавіта творчасць давала сілы, прыносіла сапраўднае задавальненне.

І сёння Галіна Мікалаеўна не здраджвае захапленню, хоць вочы сталі не тыя. Навышывала вясельных ручнікоў усім траім унукам. Адзін з іх ужо скарыстаўся бабуліным падарункам. Нашай гераіні вельмі прыемна, што любоў да рукадзелля перадалася ўнучцы і праўнучцы.

Галіна Арцюкевіч імкнецца да прыгожага, любіць і ўмее працаваць. Таму і ў хаце, і на падворку ў яе поўны парадак. Новыя сарты кветак, кустоў купляе, заказвае па каталогу. Некаторыя сама прывезла з Калінінграда, калі ездзіла туды да сына. Хата пафарбавана ў жыццярадасныя яркія жоўты і зялёны колеры, а пасярэдзіне на сценах размясціліся пары белых галубкоў.

Сыны, нявесткі, унукі і праўнучка з задавальненнем наведваюцца ў Дубіну, ім цёпла і ўтульна побач з цудоўным, добразычлівым і сардэчным блізкім чалавекам.

Галерея изображений

Смотреть встроенную онлайн галерею в:
http://volozhin.gov.by/ru/novosti-regiona/item/7472-kali-dusha-imknetstsa-da-prygazhostsi#sigProIdefc6cef80b