Адрес:

222357, г. Воложин, пл. Свободы, 2

Телефон приемной:

+375 (1772) 5-55-72

Режим работы:

с 8.30 до 13.00 и с 14.00 до 17.30 по будням

горячая линия: +375 (1772) 5-55-72

У Пяршаях прайшлі раённыя «Дажынкі-2019»!

16.09.2019

На ўрачыстасць у бягучым годзе прыехалі начальнік галоўнага ўпраўлення спорту і турызму Мінскага аблвыканкама Яўген Булойчык, член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, кіраўнік агракамбіната «Сноў» Мікалай Радаман, намеснік старшыні рэспубліканскага камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Уладзімір Талайка. Кожны з іх выступіў на свяце з вітальным словам, падкрэсліваючы важнасць місіі працаўнікоў вёскі і іх важкі ўклад у харчовую бяспеку краіны. А вынік і сапраўды значны. Як адзначыў у выступленні старшыня райвыканкама Яўген Круковіч, у бягучым годзе валожынскія хлебаробы сабралі з палёў больш за 65,5 тысячы тон ураджаю зерневых і зернебабовых культур, каля 7 тысяч тон рапсу.

У пачатку мерапрыемства на пляцоўцы перад адміністрацыйным будынкам КСУП «Пяршаі-2014» разгарнуўся сапраўдны палатачны гарадок, дзе былі ярка і творча прадстаўлены падворкі сельсаветаў і арганізацый раёна, працавалі гандлёвыя павільёны, прадаваліся рамесніцкія вырабы і тавары для дзяцей. Супрацоўнікі райаддзела па надзвычайных сітуацыях праводзілі з малышамі і падлеткамі віктарыны з прызамі, хапала наведвальнікаў і ля атракцыёнаў. Унутры ж будынка была наладжана выстава прадукцыі райспажыўтаварыства і філіяла ААТ «Маладзечанскі малочны камбінат». Паўсюдна гучалі песні: артысты Валожыншчыны стараліся падарыць удзельнікам урачыстасці добры настрой.

Святочную атмасферу мерапрыемства падмацавала і ўзнагароджанне работнікаў, якія прыклалі максімум намаганняў для паспяховай уборкі ўраджаю. Падзякай старшыні Мінскага аблвыканкама за плённую добрасумленную працу, прафесіяналізм і ўклад у развіццё аграпрамысловага комплексу вобласці ўзнагародзілі вадзіцеля КСУП «Валожынскае» Аляксея Ванслава.

Намеснік старшыні рэспубліканскага камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Уладзімір ТАЛАЙКА ўручыў на сцэне Ганаровую грамату дырэктару КСУП «Пяршаі-2014» Віктару ШАЛАШУ і Падзячныя лісты. Іх уладальнікамі сталі вадзіцель ААТ «Агра-Вішнеўскі» Вячаслаў Мажэйка і касір КУП «Сівіца» Аліна КАРАЛЬКЕВІЧ.

Ганаровую місію вітання пераможцаў раённага спаборніцтва па ўборцы зерневых і зернебабовых культур выканаў старшыня раённага выканаўчага камітэта Яўген Круковіч. Сярод экіпажаў зернеўборачных камбайнаў 1-е месца заняў экіпаж пяршайцаў Аляксандра Ліпеня і Валерыя Банета, якія на «Лексіёне-560» намалацілі 1827 тон збожжа. На другой прыступцы п’едэстала гонару – таксама прадстаўнікі КСУП «Пяршаі-2014». Намалот сямейнага экіпажа Бандаровічаў склаў 1361 тону. Працавалі бацька з сынам на «КЗС-1218». Тройку лепшых з вынікам 1307 тон замкнулі Алег Бажкоў і Андрэй Талайка з КСУП «Валожынскае». Лепшымі сярод маладых камбайнераў прызнаны Аляксандр Ткачэнка і Максім Новік з Пяршаяў (на «Лексіёне-510» хлопцы намалацілі 1991 тону), Павел Паляшчук і Аляксандр Смолік (КСУП «Валожынскае», «Лексіён-770», намалот 1811 тон), экіпаж Аляксея Барэйкі і Аляксея Багуслаўскага з ААТ «Агра-Дубінское» («КЗС-1218», 1002 тоны).

Сярод вадзіцеляў, якія перавозілі ўраджай ад камбайнаў, узнагароджана Ганна Пальчэўская з ААТ «Багданаўскае», Аляксандр Саломка з ААТ «Агра-Дубінское» і Аляксандр Шаплоў з КСУП «Пяршаі-2014». Віншавалі і іх маладых калег – пяршайцаў Сяргея Голуба і Аляксандра Голуба, а таксама Уладзіміра Чарэўку з ААТ «Суднікаўскі».

Сярод аператараў зернесушыльных комплексаў перамогу святкавалі Валянцін Халевіч (КСУП «Пяршаі-2014»), Алік Давідовіч (ААТ «Багданаўскае») і Аляксандр Раманчык (КСУП «Валожынскае»).

Пераможцамі раённага спаборніцтва сярод сельскагаспадарчых прадпрыемстваў прызнаны ААТ «Агра-Дубінское», дзе тэмп росту валавога збору зерня да сярэдняга ўзроўню за тры папярэднія гады на адзін бала-гектар пасяўной плошчы склаў 1,534, і КСУП «Пяршаі-2014» з паказчыкам 1,232. Кіраўнікі гэтых гаспадарак Генадзь Каспяровіч і Віктар Шалаш атрымалі дыпломы і грашовыя прэміі. Сёлета ўведзена добрая традыцыя

ўручаць пераходны Кубак сельгаспрадпрыемствам, якія ўнеслі найбольшы ўклад у агульны каравай. Па праве ўзнагароду ў бягучым годзе атрымала ААТ «Агра-Дубінское».

Пераможцамі раённага спаборніцтва сярод галоўных аграномаў сталі Пётр ЯЗЕРСКІ (у цэнтры) з ААТ «Агра-Дубінское» і Віктар ТРУС (злева), які шмат гадоў шчыруе ў ААТ «Багданаўскае». А лепшым галоўным інжынерам прызнаны Аляксандр НЯМКЕВІЧ з КСУП «Пяршаі-2014».

Падзяка старшыні раённага выканаўчага камітэта за плённую добрасумленную працу, прафесіяналізм і значны асабісты ўклад у развіццё аграпрамысловага комплексу раёна была аб’яўлена трактарыстам-машыністам ААТ «Валожынскі льнокамбінат» Аляксандру Барахоўскаму, Вадзіму Дарошку і Віталю Карпуку, механізатарам Івану Рагялю з сакаўшчынскай гаспадаркі, Віктару Дубовіку з ААТ «Суднікаўскі», Палікарпу Рындзевічу з КСУП «Пяршаі-2014», слесару-рамонтніку ААТ «Суднікаўскі» Юрыю Пупко, настаўніку СШ № 2 г. Валожына Сяргею Шаўлюку і вадзіцелю пажарнага аварыйна-выратавальнага паста № 15 у Сакаўшчыне Казіміру Краскоўскаму.

Ганаровымі граматамі і грашовымі прэміямі за актыўны ўдзел ва ўборцы зерневых і зернебабовых культур узнагароджаны старшы камбайнер ААТ «Лоск» Сяргей Навінскі, вадзіцель «МАЗа» гэтай жа гаспадаркі Уладзімір Маслоўскі, старшы камбайнер ААТ «Багданаўскае» Андрэй Кавалеўскі, багданаўскі механізатар Віктар Жукоўскі, старшы камбайнер КУП «Сівіца» Яўген Бібік і вадзіцель Ігнат Мойса, кладаўшчык КСУП «Падбярэззе» Ірына Макарэвіч і вадзіцель Іван Марукевіч, вадзіцель Пётр Багдановіч і камбайнер Валянцін Гупаловіч з ААТ «Суднікаўскі», а таксама прадстаўнікі КСУП «Сакаўшчына-Агра» – камбайнер Андрэй Юркевіч і вадзіцель Аляксандр Русіновіч.

У час мерапрыемства радавалі гледачоў песеннымі і танцавальнымі нумарамі артысты Валожынскага і Івянецкага Цэнтраў культуры, Ракаўскага цэнтра народнай творчасці, дзіцячыя калектывы. Пранікнёна выступілі перад землякамі вакалісты Аляксандр Сабалеўскі і Кацярына Есмантовіч. Шчодра падзяліліся гумарам «Дубінскія фанабэры». Свята завяршылася з цудоўнымі эмоцыямі і пазітывам, якога ўдзельнікам урачыстасці хопіць надоўга. Наперадзе ж – новы працоўны сезон, ён выявіць новыя імёны лепшых.

Галерея изображений