Адрес:

222357, г. Воложин, пл. Свободы, 2

Телефон приемной:

+375 (1772) 5-55-72

Режим работы:

с 8.30 до 13.00 и с 14.00 до 17.30 по будням

горячая линия: +375 (1772) 5-55-72

Імя лепшага «Уладара вёскі» краіны аб’явілі ў Ракаве

02.10.2019

У мінулую суботу ў гэтым слынным аграгарадку на Валожыншчыне прайшлі фінальныя спаборніцтвы аднайменнага штогадовага рэспубліканскага сельскагаспадарчага сямейнага праекта. Як праходзіла мерапрыемства, чытайце ў нашым сённяшнім рэпартажы.

Урачыстае адкрыццё фіналу рэспубліканскага конкурсу прайшло пры ўдзеле першага сакратара ЦК БРСМ Дзмітрыя Варанюка, намесніка міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі Уладзіміра Гракуна, старшыні абласнога Савета дэпутатаў Наталлі Якубіцкай, старшыні раённага выканаўчага камітэта Яўгена Круковіча, многіх іншых высокапастаўленых чыноўнікаў, вядомых і папулярных у краіне медыйных асоб. Кожны палічыў за абавязак павіншаваць канкурсантаў і пажадаць ім выразнай, яркай перамогі.

Пажаданні арганізатараў конкурсу, як кажуць, знайшлі водгук у душах фіналістаў. Моцны зацяжны дождж не здолеў «астудзіць пыл» нашых уладароў вёскі: страсці з кожным новым этапам спаборніцтваў толькі разгараліся... Але пра тое трошкі пазней.

Неабходна адзначыць, што фіналам рэспубліканскага сямейнага праекта завяршыўся Рэспубліканскі форум сельскай моладзі, які некалькімі днямі раней адкрыўся ў сталіцы. Цэнтральнымі ж героямі традыцыйнага папулярнага конкурсу сталі 6 сем’яў з усіх рэгіёнаў Беларусі. Гэта маладыя людзі абсалютна розных прафесій. У ліку фіналістаў апынуліся трактарысты-машыністы, жывёлаводы, паляводы, педагогі, эканамісты і нават анестэзіёлаг-рэаніматолаг (дарэчы, прадстаўнік нашай вобласці – Пётр Мячкоўскі з Маладзечанскага раёна). Іх аб’ядноўвае адно: кожны з гэтых умелых, працавітых, таленавітых беларусаў аднойчы вырашыў для сябе жыць у вёсцы, весці гаспадарку, захоўваць да сваіх палавінак вернасць і павагу, гадаваць дзетак у любові і згодзе і на ўласным прыкладзе прывучаць іх шанаваць вясковы быт, любіць вёску.

Як жа сярод роўных выявіць лепшых? Ды элементарна! Сем’ям прапанавалі распілаваць за адведзены час бярвёны ручной пілой, насячы з атрыманых калодак дровы і складзіраваць іх у паленніцу. А затым – прыгатаваць вясковыя прысмакі: распаліць спецыяльна падрыхтаваную калоду і на тым агні спячы нашы любімыя спрадвечнабеларускія дранікі. А перад гэтым сем’і «паспрачаліся», хто з гаспадароў хутчэй і лепш за астатніх зробіць са звычайнай дошкі днушку, і якая з гаспадынь найпрыгажэй яе размалюе...

Хто ж перамог?.. Ды ўсіх фіналістаў можна з поўным правам назваць пераможцамі. Арганізатары конкурсу – Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі, Міністэрствы сельскай гаспадаркі і харчавання, адукацыі, Мінскі аблвыканкам, Валожынскі райвыканкам, а таксама партнёры праекта «Уладар вёскі» Белаграпрамбанк і Беларускі саюз жанчын пры падтрымцы ААТ «Слодыч» і СП «Беліта» ТАА ў падарунак для сем’яў-удзельніц заключнага этапу спаборніцтваў падрыхтавалі грашовыя сертыфікаты ў памеры 80 базавых велічынь кожны, горныя веласіпеды, а дзеткам – цацкі. За другое і трэцяе месцы сем’ям дадаткова ўручылі бытавую тэхніку. А вось галоўных прызёраў называць не спяшаліся: цудоўныя вядучыя свята, вялікія прафесіяналы да апошняга ўмела падтрымлівалі інтрыгу. Балельшчыкі на плошчы гучна скандзіравалі імёны сваіх куміраў і ўсяляк стараліся, каб менавіта іх пратэжэ назвалі лепшымі. Але кампетэнтнае журы, падсумаваўшы балы па выніках усіх конкурсаў, ужо мела свой погляд на гэты конт – і нарэшце яго агучыла.

Права ў наступным годзе прымаць чарговы конкурс на сваёй зямлі, ганаровае званне «Уладар вёскі-2019», а таксама галоўны прыз сёлетняга фэсту – культыватар – атрымала сям’я Васіля і Кацярыны ФЯДОТАВЫХ з Магілёўшчыны! Далучаемся да віншаванняў і спадзяёмся, што цудоўная перамога яшчэ больш згуртуе гэтых дружных, спрытных і ўмелых людзей, гледзячы на якіх, верыцца: ВЁСЦЫ – ЖЫЦЬ!

http://psl.by/

Галерея изображений