Адрес:

222357, г. Воложин, пл. Свободы, 2

Телефон приемной:

+375 (1772) 5-55-72

Режим работы:

с 8.30 до 13.00 и с 14.00 до 17.30 по будням

горячая линия: +375 (1772) 5-55-72

Юбілей адсвяткавала двойчы

28.01.2020

Напрыканцы мінулага года дырэктар Пугачоўскага сельскага Дома культуры Наталля Васільеўна Жызнеўская святкавала залаты юбілей сярод родных і сяброў, самых блізкіх па жыцці людзей. А ў пачатку новага года сябры па творчасці з народнага літаратурна-мастацкага аб’яднання «Рунь» вырашылі зладзіць мерапрыемства ў раённым Цэнтры культуры. Падставай для творчай вечарыны «Душа не ведае спакою» стаў зноў жа юбілей, але, дзякуючы яму, надарылася магчымым сказаць шмат цёплых узнёслых слоў гэтай неардынарнай жанчыне, майстру на ўсе рукі.

Нарадзілася Наталля Жызнеўская (на здымку – чацвёртая злева), у дзявоцтве Сасноўская, у невялікай вёсачцы Сцяцкі былога Залескага сельсавета, непадалёк Пугачоў, у шматдзетнай сям’і. А літаральна ўсё свядомае жыццё пражыла ў Пугачах, абраўшы прафесію раз і назаўсёды. Пасля школы скончыла Мінскае культасветвучылішча і прыехала працаваць у свой Дом культуры, якому аддала без малога 32 гады.

Яе бацька быў вядомым у наваколлі музыкам, ды не проста заліхвацкім гарманістам, а іграў на далікатнай скрыпцы. І быў жаданым і запатрабаваным госцем на вясковых мерапрыемствах. У самай малодшай дачкі любоў да музыкі прачнулася з маленства. Але, як успамінае сама, бацькава скрыпка ляжала заўсёды недасягальна высока, а інструмент яго напарніка стаяў на падлозе ці на лаўцы. Дзяўчынка знаходзіла момант, каб парыпаць на кнопках… І прыйшоў той момант, калі ўжо падлетак Наталля была галоўным чалавекам, аўтарытэтам сярод вясковай моладзі, бо магла падабраць любую мелодыю на вечарынках.

Пра ўсе гэтыя акалічнасці біяграфіі гераіні вечарыны прысутныя даведаліся, калі яна адказвала на пытанні вядучай – кіраўніка літаратурна-мастацкага аб’яднання Валянціны Гіруць-Русакевіч. Жыццё Наталлі Жызнеўскай неадрыўна ад яе творчасці, яго моманты даюць ёй падставы да напісання вершаў і песень. У сям’і было дзевяць дзяцей – сем дзяўчынак і два сыночкі. Засталося ўжо шэсць. Сёстры маюць прыгожыя галасы і добра спяваюць, але непасрэдна з культурай звязала жыццё адна Наталля. Яна, бы той чалавек-аркестр, сама робіць усё: складае вершы, кладзе іх на музыку, спявае і акампаніруе сабе на баяне. А вершы-песні пра тое, чым жыла і жыве: пра родную вёску, пра матулю, якой, на жаль, няма, пра любімага мужа, пра родных, пра мясціны, што даюць жыццёвыя сілы. У той дзень прагучалі аўтарскія песні «Дом бацькоўскі», «Бацькаўшчына», песня кампазітара Уладзіміра Гаркушы «Даруй, матуля» ў выкананні Н. Жызнеўскай. А віноўніцы свята падарыла песню «Вёсачка-матулечка» салістка РЦК Валянціна Далгова.

На раённую сцэну з букетамі кветак выходзілі тры родныя сястры, словы любві адрасаваў сваёй адзінай муж, з якім сёлета будуць адзначаць 30-годдзе сумеснага жыцця. Прама са сцэны яны яшчэ раз прызналіся адзін аднаму ў каханні. А зарадзіліся пачуцці, калі Наталлі было 15 гадоў, і пра гэтыя самыя пачуцці яна яшчэ нічога і не ведала. Ведала толькі, што суседскі хлопец Пётр нязменна будзе ісці ззаду, праводзячы яе з клуба дадому. Сёння ўсё ўспамінаецца з гумарам. Як і тое, што Пятру давялося чакаць суджаную з вучобы, а потым ёй яго з арміі. Сёння Жызнеўскія радуюцца поспехам сваіх дзяцей – сына Мікалая і дачкі Марыі, песцяць унукаў. Сын жыве ў Пугачах і працуе, як і бацька, трактарыстам. Дачка з сям’ёй – у Маладзечне. Пыняць старэйшыя досыць вялікую гаспадарку. І гэтыя нязменныя ў вёсцы клопаты па гаспадарцы, у агародзе і кветніку не перашкаджаюць Наталлі тварыць. Большасць яе вершаў не даніна Году малой радзімы, яны яе сутнасць, бо родныя мясціны надаюць жыццёвыя сілы.

Сваім хросным бацькам у прафесіі Наталля Васільеўна лічыць былога старшыню калгаса «Бальшавік» С. А. Лужынскага. Менавіта старшыня дабіўся для яе мэтавага накіравання на вучобу, менавіта ён заўсёды спрыяў у рабоце і падтрымліваў мясцовых культработнікаў, менавіта пры ім быў пабудаваны цяперашні будынак, дзе месціцца Дом культуры. Гэта былі лепшыя гады яе працоўнага жыцця.

Ужо шмат гадоў Н. В. Жызнеўская з’яўляецца членам літаратурнага аб’яднання «Рунь». І патрэбна адзначыць, адным з самых актыўных, хаця і жыве далёка ад раённага цэнтра. Яна ўвогуле – вельмі лёгкі на пад’ём чалавек, практычна нязменна ўдзельнічае ва ўсіх мерапрыемствах «Руні». Таму і віншавалі яе калегі па пяры з лёгкім сэрцам. У кожнага знайшлося што сказаць віноўніцы ўрачыстасці, прыехаў нават старэйшына, член Саюза пісьменнікаў Беларусі Яўген Зялкоўскі. Некаторыя, як, напрыклад, Галіна Гражынская і Галіна Філяноўская, адрасавалі паэтычныя радкі. Пасля іх са словамі віншавання выйшлі прадстаўнікі клуба паэтычнага майстэрства «Летуценнікі», які з’яўляецца спадарожнікам «Руні».

І няхай сабе ў зале сабралася не так шмат людзей, як хацелася, але кожны з нас адкрыў для сябе новую Наталлю Жызнеўскую. Прыемна было і сваякам, што спецыяльна прыехалі ў Валожын з нагоды творчай вечарыны, пачуць столькі цёплых шчырых слоў пра юбілярку. Думаю, каб яна ладзілася ў Пугачах, то зала была б поўная. Галоўнае пажаданне прагучала ў той дзень з вуснаў В. Гіруць-Русакевіч: каб у 2020 годзе нарэшце ўбачыў свет яе першы паэтычны зборнік. Дарэчы, у электронным варыянце ён ужо існуе і нават назва ёсць – «Не ўпаду». Засталося знайсці сродкі на выданне кнігі… Аптымістычна хочацца верыць, што знойдуцца спонсары і сродкі.