Адрес:

222357, г. Воложин, пл. Свободы, 2

Телефон приемной:

+375 (1772) 5-55-72

Режим работы:

с 8.30 до 13.00 и с 14.00 до 17.30 по будням

горячая линия: +375 (1772) 5-55-72

Сям’і патрэбна здаровая жонка і матуля

10.02.2020

10 02 20200 24Напрыканцы мінулага года на базе Валожынскай райбальніцы адбыўся першы марафон «Жаночае здароўе»: ён праводзіўся спецыяльна для жанчын, якія жадалі ведаць усё пра сваё здароўе. Асаблівасць марафону ў тым, што кожная жанчына магла ў выхадны дзень бясплатна наведаць некаторых спецыялістаў, а таксама паслухаць лекцыі і рэкамендацый урачоў на хвалюючыя тэмы. На сучаснай мове такое абследаванне займела назву скрынінг: ён дае магчымасць пры пярвічным аглядзе пацыентаў, што не маюць скаргаў на дрэнны стан здароўя, выявіць хваробу на самым пачатку развіцця.

Адным з арганізатараў правядзення такога мерапрыемства была раённы акушэр-гінеколаг Алена ШЧУПЛОВА, з якой сустрэліся і падрабязна пагутарылі аб усім, што датычыцца здароўя жанчын.

– Алена Яўгеньеўна, пачнём з асноўнага: якія вынікі дало такое неардынарнае мерапрыемства?

– Да марафону «Жаночае здароўе» мы рыхтаваліся два месяцы. Ён быў арганізаваны ў фармаце круглага стала ў пяці асобных зонах: у прыватнасці, разглядаліся такія пытанні, як жаночае здароўе ў рэпрадуктыўным узросце, усё пра роды; па якім аналізе можна вызначыць, ці пагражавае вам рак; чаму ў некаторых выпадках тэст дае станоўчы вынік, хоць жанчына здаровая, і іншыя пытанні. Парады, рэкамендацыі і адказы на пытанні давалі ўрачы акушэр-гінеколаг, псіхолаг, касметолаг, эндакрынолаг, урач лабараторнай дыягностыкі.

Па падліках у ім прынялі ўдзел каля 100 жанчын. Узроставая катэгорыя розная – ад 25 гадоў да 50 плюс. Прыходзілі з сем’ямі, з дзеткамі. І былі вельмі задаволены тым, што з’явілася такая ўнікальная магчымасць: у выхадны дзень, на месцы, не выязджаючы за межы раёна, і галоўнае – бясплатна прайсці абследаванне. А вынікі такія: з 46 ультрагукавых даследаванняў органаў малога таза ўстаноўлены 18 паталогій. Гэта значыць, у 39 працэнтах абследаваных жанчын упершыню выяўлены захворванні, аб якіх яны нават не ўяўлялі. Для нашай бальніцы паказчык досыць высокі.

– Разумею, што ніякіх клінічных праяўленняў не было – жанчыны проста выкарысталі прадастаўленую магчымасць?

– Так. Звярнуліся, каб прайсці абследаванне. Ну і каб зрабіць для сябе нейкія высновы.

– А атрымалася – наадварот?

– Кажуць, што калі папярэджаны, то ўзброены. Кожная з тых, у каго выяўлена паталогія, былі запрошаны на агляд, ім назначана лячэнне, кантроль – у залежнасці ад таго, каму што патрэбна. Таксама яны пастаўлены на ўлік для далейшага назірання.

– А што даў такі марафон медыкам?

– Нягледзячы на досыць вялікія затраты, якія панесла бальніца, лічу задумку надзвычай добрай і карыснай. Мы пагутарылі з жанчынамі, даведаліся, якія пытанні іх хвалююць, абмеркавалі тэмы, якія б яны хацелі ўзняць падчас наступнага марафону, і проста паразмаўлялі – на што не заўсёды хапае часу падчас прыёму. Асабіста для ўрачоў гэта быў вялікі вопыт, раней у нас нічога падобнага не праводзілася.

– Алена Яўгеньеўна, хацелася б пачуць, як у нашым раёне жанчыны падыходзяць да планавання цяжарнасці?

– Зараз праходзіць шырокая асветніцкая работа. Мы шмат гаворым на гэту тэму – асабліва з маладымі жанчынамі. Таму большасць стараюцца заранёў прайсці неабходнае абследаванне, каб у далейшым планаваць папаўненне сваёй сям’і. Усё ідзе да таго, што жанчыны на свядомым узроўні вырашаюць стаць мамай. І гэта правільна.

– А які ўзрост шаноўных парадзіх: яны «памаладзелі» ці наадварот?

– Хачу адзначыць, што назіраецца тэндэнцыя да пасталення, калі можна так сказаць: узрост жанчын, якія ўпершыню становяцца матулямі, складае 27-28 гадоў. Ёсць і тыя, хто нараджае пасля 40 гадоў: розніца паміж дзецьмі складае 17-18 гадоў. У такіх выпадках даводзіцца чуць жартаўлівы адказ: маўляў, будзем гадаваць разам унукаў і дзяцей.

– Цікава даведацца, што штурхае жанчын у бальзакаўскім узросце на сапраўдны подзвіг – інакш назваць яго не магу: стан здароўя матулі, матэрыяльнае становішча, стварэнне новай сям’і?

– У большасці выпадкаў – матэрыяльнае становішча. Да гэтага часу ў сям’і ёсць ужо і жыллё, і дадатковыя даходы. Дзеці вылятаюць з бацькоўскага гнязда і ідуць сваёй дарогай. А некаторыя матулі па-ранейшаму адчуваюць жаданне аб кімсьці клапаціцца, вось і рашаюцца на нараджэнне дзіцяці. І калі яны своечасова звяртаюцца да ўрача і выконваюць усе рэкамендацыі, як правіла, на свет з’яўляецца моцны, здаровенькі малыш.

– Ці шмат у раёне сем’яў, жадаючых займець трэцяе, чацвёртае, а можа, пятае дзіця?

– Назіраецца ўстойлівая тэндэнцыя да нараджэння першага і другога дзіцяці. Да з’яўлення трэцяга бацькі адносяцца больш скептычна: калі першынец – доўгачаканае і жаданае дзіця, другое – таксама жаданае, то на трэцяе і на далейшае можа пайсці не кожная сям’я. Некаторых «спакушае» дзяржаўная падтрымка, калі сям’я атрымлівае статус шматдзетнай і адпаведныя льготы – асабліва на такі крок ідуць маладыя бацькі, таксама падставай для нараджэння трэцяга дзіцяці бывае выпадковая цяжарнасць, вельмі рэдка – запланаваная. Вялікую ролю тут адыгрывае рэпрадуктыўны ўзрост, калі жанчына біялагічна і фізіялагічна здольная стаць матуляй, можа вынасіць і нарадзіць здаровае дзіця.

– Досыць прыемны станоўчы факт – у жаночай кансультацыі не назіраецца чэргаў. Быў час, калі да акушэр-гінекола ўзяць талон – цэлая праблема, а патрапіць на прыём у дзень візіту – проста шанцаванне. Разумею, што зараз хапае спецыялістаў, таму і пытанне вырашылася.

– Так. На дадзены момант у жаночай кансультацыі працуюць тры акушэр-гінеколагі, ёсць жаночыя доктары ў радзільным, гінекалагічным аддзяленнях, а таксама ў Івянецкай гарпасялковай бальніцы.

– Што датычыцца ўльтрагукавога даследавання: тут, напэўна, пытанне стаіць востра?

– Вельмі востра, бо ў нас толькі адзін такі спецыяліст. Аднак адміністрацыя нацэлена на тое, каб абучыць у гэтым кірунку маладых спецыялістаў.

– Як раённы акушэр-гінеколаг, што б Вы параілі нашым жанчынам? Як трэба адносіцца да свайго здароўя, як увогуле ставіцца да сябе як да жанчыны, каб быць і добрай жонкай, і клапатлівай матуляй, і прафесіяналам у рабоце – так бы мовіць, адбыцца ва ўсіх трох іпастасях? Ці магчыма такое?

– Ой, складанае пытанне. Напэўна, самае галоўнае для жанчыны – стаць матуляй, кахаць і быць каханай. А для гэтага неабходна не толькі любіць сваю сям’ю і сваіх блізкіх, а ў першую чаргу сябе, займацца сваім здароўем, наведваць рэгулярна – не радзей за адзін раз у год – урача акушэр-гінеколага, іншых спецыялістаў, здаваць аналізы, абследавацца. Таму што жанчыны, калі нараджаюць дзяцей, як правіла, забываюцца пра сябе, адкладваюць на другі план, лічачы, што здароўе дзяцей куды важней. Але, каб дзеці раслі шчаслівымі і цвёрда сталі на ногі, ім патрэбна здаровая матуля.

Задайте вопрос