Настаўнік біялогіі і хіміі Івянецкай сярэдняй школы Вольга Аляксандраўна Суша па выніках конкурсу прафесіянальнага майстэрства педагагічных работнікаў «Настаўнік года Валожынскага раёна-2019» стала пераможцай.
Л. М. Талстой гаварыў, што добраму настаўніку дастаткова мець толькі дзве якасці – вялікія веды і вялікае сэрца. Усім гэтым у поўнай меры валодае наша гераіня. У дадатак у яе ёсць талент, душэўная цеплыня, розум, чуласць, цярпенне і невычэрпная энергія. Вольга Аляксандраўна мае выдатныя веды, яна закончыла магістратуру і аспірантуру, з’яўляецца магістрам біялагічных навук, мае навуковую кваліфікацыю даследчыка ў вобласці біялагічных навук. Метадычнае майстэрства дазваляе захапіць сваім прадметам вучняў. Яе дэвіз: «Трэба любіць тое, што выкладаеш, і любіць тых, каму выкладаеш».
– Вольга Аляксандраўна, раскажыце, калі ласка, як пачынаўся Ваш шлях у прафесію?
– Ведаеце, я задумвалася пра гэта з дзяцінства. Калі ў мяне малой пыталіся, кім хачу стаць, то не вагаючыся адказвала: «Настаўнікам». Таму пасля заканчэння школы з задавальненнем скарысталася магчымасцю па мэтавым накіраванні паступіць у БДПУ імя М. Танка. Спецыяльнасць таксама доўга не выбірала, бо як толькі пачала вывучаць у 7-м класе хімію, яна стала маім любімым прадметам. Такой з’яўляецца і па сённяшні дзень, хаця апошнім часам мяне вельмі захапіла біялогія.
– Працоўную дзейнасць пачалі ў роднай школе. Як тут сустрэлі?
– Выдатна. За першае працоўнае месца перажываць зусім не прыйшлося, бо ведала кожнага педагога, многія з іх выкладалі ў нашым класе. Я сапраўды вярнулася дамоў, дзе мне ўсе былі рады. Наогул, у Івянецкай школе цудоўны калектыў, тут пануе атмасфера ўзаемнай павагі, разумення, даверу і дапамогі.
Любімы настаўнік хіміі Ганна Браніславаўна Субач стала тады для маладога спецыяліста педагогам-настаўнікам. Менавіта яна ўвяла ў прафесію, навучыла працаваць з дакументамі, складаць планы і інш. Па любым пытанні можна было звярнуцца да яе і атрымаць кваліфікаваную параду. І зараз мы з ёй захоўваем цёплыя сяброўскія адносіны. Ганна Браніславаўна па-ранейшаму дапамагае, падтрымлівае. Між іншым, і на конкурсе «Настаўнік года» яна была адным з самых зацікаўленых гледачоў.
– Вы не спыніліся на дасягнутым: адвучыліся спачатку ў магістратуры, затым – аспірантуры, маеце навуковую кваліфікацыю, працуеце над кандыдацкай дысертацыяй. Быць выдатным педагогам і адначасова займацца навуковай дзейнасцю, напэўна, вельмі складана?
– Усё ўзаемазвязана, і адно дапамагае іншаму. Кандыдацкая «Уплыў нізкаінтэнсіўнага электрамагнітнага выпраменьвання і стэроідных прэпаратаў нізкай канцэнтрацыі на рост і развіццё крупяных культур» з’яўляецца тэмай для даследчай дзейнасці маіх вучняў, толькі ў больш вузкім аспекце. У працэсе работы рабяты таксама пачынаюць захапляцца біялогіяй, вучацца любіць і берагчы прыроду.
– Якія самыя важкія дасягненні Вашых вучняў?
– З задавальненнем займаюся са школьнікамі даследаваннямі ў галіне біялогіі. Вынікі радуюць. У 2018 годзе Віялета Каласоўская атрымала дыплом фіналіста на рэспубліканскім конкурсе «Празрыстыя хвалі Нарачы», Ксенія Звярко і Вікторыя Крывадубская заваявалі дыплом III ступені на рэспубліканскім конкурсе «Юны натураліст». Дзяўчаты тады скарысталіся магчымасцю пабываць на спецыяльна арганізаваных зменах у НДЦ «Зубраня». У 2019 годзе Аліна Княжэвіч стала ўладальніцай дыплома II ступені на рэспубліканскім конкурсе навуковых біёлага-экалагічных работ. На сённяшні дзень гэта найбольш значныя поспехі.
– Што паспрыяла рашэнню прыняць удзел у конкурсе прафесіянальнага майстэрства педагагічных работнікаў «Настаўнік года»?
– У першую чаргу, любоў да прадмета. А таксама жаданне далей самаўдасканальвацца, развівацца. Захацелася паспрабаваць раскрыць сябе з новага творчага боку.
– Бачу, Вы задаволены абранай прафесіяй.
– Гэта не проста прафесія, а захапленне ўсяго майго жыцця. Люблю яе за тое, што дае магчымасць кожны дзень сутыкацца са светам дзяцінства, за непаўторнасць і непрадказальнасць кожнага дня, яна вымушае заўсёды заставацца маладой, бо інакш і быць не можа. Праца настаўніка патрабуе поўнай самааддачы, прыемна, калі хлопчыкі і дзяўчынкі разумеюць і любяць твой прадмет. А вышэйшай узнагародай для сябе лічу словы падзякі ад былых вучняў за тыя веды, што атрымалі на маіх уроках. Паверце, дзеля гэтага варта працаваць!
– Якія якасці асабліва цэніце ў вучнях?
– Чалавечнасць. Самае галоўнае, каб яны былі добрымі людзьмі, а ўсё астатняе прыкладзецца.
– Чаму найперш вучыце падапечных?
– Канешне, прадмету. Імкнуся цікава і наглядна прадставіць навучальны матэрыял, радуюся, калі дзеці разумеюць і любяць хімію і біялогію. Спадзяюся, што падаю ім добры прыклад ва ўсіх адносінах і, дзякуючы гэтаму, дапамагаю хлопчыкам і дзяўчынкам спазнаваць свой унутраны свет, станавіцца трохі лепшымі і разумнейшымі, Стараюся выступаць для іх аўтарытэтам у розных жыццёва важных пытаннях.
– Рабяты, напэўна, таксама адкрываюць Вам нешта новае?
– Так. Вучуся шчырасці і непасрэднасці ў адносінах паміж сабой. Заўсёды стараюся зразумець пункт гледжання кожнага дзіцяці, а для гэтага ўбачыць сітуацыю яго вачамі. Адным словам, вучуся быць чалавекам. Наогул, за межамі школы я маю зносіны і з былымі, і з цяперашнімі вучнямі. Там мы ўжо сустракаемся як сябры: гутарым, выказваем свае думкі, дзелімся ўражаннямі.
– Разумею, што ў Вас напружаны рытм жыцця. Як праходзіць звычайны працоўны дзень?
– Ён пачынаецца вельмі рана, бо стараюся прыйсці ў школу за паўгадзіны да пачатку заняткаў. У кабінеце хіміі мяне чакаюць мая любімая Ганна Браніславаўна і Вольга Мікалаеўна Юхневіч. Мы абменьваемся навінамі, расказваем, як у каго прайшоў мінулы працоўны дзень, пасля чаго спускаемся за журналамі ў настаўніцкую. Пачынаюцца ўрокі, у сярэднім па шэсць кожны дзень.
Чацвёрты год з’яўляюся класным кіраўніком, што накладае асаблівую адказнасць. Сёлета мае рабяты ўжо вучацца ў 8-м класе, я іх вельмі люблю. Пасля ўрокаў праводжу з імі класныя і інфармацыйныя гадзіны, разам рыхтуемся да мерапрыемстваў і інш.
Неўзабаве адпраўляюся дадому. Але на гэтым працоўны дзень не заканчваецца. Наперадзе складанне планаў на заўтрашні дзень, праверка сшыткаў. Часам вечарамі выпадае магчымасць адпачыць, схадзіць з сябрамі ў кафэ. На выхадныя стараюся арганізаваць свой вольны час загадзя, каб гэтыя дні прайшлі цікава і з карысцю.
– Вольга Аляксандраўна, ці можна сказаць, што Вы шчаслівы чалавек?
– Так, лічу сябе шчаслівым чалавекам, бо займаюся справай, якая не дае сумаваць. Я пастаянна знаходжуся ў пошуку новых ідэй. З дня ў дзень іду ў школу са сваім багажом ведаў, каб падзяліцца ім з вучнямі. Станоўчыя пачуцці перапаўняюць, калі бачу вынікі штодзённай карпатлівай працы.
– У кожнага чалавека ёсць захапленні, без іх сумна і нецікава. Чым любіце займацца?
– Вельмі люблю чытаць, за гэтым заняткам праводжу шмат часу. Перавагу аддаю класічнай літаратуры. Сярод пісьменнікаў вылучаю Віктора Гюго. З яго кніг падабаюцца «Адрынутыя», «Чалавек, які смяецца», «Сабор Парыжскай Божай Маці». З сучасных – уразіў твор «Есці, маліцца, любіць» Элізабэт Гілберт.
Не ўяўляю свайго жыцця без тэатра. Абавязкова, не менш чым адзін раз у месяц, наведваю розныя спектаклі. Перавагу аддаю тэатру імя Янкі Купалы, некаторыя яго пастаноўкі прагледзела неаднойчы і гатова гэта рабіць яшчэ і яшчэ. Найбольш жа да душы прыйшліся спектаклі «Вечар» Аляксея Дударава, а таксама «Рэвізор» і «Ноч на Каляды» па творах Мікалая Гогаля.
Стараюся знайсці час на падарожжы. Люблю знаёміцца з новымі мясцінамі, людзьмі, іх звычаямі і заўсёды такой непаўторнай прыродай. Ужо пабывала ў турах па Расіі, Украіне, Грузіі. Незабыўнае ўражанне пакінулі гарады Санкт-Пецярбург і Тбілісі. Асабліва здзівіла гасціннасць грузінаў. Кім бы ты не быў і куды б ты не прыйшоў, нават у першы раз, цябе ўсюды любяць і дагаджаюць. Гасцей абавязкова частуюць віном хатняй вытворчасці і гавораць шмат тостаў. Ежа смачная, але надзвычай вострая. Людзі ж там добразычлівыя, адкрытыя. З задавальненнем наведалася б у гэту краіну яшчэ раз.
– Раскажыце крыху пра сваю сям’ю.
– Нарадзілася і вырасла ў Івянцы. Мае бацькі — простыя людзі, але надзвычай інтэлігентныя і высокамаральныя. Маці працуе ў ТДА «Юлайн», тата ўжо на заслужаным адпачынку. Яны рабілі ўсё, каб мы з сястрой, якая, між іншым, таксама працуе ў Івянецкай СШ настаўнікам-дэфектолагам, выраслі адукаванымі, мэтанакіраванымі, сумленнымі і працавітымі, адным словам, годнымі, за што ім вельмі ўдзячны.
– Занятку якімі хатнімі справамі аддаяце перавагу?
– Ведаеце, у мяне шмат часу займае падрыхтоўка да ўрокаў, таму на ўборку і гатаванне яго амаль не застаецца. Хаця ў выхадныя магу з задавальненнем заняцца гэтымі справамі. Дарэчы, мая любімая страва – плоў. Да салодкасцей адношуся раўнадушна.
– Вы як малады сучасны чалавек адкуль дазнаецеся пра тое, што адбываецца ў раёне?
– Ведаеце, у нас у сям’і склаўся своеасаблівы рытуал. Ужо шмат гадоў бацька выпісвае раённую газету «Працоўная слава». Кожныя аўторак і пятніцу пераважна ў адзін і той жа час ён накіроўваецца да паштовай срыні, забірае газету і перачытвае яе ад першай да апошняй старонкі, а вечарам, калі мы збіраемся ўсе разам, расказвае пра асноўныя раённыя навіны. З асаблівым захапленнем знаёмімся з артыкуламі, што адлюстроўваюць жыццё Івянца. Матэрыялы, якія найбольш зацікавілі, перачытваю асабіста.
– Вольга Аляксандраўна, вялікі дзякуй за цікавую, шчырую размову! Віншуем Вас з перамогай у раённым конкурсе «Настаўнік года», жадаем поспеху на абласным этапе і наогул ва ўсіх справах.



