Напачатку рабятам патлумачылі, чаму ў лістападзе 1999 года міжнароднай арганізацыяй ЮНЕСКА было прынята рашэнне аб заснаванні гэтага свята. Яно стала падставай яшчэ раз задумацца пра сваю родную, адзіную, якую завём матчынай, мову.
Беларуская мова прайшла доўгі шлях. Былі перыяды росквіту і заняпаду, але яна вытрымала выпрабаванні і заняла пачэснае месца сярод іншых. Сёння ўсё больш людзей, у тым ліку і моладзі, што паважаюць і шануюць яе. У якасці прыкладу ўдзельнікі клуба "Летуценнік" прывялі словы пачынальніка новай беларускай літаратуры Францішка Багушэвіча, з якімі ён звяртаўся да сваіх сучаснікаў і нашчадкаў: “Наша мова для нас святая, бо яна нам ад Бога даная…” Як наказ юным беларусам прагучаў верш “Унуку” слаўнага земляка, таленавітага настаўніка, паэта, пісьменніка Пятра Біталя:
Любіць сваё – зусім не значыць
Чужое ганьбіць, адмаўляць.
Вось за чужым свайго не бачыць,
Не вывучаць, не шанаваць –
Злачынствам будзе без сумнення,
Бо ёсць такі закон жыцця:
Шануй чужое аж да пакланення,
Сваё любі да самазабыцця.
Арганізатары мерапрыемства заклікалі хлопчыкаў і дзяўчынак ганарыцца тым, што мы – беларусы, думаць пра будучыню роднай мовы. І не патрэбна саромецца, калі гаворка пакуль, магчыма, недасканалая, бо калі сёння пачнеш размаўляць на "трасянцы", то заўтра пры жаданні зможаш гаварыць ужо на чыстай літаратурнай мове.
Каб паказаць рабятам прыгажосць і мілагучнасць роднай беларускай мовы, кіраўнік і ўдзельнікі "Руні" Валянціна Гіруць-Русакевіч, Марыя Шакун, Галіна Філяноўская пачыталі свае вершы, прысвечаныя ёй. Дзецям цікава было паслухаць творы неаднаразовай удзельніцы і пераможцы штогадовага раённага літаратурнага конкурсу "Маладыя галасы" Веранікі Гецман, удзельніка "Руні" і абласнога клуба паэтаў і кампазітараў "Жывіца" Дзмітрыя Краскоўскага, самабытнай паэткі Ганны Рубацкай, якая нарадзілася ў вёсцы Жураўцы, а пасля жыла ў Валожыне, Лідзіі Гардынец, Уладзіміра Буракоўскага, Яўгена Зялкоўскага, Аляксандра Кулака, Галіны Філяноўскай у выкананні членаў клуба "Летуценнік". Асабліва кранальна прагучаў верш-прабачэнне да роднай мовы нашай зямлячкі і госці мерапрыемства Марыі Мучынскай. Рабяты змаглі адчуць усю горыч аўтара з прычыны таго, што яна ў свой час цуралася "мужыцкай" мовы, не размаўляла на ёй, аб чым цяпер вельмі шкадуе і просіць прабачэння. Яна яшчэ раз заклікала маладое пакаленне: "Пачніце размаўляць па-беларуску – і ў вас атрымаецца!".


