– Кацярына Уладзіміраўна, пачнём з таго, як Вы патрапілі ў Ракаў?
– Родам я з Мінска і 17 гадоў таму прыехала сюды па размеркаванні. Адпрацаваўшы некалькі гадоў, пераехала назад у сталіцу. Аднак багатая талентамі ракаўская зямля ўсё ж узяла сваё: вярнулася сюды зноў. Вось такая цікавая атрымалася біяграфія. Высокапрафесійны педагагічны калектыў, цудоўныя вучні і творчая атмасфера школы мастацтваў паспрыяла таму, што чатыры гады назад на базе цымбальнага ансамбля быў створаны новы інструментальны калектыў – “Менестрэлі”.
– Як прыйшла да Вас гэта ідэя, як падбіралі таленты?
– Наш дырэктар Юлія Аляксандраўна Мякінка, якая кіравала ансамблем цымбалістаў і з-за пастаяннай занятасці не магла надаваць яму належнай увагі, прапанавала мне пачаць працу з ім у 2015 годзе. Спачатку нават спалохалася: як педагогу па класе акардэона займацца з цымбалістамі?! Тым не менш, пагадзілася, разумеючы, што з майго боку гэта абсалютны нонсэнс. Спачатку ў склад ансамбля прыбавіла акардэоны, баяны, пасля з’явіўся бас-гітарыст. Але справа ішла са скрыпам – паўгода мы нічога адметнага не рабілі. Да таго моманту, пакуль не ўзнікла жаданне паехаць на міжнародны конкурс у Італію. Пачалі дадаваць у калектыў іншыя інструменты: фартэпіяна, ударныя – у выніку атрымаўся не зусім традыцыйны састаў народнага ансамбля, але вельмі цікавы.
Першы сур’ёзны твор, з якім мы паехалі на конкурс, – мая асабістая аранжыроўка музыкі да кінафільма “Піраты Карыбскага мора”, стала, як кажуць, ударам у мэту. З таго часу наш рэпертуар падбіраю і інструментую сама: гэта народная музыка, але з сучаснымі элементамі, джаз, эстрадныя стылі, і нават пайшлі далей – перарабілі металіку, пры гэтым не адмовіліся ад класічных твораў. Кожная п’еса – творчы эксперымент, акрамя асноўных інструментаў у партытуру дадаём нешта зусім нетрадыцыйнае – электрагітару, флейту, а бывае – і пральную дошку.
Але галоўная ідэя калектыву, аб чым сведчыць і назва “Менестрэлі”, што ў перакладзе азначае “вандроўныя музыкі”, – выступленні не толькі ў родным аграгарадку. Пасля паездкі ў Італію дзеці адчулі свабоду, магчымасць выехаць куды-небудзь і паказаць свае здольнасці па-за сценамі школы. Паступова пашырылі дыяпазон: пабывалі ў Італіі, Польшчы, Літве, Латвіі, Расіі, па роднай Беларусі паездзілі дастаткова многа і па розных абласцях.
– Першапачаткова Вы спадзяваліся на поспех?
– Так. Гэта ўжо другі калектыў у маім жыцці: калі працавала ў Мінску ў гімназіі, кіравала квартэтам акардэаністаў “Альба Рутэнія”, з якім таксама выязджалі за мяжу. Скажу так: калі самааддача ёсць ад педагога, то гэтак жа да агульнай справы будуць ставіцца і вучні. Паверце, у творчай рабоце намінацыі, конкурсы, перамогі не самае важнае, бо ў сучасным свеце, колькі не дай матэрыяльнага, чалавек не можа ім задаволіцца. А калі ты насычаешся духоўна і бачыш аддачу – у цябе вырастаюць крылы. Да таго ж у мяне падрастае дачка, якая вучыцца ў музычнай школе: яна ўжо стрэляны верабей – з чатырох гадоў ездзіць з намі, а цяпер з’яўляецца паўнапраўным членам ансамбля, іграе на ўдарных інструментах. Хачу, каб на жыццёвым шляху ёй сустрэліся такія ж настаўнікі.
– Раскажыце, калі ласка, пра састаў ансамбля.
– За чатыры гады з моманту стварэння сабралася вельмі дружная каманда: дзеці самі адзначылі, што мы – адна музычная сям’я. Зараз у ансамблі адзінаццаць чалавек: трое цымбалістаў – Святлана Балобан, Насця Каваленка, Ганна Казановіч, акардэаністы Улад Падабед і Ганна Драневіч, баяніст Дзіма Буцень, ударнікі Данііл Сачанка і Ганна Дварэцкая, бас-гітарыст Улад Прахоркін, піяністка Дзіяна Вялічка. Таксама нам дапамагаюць канцэртмайстар Кацярына Станіславаўна Кудрыцкая і цымбалістка Кацярына Вячаславаўна Сеніна – яе па праве можна назваць “другой мамай” калектыву.
– Ці дзеляцца дзеці сваімі ўражаннямі, калі прыязджаюць з паездак?
– У ансамблі такі ўзрост – ад 10 да 15 гадоў, ёсць і старэйшыя. І сказаць, што падлеткі дзеляцца сваімі меркаваннямі, не магу. Тым не менш – асабліва на хлопчыках гэта бачна – яны паступова раскрываюцца і, здаецца, становяцца больш прыгожымі, адухоўленымі. Калі раней яны неяк разбіваліся на групкі, то зараз згуртаваліся: іх цікавіць тое, чым займаюцца, таму ні адной рэпетыцыі ніхто не прапускае.
– Ведаю, што Вы з’яўляецеся стваральнікам і яшчэ аднаго творчага калектыву з ліку маленькіх удзельнікаў?
– Радуе, што многія выпускнікі пасля заканчэння школы застаюцца – прыходзяць, прыязджаюць, рэпеціруюць у выхадныя. Цудоўна, калі існуе пераемнасць пакаленняў. З гэтай мэтай з’явіўся і ансамбль “Tutti-Frutti” (узрост да 12 гадоў): з ім, дарэчы, 15-16 лютага бягучага года паспелі паўдзельнічаць у II міжнародным конкурсе “Ветразі мары”, арганізаваным прадзюсарскім цэнтрам Ядвігі Паплаўскай і Аляксандра Ціхановіча. Малодшыя прыходзяць на рэпетыцыі старэйшых, бо, напрыклад, наш бас-гітарыст Уладзіслаў Прахоркін зараз вучыцца ў Мінску. Замены яму пакуль няма. Аднак з’явіўся баяніст Цімафей Амбражэвіч – дарэчы, мой вучань, які з задавальненнем пачаў асвойваць бас. І гэта добрая перспектыва, бо асаблівасць інструментальных калектываў у тым, што ёсць таленавітыя дзеці, пасля нейкі год прайшоў, пайшлі-паступілі, і трэба ўсё пачынаць ізноў. “Tutti-Frutti” можна назваць маладой зменай і, што прыемна, чацвёра яго ўдзельнікаў – браты і сёстры выпускнікоў. Састаў паступова абнаўляецца: за час існавання тры чалавекі ад нас пайшлі ў далейшае плаванне – прычым абсалютна не музыкальнае, хоць яны і заняты ў творчых калектывах пры навучальных установах. Цешыць, што творчасць не пакінулі, і радуе, што знаходзіцца каму выступаць.
– Вынікі вашай сумеснай дзейнасці ўражваюць і захапляюць. Зразумела, пастаянных удзельнікаў натхняе перамога, а як зацікавіць на паспяховасць навічка?
– На “новенькіх” дзейнічае прэстыж ансамбля. Калі набірала састаў у “Tutti-Frutti”, жадаючыя ўжо праходзілі адбор. Падбіралі дзяцей, якія разумеюць, што давядзецца працаваць і працаваць, з іх будуць патрабаваць многа, а не тых, што кажуць, маўляў, я хачу дадому, давайце хутчэй закончым. Яны прыходзяць у суботу, нядзелю. Поспех у чым: з майго боку – валоданне сітуацыяй, якія і дзе праводзяцца конкурсы, арганізацыя ўдзелу, а адміністрацыйная працэдура, паверце, займае нямала часу. Яшчэ адным аспектам поспеху лічу правільна падабраны рэпертуар. З апошніх дасягненняў – Гран-пры і кубак у сваёй намінацыі на эстонска-шведскім фестывалі сцэнічных мастацтваў “Балт Прыкс”, які праходзіў на пароме паміж Талінам і Стакгольмам. Уражанні – незабыўныя, і дзеці неаднойчы гаварылі, што гатовы паўдзельнічаць і ў другі раз. Зараз рыхтуемся да сольнага канцэрта ў Мінску: летась такое выступленне праходзіла ў Верхнім горадзе, сёлета плануем у клубе – у больш дамашняй маладзёжнай абстаноўцы.
– Хацелася б падрабязна даведацца пра ўдзел у радыёконкурсе “Маладыя таленты Беларусі”.
– Усё было вельмі сур’ёзна – заходзілі з пашпартамі. Выступленне праходзіла ў тры туры: першы адборачны па відэазапісе, калі пасля 400 заявак засталося 200, другі тур адбыўся ў Доме радыё – пасля яго на трэці дапусцілі толькі 100 чалавек. Па завяршэнні мы занялі 3-е месца, прайшлі ў трыццатку інструменталістаў. Па яго выніках нам далі званне дыпламантаў спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі з уручэннем пасведчання і самага прыемнага для дзяцей – грашовай прэміі, якая стала добрай матывацыяй.
– Што Вы як галоўны натхніцель і арганізатар калектыву, атрымліваеце ад выступленняў і перамог?
– Ведаеце, напэўна, усё ідзе з дзяцінства. Думаю, што кожны настаўнік у душы – дзіця ці падлетак. Калісьці са сваім надзвычай таленавітым педагогам, якая скончыла Санкт-Пецярбургскую кансерваторыю, мы таксама пабывалі з канцэртамі ў розных краінах. Гэта былі 90-я гады, калі выезд за мяжу нават і параўнаць не ведаю з чым. І вось тыя дзіцячыя ўражанні, любоў да дзяцей адлюстраваліся ў далейшым на маёй рабоце. Зразумела, што і зараз арганізаваць канцэрт зусім няпроста, бо матэрыяльныя затраты ў асноўным кладуцца на плечы бацькоў. Тым не менш, у рабят цудоўныя бацькі, якія разумеюць важнасць культуры, і ў цяперашні час, калі ўсё пабудавана на матэрыяльным дабрабыце, падтрымліваюць любую ініцыятыву. Безумоўна, дапамагае і раён, і кіраўніцтва аддзела. Але галоўнае багацце ўсё-такі дзеці, і я бязмежна ім удзячна за разуменне, давер, адкрытасць, шчырасць, за імкненне тварыць разам.


