Сусветная асамблея аховы здароўя аб’явіла сёлетні год Міжнародным годам работнікаў сястрынскіх і акушэрскіх службаў. Гэтай тэме прысвечаны і Сусветны дзень здароўя, які адзначаецца 7 красавіка на працягу ўжо 72 гадоў.
Медсёстры і акушэркі адыгрываюць важнейшую ролю ў аказанні медыцынскіх паслуг. Яны прысвячаюць сваё жыццё дапамозе матулям і дзецям, робяць жыццёва важныя прышчэпкі і даюць рэкамендацыі, даглядаюць пажылых людзей і ўвогуле задавальняюць асноўныя паўсядзённыя патрэбы насельніцтва ў галіне аховы здароўя. Досыць часта для мясцовых людзей яны з’яўляюцца першай і адзінай крыніцай медыцынскай дапамогі. Па падліках Сусветнай арганізацыі аховы здароўя дасягненне ўсеагульнай ахопленасці паслугамі аховы здароўя да 2030 года патрабуе стварэння 9 мільёнаў дадатковых рабочых месц менавіта гэтых прафесій. Сусветны дзень здароўя заклікае звярнуць увагу на важнасць іх работы, прыкласці ўсе намаганні для павелічэння іх колькасці і паляпшэння ўмоў працы.
У вялікай медыцынскай сям’і Валожыншчыны працуе 301 работнік сярэдняга медыцынскага персаналу: гэта медыцынскія сёстры, фельчары і акушэркі. Сярод іх – медсястра хірургічнага аддзялення райбальніцы Марына ЮША. Нягледзячы на амаль 30-гадовы стаж работы, у медыцыну ісці не хацела: як большасць сваіх дзяўчат-аднагодкаў, марыла паступіць вучыцца на цырульніка. Але класны кіраўнік Эльвіра Якаўлеўна Протас сказала: «Не бачу я цябе «ў валасах», а толькі ў белым халаце». Яна была ўпэўнена, што Марына павінна пайсці па слядах сваёй матулі Марыі Канстанцінаўны Казакевіч, якая амаль чатыры дзясяткі гадоў была перавязачнай медсястрой у хірургіі. Сваю ролю адыграў і колішні загадчык хірургічнага аддзялення Мікалай Уладзіміравіч Пыжык: маладая медсястра часта заходзіла да маці на работу. Вопытны ўрач ужо тады заўважыў яе прафесійныя навыкі і не раз у размове прапаноўваў, а часам настойліва ўгаворваў перайсці ў яго аддзяленне. А аднойчы і ўвогуле паставіў перад выбарам – даў усяго тыдзень на роздум. І калі маці выйшла на пенсію, дачка заняла яе месца.
Пачынала ж працоўны шлях М. Г. Юша з гінекалогіі, пасля перайшла медсястрой у працэдурны кабінет райпаліклінікі. Апошнія 16 гадоў працуе ў гнойнай хірургіі. Аддзяленне вельмі складанае: людзі тут лечацца не адзін месяц. Рабочы дзень медсястры распісаны па хвілінах: перавязкі, а калі траўматалогія – то гіпсы, падрыхтоўка матэрыялаў, апрацоўка інструментаў. І наколькі якасна ўсё будзе зроблена, у далейшым залежыць і самаадчуванне, і вылячэнне хворага – пацвярджэнне гэтаму Марына Георгіеўна бачыць кожны раз, калі раны загойваюцца, пераломы зрастаюцца, чалавек ідзе на папраўку і выпісваецца дадому.
Успамінае, як толькі прыйшла і рабіла першую перавязку, пажылая санітарачка, гледзячы на работу «навічка», заўважыла: «Ой, яшчэ ў цябе рукі не служаць – бінт не так трымаеш!» А ўжо праз паўгода, падтрымліваючы хворага, калі медсястра таго перавязвала, задумліва адзначыла: «Глядзі ты, як у цябе рукі хутка сталі служыць». Вопытных, са стажам калег тады ў хірургіі працавала шмат. Марына Георгіеўна хадзіла за імі, як карэспандэнт, з блакнотам, усё запісвала, не саромелася запытацца ў доктара (і не адзін раз), калі чаго не разумела. Часта знаходзіла патрэбную інфармацыю ў адпаведных кнігах – вось так паступова прыйшлі і веды, і вопыт. І зараз без перабольшвання яе можна назваць прафесіяналам сваёй справы.
М. Г. Юша адзначае, што медыцынскіх сёсцер, якія прайшлі «навуку» ў хірургіі, з ахвотай бяруць у любое аддзяленне, таму што яны бачылі ўсё, ведаюць усё і ўмеюць усё. Бо рэанімацыйнае і хірургічнае аддзяленні – самыя складаныя ў медыцыне: яны патрабуюць вытрымкі, прафесіяналізму, сумленных адносін да работы, якой займаешся, і міласэрнасці. Інакш працаваць у гэтай галіне нельга. Лячыць, даваць надзею на выздараўленне, вяртаць чалавека да паўнацэннага жыцця – гэта не проста прызванне, а асаблівая місія. І Марына Георгіеўна ні разу не пашкадавала, што аднойчы абрала такі няпросты, але высакародны шлях.


