Адрес:

222357, г. Воложин, пл. Свободы, 2

Телефон приемной:

+375 (1772) 5-55-72

Режим работы:

с 8.00 до 13.00 и с 14.00 до 17.00 по будням

горячая линия: +375 (1772) 5-55-72

Каранавірус у махлярскіх схемах

07.04.2020

Карыстаючыся складанай эпідэміялагічнай сітуацыяй, прайдзісветы ўсіх масцей хутка прыдумалі, як «нагрэць рукі» на даверы простых грамадзян.

Пакуль урады ўсіх краін прымаюць меры, каб абараніць сваіх грамадзян ад хваробы і не дапусціць панікі, то ашуканцы спецыяльна падымаюць градус гэтай панікі і карыстаюцца сітуацыяй у сваіх мэтах. Ахвярамі ашуканцаў, як правіла, становяцца людзі пенсійнага ўзросту, якія часта вераць на слова і не патрабуюць дакументаў. Такія махлярствы ўжо рэгіструюцца ў краінах-суседках, а ўлічваючы, што ў крыміналу няма межаў, цалкам магчыма, што такія выпадкі былі ўжо і ў нас.

На гэту важную, актуальную тэму нядаўна пагутарылі з часова выконваючым абавязкі начальніка міліцыі грамадскай бяспекі Валожынскага РАУС Валерыем Жуком. Як расказаў газеце маёр міліцыі, спосабы «параўнальна сумленнага адабрання грошай у насельніцтва» сёння абмяжоўваюцца толькі фантазіяй і прадпрымальнасцю аферыстаў.

У страху перад небяспечным вірусам людзі гатовы траціць любыя даступныя ім сумы. Прычым нават не задумваюцца пра названы неадэкватны кошт, калі ім абяцаюць медыцынскія маскі, прэпараты і прыборы, якія, па словах «цуда-прадаўцоў», могуць не толькі абараніць, але і вылечыць, калі чалавек ужо заразіўся... Прычым у таленавітых прайдзісветаў «навука настолькі ступіла наперад», што лячэбныя ўласцівасці набываюць нават прыборы, на першы погляд ніяк не звязаныя з медыцынай.

Спецвопратка водаправодчыкаў, квяцістыя спадніцы і хусткі гандляроў пасцельнай бялізнай і посудам мяняюцца на белыя халаты альбо спецыяльныя касцюмы, перад якімі шырока адчыняюцца дзверы ва ўсе дамы і кватэры. Нават у тыя, дзе зусім нядаўна розных таргашоў, «газавікоў» і «водаправодчыкаў» нават і на парог не пусцілі б. Апошнія сумненні разбіваюцца важкімі фразамі: «Па рашэнні ўрада...», «У мэтах барацьбы з каранавірусам...», «Калі хочаце выжыць...».

Галоўнае для ашуканцаў – трапіць у дом і напалохаць гаспадароў хваробай. А затым прапанаваць «надзейны сродак» для яе прафілактыкі і лячэння. І тут ужо прапануюць:

«дэфіцытныя і зніклыя з усіх аптэк» медыцынскія маскі, як мінімум на парадак даражэйшыя за іх рэальны кошт;

розныя таблеткі і вакцыны (добра яшчэ, калі яны акажуцца хаця б проста бяспечнымі для здароўя);

біялагічна-актыўныя дабаўкі да ежы, якія ўмацоўваюць імунітэт (праўда, без якіх-небудзь, хоць падобных на сапраўдныя, сертыфікатаў);

«за параўнальна сімвалічную суму» прапануюць прадэзынфікаваць усе пакоі ў доме. Праўда, будзьце гатовы, што «дэзынфектары» незаўважна для вас прыхопяць з сабой выяўленыя падчас «апрацоўкі» грошы і каштоўныя рэчы.

Налаўчыліся махляры выманьваць грошы і «бескантакным» спосабам. На падставе пералічэння сродкаў ад імя розных арганізацый і ўстаноў ашуканцы атрымліваюць персанальныя звесткі ўладальнікаў банкаўскіх картак і пераводзяць ужо іх грошы на свае рахункі.

Акрамя таго, у інтэрнэце з’явіліся фейкавыя магазіны, вэб-сайты, уліковыя запісы ў сацыяльных сетках, якія сцвярджаюць, што прадаюць розныя медыцынскія тавары ад масак і раствораў для дэзынфекцыі да вакцын і таблетак. Але замест абяцанага людзі, якія заказваюць там тавары для падтрымання здароўя і прафілактыкі каранавіруснай інфекцыі, папросту губляюць грошы...

07 04 2020 32Дарагія чытачы, шаноўныя жыхары Валожыншчыны! Прачытайце гэты матэрыял, вазьміце яго сабе на заметку, раскажыце сябрам, суседзям, знаёмым. Калі да вас звярнуліся з падобнымі на апісаныя ў артыкуле прапановамі, не спяшайцеся іх прымаць. Пераканайцеся ў асобах такіх «памочнікаў», пацікаўцеся арганізацыямі, якія яны прадстаўляюць. Пра ўсіх незнаёмцаў, што разгарнулі ў вашых населеных пунктах бурную дзейнасць пад выглядам барацьбы з каранавірусам, паведамляйце ў органы ўнутраных спраў па тэлефоне «102».