У своеасаблівую творчую справаздачу перад землякамі вылілася прэзентацыя зборніка ўдзельнікаў народнага літаратурна-мастацкага аб’яднання “Рунь” Валожынскага раённага Цэнтра культуры “Помнім і жывём”, які быў прысвечаны 70-годдзю Вялікай Перамогі, 75-годдзю Валожынскага раёна і 615-годдзю г.Валожына (выдавецтва “Чатыры чвэрці”). Сярод гледачоў-слухачоў, а іх сабралася поўная зала, былі як людзі сярэняга і “залатога” ўзросту, так і моладзь – навучэнцы Валожынскага сельскагаспадарчага ліцэя.
Шчырыя словы віншавання з нагоды выхаду чарговага калектыўнага зборніка “рунеўцы” прымалі ад намесніка старшыні райвыканкама П.І.Бібіка, галоўнага спецыяліста Мінскага абласнога адзялення ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі” Т.М.Якаўлевіч, дырэктара Цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы раёна І.М.Зянько.
Аўтары ж дарылі ўсім прысутным свае вершы, якія прамяжоўваліся сугучнымі ім песнямі на ўласныя тэксты і на словы сяброў па пяру.У гэтых творах расказваецца аб пачутых, прачытаных, убачаных на экране і прапушчаных праз уласнае сэрца падзеях Вялікай Айчыннай вайны, выказваецца бязмерная павага і падзяка да тых, каму ўсе наступныя пасляваенныя пакаленні абавязаны шчасцем жыць, вучыцца, працаваць пад мірным небамі, а таксама апяваецца Радзіма, родны сэрцу бацькоўскі куток, само жыццё ва ўсім яго шматгранні. Усе 18 вершаў і 13 песень удзельнікаў “Руні”, якія прагучалі падчас прэзентацыі, як і цудона падрыхтаваная мулітымедыйная прэзентацыя, былі сустрэты шчырымі, дружнымі апладысментамі ўдзячных прыхільнікаў творчасці землякоў. Вядома ж, прыгучалі далёка не ўсе творы і не ўсіх аўтараў, бо ў зборніку змешчана каля 200 вершаў трыццаці пяці ўдзельнікаў народнага літаратурна-мастацкага аб’яднання.
На вялікі жаль, у гэтай сустрэчы па аб’екыўных прычынах не змаглі прыняць удзел выдаўцы і адна з фундатараў кнігі, наша дарагая зямлячка Л.А.Кушнерская, якая жыве ў Мінску. Але яны, як сказалі ў тэлефоннай размове, усім сэрцам і душою былі ў гэты дзень з “рунеўцамі”, і мы выказалі ім перад поўнай залай самыя шчырыя словы падзякі.
Валянціна Гіруць-Русакевіч, кіраўнік
народнага літаратурна-мастацкага
аб’яднання “Рунь” Валожынскага РЦК.


