Адрас:

222357, г. Валожын, пл. Свабоды, 2

Тэлефон прыёмнай:

+375 (1772) 5-55-72

Рэжым работы:

з 8.30 да 13.00 і з 14.00 да 17.30 па буднях

гарачая лінія: +375 (1772) 5-55-72

У Старадарожскі раён намеснік міністра па надзвычайных сітуацыях Андрэй Міхайлавіч Юржыц прыехаў з рабочым візітам.

Узброеныя Сілы Беларусі плануюць пашырыць удзел у міжнародных міратворчых місіях. Аб гэтым паведаміў сёння журналістам міністр абароны Віктар Хрэнін, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Панядзелак, 23 Лістапад 2020 18:36

Анлайн выстава «Мая зямля - маё багацце»

Да Дня работнікаў сельскай гаспадаркі школы Валожынскага раёна падрыхтавалі адпаведныя малюнкі.

Вынікі конкурсу!

У рамках анлайн выставы «Мая зямля - маё багацце» былі вызначаны тры лепшыя працы, якія былі абраны шляхам анлайн галасавання.

I месца - «Уборка ўраджаю», Чарвінская Дыяна, 9 клас, ДУА «Першамайскі вучэбна-педагагічны комплекс дзіцячы сад-сярэдняя школа»

II месца - «На касьбе», Шымель Дар'я, 7 клас, ДУА «Ракаўская сярэдняя школа»

III месца - «Уборка саломы», Зуй Яўген, 8 клас, ДУА «Суднікаўская сярэдняя школа»

Панядзелак, 23 Лістапад 2020 11:24

Прамая лінія

25 лістапада з 10.00 да 11.00 па тэлефоне 8-01716 21818 «прамую лінію» праводзіць член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь 7 склікання Уладзімір Міхайлавіч ЛУК’ЯНАЎ.

Намеснік старшыні Мінаблвыканкама Мікалай Рогащук на Форуме мэраў гарадоў распавёў аб неабходнасці вывесці супрацоўніцтва паміж дзяржавамі G20 на якасна новы ўзровень. Мерапрыемства праходзіла ў рамках у Міжнароднага онлайн-Кангрэсу «G-Global. Свет XXI стагоддзя».

Беларусь і Венесуэла абмеркавалі першачарговыя крокі па актывізацыі ўзаемадзеяння. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе беларускага знешнепалітычнага ведамства.

Пятніца, 20 Лістапад 2020 15:51

Стараюся заўсёды быць чалавекам

17 лістапада адзначаўся Дзень участковага інспектара. Гэтаму прафесійнаму святу ўжо амаль 100 гадоў: гісторыя вядзецца з 1923-га. У нашы дні ўчастковы, бадай, самы блізкі да людзей супрацоўнік праваахоўных органаў. Сярод яго задач – не толькі забяспечыць бяспеку жыцця і маёмасці: часта даводзіцца быць псіхолагам, трацейскім суддзёй і абаронцам тых, хто ў гэтым тэрмінова мае патрэбу. Нездарма ўчастковых называюць “ўніверсальнымі салдатамі” – у штодзённай рабоце яны сутыкаюцца з усім спектрам правапарушэнняў. Большасць, а дакладней, практычна ўсе злачынствы раскрываюцца, дзякуючы іх прафесійнай службе і майстэрству. І прафілактыцы тут надаецца асаблівая ўвага. А для гэтага неабходны давер, які ўчастковаму інспектару трэба заслужыць. Вынікам стане прызнанне сярод людзей, іх павага і простае чалавечае “дзякуй”, што даражэй за ўсе ўзнагароды і прэміі.

Як адзначылі ў РАУС, па выніках работы за гэты год Д. А. Богдан прызнаны лепшым участковым інспектарам. Сёлета ім разгледжаны 95 заяў ад грамадзян, выяўлены 7 самагонных апаратаў, каля 100 літраў самагону і каля 700 літраў брагі; складзены 9 пратаколаў за незаконны абарот алкагольнай прадукцыі. За сухімі лічбамі стаіць, як пяецца ў добра вядомай песні, служба дні і ночы.

Нарадзіўся і вырас Дзяніс Анатольевіч у Маладзечне. З выбарам будучай прафесіі вызначыўся яшчэ ў дзяцінстве: міліцыянерам працаваў бацька, які стаў і прыкладам, і настаўнікам, і галоўным дарадцам. Часы тады былі больш спакойныя, а работнік праваахоўных органаў – паважаным чалавекам у грамадстве. Яму таксама ж хацелася лавіць “нехарошых” людзей, якія бабуль старых абкрадваюць. Бо, як паказвае практыка, у асноўным церпяць пажылыя, надараецца, што і дзеці. Таму было вялікае жаданне – па максімуме ўсіх бандытаў затрымаць і пакараць.

Атрымаўшы спецыяльную адукацыю, службу пачынаў з пасады міліцыянера патрульна-паставой службы ў Маладзечанскім аддзеле ўнутраных спраў. Праз восем гадоў па сямейных абставінах перавёўся ў наш райаддзел і стаў працаваць малодшым участковым, а пасля ўчастковым інспектарам міліцыі па Валожынскім сельсавеце. Тэрыторыя абслугоўвання досыць вялікая: 50 населеных пунктаў – ад пасёлка Першаймайскі да Дубіны, што на мяжы з Маладзечанскім раёнам. Асноўным у сваёй рабоце Д. А. Богдан лічыць не дапусціць сямейнага насілля, злачыннасці ў адносінах да састарэлых людзей. Ён добра ведае ўсіх сваіх небяспечных “падапечных”, а яны – свайго вартавога парадку. На пытанне: “Які Вы ў адносінах да парушальнікаў закону?” міліцыянер адказаў так: “Стараюся заўсёды быць чалавекам, нягледзячы на тое, хто перада мной: хуліган ці бандыт – да ўсіх стаўлюся аднолькава, размаўляю на роўных, ніколі не паказваю, маўляў, я начальнік, а ты п’яніца і дэбашыр. Тлумачу, што чакае ў будучым: не кіне піць – паедзе ў лячэбна-працоўны прафілакторый, будзе жонку крыўдзіць – можа і да крымінальнай справы дайсці. Калі ён чалавек, то пачуе і зразумее. Безумоўна ж, ёсць і тыя, хто страціў гэта аблічча, але іх адзінкі. У большасці ёсць паразуменне. Напрыклад, адна жанчына была абавязанай асобай. Але стала на шлях выпраўлення, нарадзіла яшчэ дзіця і цяпер жыве, як трэба. Я вельмі рады гэтаму, хоць, па праўдзе кажучы, лічыў, што нічога талковага з яе ўжо не атрымаецца…”

Дома Дзяніса Анатольевіча чакае сям’я – жонка, 2 дачкі і сын. Тыл, як сам зазначае, надзейны, а гэта таксама адзін з найважнейшых складальнікаў паспяховай работы. Прыемныя хваляванні адчуў, калі атрымаў узнагароду – удзячны за тое, што яго заўважылі і ацанілі. А ў цяперашняй няпростай сітуацыі ў краіне супрацоўнік праваахоўных органаў даў параду ўсім грамадзянам чуць адзін аднаго і заставацца людзьмі.

Словы ўдзячнасці ўчастковы інспектар міліцыі па Валожынскім сельсавеце Дзяніс Анатольевіч БОГДАН чуе часта. Амаль кожны месяц падзякі ў яго адрас накіроўваюць у РАУС простыя грамадзяне, у зоне абслугоўвання якіх ён працуе. Вось і на гэтым тыдні патэлефанавала жыхарка вёскі Гардынава. А ў прафесійнае свята капітан міліцыі быў узнагароджаны юбілейным медалём ад Упраўлення ўнутраных спраў Мінаблвыканкама.

Алена ЗАЛЕСКАЯ

Фота: участковы інспектар Богдан Д.

COVID-19 не шкадуе нікога. Заразіцца гэтым вірусам могуць людзі любога ўзросту, ладу жыцця і сацыяльнага статусу. Але па-ранейшаму ў першую чаргу ў зоне рызыкі – медыкі. Яны ратуюць захварэўшых людзей і разам з тым стараюцца не «падхапіць» інфекцыю самі. Добра ўсведамляюць: калі гэта здарыцца, лячыць не будзе каму. Для тых, хто мае пастаянны кантакт з інфіцыраванымі, меры перасцярогі – задача нумар адзін. Апрануць спецкасцюм і працяглы час заставацца ў ім няпроста. Але прафесіянал на тое і прафесіянал, каб быць на ўзроўні ў крытычныя моманты жыцця. Менавіта так можна ахарактарызаваць арганізацыю работы калектыву Вішнеўскай урачэбнай амбулаторыі, на чале якога стаіць Аліна Уладзіміраўна Круцько.

Два дні таму ў рэдакцыю патэлефанавала дырэктар Вішнеўскай школы Ала Віктараўна Клімкова. Яна параіла звярнуць увагу на працу мясцовых медыкаў у кірунку барацьбы з каранавіруснай інфекцыяй.

«Вы не ўяўляеце сабе, як працуюць нашы жанчыны. З ранку да вечара ў ахоўных касцюмах вядуць прыём, наведваюць захварэўшых на даму, бяруць мазкі, кансультуюць па тэлефонах. Людзі настолькі ўдзячныя ім, нашым гераіням, што цяжка знайсці словы, каб гэту ўдзячнасць выказаць. Напішыце пра іх», – пачулі мы ўзрушаны голас.

Сама Ала Віктараўна таксама мае станоўчы тэст у адносінах да гэтага захворвання. Але, паколькі асабіста ў яе яно праявілася не вельмі выразна, магла б не звярнуць увагі на нязначныя сімптомы (закладзенасць у носе і боль галавы). Дзякуючы вопыту і ўважлівасці ўрача Аліны Уладзіміраўны Круцько, якая распазнала ў ёй носьбіта віруса, дакладна ведае свой статус. Адказны чалавек і вопытны кіраўнік своечасова стала выкон-

ваць правілы самаізаляцыі і такім чынам не дапусціла распаўсюджвання інфекцыі. Яна ўпэўнена, што толькі пад наглядам і з дапамогай доктара Круцько і яе каманды педагагічны калектыў, якім кіруе, граматна і трывала супрацьстаіць эпідэміі.

З удзячнасцю адзываюцца пра работу медыкаў і іншыя жыхары Вішнева і наваколля, у першую чаргу – людзі пажылога ўзросту, для якіх брыгада прафесійных і спагадлівых людзей, падобных да касманаўтаў, – сапраўдны шанц на выздараўленне. Вішнеўцы адзначаюць: вялікая заслуга мясцовых медыкаў у тым, што імі добра наладжаны прафілактычная работа і ранняя пастаноўка дыягназу, а значыць, своечасовы пачатак лячэння. Таму большасць людзей паспяхова праходзяць яго на даму і толькі некалькім спатрэбілася шпіталізацыя.

Здавалася б яшчэ зусім нядаўна яны старанна падцягвалі работу па дыспансерызацыі насельніцтва, правядзенню якой перашкодзіла першая хваля «кароны». А ўжо ва ўсю карыстаюцца ўласным вопытам, што набылі за некалькі месяцаў, у барацьбе з другой, больш жорсткай хваляй. Сёння іх дзеянні, пачынаючы з апранання касцюма, заканчваючы апрацоўкай рук і медінвентару, даведзены да аўтаматызму. Толькі ў адносінах да хворых – выключна індывідуальны падыход. Канешне, агульны агляд, правядзенне сатурацыі і тэрмаметрыі, праслухоўванне лёгкіх і іншыя маніпуляцыі па паказчыках ідуць у комплексе, а вось зносіны з кожным свае.

Дзяжурныя выразы кшталту «Усё добра» тут не дапускаюцца. Хоць час і прыспешвае, але і сама Аліна Уладзіміраўна, і яе памочніцы ўмудраюцца знайсці хвіліну, каб адказаць на пытанні зразумела і тым самым, як і ласкавым тонам, падбадзёрыць чалавека, які перажывае не лепшыя моманты свайго жыцця, падарыць яму веру ў хуткае выздараўленне.

Мы пагутарылі з Алінай Уладзіміраўнай па тэлефоне позна вечарам. Толькі пасля доўгага працоўнага дня, калі правяла прыём у кабінеце інфекцыйных захворванняў, у складзе кантактнай групы аб’ехала ўсіх хворых, яна змагла ўдзяліць мне некалькі хвілін. Урач падзякавала сваім пацыентам за разуменне і трыва-

ласць. Тым, хто, на шчасце, у страі, – за выкананне правіл перасцярогі. На прыканцы непрацяглага дыялога папрасіла перадаць жыхарам Валожыншчыны наступную просьбу: «Дарагія землякі! Вірус небяспечны, але ад яго можна засцерагчыся. Трымайце дыстанцыю, насіце маскі, апрацоўвайце рукі, пазбягайце лішніх кантактаў і людных месцаў. Тыя, хто хварэюць, сёння вельмі шкадуюць аб сваёй бяспечнасці. Беражыце сябе!»

Валянціна КРАЎНЕВІЧ

Паважаныя жыхары

Калектыў газеты «Працоўная слава» заклікае кожнага грамадзяніна, калектыў, грамадскую арганізацыю далучыцца да міласэрнай справы – пасільнай падтрымкі людзей, што знаходзяцца на лячэнні ў інфекцыйным шпіталі Валожынскай ЦРБ. Любая ваша дапамога будзе важнай і каштоўнай. У першую чаргу хворым патрабуюцца пітная вада і сродкі гігіены. Перадаць рэчы, пералічыць грошы можна праз валанцёраў, якія вядуць работу па зборы сродкаў праз сацыяльныя сеткі, ці звязацца з адміністрацыяй ЦРБ самастойна. Сёння мы падтрымаем тых, каму цяжка, заўтра хтосьці зробіць добры ўчынак адносна нас. Давайце праявім сваю дабрыню і спагаду!

Фота №1 Прыём у кабінеце інфекцыйных захворванняў;

№2 Спецыяльны касцюм сапраўды падобны да скафандра;

№3 Кантактная група ў складзе вадзіцеля Вячаслава ГУРСКАГА, урача Аліны КРУЦЬКО і медыцынскай сястры Яны БУЙКО.

Пятніца, 20 Лістапад 2020 15:46

За службу – падарунак і падзяка

Жыхару Валожына Мацвею Жаўнерчыку 22 гады, з якіх год і шэсць месяцаў аддадзены тэрміновай службе ў воінскай часці роднага горада. Наша з ім сустрэча адбылася за чатыры дні да звальнення ў запас. Перад развітаннем з калектвам вайскоўцаў малады чалавек быў прызнаны лепшым ваеннаслужачым па выніках вучэбнага 2019-2020 гг. і адзначаны каштоўным падарункам ад Міністэрства Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь – наручным гадзіннікам. Яго бацькам капітану часці 30695 Вользе Анатольеўне і прапаршчыку РАНС Міхаілу Міхайлавічу ўручана Падзяка міністра.

Юнак пакінуў школу сталення з самымі лепшымі пачуццямі як у адносінах да камандзіраў, так і да саслужыўцаў і старанна наладжвае грамадзянскае жыццё, да якога патрэбна прывыкнуць. Па словах Мацвея, кожны дзень па статуце – цяжка толькі ўпачатку, а пасля такі парадак зацягвае.

Адзіны сын у бацькоў заўсёды адрозніваўся выхаванасцю. Асабліва “заняньканым” сябе не адчуваў, але ўпэўнены: да прызыву вытрымкі і брутальнасці яўна не хапала. Ці былі праблемы? А як жа! Першыя паўгода даліся няпроста. Але ў нейкі момант цяжкасці перастаў заўважаць, а яшчэ пазней зразумеў, што служба нават падабаецца.

Прызнаецца: арміяй не трызніў, аднак па-сапраўднаму яна яго не палохала, таму ніколі не збіраўся прыдумваць штосьці, каб вызваліцца ад гэтага абавязку. Зараз, калі паўтара года сталі ўспамінамі, добра ўсведамляе: да таго, як апрануў салдацкую форму, дарослых, самастойных учынкаў не здзяйсняў. Набыўшы ж вопыт малодшага камандзіра, гатовы адказваць за кожны свой крок, мець падначаленых, прымаць рашэнні і дабівацца дасягнення акрэсленых задач.

Ён сапраўдны філосаф. Лічыць: што калі не можаш змяніць нейкія моманты жыцця, неабходна змяніць адносіны да іх. Гэткае стаўленне дапамагло годна прайсці армейскай дарогай, узмацнець фізічна і духоўна, займець сяброў і з пачуццём выкананага доўгу прыступіць да пошуку сябе па-за тэрыторыяй воінскай часці.

Да арміі юнак паспеў скончыць тры курсы гістарычнага факультэта БДУ. У адрозненне ад бацькоў не выбраў прафесію з тых, што адносяцца да сілавых структур. Не адчуваў падобнай схільнасці. А вось гісторыю любіў. Яго заўсёды цікавіла навука, якую можна прымяніць да кожнага імгнення жыцця, бо менавіта з іх і складваюцца як уласныя гісторыі асоб, так і гісторыя чалавецтва ў цэлым. Яго канёк – перыяд Вялікай Айчыннай вайны. Чаму менавіта ён? Напэўна, падставай да такой зацікаўленасці сталі дзіцячыя ўражанні ад кінафільмаў і кніг пра барацьбу савецкага народа з фашызмам, што прывялі падлетка да паглыбленняў у дакументальную літаратуру, навуковыя працы. Праўда, спецыяльнасць, якую абраў, хоць і патрабуе добрага ведання гісторыі, неабавязкова звяжа будучага спецыяліста з гэтым прадметам у прафесійнай дзейнасці. Інфармацыйнае забеспячэнне кіравання – такі запіс у дыпломе дазволіць выбіраць сярод многіх кірункаў.

Задача, што стаіць перад ім сёння, – адпачыць (зусім непрацяглы час), аднавіць заняткі ва ўніверсітэце на завочным аддзяленні, уладкавацца на працу. Высокі (192 см) прыгажун мог бы скарыстаць сваю знешнасць і падацца ў мадэлі, аднак юнак відавочна занадта сур’ёзны для такога занятку. Да якой работы ляжыць яго сэрца, дакладна не сказаў, аднак намякнуў, што гэта будзе сур’ёзны выбар. Пасля гутаркі з інтэлігентным хлопцам, які захапляецца літаратурай кшталту “Авадзень” Этэль-Ліліян Войніч, такім словам верыш.

Валянціна КРАЎНЕВІЧ, фота аўтара

Фота: Мацвей Жаўнерчык з матуляй Вольгай Анатольеўнай

На сустрэчу з творчай моладдзю завіталі ўдзельнікі народнага літаратурна-мастацкага аб’яднання «Рунь» Наталля Жызнеўская, Наталля Жылевіч і Людміла Садоўская. Мерапрыемства прайшло ў форме дыялога ў цёплай сяброўскай атмасферы.

Прадстаўнікі «Руні» пазнаёмілі пачынаючых паэтаў са сваёй творчасцю. Юнакі і дзяўчаты таксама чыталі ўласныя вершы. Навучэнцы 3-га курса Ганна Лашук, Антаніна Асаула, Алеся Рагель і 1-га курса Мікіта Салано Пірагоў закранулі ў вершах самыя розныя тэмы, але найбольш з іх было прысвечана каханню. На жаль, не ва ўсіх юных талентаў з сельскагаспадарчага прафесійнага ліцэя атрымалася прысутнічаць падчас гасцёўні, але яны заяўляюць пра сябе на іншых шматлікіх мерапрыемствах, што ладзяцца ва ўстанове адукацыі. Маладыя людзі задавалі гасцям актуальныя і цікавыя пытанні, якія датычыліся літаратурнай дзейнасці і не толькі. І атрымалі на іх вычарпальныя адказы.

На развітанне Наталля Жызнеўская падарыла ў бібліятэку ўстановы свой аўтарскі зборнік вершаў «Не ўпаду».

Наш кар.

Старонка 1015 з 1384

Задайте вопрос