Адрас:

222357, г. Валожын, пл. Свабоды, 2

Тэлефон прыёмнай:

+375 (1772) 5-55-72

Рэжым работы:

з 8.30 да 13.00 і з 14.00 да 17.30 па буднях

гарачая лінія: +375 (1772) 5-55-72

Серада, 12 Люты 2020 14:08

Конкурс в Молодечно

11 февраля 2020 года в г.Молодечно прошел конкурс молодых исполнителей белорусской эстрадной песни на базе ГУ «Дворец культуры г.Молодечно», в котором приняли участие Мария Войткевич и Татевик Григорян. Юные таланты достойно представили Воложинский район на конкурсе, исполнив песни белорусских авторов.

Ёсць людзі, чыёй жыццёвай энергіі толькі-толькі хапае, каб дачакаць пенсіі. Здаецца, яны прыйшлі на гэты свет ужо старымі. Ім цяжэй і горш за іншых. Псіхолагі пра такіх гавораць: шклянка заўсёды напалову пустая… У нашай гераіні ўсё наадварот. Таццяна Аляксандраўна ЗЯНЬКО з Пяршаяў – сапраўдны жыццялюб і аптыміст з выключна маладой душой. Нават на заслужаны адпачынак пасля шматгадовай працы ў галіне аховы здароўя пайшла толькі тады, калі адзначыла 62-і дзень нараджэння. Але і пасля ніводнага разу нікому не адмовіла ў дапамозе, незважаючы на тое, у які час сутак гэта дапамога была патрэбна. А, між іншым, перажыць ёй давялося многае. Большасці з нас толькі з кіно ці страшных сноў знаёмыя такія падзеі, як раскулачванне, акупацыя, пасляваенная разруха. За 90 гадоў добрая спагадлівая жанчына зведала і голад, і боль, і страты дарагіх людзей...

У Талочынскім раёне Віцебскай вобласці ёсць вёска з прыгожай назвай Яблынька. Тут у вялікай сям’і ў далёкім 1930 годзе нарадзілася дзяўчынка Таня. Бацька з маці ўжо гадавалі чацвярых дзяцей (пасля з’явіліся яшчэ чацвёра). Жылі цяжка. Дзядулю савецкая ўлада прызнала кулаком. Што было за гэтым, здагадацца даволі проста. Таццяна Аляксандраўна ўспамінае: «Я не ведаю, ці была мая маці добрай кулінаркай, бо гатаваць часцей за ўсё не было з чаго. Нам, дзецям, даводзілася жабраваць. Бывае дадуць табе бульбіну вараную, так хочацца яе адразу з’есці, але ж не, нясеш дадому дзяліць на ўсіх. Зараз не ўяўляю, як мы выжылі, і дагэтуль шкадую бацьку і матулю. Помню іх вочы, поўныя адчаю і віны...»

Жыццё стала паляпшацца толькі пасля вайны, ды і тады матэрыяльнага дастатку не хапала. Але ўсе дзеці добра вучыліся, адзін за адным адыходзілі на свой хлеб. Таццяна любіла матэматыку, біялогію, беларускую мову. Школу скончыла ў 1948 годзе. Куды пайсці вучыцца? Гэта пытанне заставалася адкрытым. Парады ад старэйшых чакаць не даводзілася, вечна занятая матуля ў кірунках адукацыі не разбіралася, бацька – тым больш. Сяброўкі-аднакласніцы вырашылі падацца ў медыцыну – запатрабаваная прафесія, гарантаваны заробак, павага ад людзей. Яна вырашыла не адставаць і выбрала медвучылішча. Толькі паступіць і нават распачаць вучобу – адно, а жыць у горадзе без падтрымкі – зусім іншае. На білет грошай дала сястра, якая ўжо паспела вывучыцца на бухгалтара, а вось каб мець на хлеб, юная студэнтка не грэбавала любой работай. Радавалася восені, калі пасля заняткаў магла пайсці пакапаць бульбу тым, каму не хапала рабочых рук. Суседкі па пакоі ў інтэрнаце – дзяўчаты з больш заможных сем’яў – шкадавалі сяброўку, падкормлівалі, але прыроджанае пачуццё гонару не дазваляла быць нахлебніцай, таму гатавала, прыбірала, мыла бялізну за ўсіх. Бытавыя цяжкасці не палохалі, вельмі ж цікавай падалася вучоба. Хоць выбірала прафесію несвядома, амаль адразу зразумела: выбар зроблены правільна. Калі ўпершыню апранула белы халат, адчула неверагодную радасць. Нішто, звязанае з будучай работай, нават самыя складаныя маніпуляцыі, не выклікала ні страху, ні агіды. У адносінах да пацыентаў адчувала тое, што кожны з нас у час выпрабаванняў чакае ад медыкаў, спагаду, пяшчоту, жаданне пазбавіць ад пакут…

20-гадовую дыпламаваную медсястру, якая прыехала па размеркаванні на Валожыншчыну, сустрэў галоўны ўрач Міхаіл Міхайлавіч Ляйкоўскі. Месцам працы маладога спецыяліста ён вызначыў Пяршайскі фельчарска-акушэрскі пункт. Наказ даў просты: «Старайся, і ўсё будзе добра».

Канешне, назваць ФАПам невялічкі пакойчык, у якім паслугі мясцоваму насельніцтву аказвалі ўрач, фельчар, акушэрка, медсястра, санітарка, было цяжка – цесната неверагодная, але працавалі ўсе шчыра, кожны супрацоўнік карыстаўся аўтарытэтам у мясцовых жыхароў. Таццяна Аляксандраўна гарманічна ўлілася ў дружную каманду. І работа пайшла. Быт таксама наладзіўся. Жанчына да гэтай пары з удзячнасцю ўспамінае гаспадароў вялікай хаты, куды яе пусцілі на пастой. Яна адразу заўважыла розніцу паміж узроўнем жыцця людзей у яе родным краі, і тут, у Заходняй Беларусі. Штодня даводзілася бываць у дамах вяскоўцаў. Яны ж да маладзенькай сястрычкі ставіліся з павагай, імкнуліся падтрымаць, пачаставаць чымсьці смачным.

Ці здараліся цяжкія выпадкі? Безумоўна. У той час нараджалася шмат дзяцей. Адмысловых умоў цяжарным жанчынам ніхто не ствараў, таму бывала так, што роды праходзілі няпроста. Таня, акрамя того, што выконвала ўсе працэдуры, часта дапамагала акушэрцы і ніводнага разу не разгубілася. Асноўная яе задача – патранаж немаўлят – выконвалася з вялікай радасцю, хаця ў дзень даводзілася пешшу праходзіць дзясяткі кіламетраў.

Прадстаўніц яе прафесіі прынята называць сёстрамі міласэрнасці. Гэта словазлучэнне вельмі пасуе Таццяне Аляксандраўне. Упэўнена: дапамагаць людзям – такая ж норма, як, напрыклад, дыхаць. Працэдуры, выкананыя яе рукой дарылі хворым палёгку фізічную, а ласкавае слове і лагодны погляд – душэўную. І сёння пяршайцы з павай і ўдзячнасцю ўзгадваюць выпадкі, калі сутыкнуліся з прафесійным майстэрствам і чалавечнасцю, нават самаахвярнасцю спецыяліста.

Калі ў роднай сястры здарылася бяда, адразу прапанавала дапамогу і падтрымку. Дзяўчына, як кажуць, сама без «кала і двара», а прыняла маладую жанчыну з дзецьмі. Разам здымалі хатку, затым атрымалі пакой у будынку лясніцтва. Праз пэўны час жыццё сваячкі наладзілася, і ў новым жыллі Таццяна засталася адна, але ненадоўга. Пасля заканчэння тэхналагічнага інстытута ў лясніцтва прыбыў малады галоўны ляснічы Яўгеній Антонавіч. Не паспела наша гераіня апамятацца, як стала нявестай, а затым маладой жонкай. Разам з сябрамі – яшчэ адной закаханай парай – у адзін дзень сыгралі вяселле. «Пачыналі мы з поўнай галечы, – спакойна, без асаблівых эмоцый вядзе аповед мая суразмоўца. – Уся маёмасць складалася з яго і майго чамаданаў, ложка і стала, які наспех збілі з дошак». Разжываліся паступова. У графскім будынку адкрылася бальніца на 15 ложкаў. Гэта быў сапраўдны прарыў у станаўленні мясцовай медыцыны. Павялічыўся заробак, ды і муж на сваёй рабоце быў не апошні чалавек, шмат гадоў узначальваў арганізацыю. Доўга жылі ў лясніцтве, толькі паступова жылплошча павялічвалася. Уласны дом пабудавалі, калі дзеці – дзве дачкі – былі ўжо нявестамі. Адна з іх – Вольга – успамінае дзяцінства ў старым доме, як найлепшы час. Там было весела, шматлюдна, дзяцей – безліч. Людзі жылі шчыра і адкрыта, нават дзверы ніхто не зачыняў.

Таццяна Аляксандраўна і Яўгеній Антонавіч пражылі разам 50 гадоў, паспелі адзначыць залатое вяселле. Вось ужо 15 гадоў, як яго няма ў жывых. Наступная страшная страта – зяць Віктар, з якім моцна сябравалі і падзялялі агульнае хобі – пчалярства. Але побач дочкі, яшчэ адзін зяць, чацвёра ўнукаў і сямёра праўнукаў. Адной у вялікай хаце было б самотна, але сумаваць матулі, бабулі, прабабулі родныя не дазваляюць, хоць раз у дзень хтосьці з іх завітае ці патэлефануе. Калі ж збіраюцца разам – становіцца нават цесна. Ах, як у гэтыя хвіліны радуецца яе сэрца. Відаць, не дарэмна пражыла жыццё!

Таццяна Аляксандраўна – цудоўны суразмоўца. З яе словы выцягваць не трэба. У адрозненне ад большасці пажылых людзей, не стараецца акцэнтаваць увагу на дробязях. Яе апровед больш падобны на філасофскае разважанне аб сэнсе жыцця. Самае прыемнае, за што я асабіста шчыра парадавалася, жанчына амаль ні аб чым не шкадуе. Цэльны характар дазволіў ёй прыняць усё, што дараваў лёс. Прызнаецца, ні за што б не выбрала іншыя: прафесію, каханага чалавека, сяброў… А па тых, каго няма, яна не плача, наадварот, успамінае, як жывых. Ёй і сапраўды здаецца, што дарагія сэрцу людзі – побач. Кожны падарыў ёй часцінку душы, а яна змагла гэты дар скарыстаць, абагаціўшы сябе іх рысамі характару, захапленнямі, уменнямі. Дзіву толькі можна давацца, калі ўсё паспявала – адна з лепшых гаспадынь у наваколлі, майстрыха-вязальшчыца, непераўзыдзены тамада пры любым застоллі (і гэта пры тым, што ніколі не ўжывала алкаголь). Сакрэт, па яе словах, просты – ніколі не была самаўпэўненай, усяму вучылася і працягвае вучыцца ад людзей. З павагай успамінае заслужанага ўрача БССР Аляксандру Фёдараўну Апанацёнак (колькі дала ёй гэта разумная жанчына ў прафісійным плане!), гаспадыню, у якой кватаравала, Марыю Вікенцьеўну Бярнацкую (былая графская кухарка назаўсёды прывіла маладой дзяўчыне любоў да кухні), сяброўку Ганну Касьянаўну Цітову (менавіта з ёй у адзін дзень заручылася шлюбам) і многіх іншых.

Былая старшая медыцынская сястра Пяршайскай бальніцы не аднаразова атрымлівала ўзнагароды рознага кшталту, у тым ліку медаль «За добрасумленную працу». Дзесьці ў «загашніках» захоўваецца часопіс «Работніца і сялянка» з вялікім артыкулам пра яе работу. Толькі ганарлівасць не ў яе характары, наадварот, ёй хочацца хваліць іншых – знаёмых, калег, нават былых пацыентаў.

Таццяна Аляксандраўна добра помніць вайну, але паабяцала падзяліцца ўспамінамі бліжэй да 75-годдзя Вялікай Перамогі. Папярэдзіла: аповед будзе нялёгкі. А ў дзень знаёмства толькі прачытала верш пра маці, што перажывае расставанне з сынам-франтавіком. Выразна, нібы са сцэны, дэкламавала слупок за слупком, а мне хацелася плакаць. Не столькі ад шчымлівага сюжэту. Больш – ад замілавання, выкліканага шыкоўным талентам, якім яе шчодра надзяліў Усявышні, – уменнем любіць і дзяліцца сваёй любоўю з блізкімі і амаль не знаёмымі людзьмі.

Падчас нашай гутаркі я прыкінула, што па гадах яна магла б быць мне нават бабуляй – між намі 40 гадоў. Але ж дзе яна, тая розніца? У пэўныя моманты аж сорам браў, ці ж у мяне такія памяць, аптымізм, зацікаўленасць жыццём, адсутнасць крыўды? А гэта пажылая жанчына ніводнага разу не ўзгадала штосьці дрэннае. І сэрца маё ўзрадавалася. Гэта ж сапраўднае шчасце, што яны ёсць – асобы, на якіх хочацца раўняцца, заражацца самымі лепшымі пачуццямі і ўменнем не здраджваць сабе.

Серада, 12 Люты 2020 11:50

Дзеці паказалі добрыя веды

Штогод юныя знатакі збіраюцца на конкурс «Школа бяспекі», каб падзяліцца сваімі ведамі і вызначыць лепшых.

Сёлета раённы этап рэспубліканскага мерапрыемства прайшоў на базе СШ № 2 г. Валожына. Хлопчыкі і дзяўчынкі адказалі на складаныя пытанні, а перамаглі наступныя ўдзельнікі:

гімназісты Яўген КРАСКОЎСКІ і Аляксей БОЛВАХ, Мікіта ЛУЦКІ з Яршэвічскі НПК д/с СШ;

другі вынік паказалі Надзея ЧМЫРОВА з Івянца, Міхаіл СІВЕЦ з Яршэвічаў, Міраслаў ХАРУК з гімназіі № 1;

«бронза» дасталася Генадзю ПРАКАПОВІЧУ (Сакаўшчынскі НПК д/с СШ), Іллю ГАРАНОВІЧУ (Івянецкая СШ), Яраславу МЕНЦЮКУ (Пяршайскі НПК д/с СШ).

Віншуем пераможцаў і жадаем ім паспяхова выступіць на абласным спаборніцтве!

Серада, 12 Люты 2020 11:47

Паведамілі ў загсе

Органамі запісу актаў грамадскага стану Валожынскага раёна падведзены вынікі адносна зарэгістраваных актавых запісаў. У перыяд з 1 студзеня па 31 снежня 2019 года выдадзена 265 пасведчанняў аб нараджэнні (147 хлопчыкаў і 118 дзяўчынак), 646 – аб смерці, 169 – аб шлюбе, 18 – аб скасаванні шлюбу. У 36 выпадках звярталіся жыхары раёна па пытаннях устанаўлення бацькоўства, тры разы – наконт усынаўлення, шэсць разоў – каб змяніць імя.

Узрост тых, хто ствараў сем’і, у трох выпадках не дасягаў 18 гадоў (нявесты), а перавышаў 60 гадоў для 4 жаніхоў і 3 нявест. Большай часткай шлюбы заключаліся людзьмі ва ўзросце ад 20 да 55 гадоў. Цікава, што больш за ўсё жаніхоў (25) і нявест (18) належаць да катэгорыі 31-35 гадоў. Часцей скасаванне шлюбаў адбывалася, калі мужчыны дасягалі ўзросту 56-60 гадоў, а жанчыны 41-50 гадоў.

Адна з валожынак стварыла сям’ю з грамадзянінам Рэспублікі Малдова, тры – з грамадзянамі Расійскай Федэрацыі, у сваю чаргу два валожынцы знайшлі нявест на расійскіх прасторах.

Самая значная колькасць жанчын, што сталі маці, і мужчын, што набылі статус бацькі, належыць да катэгорыі 25-30 гадоў. Самыя старэйшыя матулі дасягнулі ўзросту 40-45 гадоў, а вось самымі сталымі татамі сталі мужчыны, што паспелі адзначыць 50-годдзе.

Найбольш папулярнымі імёнамі былі: сярод дзяўчынак – Ганна, Ульяна, Аліна, Арына, Вікторыя, Паліна, Анастасія, Ангеліна, Мілана, Аліса, Валерыя, Дар’я, Дзіяна; сярод хлопчыкаў – Данііл, Ягор, Іван, Міхаіл, Ілля, Максім, Аляксандр, Уладзіслаў, Кірыл, Цімафей, Аляксей, Арцём, Раман, Яраслаў.

За першы месяц бягучага года органы ЗАГС зарэгістравалі 23 нараджэнні дзіцяці, 50 выпадкаў смерці, тры шлюбы, тры скасаванні шлюбу, адно ўстанаўленне бацькоўства.

Валянціна КРАЎНЕВІЧ

Серада, 12 Люты 2020 11:46

Не – шкодным звычкам

У Валожынскай дзіцячай бібліятэцы прайшоў круглы стол «Шкодныя звычкі і іх наступствы», удзельнікамі якога сталі вучні 9 «Б» класа сярэдняй школы № 1 райцэнтра.

Работнікі ўстановы нагадалі хлопчыкам і дзяўчынкам, што кожны чалавек мае схільнасць да шкодных звычак, і ўсе яны, нават самыя бяскрыўдныя, аказваюць негатыўны ўплыў на арганізм і паводзіны чалавека. А некаторыя з іх прыводзяць і да сур’ёзных праблем з праваахоўнымі органамі.

На мерапрыемства быў запрошаны начальнік інспекцыі па справах непаўналетніх Валожынскага РАУС Аляксандр Чаховіч. Ён расказаў пра наступствы шкодных звычак. Імі часта з'яўляюцца неабдуманыя ўчынкі і нават злачынствы. Аляксандр Аляксандравіч растлумачыў рабятам, за што можна трапіць на ўлік у ІСН, у якіх выпадках непаўналетнія прыцягваюцца да адміністрацыйнай і крымінальнай адказнасці.

Пасля змястоўнай гутаркі школьнікі з цікавасцю пазнаёміліся з выставай «Клопат пра здароўе – лепшае лякарства», дзе размясціліся кніжныя выданні і буклеты па тэме.

Наш кар.

Серада, 12 Люты 2020 11:42

У здраўніцы – за здароўем

Па словах спецыяліста Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва Алега Скадорвы, у мінулым годзе ў здраўніцах Беларусі прайшлі аздараўленне 2587 жыхароў раёна, з іх – 2407 дзяцей.

Найбольш часта санаторныя ўстановы наведвалі гараджане, у першую чаргу – настаўнікі, работнікі культуры, супрацоўнікі іншых арганізацый Валожына, дзе актыўна працуюць старшыні камісій па аздараўленні і прафсаюзныя лідары. Жыхары ж вёскі, так бы мовіць, не вельмі пад’ёмны кантынгент, аднак у апошні год пры падтрымцы прафсаюза работнікаў АПК павялічана колькасць працаўнікоў сельгаспрадпрыемстваў, якія знайшлі час на паляпшэнне ўласнага здароўя ці аздаравілі дзяцей.

Шмат жадаючых наведаць санаторыі сярод пенсіянераў. На працягу года гэтай катэгорыі выдадзены 42 пуцёўкі. Сваёй чаргі на атрыманне бясплатнай пуцёўкі чакаюць 290 чалавек. Але рэальна адпраўляць на адпачынак і лячэнне – не больш за 7 чалавек у квартал. Таму ўсё часцей нашы ветэраны працы, якія клапоцяцца аб сваім самаадчуванні, купляюць пуцёўкі за поўны кошт. Папулярным з’яўляецца набыццё пуцёўкі ў падарунак.

Што тычыцца працуючых грамадзян – прадстаўнікоў арганізацый, дзе робяцца адлічэнні ў фонд сацыяльнай абароны насельніцтва, ім пуцёўкі дасталіся танна, давялося аплачваць 15-25% кошту ў залежнасці ад памеру зарплаты. У выпадках, калі хтосьці з бацькоў (у асноўным – маці) суправаджаў на адпачынак сваіх хлопчыкаў і дзяўчынак, дарослыя аплачвалі 15% кошту (такіх пуцёвак рэалізавана 44). Дзіцячы адпачынак па-ранейшаму быў бясплатным. У дзіцячых санаторыях адпачылі 99 юных жыхароў раёна, а ў аздараўленчых лагерах – 2193.

Валянціна КРАЎНЕВІЧ

Серада, 12 Люты 2020 11:39

Беларусамі ганарыцца Сібір

На мінулым тыдні ў Валожын завіталі госці з Сібіры – старшыня прэзідыума грамадскага дабрачыннага фонду «Адраджэнне Табольска» Аркадзь Ялфімаў і вядомы расійскі паэт Юрый Пермінаў.

Сустрэча з вядомымі людзьмі прайшла ў цэнтральнай раённай бібліятэцы. Тут іх віталі работнікі гэтай установы на чале з дырэктарам Марыяй Шынгер, а таксама ўдзельнікі народнага літаратурна-мастацкага аб’яднання «Рунь».

Аркадзь Рыгоравіч і Юрый Пятровіч прыбылі ў Беларусь на XXVII Мінскую міжнародную кніжную выставу-кірмаш, каб прэзентаваць сваю чарговую трыццатую па ліку кнігу гісторыка-культуралагічнага літаратурна-мастацкага альманаха «Табольск і ўся Сібір» – «Беларусы ў Сібіры». Яны як генеральны дырэктар і галоўны рэдактар выдавецкага праекта вырашылі скарыстацца сваім прыездам і правесці сустрэчы не толькі ў сталіцы рэспублікі, але і іншых гарадах, у тым ліку – Валожыне.

Госці паведамілі, што, пачынаючы працу над серыяй кніг, хацелі паказаць вялікую гісторыка-культурную спадчыну неабсяжнага краю, расказаць пра справы вялікіх продкаў і падзеі, якія тут адбываліся, пачынаючы з паходу Ермака. Менавіта ён паклаў пачатак асваенню Сібіры. Сярод 29 выдадзеных раней кніг шмат было прысвечана вялікім і малым гарадам неабсяжнага краю. Выйшлі тэматычныя выпускі пра ўдзел сібіракоў у Вялікай Айчыннай вайне. У мінулым годзе ўбачыў свет чатырохтомнік «Северны марскі шлях». Працуючы над зборнікамі, аўтары праекта звярнулі ўвагу на тое, што прасторы Сібіры асвойваў адзіны славянскі народ. Нельга пераацаніць уклад у гэту справу беларусаў, яны былі ўжо ў складзе атрадаў казачага атамана Ермака. З’явілася задума напісаць пра іх асобную кнігу. Пачалася карпатлівая праца. За складанне зборніка ўзяўся малады вучоны з Цюмені, кандыдат філасофскіх навук Раман Фёдараў, пазней да яго далучыўся Юрый Пермінаў. Вялікую дапамогу ў працы аказала Сібірскае аддзяленне Расійскай акадэміі навук.

У кнігу ўвайшлі шматлікія матэрыялы, якія распавядаюць пра след беларусаў у Сібіры на працягу чатырох з паловай вякоў. Цікава будзе пачытаць пра беларускіх самаходаў, што па 1-3 чалавекі праз бяскрайнія раўніны, Камень (Уральскія горы) ішлі, бывала па паўгода, каб прыгледзець сабе зямлю. Так паступова яны дабраліся аж да Ціхага акеана. Вялікая хваля перасяленцаў прыйшлася на час сталыпінскай рэформы. І сёння, як паведамілі аўтары выдання, калі ў некага з іх землякоў з’явіцца жаданне наведацца ў Беларусь, для гэтага не абавязкова пераадольваць вялікія адлегласці. Дастаткова ад’ехацца ад Омска, Табольска, Цюмені ці іншага горада на 60-100 кіламетраў і абавязкова натрапіш на беларускую вёску. Асабліва ўражвае тое, што людзі, якія жывуць тут па 120 і больш гадоў, збераглі мову, песні, абрады, традыцыі і не забываюць сваю гістарычную радзіму.

Наогул жа сустрэць беларуса ў Сібіры вельмі проста. Як сказаў Юрый Пермінаў, нават з пад’езда шматпавярхоўкі выходзіць не трэба. Многія з іх унеслі і ўносяць неацэнны ўклад у развіццё краіны. У двухтомніку можна знайсці імёны сусветна вядомых савецкіх і расійскіх вучоных беларускага паходжання: акадэміка Андрэя Трафімука – вучонага ў галіне геалогіі і разведкі нафтавых і газавых радовішчаў, акадэміка Валянціна Капцюга – доктара хімічных навук, які ўзначальваў Сібірскае аддзяленне Расійскай акаэміі навук. Зараз ім кіруе Валянцін Пармон. Вучоны Аляксандр Дунін-Гаркавіч даследаваў паўночную Заходнюю Сібір і сабраў унікальную этнаграфічную калекцыю, якая цяпер захоўваецца ў Табольскім гісторыка-краязнаўчым музеі.

У зборніку змяшчаюцца звесткі пра дзеячаў культуры: мастакоў, пісьменнікаў, паэтаў. Многія імёны сталі адкрыццём нават для яго складальнікаў. Не засталіся па-за ўвагай і гістарычныя дзеячы. Так у час, калі Омск быў сталіцай Заходне-Сібірскага генерал-губернатарства, яго ўзначальваў герой Айчыннай вайны 1812 года Пётр Капцэвіч, прозвішча якога яскрава сведчыць пра паходжанне мужчыны. Кнігу можна назваць энцыклапедыяй беларускага жыцця ў гісторыі, асваенні і станаўленні Сібіры, далучэнні яе да Расіі. Відавочна, што яна будзе цікавай і карыснай для шырокага кола чытачоў.

Аркадзь Ялфімаў слушна заўважыў: «Калі б беларусы надумалі выдаць зборнік «Сібіракі ў Беларусі», то са здзіўленнем дазналіся б, што сярод гэтых сібіракоў – шмат беларусаў». Не выпадкова ў расійскіх інстытутах, акадэміі навук ёсць нямала вучоных, якія займаюцца беларускай тэмай.

Трэба сказаць, што двухтомнік выглядае вельмі дастойна, для яго створана спецыяльная падарункавая ўпакоўка, старонкі надрукаваны на глянцавай паперы, форзац і нахзац выраблены з паперы вержэ, над афармленнем кнігі працаваў геніяльны мастак Васілій Валерыус. Усё гэта было зраблена дзякуючы папячыцелям дабрачыннага фонду «Адраджэнне Табольска». У Беларусі таксама знайшоўся мецэнат, які заплаціў за частку кніг. Таму аўтары выдання маюць магчымасць перадаць зборнікі шматлікім установам, у тым ліку і ў Валожыне. Цэнтральная раённая бібліятэка, Валожынская дзіцячая бібліятэка і народнае літаратурна-мастацкае аб’яднанне «Рунь» сталі ўладальнікамі каштоўных падарункаў.

Удзельнікам мерапрыемства, якое праходзіла ў сяброўскай атмасферы, было прыемна паслухаць творы Юрыя Пермінава ў выкананні аўтара. Рунеўцы гасцінна прапанавалі ўвазе прысутных свае вершы. Незабыўнае ўраджанне ў сібіракоў пакінула экскурсія па райцэнтры, якую правяла работнік краязнаўчага музея Ніна Бобрык.

Серада, 12 Люты 2020 11:08

Канцэрт клуба «Верас»

9 лютага 2020 года на сцэне ДУК «Івянецкі Дом культуры» прайшоў канцэрт клуба пажылых людзей «Верас» раённага цэнтра культуры г.Валожына. Самадзейныя артысты выканалі для гледачоў душэўныя песні, падаравалі людзям сталага ўзросту песні іх маладосці. На канцэрце прысутнічала старшыня пасялковага выканаўчага камітэту Т.Я.Ліпніцкая, якая ўручыла артыстам грамату, памятны падарунак і шчырыя словы падзякі.

У Мінскай вобласці ў 2020 годзе ўвядуць у эксплуатацыю два аб'екты аховы здароўя. Пра гэта паведаміў намеснік старшыні камітэта па архітэктуры і будаўніцтву Мінаблвыканкама Аляксей Быкаў сёння ў прэс-цэнтры БЕЛТА.

Сістэма вымярэння тэлеаўдыторыі пачне працаваць у Беларусі да канца года. Аб гэтым сёння паведаміў журналістам міністр інфармацыі Аляксандр Карлюкевіч пасля нарады кіраўніка дзяржавы з кіраўнікамі вядучых дзяржаўных сродкаў масавай інфармацыі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Старонка 1132 з 1384

Задайте вопрос