222357, г. Валожын, пл. Свабоды, 2
Тэлефон прыёмнай: Рэжым работы:з 8.30 да 13.00 і з 14.00 да 17.30 па буднях
e-mail: Гэты адрас электроннай пошты абаронены ад спам-ботаў. У вас павінен быць уключаны JavaScript для прагляду.
гарачая лінія: +375 (1772) 5-55-72
Падведзены вынікі раённага этапу конкурсу «Вучань года Мінскай вобласці-2019», які праводзіцца з мэтай выяўлення і падтрымкі адораных і таленавітых рабят, стымулявання іх пазнавальнай актыўнасці, творчай ініцыятывы і самастойнасці. Удзел у ім сёлета прынялі 20 вучняў 4-11 класаў устаноў адукацыі раёна ў намінацыях «Вучэбная дзейнасць», «Творчая дзейнасць", «Працоўная дзейнасць», «Спартыўная дзейнасць» і «Грамадская дзейнасць». У лік пераможцаў увайшлі Антон Віршыч, Мілана Рэут, Аліна Княжэвіч, Таццяна Дубінец, Аляксей Яблонскі, а Анастасія Іваноўская, Арцём Раманчык, Яна Санюковіч, Яўгеній Анісовіч, Ягор Шчогалаў і Аэліта Жалток прызнаны лаўрэатамі. Пра некаторых з гэтых адораных вучняў, якія не ўпершыню трапілі ў спіс лепшых, раённая газета ўжо пісала. Таму пазнаёмім чытачоў з новымі імёнамі.
Арцём Раманчык нават з першага погляду асабіста ў мяне выклікаў уражанне выключнай даросласці. Уважліва, па-дзелавому выслухаў просьбу аб дазволе на публікацыю, назваў дзень і час, калі можна было б яму патэлефанаваць, спакойна папазіраваў перад фотакамерай. Набіраючы яго нумар, не магла здагадацца, наколькі сур’ёзнай будзе гутарка. А, між іншым, паўтары гадзіны на сувязі з сямнаццацігадовым юнаком уразілі мяне да глыбіні душы – настолькі зацікавілі яго погляды на жыццё, разважанні пра даволі сур’ёзныя рэчы.
Вучань 11 класа Пугачоўскай школы, пераможца раённага этапу абласнога конкурсу «Вучань года» ў намінацыі «Вучэбная дзейнасць» неаднаразова ўдзельнічаў і перамагаў у алімпіядах і конкурсах рознага ўзроўню. Што тычыцца прадметных схільнасцей, у першую чаргу ён – матэматык. Гэта складаная дысцыпліна даецца з неверагодный лёгкасцю. Дарэчы, і ўсе астатнія асаблівых складанасцей не выклікаюць. Сярод любімых прадметаў лічацца грамадазнаўства, гісторыя, геаграфія, мовы – беларуская, руская, нямецкая. Што ж, для спецыяльнасці, пра якую марыць, патрэбна ведаць вельмі шмат. Справа ў тым, што перад намі – будучы эканаміст.
Ён рана пачаў цікавіцца многімі паняццямі, якія нават не кожнаму даросламу могуць быць зразумелымі. Дзяржаўнае ўстройства, геапалітыка, фінансавая граматнасць. Шмат чытае ў гэтых кірунках. Асаблівую ўвагу надае развіццю сябе як асобы. Сёння яго кумір Роберт Тору Кійосакі – амерыканскі прадпрымальнік, інвестар, пісьменнік, прамоўца-матыватар, фінансавы аглядальнік, аўтар шэрага кніг, уключаючы бестселер «Багаты тата, бедны тата».
Арцём вырас у звычайнай вясковай шматдзетнай сям’і. Нельга сказаць, што хтосьці з родных моцна паўплываў на яго зацікаўленасць вучобай. Але матуля з бацькам і старэйшыя браты з сястрой шчыра ганарацца дасягненнямі свайго малодшага. Сутыкаўся і з цяжкасцямі – у пачатковых класах вучоба давалася настолькі лёгка, што ў сярэдніх нават засумаваў. Занепакоенасць настаўнікаў дазволіла самаму задумацца над сітуацыяй і прыйсці да высновы, што пара «брацца за розум». Адказ на пытанне, як палепшыць матывацыю да ведаў, шукаў у навуковай літаратуты, Інтэрнэце, задаваў пытанні любімым педагогам. Інфармацыю «пераварваў» самастойна. У выніку справа пайшла. Зараз без асаблівых намаганняў паспявае па ўсіх прадметах. Прызнаецца, што пакуль у сэнсе начытанасці адстае ад уласных планаў – на тое, каб ужо сёння пазнаёміцца з сусветна вядомымі літаратурнымі шэдэўрамі, элементарна не хапае часу. Затое тыя творы, што ўваходзяць у школьную праграму па беларускай і рускай літаратурах, прачытвае абавязкова. Ён упэўнены: кожны чалавек, калі будзе прыкладваць пэўныя намаганні, можа сфарміраваць свой, выключна ўнікальны характар. А калі побач ёсць такія настаўнікі, як Уладзімір Уладзіміравіч Унучак (матэматыка, фізіка), Святлана Іванаўна Шніп (гісторыя, грамадазнаўства), – шанцы павялічваюцца. Юнак увогуле ўдзячны ўсяму педкалектыву роднай школы за атрыманыя веды, але равеснікам раіць як мага раней прывыкаць да самастойнасці. Па яго меркаванні, юны ўзрост – не падстава для інфантыльнасці.
Я запытала ў Арцёма наконт планаў. Паведаміў, што пасля эканамічнага ўніверсітэта, у які будзе паступаць у бягучым годзе, спадзяецца набываць прафесійны вопыт у добрай фірме. Запаветная мара – з цягам часу распачаць уласны бізнес. У якой сферы – пакуль сакрэт. Ужо зараз ведае: для таго, каб не дапусціць суму і расчараванняў, неабходна пастаянна ставіць перад сабой новыя мэты. Адна з іх на дадзеным адрэзку жыцця – вывучэнне англійскай мовы. Неверагодна, але робіць гэта самастойна. На тое, каб наведваць курсы, няма ні грошай, ні часу, але ён не засмучаецца, добра ўсведамляе, да чаго імкнецца, таму на цяжкасці не звяртае ўвагі. Для маладога чалавека ўласцівы адказнасць і пачуццё абавязку. Таму ён – пастаянны ўдзельнік усіх школьных мерапрыемстваў, дома – выдатны памочнік бацькам, пра якіх, дарэчы, гаворыць, што гэта шчырыя, простыя людзі. Тата раней працаваў механізатарам, зараз па прычынах здароўя – пенсіянер, матуля – аператар машыннага даення. Зразумела, што іх сыну давядзецца ўсяго дасягаць самастойна. Арцём добра ўсведамляе: цяжкасці загартоўваюць, а з так званай «залатой моладзі» рэдка атрымліваюцца па-сапраўднаму паспяховыя асобы.
Ён любіць Беларусь, але марыць пра падарожжы і ўжо зараз лічыць сябе чалавекам свету. Упэўнены, што прывязанасць да роднай зямлі і народа не павінна перашкаджаць паважаць іншыя краіны і іх несельнікаў. Розныя культурныя, рэлігійныя, побытавыя традыцыі не могуць самі па сабе сеяць між людзьмі варожасць. Наадварот, пастаянны абмен культурнымі каштоўнасцямі ўзбагачае ўсіх. У сэнсе эканомікі, разважае будучы эканаміст, таксама неабходны вучыцца ад тых, у каго яна развіваецца больш паспяхова. І галоўнае – пастанны рух наперад. Ва ўсякім раз, асабіста ён запраграмаваны менавіта на гэта.
«На крылах песні» – менавіта так назвалі свой нядаўні канцэрт-сустрэчу ўдзельнікі народнага хору «Спяваючыя сэрцы»
Так, гэта быў канцэрт-сустрэча з сябрамі, а не сухая справаздача. Праходзіў ён студзеньскім суботнім днём у цёплай абстаноўцы.
Хор ветэранаў працы існуе пры раённым Цэнтры культуры даўно. Некалькі разоў змяніўся яго састаў, але гэта не значыць, што горшым стаў рэпертуар ці самі галасы выканаўцаў… Летась хор у чарговы раз пацвердзіў званне «народны». Апошнія тры гады кіруе калектывам Галіна Іванаўна Філяноўская. Зараз тут спяваюць больш за 20 чалавек. Ёсць вакальная група, дуэты, трыа.
Сустрэча працягвалася больш за дзве гадзіны. Асноўны цяжар узяла на свае плечы кіраўнік. Усе ведаюць Г. І. Філяноўскую як усебакова адоранага чалавека. Харавы калектыў выканаў некалькі песень на яе словы і музыку, менавіта яна была вядучай канцэртнай праграмы і падрыхтавала вершаваныя падводкі да кожнага нумара. Самадзейныя артысты ў той дзень вынеслі на суд гараджан некалькі новых песень. Зала з няменшым задавальненнем прымала і старыя. Да глыбіні душы краналі песні «А ў маёй Беларусі», «Вітальная», асабліва прысвечаныя нашаму Валожыну – «Родны Валожын» на словы С. Маляўскага і «Святочная» – на словы Г. Філяноўскай. Музыку да абедзвюх песень напісала Галіна Іванаўна. А напрыканцы сустрэчы харысты сышлі са сцэны і спявалі разам са сваімі прыхільнікамі-гледачамі.
Многія песні ўдзячныя гледачы прымалі на «біс», што ў выканаўцаў сапраўды вырасталі крылы. А некаторыя з іх, як, напрыклад, Ніна Тамковіч, адважыліся прыйсці ў хор не так даўно. У яе выкананні прагучала песня «Зори ясные». Аляксандра Журкевіч выканала песню «В январе на дворе», Яўгенія Прапаршчык новую песню «Русалочки», Галіна Ганько – «Мой дом», Галіна Філяноўская – «Маладзіца».
У харавым калектыве ёсць і дуэты. Як заўсёды, парадавалі сваімі галасамі сямейны дуэт у складзе Тамары і Эдуарда Язерскіх: вельмі пранікнёна прагучала песня «Дорогая моя, дорогой мой». Ды і іншыя дуэты не згубіліся. Уладзімір Юхо і Ірына Кузьміч выканалі вядомую песню «У садзе гуляла», Аляксандра Журкевіч і Галіна Філяноўская – народную «Ой, у полі пры даліне», Ніна Мінцюк і Ірына Кузьміч – «Рабінавыя бусы». У выкананні трыа Ніны Тамковіч, Тамары Макарэвіч і Галіны Філяноўскай прагучала песня «Летні вечарок».
А закончылася сустрэча песняй, што даўно стала візітнай карткай хору, – «Спявай, душа!». Гэты твор кіраўніка калектыву як нельга лепш адпавядае душэўнаму стану спевакоў: пакуль яны спяваюць, пакуль спяшаюцца кожныя аўторак і пятніцу на рэпетыцыі, яны жывуць! Песні акрыляюць і надаюць жыццёвыя сілы.
Зусім хутка наша краіна будзе адзначаць знамянальную дату – 75 гадоў Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. У Івянецкім доме-інтэрнаце для дзяцей-інвалідаў з асаблівасцямі фізічнага развіцця да гэтай нагоды распрацаваны план праводзімых мерапрыемстваў. І вельмі сімвалічна, што адно з першых з іх прайшло 27 студзеня.
Менавіта ў гэты дзень у 1944 годзе была знята блакада Ленінграда, а ў 1945-м вызвалены вязні канцэнтрацыйнага лагера Асвенцым. Выхаванцы інтэрната наведалі Дом культуры, дзе разам са сваімі сябрамі з Івянецкай сярэдняй школы пабывалі на кіналекторыі, прысвечаным гэтым падзеям. Спачатку мы паслухалі змястоўнае выступленне Таццяны Задрэйка пра гісторыю з’яўлення Міжнароднага дня памяці ахвяр Халакосту, які таксама адзначаецца 27 студзеня, а затым відэадэманстратар кінаўстаноўкі Лілія Ліпніцкая прапанавала нам паглядзець мастацкую стужку «Выратаваць Ленінград». Выходзілі з залы ўсе вельмі ўсхваляваныя пачутым і ўбачаным і яшчэ раз упэўніліся ў тым, што галоўнае для людзей – мірнае неба над галавой!
Напрыканцы студзеня правёў справаздачу за 2019 год старшыня раённага савета ветэранаў Р. М. Русакевіч. Прайшла яна не ў афіцыйнай абстаноўцы, не ў службовым кабінеце, а як бы ў форме Каляднай сустрэчы за кубкам чаю. Побач са старшынямі ветэранскіх арганізацый А. П. Нядвецкай з Івянца, У. П. Вашкевічам з Ракава, В. В. Косікам з Валожына прысутнічалі актывісты ветэранскага руху.
Было адзначана, што пры кожным сельвыканкаме створаны пярвічныя арганізацыі, але далёка не ўсе яны ўключыліся ў работу. Зразумела, усё залежыць ад лідараў, якія іх узначальваюць. Тут галоўнае – знайсці такога чалавека, які б актывізаваў работу на месцах. І гэта таксама патрабуе неадкладнага вырашэння, бо ў сакавіку павінна прайсці справаздачна-выбарная канферэнцыя савета ветэранаў.
Рыгор Мікалаевіч звярнуў увагу на тое, што ветэраны не прапускаюць ніводнага значнага мерапрыемства ў раёне, сустракаюцца з моладдзю. Летась вылучалі кандыдатуры для ўдзелу ў рэспубліканскім конкурсе «Ветэранскі падворак», песенным конкурсе «60+». Выступілі там годна, былі заўважаны і ўзнагароджаны. З’явіліся і свае валанцёры з ліку «маладых» ветэранаў. Удзельнічаюць у сустрэчах на ўзроўні вобласці і рэспублікі. Такім чынам, пабывалі ў музеі Вялікай Айчыннай вайны, на сустрэчы з паслом Кітайскай Народнай Рэспублікі ў Беларусі, наведалі з экскурсіяй Палац Незалежнасці і г. д.
Шмат задач пастаўлена перад ветэранамі і на бягучы год. Галоўная дата года – 75-годдзе Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. На жаль, час няўмольны, і ў жывых застаецца менш удзельнікаў вайны. На 1 студзеня ў раёне іх было ўсяго 9 чалавек. Самаму старэйшаму – 103 гады, а самаму малодшаму – 89. І пакуль пісаўся гэты матэрыял, лічба магла ўжо памяняцца. Нам застаецца толькі памяць. Трымаць у належным выглядзе воінскія пахаванні, расказваць моладзі пра людзей, што абаранялі наш край, пра ветэранаў, якія ўносілі ўклад у аднаўленне раёна пасля Перамогі. Была выказана прапанова правесці раённы фестываль песні і паэзіі «60+».
За кубкам чаю ветэраны абменьваліся думкамі. Невялікія падарункі былі ўручаны В. Косіку, А. Нядвецкай і С. Кавяза. Гутарка перамяжалася канцэртнымі нумарамі, якія дарылі ўдзельнікі ветэранскага клуба «Верас» РЦК. А потым песні сваёй маладосці спявалі ўсе разам. Старшыня гарадскога савета ветэранаў В. В. Косік прынёс духмяныя травы для чаю. А старшыня раённага Таварыства Чырвонага Крыжа А. У. Трацэўская забяспечыла салодкі стол цукеркамі і пячэннем. Дзве гадзіны ў цёплай абстаноўцы праляцелі неўпрыкмет, а пасля іх засталіся прыемныя ўспаміны ад сустрэчы з аднадумцамі.
Наталля ШТЭЙНЕР
Маладзёжны прафсаюзны адукацыйны цэнтр, дзе будуць навучаць прафактыў прадпрыемстваў і арганізацый усёй краіны, зарабіў на базе Дома адпачынку "Лагойскі", паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе Федэрацыі прафсаюзаў.
Беларускі фонд фінансавай падтрымкі прадпрымальнікаў да 15 лютага прымае заяўкі на ўдзел у конкурсе інвестыцыйных праектаў для атрымання дзяржаўнай фінансавай падтрымкі, паведамілі БЕЛТА ў Міністэрстве эканомікі.
13 студзеня падчас афіцыйнай сустрэчы ў мэрыі гміны Лечна Люблінскае ваяводства (Рэспубліка Польшча) намеснік старшыні Валожынскага раённага выканаўчага камітэта I. В. Шакун, бургамістр гміны Лешна Лешэк Уладарскі і дырэктар Цэнтра культуры гміны Лечна Яўгеніюш Місевіч падпісалі заяўку на сафінансаванне сумеснага трансгранічнага праекта, які тычыцца сусветна вядомай асобы - беларуска-польскага мастака Фердынанда Рушчыца «Разам для мастацтва, культуры і сяброўства - падтрымка і інтэграцыя культурнай спадчыны Лечны і Валожына». Заяўка была пададзена для фінансавання са сродкаў Еўрапейскага Саюза ў рамках Праграмы трансгранічнага супрацоўніцтва «Польшча-Беларусь-Украіна» на 2014-2020 гады, тэматычная мэта «Спадчына»: садзейнічанне мясцовай культуры і захаванне гістарычнай спадчыны.
У першую суботу лютага ва ўсіх школах Валожынскага раёна традыцыйна прайшлі вечары сустрэч выпускнікоў, якія ў 2020 годзе сталі яшчэ і пачаткам абласной дабрачыннай акцыі «29 добрых спраў».
Тэмп росту тавараабароту Мінскай вобласці і Таджыкістана па выніках 2019 года склаў амаль 158%. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведаміла начальнік упраўлення знешнеэканамічных сувязей камітэта эканомікі Мінаблвыканкама Ганна Дашкова.
Урад зацвердзіў план падрыхтоўкі законапраектаў рэспубліканскімі органамі дзяржкіравання ў 2020 годзе. Адпаведнае рашэнне замацавана пастановай Савета Міністраў нумар 54 ад 29 студзеня 2020 года, паведамляе БЕЛТА са спасылкай на сайт урада.