Адрас:

222357, г. Валожын, пл. Свабоды, 2

Тэлефон прыёмнай:

+375 (1772) 5-55-72

Рэжым работы:

з 8.30 да 13.00 і з 14.00 да 17.30 па буднях

гарачая лінія: +375 (1772) 5-55-72

Гэтымі днямі аграном-аграхімік ААТ «Агра-Дубінское» Ніна Іванаўна МАЦКЕВІЧ святкуе 50-гадовы юбілей працы ў сельскай гаспадарцы! Яна – сапраўдная легенда нашага краю. Паўвека назад з’яднала свае душу і ўменні з жывароднай сілай палеткаў Валожыншчыны і з тае пары штогод прыкладала максімум намаганняў, каб зямля аддзячвала за клопат і любоў шчодрымі ўраджаямі. Сугваздаўскія прасторы пад яе ўмелым доглядам дзяліліся і багатым намалотам, і густымі травастоямі. Не толькі прырода аддавала належную павагу ўмеламу аграному: заслугі Ніны Іванаўны ў аграрнай галіне неаднаразова адзначаліся высокімі ўзнагародамі раённага, абласнога і нават рэспубліканскага ўзроўняў! Напрыклад, за вялікі ўклад у сацыяльна-эканамічнае развіццё раёна і Мінскай вобласці Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь напрыканцы 2017 года наша гераіня была ўшанавана медалём «За працоўныя заслугі».

Ніна Іванаўна – жанчына дзелавая, хваткая.Усё жыццё займаецца справай, якая забірае практычна ўвесь без астатку час. Любімай, трэба заўважыць, справай. Пачалося ўсё з дзяцінства, якое прайшло ў сельскай мясцовасці суседняга Маладзечанскага раёна. У іх сям’і дзеці з малых гадоў ведалі, што такое праца на зямлі. Кагосьці гэта б «адштурхнула», а вось Н. І. Мацкевіч, наадварот, захапілася. Ёй падабалася і лён ірваць, і жыта жаць, і бульбу садзіць-капаць. Ды настолькі, што яшчэ ў пачатковых класах прыйшла да думкі: «Аграномія – гэта маё». У школе лёгка даваліся хімія, фізіка, біялогія, матэматыка. А гэта тыя навукі, ад якіх залежыць і якасць апрацоўкі зямлі, і эфектыўная вытворчасць сельскагаспадарчых культур, і спосабы павышэння ўраджайнасці… Атрыманыя веды дазволілі паступіць і паспяхова закончыць сельскагаспадарчую акадэмію ў Горках.

За спінай у нашага агранома-аграхіміка багатае, насычанае працоўнае жыццё, безліч паспяховых пасяўных і ўборачных кампаній. І глыбокае паразуменне з аб’ектам свайго шанавання. Выдатнага ведання хімічных і тэхнічных працэсаў, якія неабходны для росту раслін і зерневых культур, па меркаванні прафесіянала, недастаткова. Трэба яшчэ да дробязей ведаць склад глебы, мноства іншых фактараў. А ў кабінеце іх не разгледзеш, патрэбна пастаянная мабільнасць! Таму Ніна Іванаўна шмат гадоў сама водзіць аўтамабіль, мае пасведчанне трактарыста-машыніста. Да таго ж самастойна асвоіла камп’ютар, каб быць у курсе апошніх неабходных у прафесіі напрацовак.

Ведаючы праблему маладых кадраў у сельскай гаспадарцы, заклікае: «Любіце тое месца, дзе нарадзіліся. Шануйце яго. Дайце зямліцы на малой радзіме дзесяць кропелек поту, і яна аддзячыць вас сотняй жменяў збожжа!» Мудрасць, пацверджаная стагоддзямі і пакаленнямі…

Пятніца, 31 Студзень 2020 15:33

Заслужылі высокую ацэнку

Валожынская раённая арганізацыя «Беларускі саюз жанчын» узнагароджана дыпломам за перамогу ў рэспубліканскім аглядзе-конкурсе грамадзянска-патрыятычных праектаў пярвічных арганізацый, што прайшоў пад знакам «Год малой радзімы».

Прадставіць у намінацыі «Трэці ўзрост» грандыёзную работу, якую праводзілі члены раённай арганізацыі (супрацоўнікі ТЦСАН, валанцёры «сярэбранага ўзросту» і БСЖ) сумесна з нямецкім фондам «Памяць. Адказнасць. Будучыня», прапанавала лідар валожынскай ГА, дырэктар цэнтра Галіна Рай. Яе рашэнне падтрымалі актывісткі праекта Аксана Жук, Ірына Кавяза, Вольга Пракопчык, Алена Жданюк. Іх сумеснымі намаганнямі вопыт работы ў кірунку дапамогі людзям, што нарадзіліся да 1945 года і пацярпелі ад нацызму, быў абагулены, пацверджаны фотаматэрыяламі, газетнымі публікацыямі. Дабрачынную дзейнасць на высокім узроўні ацанілі годна. Узнагароду з рук кіраўніка рэспубліканскай арганізацыі Мар’яны Шчоткінай атрымала адна з каардынатараў праекта «Прафілактыка ўзроставых кагнітыўных змяненняў у пажылых людзей г. Валожына і Валожынскага раёна» Ірына Кавяза.

Пятніца, 31 Студзень 2020 15:29

Так трымаць, Ганна!

Вучаніца 10 класа СШ № 1 г. Валожына Ганна РАДЗІВІЛКА на абласным этапе рэспубліканскай алімпіяды па вучэбным прадмеце «Працоўнае навучанне» атрымала вышэйшую ўзнагароду – Дыплом I ступені.

Педагог Іна Леанідаўна КЕРБЕДЗЬ, якая падрыхтавала сваю выхаванку да ўдзелу ў конкурсе, гаворыць, што Ганна вельмі таленавітая, адораная ад прыроды вучаніца. У яе ўсё атрымліваецца з першага разу, і работы выклікаюць толькі захапленне.

Выдатнаму выніку папярэднічала вялікая карпатлівая і напружаная праца. Яшчэ ў дзіцячым садку дзяўчынка любіла майстраваць з паперы, маляваць, займацца аплікацыяй. Калі пайшла ў школу, запісалася ў гурток па вышыўцы. А з 5-га класа прадмет «Працоўнае навучанне» стаў для школьніцы любімым. У 6-м класе выкладаць абслуговую працу ў Ганны пачала Іна Леанідаўна. Настаўніца адразу запрыкмеціла здольную і руплівую вучаніцу і з 7-га класа пачала рыхтаваць яе да ўдзелу ў прадметнай алімпіядзе.

У мінулым годзе дзяўчына заваявала на абласным этапе Дыплом III ступені. Першая перамога заставіла з яшчэ большым энтузіязмам паглыбіцца ў вывучэнне прадмета. І сёлета, калі багаж ведаў школьніцы значна папоўніўся, яна была прызнана лепшай у вобласці.

Алімпіядныя заданні як абласнога, так і раённага этапаў складаліся з тэарэтычнай і практычнай частак. У першай з іх трэба было адказаць на 25 пытанняў і рашыць 5 задач творчага характару. Гэта вельмі няпроста, бо пытанні складаныя, а задачы патрабуюць не толькі добрых ведаў, але і лагічных разважанняў, кемлівасці, неардынарнага мыслення. На практычным заданні за пэўны прамежак часу прапаноўвалася вырабіць сэт-сурвэтку «Асенняя фантазія» і дэкарыраваць яе вышыўкай. На абласным этапе заданне было больш цяжкім – пашыць клубочніцу-рукзачок. Работа Ганны была прызнана адной з найлепшых.

Дыплом I ступені на абласным этапе – высокая ўзнагарода за старанне. Цяпер Ганна пад кіраўніцтвам Іны Леанідаўны рыхтуецца да фінальнага рэспубліканскага этапу алімпіяды. Пажадаем ёй поспеху!

Пятніца, 31 Студзень 2020 15:25

Хто, як не маладыя?

На базе ДЮСШ адбылася раённая спартакіяда з удзелам маладых спецыялістаў. Дзяўчаты і юнакі з гэтым статусам, якія ў сваіх працоўных калектывах штодня пацвярджаюць прафесійную прыдатнасць, пастараліся паказаць яшчэ і высокі ўзровень узаемаадносін са спортам і фізічнай культурай.

Вітала самых смелых, спрытных намеснік начальніка ўпраўлення па адукацыі, спорце і турызме Алена Мілюткіна. Алена Іванаўна пажадала юнакам і дзяўчатам дасягаць перамог прафесійных, творчых і абавязкова спартыўных, а таксама актыўна ўдзельнічаць у культурна-масавых мерапрыемствах, што ладзяцца на Валожыншчыне, жыць весела, актыўна, бавіць час разнастайна і з карысцю для ўласнага здароўя.

Сігнал да пачатку спаборніцтваў даў суддзя першай кваліфікацыйнай катэгорыі Дзмітрый Булакевіч. Пад яго кіраўніцтвам працавала цэлая каманда прафесійных рэферы, што старанна і справядліва вяла ўлік вынікаў і паказчыкаў.

Юныя спартсмены спрачаліся за перамогу ў пяці кірунках – выконвалі нарматывы дзяржаўнага фізкультурна-аздараўленчага комплексу Рэспублікі Беларусь, плавалі, стралялі, кідалі мяч у баскетбольнае кальцо, перацягвалі палку. ДФАК у сваю чаргу ўключаў: бег на 30 метраў, скачкі з месца, чаўночны бег, нахілы ўперад, падцягванне (для мужчын) і пад’ём тулава (для жанчын).

Як адзначыла спецыяліст па фізічнай культуры, спорце і турызме Валянціна Башаркевіч, сабраць маладых людзей пад дахам спартыўнага комплексу было няпроста. Спартакіяда, у якой удзельнікі – выключна маладыя спецыялісты, ладзілася ўпершыню. Тым не менш, 34 аматары спорту прадставілі сельгаспрадпрыемствы, установы адукацыі, аховы здароўя і культуры. Неабходнасць абараніць гонар калектыву бузумоўна – адказнасць, аднак маладыя спецыялісты, што рызыкнулі прыняць удзел у мерапрыемстве, адназначна атрымалі задавальненне і паказалі нядрэнныя вынікі. Але ж падняцца на прыступкі гонару давялося не кожнаму. Медалі і дыпломы за першае месца атрымалі:

Наталля Круглінская з Івянецкай СШ (нарматывы ДФАК і плаванне);

Ігар Ляцецкі з ДЮСШ (нарматывы ДФАК і перацягванне палкі);

Анастасія Зварыка з ААТ “Суднікаўскі” (кідкі ў баскетбольнае кальцо і перацягванне палкі);

Назар Жалток з Івянецкай СШ (кідкі ў баскетбольнае кальцо);

Кацярына Шумская з СШ № 1 (стральба);

Вадзім Крот з ААТ “Багданаўскае” (стральба);

Генадзь Сцепаненка з ДЮСШ (плаванне).

Узнагароды пераможцы атрымалі з рук галоўнага суддзі.

Па ініцыятыве арганізацыі «Беларуская асацыяцыя дапамогі дзецям-інвалідам і маладым інвалідам» на Валожыншчыне распачаты новы сацыяльны праект «Вучымся кіраваць сваёй будучыняй». Праект зарэгістраваны ў Дэпартаменце па гуманітарнай дзейнасці Рэспублікі Беларусь. Яго мэта – фарміраванне станоўчых адносін да людзей з інваліднасцю сярод моладзі ва ўзросце ад 16 да 25 гадоў шляхам правядзення культурна-асветніцкіх і інфармацыйных кампаній на тэрыторыі раёна.

Нядаўна ўсімі партнёрамі праекта, што будзе падтрымлівацца фінансава Каралеўствам Нідэрландаў, падпісана пагадненне аб супрацоўніцтве. У мерапрыемстве прынялі ўдзел начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Святлана Ракавец, дырэктар ТЦСАН Галіна Рай, дырэктар Івянецкага дома-інтэрната для дзяцей-інвалідаў з асаблівасцямі фізічнага развіцця Алена Петрашкевіч, начальнік упраўлення па адукацыі, спорце і турызме Таццяна Крыкала, благачынны Валожынскай акругі Дзмітрый Агіевіч, першы сакратар БРСМ Уладзімір Ціханоўскі, удзельнікі валанцёрскага атрада «Мара» прафесійнага сельскагаспадарчага ліцэя, якім кіруе Наталля Жылевіч, гаспадыня аграсядзібы «Раўнавага» Ларыса Мытнік, якая застаецца на працягу многіх гадоў адным з самых актыўных спонсараў арганізацыі.

Прэзентавала новае пачынанне мадэратар праекта Наталля Нямкевіч. Яна падрабязна расказала пра яго сутнасць і магчымы вынік сумеснай работы. Сярод запланаваных мерапрыемстваў: семінары-трэнінгі на тэму «Змяненне адносін грамадскасці да правоў чалавека з інваліднасцю», семінары асобаснага росту для навучэнцаў ДУА «Івянецкі дом-інтэрнат для дзяцей-інвалідаў», размяшчэнне інфармацыі аб рабоце праекта на сайце школ і ўпраўлення па адукацыі, інфармацыйна-аналітычная і асветніцкая работа сярод школьнікаў, распаўсюджванне ва ўстановах адукацыі друкаваных інфармацыйных матэрыялаў, стварэнне і паказ ва ўстановах адукацыі і ўстановах сацыяльнага кірунку горада і раёна тэатралізаванага прадстаўлення на тэму «Розныя, але роўныя», арганізацыя конкурсаў сачыненняў і малюнкаў сярод вучняў 9-11 класаў, стварэнне мабільнай выставы «Не побач, а разам», правядзенне конкурсу на лепшы білборд на тэму «Свет адзіны для ўсіх» і іншае.

Старшыня райарганізацыі «Беларуская асацыяцыя дапамогі дзецям-інвалідам і маладым інвалідам», загадчык аддзялення дзённага наведвання для людзей з інваліднасцю Ларыса Шчарбачэвіч зрабіла кароткі экскурс у гісторыю сумеснай праектнай дзейнасці БелАДДІіМІ і ТЦСАН, скіраванай на стварэнне дзецям і маладым людзям з інваліднасцю роўных з іншымі грамадзянамі ўмоў для ўдзелу ў розных сферах жыцця. Цікавыя, насычаныя падзеямі праекты «Для нас нічога без нас», «Майстар-кухня» (сумесна з эльбскімі майстэрнямі г. Гамбурга), «Мы – разам!» (сумесна з БРСМ), «Цырульня «Надзея», «Стварэнне рэабілітацыйнай прасторы», «Мастацтва за інклюзію людзей з інваліднасцю», «Навучанне мясцовага грамадства» (сумесна з нямецкай арганізацыяй «Lebenshilfe»), распаўсюджванне і прымяненне ідэй Канвенцыі аб правах інвалідаў, мясцовая ініцыятыва «Даступная прафесія для маладых людзей у сельскай мясцовасці» рэалізоўваліся на базе аддзялення пры падтрымцы партнёраў і дабрачынцаў, а фестываль «Асаблівы сусвет» стаў сапраўдным апафеозам сумеснай дзейнасці ў дадзеным кірунку.

Кожны з удзельнікаў падчас выступлення адзначыў важнасць праекта для службы ці ўстановы, якую ўзначальвае. Затым адбылося ўрачыстае падпісанне пагаднення. Божае благаславенне ўдзельнікі сустрэчы атрымалі ад святара.

Напярэдадні сустрэчы ў г. п. Івянец праведзены першыя мерапрыемствы ў рамках праекта. Трэнінгі асобаснага росту з навучэнцамі Дома-інтэрната і мясцовых выхаванцаў аддзялення дзённага наведвання для людзей з інваліднасцю ТЦСАН (выязная форма работы) прайшлі ва ўстанове адукацыі і на базе бібліятэкі. Падчас заняткаў удзельнікі вучыліся фармуляваць свае мары і ператвараць іх у мэты. Удзялялася ўвага матывацыі да паляпшэння жыцця.

Пятніца, 31 Студзень 2020 15:15

Падарункі для аматараў чытання

З акцыяй «Кнігі дабра» ў Івянецкі дом-інтэрнат для дзяцей з асаблівасцямі развіцця наведаліся госці з Мінска. Арганізавала і правяла мерапрыемства наша зямлячка Анастасія Косік (больш вядома пад псеўданімам Ася Грасбухава), якая прадстаўляе кніжны магазін-бібліятэку «Прастора даступных кніг».

Ініцыятыва нарадзілася дзякуючы знаёмству з выхаванкай дома-інтэрната Насцяй Радзюк у паліятыўным цэнтры ў Бараўлянах, дзе на той момант праходзіла мерапрыемства «Прасторы даступных кніг» з чытаннем аповеду папулярнай пісьменніцы Ганны Чыж-Літаш пад жывую музыку ў выкананні скрыпачкі Юліі Яцкевіч. Дзяўчынка падзялілася тады з выступоўцамі, што вельмі любіць чытаць, і ў тых з’явілася вялікае жаданне прывезці ёй у Івянец шмат цікавых выданняў.

Аб’яўленне ў сацсетках пра збор дзіцячых кніг для Насці Радзюк атрымала неверагодны водгук ад наведвальнікаў кніжнага магазіна-бібліятэкі і прыхільнікаў творчасці Ганны Чыж-Літаш.

Першая паездка ў Івянец адбылася ўжо ў верасні. Ініцыятыўная група адправілася да Насці Радзюк і пазнаёмілася з іншымі выхаванцамі дома-інтэрната. Тады хлопчыкам і дзяўчынкам быў перададзены цэлы велізарны чамадан кніг. Рабяты ўразілі дарослых недзіцячымі разважаннямі і неверагодным аптымізмам. Арганізатары акцыі паабяцалі абавязкова прыехаць да іх зноў.

У кастрычніку Анастасія Косік прапанавала сваім чытачам прыняць удзел у акцыі «Лісты дабра». Больш за 100 чалавек не толькі з Мінска, але і іншых гарадоў Беларусі, а таксама Расіі падтрымалі гэту ідэю. Яны напісалі і адправілі лісты ў канвертах у Івянецкі дом-інтэрнат. Кожны выхаванец атрымаў індывідуальнае шчырае пасланне. Некаторыя падрыхтавалі адказ на яго, і ў іх з’явіліся сапраўдныя сябры па перапісцы.

Падчас апошняй дабрачыннай акцыі, што адбылася нядаўна, Анастасія Косік, пісьменніца Ганна Чыж-Літаш і скрыпачка Юлія Яцкевіч прывезлі ўжо не толькі кнігі, але і цацкі, а таксама яны падрыхтавалі канцэртную праграму з чытаннямі і жывой музыкай.

У «Прастору даступных кніг» працягваюць амаль кожны дзень прыносіць зборнікі для дзяцей. Гэта дае падставу думаць, што госці са сталіцы яшчэ і яшчэ будуць наведвацца ў Івянец да сваіх сяброў з дома-інтэрната.

Каэфіцыенты да ставак падатку на нерухомасць і зямельнага падатку ў Мінскай вобласці з 1 студзеня гэтага года зніжаны з 2,5 да 2. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ў інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах па Мінскай вобласці.

Комплекс мерапрыемстваў па развіцці нацыянальнай інавацыйнай сістэмы на 2020 год зацверджаны пастановай Савета Міністраў ад 29 студзеня 2020 года нумар 53, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў прэс-службе ўрада.

Чацвер, 30 Студзень 2020 21:39

Асабісты прыём грамадзян

31 студзеня 2020 г. з 11-00 да 13-00 у каб. 101 Валожынскага райвыканкама праводзіць асабісты прыём грамадзян старшыня камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінскага аблвыканкама Красоўская Тамара Пятроўна.

Старонка 1137 з 1384

Задайте вопрос