222357, г. Валожын, пл. Свабоды, 2
Тэлефон прыёмнай: Рэжым работы:з 8.30 да 13.00 і з 14.00 да 17.30 па буднях
e-mail: Гэты адрас электроннай пошты абаронены ад спам-ботаў. У вас павінен быць уключаны JavaScript для прагляду.
гарачая лінія: +375 (1772) 5-55-72
ПАСТАЎКІ Ў КІТАЙ
На Валожынскім вытворчым участку ААТ “Маладзечанскі малочны камбінат” у гэтыя дні адбываецца адгрузка сухога абястлушчанага малака і сухой малочнай сыроваткі ў Кітай. За тыдзень прыкладна пастаўляецца каля 200 тон прадукцыі.
На прадпрыемстве паведамілі, што супрацоўніцтва з краінай працягваецца другі год. Выйсці на рынак Усходняй Азіі дапамаглі ўрадавыя дэлегацыі: у прыватнасці, кітайскія прадстаўнікі прыязджалі да нас на масласырзавод – знаёміліся з узорамі прадукцыі, вывучалі тэхналогію вытворчасці, дэгуставалі, наладжвалі дзелавыя кантакты ў рамках сумеснага праекта “Адзін пояс – адзін шлях”.
Спачатку “дабро” на закупку дала адна кампанія, на сённяшні дзень сумесная дзейнасць арганізавана ўжо з трыма. Пачыналі з сухой малочнай сыроваткі, якой летась паставілі каля трох тысяч тон. Сёлета далі згоду і на сухое абястлушчанае малако – заключылі кантракт на адну тысячу тон. Адгрузка за мяжу адбываецца праз марскія порты ў Клайпедзе, а таксама праз чыгунку.
Як бачна, валожынская прадукцыя станоўча зарэкамендавала сябе: як і на айчынным рынку, так і за акіянам яна выкарыстоўваецца ў харчовай прамысловасці – для выпуску малочнай прадукцыі, кандытарскіх і хлеба-булачных вырабаў.
Нягледзячы на складаную эканамічную сітуацыю ва ўсім свеце, масласырзавод працуе круглыя суткі: ёсць і сыравіна, і збыт. Акрамя сухіх малочных прадуктаў, тут па-ранейшаму вырабляюць цвёрдыя сыры і сметанковае масла. Асноўным прадуктам для вытворчасці з’яўляецца малако: за суткі яго пастаўляецца каля 350 тон, плюс 240 тон абястлушчанага малака і 140 тон сыроваткі. Акрамя нашага раёна, пастаўшчыкамі з’яўляюцца Маладзечанскі, Вілейскі, Мядзельскі, Смалявіцкі, Лагойскі, Мінскі і Смаргонскі.
Алена ЗАЛЕСКАЯ
НА ПОЎНУЮ МАГУТНАСЦЬ
Чацвёрты месяц ААТ “Валожынскі льнокамбінат” працуе на поўную магутнасць. Работы вядуцца ў тры змены, на вытворчасці штодзень заняты каля 50 чалавек.
Апошнія два гады льнаводы атрымліваюць добры ўраджай ільну. Каб перапрацаваць усю льнотрасту, на прадпрыемстве арганізавалі трэцюю змену. Спраўляцца сваімі сіламі стала складана, таму на дапамогу запрасілі рабочых са Століна. Чамусьці валожынцы не спяшаюцца ўладкоўвацца сюды на работу. Безумоўна, працаваць тут нялёгка, аднак, той хто сумленна адносіццаа да сваіх абавязкаў і стараецца, абавязкова ўбачыць плён.
Як расказаў дырэктар ільнокамбіната Аляксандр Мікалаевіч Барада, за студзень перапрацавалі 336 тон трасты і атрымалі 90 тон ільновалакна. Прадукцыя пастаўляецца на Аршанскі льнокамбінат і Гродзенскі завод “Гранітэкс”, які займаецца вырабам пражы, у тым ліку льнянога катанізаванага валакна.
У кругласутачным рэжыме працуе і цэх па вытворчасці льнянога алею. Асноўным заказчыкам гэтага карыснага прадукту з’яўляецца ТАА “Еўрагандль”. І трэба адзначыць, што пастаўкі не толькі не прыпыніліся, а, наадварот, павялічыліся на 35-40 працэнтаў. Адгрузка вядзецца па меры паступлення заявак.
У зімовы час хапае клопатаў і механізатарам. Па словах кіраўніка, ужо практычна адрамантавана ўся тэхніка для перадпасяўной апрацоўкі глебы. Зараз узяліся за наладжванне пасяўных агрэгаў: запаснымі часткамі, якія пастаўляюцца па лініі Мінаблаграсэрвісу з Міханавіч, забяспечаны ў поўным аб’ёме.
Алена ЗАЛЕСКАЯ
З 3 па 4 лютага ў г. Мінску праходзіла першынство Мінскай вобласці па лёгкай атлетыцы сярод юнакоў і дзяўчат 2006-2007 г. н. Спартсмены-навучэнцы ДУ «ДЮСШ Валожынскага раёна» годна прадставілі сваю школу.
Асноўнымі прычынамі ўзнікнення надзвычайных сітуацый у жылым сектары па-ранейшаму застаюцца неасцярожнае абыходжанне з агнём, парушэнне правілаў эксплуатацыі пячнога ацяплення і электраабсталявання. У большасці выпадкаў надзвычайныя сітуацыі - гэта вынік бестурботнасці і пагарды правіламі бяспекі. А людзі, якія злоўжываюць алкагольнымі напоямі, і зусім не думаюць аб сваёй бяспекцы і тым больш пра дабрабыт тых, хто жыве побач. Сваімі паводзінамі яны ствараюць велізарную пагрозу свайму жыццю і падвяргаюць небяспецы сваіх блізкіх.
Вывучэнне правілаў бяспекі – справа важная і патрэбная. І гэта павінен разумець кожны. Бо ад таго наколькі мы ведаем і выконваем правілы, залежыць наша ўласная бяспека.
Сегодня в Центре безопасности МЧС Минской области представители МООП Минщины приняли участие в областном мероприятии «МЧС. БРСМ. БЕЗОПАСНОСТЬ», посвященному Дню Молодежных отрядов охраны правопорядка. От Воложинского района был награждён благодарностью Игорь Шарко.
Праект “Мабільны паштальён”, які РУП “Белпошта” запусціла год таму, стаў даступны і жыхарам Валожыншчыны. Першыя крокі ў асваенні новаўвядзення на практыцы робіць паштальён мотадастаўкі Вольга Уладзіміраўна СЯТЧАЕВА: навінку апрабоўваюць у населеных пунктах Суднікаўскай зоны.
Сутнасць праекта ў тым, што гарадскія аддзяленні паштовай сувязі застаюцца ранейшымі, а ў сельскай мясцовасці – пераўтвараюцца. З улікам падзення аб’ёмаў аказваемых паслуг часы іх работы становяцца карацейшымі, таму прадастаўленне ўсяго, да чаго так прызвычаіліся людзі, кладзецца на плечы “мабільнага паштальёна”. Ён дазволіць максімальна прыблізіць паслугі да спажыўца, зрабіць іх больш даступнымі і зручнымі, павялічыць долю безнаяўных плацяжоў. Але самы істотны плюс для паштальёна – гэта аўтаматызацыя.
“Мабільны паштальён” уяўляе сабой апарат – сучасны смартфон, які з дапамогай дадатку ў анлайн-рэжыме ажыццяўляе прыём усіх плацяжоў і паслуг, што прапаноўваюць на стацыянарным аб’екце паштовай сувязі. Паштальёну неабходна зрабіць усяго некалькі клікаў, каб прынятыя ад чалавека грошы адразу ж паступілі на рахунак. Такая паслуга асабліва актуальная для абслугоўвання жыхароў малых і аддаленых населеных пунктаў, дзе няма паштовай сувязі. Яшчэ адна перавага – разлічыцца можна як наяўнымі грашамі, так і з дапамогай банкаўскіх плацежных картак.
Як расказала В. У. Сятчаева, апарат просты ў выкарыстанні: ён невялікага памеру і зручна кладзецца ў руку. Зараджаецца, як і мабільны тэлефон. Ёсць адтуліна для банкаўскіх картак, якія счытваюцца і праз магнітную паласу, і бескантактна. Унутры закладзена чэкавая стужка, а таксама ўстаноўлены счытчык штрых-кодаў. Пры дапамозе мабільнага ўстройства можна здзейсніць усе аперацыі, што і ў будынку пошты: аформіць выплату пенсіі; падпісаць кліента на любое перыядычнае выданне, прычым каталог запраграмаваны прама ў АПК; аплаціць камунальныя плацяжы, паслугі інтэрнэта і мабільнай сувязі шляхам сістэмы “Разлік” у адзінай разліковай інфармацыйнай прасторы (АРІП), атрымаць грошы за здадзенае малако, набыць і заплаціць за тавары, што прадаюцца ў паштовым аддзяленні.
– Асвойвалі мы новы апарат на гарадскім аддзяленні сувязі-1 па інструкцыі. А ў сярэдзіне студзеня пачалі аказваць паслугі на практыцы. На маршруце ў Суднікаўскай зоне 51 населены пункт – выязджаем штодня, акрамя нядзелі і панядзелка. Трэба адзначыць, што вёсачкі прыкметна “маладзеюць” – шмат мінчан перасяляюцца сюды жыць і досыць актыўна карыстаюцца паштовымі паслугамі. Абслугоўваць людзей з “Мабільным паштальёнам” вельмі зручна: напрыклад, бабуля ў вёсцы хоча разлічыцца за камунальныя паслугі і не памятае свае паказанні за электрычнасць. У базе АПК усё адлюстравана – калі і за што аплачана. Гэтак жа хутка можна аплачваць тую ж мабільную сувязь і рабіць паштовыя пераводы: вось табе адразу на месцы і квітанцыя аб аплаце, і грошы на рахунак. Ці прыйшла на пошту пасылка з накладной платай для адрасата. Раней як было: тэлефануеш яму, паведамляеш аб пасылцы, а ён кажа, што няма наяўных грошай. Просіш пайсці і зняць грошы з карткі. Цяпер няма такой патрэбы. Таксама няма неабходнасці афармляць папяровыя дакументы і нават шукаць здачу кліенту, калі ён разлічваецца наяўнымі грашамі.
Як паведамілі на Валожынскім участку паштовай сувязі, да канца першага паўгоддзя мабільны тэрмінал займеюць усе 36 паштальёнаў.
Алена ЗАЛЕСКАЯ
Сродкі індывідуальнай аховы, КІЗ (кабінет інфікцыйных захворванняў), самаізаляцыя, чырвоная зона, каранцін, кантактная група… Вось так абагаціла лексікон беларусаў пандэмія каранавіруса, “завітаўшы” ў наша жыццё напачатку мінулага года. У лютым 2020 г. многія грамадзяне літаральна гатовы былі траціць прытомнасць перад невядомай навалай, а сёння прызвычаіліся да абставін, пачалі насіць маскі, вытрымліваць дыстанцыю. Хварэеем, папраўляемся. На жаль, ёсць страты…
Панічны настрой паступова пакідае грамадства. Мы з надзеяй глядзім у будучыню, чакаем эфекту, што дасць вакцынацыя, а пры наяўнасці падазроных сімптомаў па-ранейшаму спадзяёмся на дапамогу людзей, пра якіх звычайна говораць – “у белых халатах”. Улічваючы ўмовы, больш трапна прагучыць: “падобных да касманаўтаў”. Так, сёння гутарка пойдзе пра кантактныя групы, што непасрэдна працуюць з пацыентамі з COVID-19.
Загадчык паліклінікі Аляксандр Аляксандравіч Бурак асабіста аказаў садзейнічанне ў арганізацыі маёй сустрэчы з тымі, хто стукаецца ў дзверы людзей на каранціне ў зоне абслугоўвання райпаліклінікі (Валожын і прылеглыя вёскі). Кіраўнік прызнаўся, што яшчэ месяц таму падобная гутарка была б немагчыма. Колькасць захварэўшых няўмольна расла, і часу на размовы ў медыкаў не было. Зараз, калі назіраецца тэндэнцыя да зніжэння лічбаў, зрабіць матэрыял стала рэальным. Таму нядаўна ў актавай зале райпаліклінікі ў канцы працоўнага дня на мае пытанні адказалі ўрач-афтальмолаг Віялета Валер’еўна Рачко, урач-анколаг Павел Аляксандравіч Каралькоў, загадчык педыятрычнага аддзялення Наталля Валер’еўна Ажарэльева, медыцынская сястра дзённага стацыянара Ірына Уладзіміраўна Трухоўская, старшая медыцынская сястра рэгістратуры Наталля Пятроўна Мілеўская, памочнік урача Наталля Уладзіміраўна Бараноўская, медыцынская сястра хірургічнага кабінета Вераніка Аляксандраўна Тарасевіч.
Канешне, як і чакала, у напалавіну закрытых маскамі тварах я ўбачыла стому. Аднак ні страху, ні разгубленасці не заўважыла. Было зразумела: перада мной людзі, што выконваюць свой абавязак і гавораць пра гэта без усякага пафасу.
Карэспандэнт: Паважаныя медыкі, па-першае, дазвольце мне асабіста ад сябе, сваіх родных, сяброў, калег выказаць вам падзяку за дапамогу – медыцынскую, псіхалагічную, чалавечую. Хварэла сама. Хварэлі муж і сын. Увесь перыяд, што каранавірус панаваў у нашай кватэры, штодня побач былі вы, спакойныя, сабраныя, уважлівыя. Скажыце, калі ласка, як менш чым за год вы змаглі так навучыцца працаваць у новых абставінах?
Павел Каралькоў: Адкажу досыць банальным, але выключна праўдзівым выразам – жыццё заставіла. Для медыцынскіх работнікаў гэта сітуацыя накшталт падводнай лодкі – выйсці, каб і хацеў, нельга. Да таго ж большасць з нас прафесію выбіралі свядома, таму лячылі, лечым і будзем лячыць людзей у любых умовах.
Віялета Рачко: Час, як вядома, не толькі лечыць, але і вучыць. За прайшоўшы перыяд медыцына зрабіла вялікі крок наперад у барацьбе з гэтым захворваннем. Так, непасрэдна ад каранавіруса лякарства пакуль няма, але, каб змагацца з сімптаматыкай, распрацаваны досыць эфектыўныя схемы. Безумоўна, існуе мноства не высветленых пытанняў, аднак вопыту ў прымяненні тых ці іншых сродкаў дастаткова для таго, каб даволі ўпэўнена ў адпаведных сітуацыях даваць адэкватныя рэкамендацыі.
Карэспандэнт: Калі даведаліся, што давядзецца працаваць у складзе кантактнай групы, адчулі хваляванне?
Наталля Бараноўская: Па праўдзе кажучы, страх адчувалі ўсе. Але ж у пэўнай ступені мы былі гатовыя. Кіраўніцтва бальніцы ладзіла вучобу, падчас якой многія моманты агаворваліся падрабязна. Вельмі складана было ўсвядоміць, што працаваць давядзецца ў касцюмах індывідуальнай аховы. Здавалася, немагчыма столькі часу пры любой тэмпературы паветра знаходзіцца ў ім. Але прывыклі…
Павел Каралькоў: Я ўпершыню выехаў 16 красавіка 2020 года. Што помню пра пачатак? Вельмі хваляваўся, каб не сутыкнуцца са складаным выпадкам ці істэрыкай.
Ірына Трухоўская: Звычайна хвалюемся ў дарозе, калі ж пераступаем парог кватэры ці дома, за якім чакаюць дапамогі, пра эмоцыі забываем.
Карэспандэнт: Скажыце, тых, хто ўваходзіць у склад групы, шмат?
Наталля Ажарэльева: Не вельмі. Усе, каго бачыце сёння, плюс раённы педыятр Ірына Аляксандраўна Юхноўская, урачы-гінеколагі Алена
Яўгеньеўна Шчуплова і Марыя Юр’еўна Афанасьева, урач-інтэрн Антон Уладзіміравіч Лушчыцкі. Вось і ўся група, з якой фарміруюцца некалькі брыгад. Большасць з нас, асабліва ўрачы, не вызвалены ад асноўнай дзейнасці. Гэта значыць, што па “гарачых адрасах” едзем ці да прыёму, ці пасля.
Павел Каралькоў: Як толькі пачалася пандэмія, мы працавалі адной групай, што было нязручным. Зараз наша работа больш эфектыўная. Дзяленне на брыгады дазваляе аператыўна адпрацоўваць значную колькасць адрасоў, удзяліць увагу кожнаму. Палепшылася і матэрыяльна-тэхнічная база.
Вераніка Тарасевіч: Патрэбна адзначыць і станоўчыя змены ў рабоце па афармленні дакументацыі. Калі раней даводзілася шмат пісаць ад рукі, то апошнім часам у нашым распараджэнні неабходныя бланкі, пратаколы.
Наталля Бараноўская: Да ведама: нават пасля таго, як брыгада аб’едзе ўсіх хворых, мы не разыходзімся. Дапамагаем афармляць дакументы тым, хто не паспявае.
Карэспандэнт: А колькі ж прыпынкаў за дзень робіць адна брыгада?
Віялета Рачко: Па-рознаму. Вось у студзені-лютым колькасць захварэўшых заўважна знізілася. У разгар (да Новага года) адпрацоўвалі па 250 адрасоў і больш. Гэта значыць, што адной брыгадзе даставалася і па 30 адрасоў.
Павел Каралькоў: Бывала і 36. Сёння ж мая брыгада адпрацавала 20 лістоў. Гэта ўжо прагрэс.
Карэспандэнт: Хачу задаць пытанне, якое цікавіць многіх. На колькі гадзін вы апранаеце ахоўны касцюм і як дамаўляецеся са сваім арганізмам, каб яму падчас работы нічога не хацелася?
Наталля Ажарэльева: Каб, напрыклад, папіць вады, неабходна з маршруту вярнуцца ў паліклінуку, зняць КІА, “размыцца”, затым апрануцца зноў. Безумоўна, так быць не можа. Таму настройваем сябе на цярпенне.
Вераніка Тарасевіч: Магчыма, гэта неверагодна, але, калі працуеш, нічога і не хочацца.
Карэспандэнт: Касцюмы вас добра абараняюць? Самі вы хварэлі?
Наталля Мілеўская: Хварэлі, але не ўсе. Камбінезоны ж мы носім на рабоце, а пасля яе ідзём дадому, наведваем магазіны. Не думаю, што захварэўшыя “падчапілі” каранавірус непасрэдна пры наведванні хворых. Многім яго прынеслі родныя.
Карэспандэнт: З якімі складанасцямі сутыкаецеся, аб’язджаючы захварэўшых?
Ірына Трухоўская: У першую чаргу – адсутнасць нумароў на дамах і кватэрах. Таму да раённай газеты просьба. Нагадайце грамадзянам, каб абавязкова пранумаравалі сваё жыллё. Тыя, хто абыякава ставіцца да гэтага пытання, крадзе час у нас, а ў людзей і ў сябе – здароўе.
Карэспандэнт: У вас ёсць выхадныя?
Наталля Ажарэльева: Да снежня не было. Зараз у нядзелю адпачываем.
Карэспандэнт: Што дапамагае вам годна трымацца і працаваць у даволі складаных умовах?
Наталля Мілеўская: Родныя падтрымліваюць, адміністрацыя не пакідае сам-насам з праблемамі. Ды і пацыенты ў асноўнай масе добразычлівыя. Самі хварэюць, а нас шкадуюць. Удзячнасць выказваюць і берагчы сябе заклікаюць.
Карэспандэнт: Відавочна, у вас ёсць пэўныя парады валожынцам.
Наталля Ажарэльева: Галоўнае – не расслабляцца. Тое, што сёння колькасць захварэўшых зменшылася, ніколькі не нівеліруе небяспеку заразіцца і захварэць. У нас ёсць выпадкі паўторных заражэнняў. Таму маскі не здымаем, рукі апрацоўваем, кантакты не павялічваем, дыстанцыю вытрымліваем.
Павел Каралькоў: Я б хацеў прызваць людзей з-за каранавіруса не запускаць хранічныя захворванні і ўвогуле берагчы сябе, асабліва ад дэпрэсіўнага настрою, ён – вораг выздараўлення.
Карэспандэнт: Напрыканцы нашай гутаркі яшчэ адно пытанне. Вы настолькі прывыклі да жыцця ў экстрэмальных умовах. Не дапускаеце думкі, што ў вас ці вашых калег могуць быць праблемы псіхалагічнага кшталту, калі ўсё скончыцца?
Віялета Рачко: Не выключаю такой магчымасці. Але, спадзяюся, справімся. Тым больш, што ў медыкаў і без каранавіруса нагрузкі хапае.
Павел Каралькоў: Вы не думайце, быццам мы нейкія героі з перадавой. Проста робім сваю работу.
Наталля Мілеўская: Магчыма гэта здзівіць кагосьці, але ў нашай сённяшняй дзейнасці, акрамя таго, што дапамагаем людзям, ёсць яшчэ адзін выключна станоўчы момант – мы, члены групы, сталі адзін для аднаго вельмі блізкімі, амаль роднымі.
Ірына Трухоўская: Ды і навучыліся многаму. Пандэмія – шыкоўны педагог па псіхалогіі! Толькі пераступім парог, адразу бачым па настроі пацыента, якімі тэмпамі будзе ісці выздараўленне.
Наталля Бараноўская: Хто трымае сябе ў руках, выконвае ўсе нашы парады, своечасова звяртае ўвагу на пагаршэнне стану і не ўтойвае гэтага, мае больш шанцаў на хуткае развітанне з вірусам.
Наталля Ажарэльева: Раённай прэсе, дарэчы, за ўвагу дзякуй. Вашы публікацыі – сапраўдная падтрымка для нас.
Вераніка Тарасевіч: Цяжкавата б жылося медыкам і без дапамогі валанцёраў. Паверце, мы цэнім вашы намаганні.
Карэспандэнт: Поспеху і ўдачы вам, дарагія ўрачы і медыцынскія сёстры. Вы таксама беражыце сябе, на вас усе спадзяванні валожынцаў у вайне, якую нам абвясціў COVID-19.
Гутарыла Валянціна КРАЎНЕВІЧ,
фота аўтара
2 февраля 2021 года выставку глиняных изделий прошлого столетия «Дзівосы ганчарнага круга», расположенную в выставочном зале «Родам з СССР», (г.Воложин, ул.Партизанская, 26) навестил телеканал СТВ.
Экскурсию провела Татьяна Валентиновна Ланько, руководитель выставочного зала.