222357, г. Валожын, пл. Свабоды, 2
Тэлефон прыёмнай: Рэжым работы:з 8.30 да 13.00 і з 14.00 да 17.30 па буднях
e-mail: Гэты адрас электроннай пошты абаронены ад спам-ботаў. У вас павінен быць уключаны JavaScript для прагляду.
гарачая лінія: +375 (1772) 5-55-72
Старшыня Беларускай федэрацыі лёгкай атлетыкі Вадзім Дзевятоўскі наведаўся ў Івянецкую сярэднюю школу. Разам з ім прыбыла здымачная група 5 нацыянальнага канала.
Справа ў тым, што да 15-годдзя прэзідэнцкага спартыўнага клуба рыхтуецца дакументальны фільм. Для аднаго з яго фрагментаў Вадзім Анатольевіч папрасіў прааналізаваць вынікі рэспубліканскіх дзіцячых спаборніцтваў “300 талентаў для каралевы”, ініцыятарам якога ён стаў у свой час, і вызначыць дзіця, школу, якія паказалі найлепшыя вынікі ў мінулым годзе.
Нагадаю, што летась з чатырох кубкаў, што заваявала Мінская вобласць, тры прыехалі ў Івянец. Гэта выдатны паказчык. Другакласнік Святаслаў Яськоў сярод хлопчыкаў свайго ўзросту заняў 2-е месца ў кіданні мяча і 3-е месца ў спрынт-бар’ерах. Аэліта Жалток стала трэцяй сярод чацвёртакласніц па суме балаў у шматбор’і. Дзяўчынка не першы раз удзельнічала ў гэтым мерапрыемстве. У сваім зорным 2017 годзе яна была ўзнагароджана адразу двума кубкамі за 1-е месца ў скачках на скакалцы і за 2-е месца ў шматбор’і. Добрыя вынікі Аэліта паказала і ў 2018 годзе. Яе, Святаслава, а таксама Нікадзіма Жалтка, які адзін прадстаўляў наш раён на першых спаборніцтвах у 2015 годзе і паказаў добрыя вынікі, а цяпер уваходзіць у склад зборнай Мінскай вобласці, прынялі ўдзел у паказальнай трэніроўцы “Так рыхтуюць чэмпіёнаў”, што прайшла ў спартыўнай зале школы. Правялі яе настаўнікі фізічнай культуры Генадзій і Назар Жалткі.
Размова ўжо ішла пра цэлую сямейную дынастыю людзей, адданых спорту. Назар – малады спецыяліст, сёлета першы год працуе ў школе. Бацька, Генадзій Альфонсавіч, перадае сыну свой багаты вопыт. Вынікі відавочныя: вучань маладога чалавека Святаслаў Яськоў, здолеў дасягнуць такіх высокіх вынікаў на сваіх першых рэспубліканскіх спаборніцтвах. Затым была сустрэча з бацькамі юных спартсменаў. Вадзім Дзевятоўскі нагадаў, што Беларуская федэрацыя лёгкай атлетыкі вялікую ўвагу надае таленавітым хлопчыкам і дзяўчынкам, іх развіццю, спадзяецца, што яны застануцца ў гэтым відзе спорту і ў далейшым змогуць праславіць нашу краіну. Падчас гутаркі з дзецьмі высокаму госцю асабліва да душы прыйшоўся адказ Аэліты Жалток на пытанне пра яе мару. Дзяўчынка не задумваючыся сказала, што хоча ў будучым выступіць на Алімпіядзе. Вадзім Анатольевіч запэўніў: з такімі педагогамі і бацькамі ў яе ўсё абавязкова атрымаецца.

Адбылося і індывідуальнае інтэрв’ю з педагогамі. Генадзій Альфонсавіч выказаў свае меркаванні пра спаборніцтвы “300 талентаў для каралевы”. Гэты праект вельмі важны, бо накіраваны на тое, каб дапамагчы ў адборы найбольш перспектыўных дзяцей для заняткаў лёгкай атлетыкай, якая карыстаецца вялікай увагай балельшчыкаў і з’яўляецца асновай для ўсіх відаў спорту. Таму мерапрыемства павінна развівацца і станавіцца больш прыгожым і відовішчным. Сам настаўнік пастаянна вядзе статыстыку. Як для трэнера для яго гэта вельмі важна. Ён выбірае першую дзясятку сярод хлопчыкаў і дзяўчынак – удзельнікаў маштабнага спартыўнага свята з мэтай дазнацца, як растуць вынікі, і зрабіць выснову, да чаго імкнуцца, каб добра падрыхтавацца і дастойна выступіць.
Вадзім ДЗЕВЯТОЎСКІ з Назарам Генадзьевічам, Аэлітай,
Нікадзімам і Генадзіем Альфонсавічам ЖАЛТКАМІ ў спартыўнай зале Івянецкай сярэдняй школы.
Не так даўно лесапаляўнічая гаспадарка ДЛГУ “Валожынскі лясгас” набыла ў фазанарыі Капыльскага раёна 30 штук фазанаў. Рэдкую птушку там гадуюць у спецыяльных вальерах дзеля камерцыйнай выгады. Асноўныя пакупнікі – культавыя рэстараны. Таксама хапае жадаючых паўдзельнічаць у досыць экзатычнай забаве – паляванні на фазана.
Фазана называюць каралеўскай птушкай. Яго мяса цэніцца за вытанчаны смак, а паляванне сярод знатакоў лічыцца вельмі захапляльным і цікавым.
Менавіта для палявання і былі прывезены каштоўныя птушкі на Валожыншчыну. Прыняць удзел у экзатычнай забаве выказалі жаданне 15 аматараў санкцыянаванай стральбы, усе – нашы мясцовыя мужчыны. Культурны адпачынак каштаваў ім не танна: аплата за пуцёўку, абед на прыродзе і тарыф за кожны трафей. Дарэчы, пасля мерапрыемства паляўнічая гаспадарка засталася з прыбыткам у сумы 400 рублёў. Грошы, магчыма, не такія ўжо і значныя, аднак і трапных стрэлаў аказалася няшмат. Што, безумоўна, толькі можа парадаваць абаронцаў жывёльнага свету.
Як жа так атрымалася, што выгадаваная ў няволі птушка змагла перахітрыць чалавека са стрэльбай і выжыць? Фазаны на здзіўленне аказаліся хуткімі і спрытнымі бегунамі па зямлі. Яны знікалі ў кустах і зарасніках. У сваёй яркай, залаціста-зялёнай афарбоўцы яны напаміналі стралу: шыя і галава выцягваецца паралельна зямлі, а доўгі хвост прыпаднімаецца. І нясецца такі прыгажун, бы вецер! А калі ўжо зусім чуе небяспеку – уздымаецца ўгору. Робіць гэта амаль вертыкальна, а крылы ствараюць гук працуючага прапелера: “Фрр-р…”.
У фазана цудоўная рэакцыя. Нават у няволі ён застаецца спрытным і шпаркім, бы маланка. Для палявання на ўнікальную птушку трэба яшчэ як прылаўчыцца…
Піянерскія дружыны раёна прынялі ўдзел у акцыі “Эстафета дабра” па аказанні добраахвотнай і бескарыслівай дапамогі жывёлам. Яна з’яўляецца сумесным мерапрыемствам Мінскага абласнога савета ГА “БРПА” і міжнароднага грамадскага аб’яднання дапамогі жывёлам “Заашанц”.
Акцыя ажыццяўляецца праз сацыяльна значную дзейнасць і садзейнічае развіццю ў падрастаючага пакалення пачуцця міласэрнасці, дабрыні, спагады, узаемадапамогі, агульначалавечых каштоўнасцей. У яе рамках былі праведзены інфармацыйныя хвілінкі, піянерскія дайджасты, рr-гадзіны, арганізавана раздача лістовак. Галоўная мэта мерапрыемства – прыцягнуць увагу грамадскасці да праблем бяздомных жывёл.
Рабяты амаль з усіх устаноў адукацыі раёна сумесна набылі 80,5 кг корму на агульную суму больш за 780 рублёў. Асартымент сабранага прадстаўлены ўпакоўкамі “Kitekat”, “Chappi” і інш., разважным кормам.
Найбольшую лепту ўнеслі і па выніках правядзення акцыі занялі 1-е месца дружыны Івянецкай сярэдняй школы і гімназіі № 1 г. Валожына. Яны перадалі 26 кг корму на суму 290 рублёў і 18 кг на суму 240 рублёў адпаведна. 6 кг корму на суму 60 рублёў набыла дружына сярэдняй школы № 2 г. Валожына, 5 кг корму на суму 30 рублёў – дружына Сакаўшчынскага НПК. Яны занялі 2-е месца ў раёне. 3-е месца ў рабят з Гародзькаўскага НПК. Хлопчыкі і дзяўчынкі з гэтай установы адукацыі сабралі 4 кг корму на суму 23,8 рубля. Вышэйназваныя дружыны адзначаны дыпломамі раённага савета ГА “БРПА”.
Увесь сабраны раённай арганізацыяй ГА “БРПА” корм перададзены ў прытулак для жывёл.
Адам Вікенцьевіч АЗАРЭВІЧ нарадзіўся 27 сакавіка 1950 года ў вёсцы Камароўка Валожынскага раёна. Пасля Навапольскага тэхнікума працаваў бухгалтарам Смалявіцкага саўгаса “Пятровічы”, служыў у Аршанскім палку супрацьпаветранай абароны. У чэрвені 1972 года прыйшоў у міліцыю. Паспяхова тут склаўся яго шлях ад старшага бухгалтара-рэвізора да начальніка аб’яднання “Ахова”. Ён удзельнічаў у ліквідацыі наступстваў аварыі на ЧАЭС. Закончыў Мінскую вышэйшую школу МУС СССР. Узнагароджаны Ганаровай граматай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь, медалямі “За бездакорную службу” трох ступеняў і іншымі знакамі адрознення. Цяпер Адам Вікенцьевіч – палкоўнік міліцыі ў адстаўцы.
29 красавіка 1986 года старшы інспектар аддзела ваенізаванай і вартавой аховы Адам Азарэвіч закончыў службовыя справы ў Стоўбцах і вяртаўся ў Мінск. У вагоне людзі ўстрывожана гаварылі пра нейкі выбух у Чарнобылі. Ужо ва ўпраўленні пазаведамаснай аховы пры МУС ён даведаўся, што на атамнай станцыі ва ўкраінскім Чарнобылі выбухнуў чацвёрты энергаблок.
Намеснік начальніка ўпраўлення палкоўнік Міхаіл Жывалкоўскі сабраў асабісты састаў, спытаў, хто мае жаданне паехаць у зону паражэння, і абвёў поглядам актавую залу, дзе было каля пяцідзесяці чалавек. Мёртвая цішыня доўжылася даволі доўга. Першым падняўся Адам Вікенцьевіч, другім – лейтэнант Алег Бордак. Астатнія засталіся сядзець.
Адам Азарэвіч расказвае, як начальнік упраўлення палкоўнік Анатоль Шэрмалотаў адпраўляў іх у дарогу: падзякаваў за рашэнне і пажадаў удалай камандзіроўкі. 15 чэрвеня добраахвотнікам прадставілі камандзіра атрада маёра (будучага генерал-маёра) міліцыі Валерыя Казлова. Сярод прысутных было шмат знаёмых.
Праз чатыры гадзіны прыбылі ў Гомель. На складзе гаспадарчага аддзела УУС атрымалі курткі, штаны, боты і пілоткі. Прышылі адпаведныя пагоны і адправіліся ў Нароўлю. Ля будынка мясцовага РАУС погляд Адама Азарэвіча ўпаў на абкладзенае каменьчыкамі месца для стаянкі КамАЗа. Сказалі, што тут самая высокая радыяцыя – машына перавозіла сакрэтны груз з Чарнобыля ў Смаленск. Так адбылося першае знаёмства будучага начальніка аб’яднання “Ахова” з нябачным ворагам.
Праз некалькі дзён мужчыну адкамандзіравалі ў Хойнікі ў распараджэнне штаба пад кіраўніцтвам намесніка міністра ўнутраных спраў палкоўніка Канстанціна Платонава. Яго сустрэлі калегі-міліцыянеры палкоўнік Міхаіл Жывалкоўскі, падпалкоўнікі Браніслаў Мітраховіч і Фёдар Навакоўскі, начальнік канцылярыі Галіна Мароз. Яны адказвалі за арганізацыю аховы аб’ектаў па дагаворах у Хойніцкім, Нараўлянскім і Брагінскім раёнах. Адам Вікенцьевіч і капітан міліцыі з Гомельскага УУС Аляксандр Дзянісаўскі сачылі за забеспячэннем ліквідатараў матэрыяльна-тэхнічнымі рэсурсамі, бытавымі ўмовамі, рыхтавалі данясенні ў аператыўна-дзяжурную службу МУС.
Затым была праца ў Мінску ў ваенізаванай і вартавой ахове, якой аддаў 13 гадоў жыцця. Даволі хутка тут ён стаў старшым інспектарам, намеснікам, а потым і начальнікам аддзела.
Адам Азарэвіч заўсёды стараўся аператыўна рэагаваць на сітуацыю і своечасова ўносіць у яе адпаведныя карэктывы, распрацоўваў стратэгію на перспектыву, комплексна аналізаваў дзеянні падраздзяленняў па ўсіх кірунках.
У ліпені 1993 года, калі ён толькі ўзначаліў дагаворна-прававы аддзел, прыняў сваіх першых слухачоў-кінолагаў уласны храм навукі – Навучальны цэнтр аб’яднання “Ахова”. Да яго стварэння і развіцця Адам Вікенцьевіч меў самае непасрэднае дачыненне. Разам з Юрыем Тарабрыным і першым кіраўніком новага падраздзялення падпалкоўнікам міліцыі Генадзем Казловым ён спачатку падбіраў, а потым заваёўваў месца дыслакацыі. Пасля шэрагу варыянтаў спыніліся на пасёлку Гарані, дзе раней знаходзіўся ваенны гарадок. Колькі дыпламатыі, цярпення і нерваў спатрэбілася пры высвятленні адносін з сем’ямі вайскоўцаў. Супрацьстаянне доўжылася амаль тры гады. Калі ўсё атрымалася, Азарэвіч актыўна пачаў распрацоўваць і фарміраваць першыя навучальныя праграмы. З дапамогай інстытута народнай гаспадаркі ён наладзіў вучобу ў першую чаргу кіраўнікоў ніжэйшага, а потым і вышэйшага звёнаў, а таксама бухгалтараў і эканамістаў. Створаныя начальнікам аргаддзела і яго памочнікамі праграмы былі разлічаны на тры месяцы інтэнсіўнага навучання з адрывам ад службы.
У 1996 годзе разумны, граматны, талковы спецыяліст стаў на чале штаба аб’яднання, стварыў свой юрыдычны калектыў, які перагледзеў усю нарматыўную прававую базу. Асаблівую ўвагу надалі ўдасканаленню аналітычнай працы.
З’явіліся назапашвальныя табліцы. Яны характарызавалі становішча спраў на месцах, што дазволіла хутчэй аздараўляць там абстаноўку. У практыку трывала ўвайшло комплекснае вывучэнне праблем у рэгіёнах. Вынікі праверак сталі ўлічвацца пры планаванні асноўных мерапрыемстваў на наступны перыяд. Выпрацавалі і новыя падыходы да ацэнкі дзейнасці сталічнага і абласных упраўленняў.
Адам Азарэвіч паставіў перад кіраўнікамі ўсіх узроўняў задачу: пры планаванні будучых дзеянняў абавязкова ўлічваць вынікі папярэдняга перыяду, максімальна прагназаваць магчымыя змены аператыўнай абстаноўкі. Назапашаны ўласны вопыт дапамог падрыхтаваць метадычкі для ўсіх штабных падраздзяленняў, а таксама ўпэўнена і якасна кіраваць працэсамі ў перспектыве.
Калі ў чэрвені 2001 года ўзначаліў аб’яднанне, Адам Вікенцьевіч выдатна разумеў, што, незалежна ад складанасці становішча, ён не меў ніякага права спыніцца ў развіцці, адстаць ад часу, інакш страціў бы і нажытае, і давер людзей. У пачатку двухтысячных раскрывалі амаль кожнае дзясятае злачынства па лініі крымінальнага вышуку і кожнае пятае – эканамічнае. Неяк ён прывёў мне са свайго архіва і некаторыя іншыя паказчыкі таго часу: у сталіцы і Мінскім раёне, абласных цэнтрах, Баранавічах, Пінску, Жабінцы, Наваполацку, Жлобіне, Рэчыцы, Лідзе, Воранаве, Шчучыне, Ваўкавыску, Бабруйску і многіх іншых месцах устанавілі радыёсістэмы перадачы паведамленняў вялікага радыуса дзеяння і ёмістасці, прапрацоўвалі выкарыстанне радыёнавігацыі.
Кіраўнік увесь час трымаў у галаве і тое, што для паспяховага выканання пастаўленых задач патрэбны нармальныя бытавыя ўмовы. Пры ім узвялі і капітальна адрамантавалі 55 адміністрацыйных будынкаў. За кошт аб’яднання набылі і пабудавалі 37 кватэр.
Нягледзячы на вялікую дэбіторскую запазычанасць гаспадарнікаў, прыступілі да будаўніцтва новага жылога дома для супрацоўнікаў. У яго падмурак Адам Вікенцьевіч паклаў на шчасце дзедаўскую залатую манету. Здавалася жыллё ўжо пасля таго, як ён пайшоў на пенсію...
На нядаўнюю нашу сустрэчу, што адбылася напярэдадні сямідзесяцігоддзя Адама Вікенцьевіча, ён прынёс буклет, прысвечаны створанаму ім Музею гісторыі аховы. Адзін з раздзелаў, які пастаянна папаўняецца і абнаўляецца, прысвечаны супрацоўнікам, што загінулі пры выкананні службовага абавязку. Вялікая заслуга майго старога сябра і ў тым, што са снежня 2002 года пачалі служыць пад сваім геральдычным сімвалам – залацістай савой на шчыце з ключом у дзюбе. Ён “уманціраваны” і ў цэнтр нагруднага знака “За адзнаку”, які таксама ўбачыў свет пры Адаму Азарэвічу.
У Дзяржынску адбылося падвядзенне вынікаў работы за мінулы год упраўленняў па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкамаў і ўстаноў сацыяльнага кірунку.
У мерапрыемстве прынялі ўдзел намеснік старшыні райвыканкама Ігар Шакун, начальнік упраўлення Святлана Ракавец, дырэктары тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва – Галіна Рай, Івянецкага дома-інтэрната для дзяцей з асаблівасцямі фізічнага развіцця – Алена Петрашкевіч і Ракаўскага псіханеўралагічнага інтэрната – Віталій Прыёмка.
Галіна Фадзееўна выступіла з дакладам па тэме “Комплексная работа па сацыяльнай адаптацыі людзей з інваліднасцю ў Валожынскім раёне”. У цэлым дадзеная дзейнасць высока ацэнена на ўзроўні вобласці. Калектыў ТЦСАН адзначаны дыпломам у намінацыі “Ад ідэі – да праекта” за высокую актыўнасць у рэалізацыі сацыяльна значных праектаў.

26 сакавіка 60-гадовы юбілей адзначыў наш славуты зямляк: перакладчык, пісьменнік, паэт, выдатнік друку Рэспублікі Беларусь, лаўрэат прэміі імя Уладзіміра Маякоўскага Савета Міністраў Грузінскай ССР, Літаратурнай прэміі “Залаты Купідон”, спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у намінацыі “Мастацкая літаратура”, галоўны рэдактар выдавецтва “Мастацкая літаратура” Віктар ШНІП.
…Ну а паэт слугой не можа быць,
Ён можа толькі, як паэт, служыць
Адной, нібы адно жыццё, Айчыне,
Адной, нібыта Храм адзін, жанчыне,
Служыць, нібы ў каўчэзе Ноя быць
Цвіком, які спатрэбіцца пасля,
Калі ўжо будзе знойдзена зямля,
Дзе можна будзе цвік загнаць у крыж…
Чакаюць слоў тваіх, а ты маўчыш,
Бо ты слугой не маеш права быць,
Бо ты задуманы, як цвік, служыць
Адной, нібы адно жыццё, Айчыне,
Адной, нібыта Храм адзін, жанчыне…
Віктар Шніп
(З кнігі “Страла кахання, любові крыж”)

Віктар Анатольевіч Шніп нарадзіўся ў вёсцы Пугачы ў простай сялянскай сям’і. Вось як піша пра сябе будучы паэт у аўтабіяграфічных нататках: “Маці – Ніна Міхайлаўна – усё жыццё адпрацавала на кароўніку даяркай, хоць у свой час закончыла сем класаў. І нават калі я хадзіў у школу, дапамагала мне вучыць нямецкую мову. Бацька – Анатоль Іосіфавіч – працаваў у калгасе пастухом. У сваіх бацькоў ён быў самым старэйшым, і таму з-за працы і вайны скончыў усяго толькі адзін клас. Нягледзячы на гэта, часта вечарамі нам, сваім дзецям, па некалькі гадзін запар расказваў вершы і казкі. І даводзілася чуць ад мамы: “Перастань там сачыняць…” Магчыма, бацька і сапраўды многае выдумляў, бо чытаць жа амаль не ўмеў.
Сваёй хаты напачатку мы не мелі і жылі на хутары ў бацькавых бацькоў – маіх дзеда Юзі і бабулі Параскі. Калі мне споўнілася восем месяцаў, гадаваць мяне забрала бабуля Ганна, маміна мама, у невялічкую, усяго 10 хат, вёсачку Лягезы, ля якой працякае рачулка Яршоўка. У Лягезах, што ў пяці кіламетрах ад Пугачоў, я і рос да сямі гадоў. Быў хлапчуком цікаўным і непаслухмяным.
У Лягезах дзяцей блізкага мне ўзросту было ўсяго толькі двое, таму часцей за ўсё даводзілася гуляць аднаму. Я хадзіў па лясах, палях, лугах, слухаў птушак і размаўляў з імі. Здавалася, што яны разумеюць мяне, і я разумею іх. А найбольш я любіў быць адзін, сядзець на беразе Яршоўкі і глядзець на рачную плынь. Мяне любілі. І да канца сваіх дзён удзячны Лягезам і людзям, якія там жылі і жывуць. І цяпер, калі еду з Мінска ў Пугачы каля Лягез, у мяне ад успамінаў на вачах слёзы, бо тут прайшлі мае адны з самых светлых, самых добрых гадоў жыцця.

Летам 1967 года вярнуўся да бацькоў – у нас ужо была свая хата. Тады ўпершыню і пазнаёміўся бліжэй з роднай сястрой Валяй, якая на год маладзейшая за мяне. Мы з ёй адразу пасябравалі, і нібыта не было тых гадоў, калі былі не разам. Восенню пайшоў у першы клас Пугачоўскай васьмігодкі. Вучыўся добра – не быў круглым выдатнікам, але і троек за чвэрці не было. У школе была мода мець сшытак, у які запісваліся любімыя песні. І неяк летам, калі мне было дзевяць гадоў, я прыстаў да мамы, каб яна прадыктавала песню, якую часта пад добры настрой напявала. Маме не было часу сядзець са мной, і яна сказала, каб сам успомніў і запісаў. Давялося сядзець і ўспамінаць. Што ўспомніў, што сам прыдумаў, але праз нейкі час на паперы з’явіліся паэтычныя радкі. Я іх зачытаў маме. Яна выслухала і сказала, што гэта не яе песня, а мая, мной складзеная. Я ўзрадаваўся, выбег на вуліцу да сябрукоў і пачытаў ім сваю песню. Адны спакойна выслухалі мяне, іншыя пасмяяліся: “Віця паэтам зрабіўся!” Пасля мамінай песні, не ведаю, як гэта атрымалася, стаў напачатку недзе раз у месяц, а пасля часцей, рыфмаваць. І ўжо праз нейкі год, наслухаўшыся па радыё пра пяцігодкі і пра выкананне планаў, стаў сабе выдумляць планы па напісанні вершаў. Зразумела, як і ў самой краіне, так і ў мяне планы выконваліся датэрмінова. Праўда, пра мае паэтычныя справы доўгі час мала хто ведаў. І недзе ў пятым класе аднаму з сяброў прызнаўся, што пішу вершы. Паказаў яму, і праз пару дзён амаль усе ў школе ведалі, што Віця Шніп нешта сачыняе.
Бацькі выпісвалі газету “Звязда”. У ёй хоць зрэдку, але друкаваліся вершы. І мне таксама захацелася быць надрукаваным. Перапісаў некалькі вершаў, паклаў у канверт, напісаў адрас рэдакцыі, а свой адрас пабаяўся даваць. Вечарам, калі сцямнела, хаваючыся, занёс пісьмо ў паштовую скрынку. Назаўтра раніцай чую, мама на кухні расказвае бацьку: “Сустрэла паштарку. І яна мне кажа: “Ніна, ты глядзі за сваім хлапцом. Ён у цябе ўжо нейкія пісьмы піша ў газеты. Скажы яму, каб болей не пісаў, а то прыедзе міліцыя і забярэ…” Пачуўшы гэта, два гады не пасылаў свае вершы ў газеты.
Першы сур’ёзны водгук на свае вершы атрымаў са “Звязды” ў 1975 годзе. Ён быў падпісаны Міколам Гамолкам і Алесем Траяноўскім. Ліст быў абнадзейваючым, таму ў хуткім часе творы паслаў ужо і ў “Чырвоную змену”: аднесліся памяркоўна, але нічога не надрукавалі. І толькі 17 жніўня 1977 года ў “Чырвонай змене” з’явіўся мой першы верш “Сямнаццаць мне…”. Я быў на сёмым небе ад шчасця! Затым надрукаваўся ў “Настаўніцкай газеце”, “Вячэрнім Мінску” і ў “Мінскай праўдзе”.
На пачатку 1980-х знаёмыя хлопцы-паэты параілі мне паказаць свае вершы Рыгору Барадуліну ў выдавецтва “Літаратура і мастацтва”. Ён вельмі добра сустрэў мяне і прапанаваў выдацца асобна, бо калектыўны зборнік “Сцяжыны” ўжо быў падрыхтаваны да друку. Вось такім чынам напрыканцы 1983 года ў “Мастацкай літаратуры” выйшла ў свет мая “Гронка святла”. У 1984 годзе мяне прынялі ў Саюз пісьменнікаў Беларусі. І адразу ж жыццё змянілася, бо я мог жыць так, як хочацца: зарабляць грошы сваёй творчасцю”.
У 1980 годзе Віктар Шніп стварыў у “Працоўнай славе” літаб’яднанне “Рунь” і раз у месяц прыязджаў са сталіцы на чарговае пасяджэнне. Яго ўдзельнікамі сталі перакладчык Пятро Бітэль, дырэктар Шыкуцёўскай школы, нястомны краязнаўца Генадзь Равінскі. Шмат было моладзі: адказны сакратар раёнкі Ганна Арцюкевіч, Марына Карыцкая, Алена Скадорва, Любоў Скотнікава, Уладзімір Малашэнкаў, Галіна Дзянісік і інш. З тых “рунеўцаў” і яго сённяшні кіраўнік – Валянціна Гіруць-Русакевіч, Пятро Бітэль: ім Віктар Анатольевіч пісаў рэкамендацыі на прыняцце ў Саюз пісьменнікаў.
Гартаючы падшыўкі “Працоўнай славы” за чэрвень 1984 года, у чарговым выпуску “Літаратурнай старонкі”, якая тады друкавалася адзін раз у квартал, знайшла матэрыял па аглядзе вершаў маладых літаратараў Валожыншчыны над назвай “Калі вы талент, дакажыце” за подпісам майстра пяра. Вось што піша кіраўнік “Руні”: “Паэзія прыходзіць да чалавека сама, як дзень, як вясна. Можна ўсё жыццё пісаць вершы і ніколі не быць паэтам. Паэт заўсёды адкрывальнік, а калі ён паўтарае даўно ўжо сказанае іншымі, то ён проста графаман. “А як жа стаць паэтам?” Паэтам трэба нарадзіцца. Вось у школе ўсіх дзяцей вучаць маляваць, спяваць, але рэдка хто з іх становіцца мастаком, спеваком. Няма таленту і яго не пасееш у душы чалавека. Напісаўшы верш і нават яго надрукаваўшы, нельга яшчэ лічыць сябе таленавітым. З кожным вершам паэт нараджаецца занава! Колькі вершаў – столькі і нараджэнняў! Літаратар павінен заўсёды мець мэту – вяршыню, да якой усё жыццё імкнецца”.
На сённяшні дзень у Віктара Шніпа каля 20 кніжак вершаў. Некалькі дзясяткаў песень, сярод іх і “Усе мы родам з дзяцінства”, якая дала назву рэспубліканскаму конкурсу маладых талентаў. Мы шчыра віншуем нашага знакамітага земляка з юбілеем і жадаем дужых творчых крылаў, звонкага і вострага пяра, звычайнага чалавечага шчасця. У адным з інтэрв’ю ў Віктара Анатольевіча запыталіся, якую кнігу яму яшчэ хочацца напісаць, на што адказаў: “Такую, каб усе, хто яе будзе чытаць, казалі: “АБАЛДЗЕЦЬ!” Думаю, што пад усёй творчасцю аўтара-юбіляра можна з упэўненасцю зрабіць такі подпіс.
Старт пасяўной кампаніі-2020 у раёне сёлета дадзены на тры тыдні раней, чым звычайна: усе гаспадаркі раёна прыступілі да сяўбы ранніх зерневых і зернебабовых культур. У большасці сеюць яравы авёс. Па даных дыспетчарскай службы ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама, па стане на 26 сакавіка засеяны 683 гектары, што складае 7,7 працэнта да задання.
Сёлетні год можа стаць эксперыментальным для аграрыяў: цёплая, без снега зіма – больш падобная на зацяжную восень, недахоп вільгаці ў глебе, ранняя вясна, істотныя замаразкі. Як такія ўмовы надвор’я паўплываюць на культуры і ўвогуле на вядзенне палявых работ, пакуль адназначна сказаць не могуць ні вучоныя, ні самі гаспадары палеткаў.
Як расказала першы намеснік начальніка ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Алена Сак, актыўны ход работ стрымлівае марознае надвор’е, якое ўсталявалася напачатку тыдня. Таму ў поле выходзяць толькі некаторыя сельгаспрадпрыемствы, і то пасля полудня, калі зямля добра адтае. Таксама замаразкі могуць нанесці шкоду азімаму рапсу, хаця, па папярэдніх даных, перазімавалі добра ўсе азімыя культуры – і зерневыя, і рапс.
Яравы клін ранніх зерневых культур па раёне сёлета складае 8857 тысяч гектараў. Самыя большыя плошчы зойме яравы ячмень – 4910 гектараў, яравой пшаніцай
Андрэй МАТУСЕВІЧ
будуць засены 1665 гектараў, пад яравы авёс адведзены 1002 гектары, на плошчы 1230 гектараў размесцяцца зернебабовыя культуры. План сяўбы кукурузы на зялёную масу складае 6830 гектараў, на зерне – 1150. Аднагадовымі травамі будуць засеяны 3579 гектараў. Лён зойме па раёне 1679 гектараў, а вось пад цукровыя буракі адведзены 1719 – на 450 гектараў менш, чым летась. З-за нізкай ураджайнасці ад сяўбы салодкіх караняплодаў адмовіліся ў КСУП “Сакаўшчына-Агра” і КУП “Сівіца”. Займацца ж гэтай культурай па-ранейшаму будуць чатыры сельгаспрадпрыемствы: ААТ “Агра-Дубінское”, СГУ “Бабровічы” УП “Мінскаблгаз”, ААТ “Багданаўскае” і КСУП “Валожынскае”.

Аляксандр МАТУС
Самыя ж вялікія пасяўныя плошчы сёлета менавіта для ранніх зерневых культур у КСУП “Валожынскае” – 2188 гектараў, у КСУП “Пяршаі-2014” – 1200 гектараў, у ААТ “Агра-Дубінское” – 1000 гектараў. У астатніх гаспадарках раёна трэба пасеяць ад 300 да 900 гектараў.
У аўторак падвечар наш рэдакцыйны калектыў пабываў у ААТ “Багданаўскае”. Каля вёскі Альшанка ў тандэме працавалі механізатары: Міхаіл Грынкевіч на дыскатары рыхтаваў глебу пад сяўбу, Аляксандр Матус на трактары “МТЗ-1221” з прычэпам ад “КЗР-10” падвозіў зерне, а Андрэй Матусевіч на сеялцы “АПП6Д” сеяў авёс. Як расказаў галоўны аграном Віктар Трус, пад яравую сяўбу ў гаспадарцы адведзены 430 гектараў. Насеннем зерневых забяспечаны на 120 працэнтаў – хапае і ячменю, і аўса. Пшаніцу не сеюць, бо не родзіць. Сёлетнюю веснавую сяўбу пачалі з аўса, ды толькі на тарфяніках, дзе глеба больш лёгкая. Набіраць тэмп не дазваляе мінусавая тэмпература паветра, пакуль невядома, як адрэагуюць на гэта і 280 гектараў азімага рапсу.

Міхаіл ГРЫНКЕВІЧ
У разгар падпісной кампаніі на другі квартал валожынскія паштавікі ў чарговы раз правялі традыцыйную акцыю – Дзень падпісчыка.
Тых, хто завітаў у кліенцкую залу ўчастка паштовай сувязі з мэтай аформіць абанемент, сустракала Л. Л. Шаўрэй. Людміла Леанідаўна правяла розыгрыш бяспройгрышнай латарэі. У выніку кожнаму дастаўся невялікі, але карысны прыз.
Усяго ў гэты дзень падпісаны 344 экзэмпляры на 4279 руб. Па традыцыі найбольш актыўна падпісваліся жыхары райцэнтра і навакольных вёсак на раённую газету “Працоўная слава” (55 экзэмпляраў). Даўняя аматарка нашага выдання жыхарка вёскі Бурмакі Галіна Нікадзімаўна Слабадзянюк стала першай, хто падчас акцыі выпісаў раёнку. У розыгрышы яе прыза прыняла ўдзел вучаніца Сакаўшчынскай школы Алена Чарняўская. /p>
Сярод лідараў таксама наступныя выданні: “СБ. Беларусь сегодня” (18), “Знамя юности” (15), “Мінская праўда” (15). Як адзначылі ў аддзеле падпіскі, апошнім часам у насельніцтва карыстаюцца папулярнасцю часопісы і газеты гаспадарчага, кулінарнага кшталту. Добра разыходзяцца і такія, што дапамагаюць з карысцю бавіць час – сканворды і практыкумы па рукадзеллі і майстраванні.
На наступным тыдні ў Валожыне пройдзе Дзень падпісчыка з удзелам журналістаў “СБ. Беларусь сегодня”.
Згодна абласной праграме да 2025 года кожны жыхар Мінскай вобласці будзе забяспечаны якаснай пітной вадой, паведамляе МЛЫН.ВУ.
Падрыхтоўка праекта рэспубліканскага бюджэту на 2021 год і змяненняў у падатковае заканадаўства пачнецца ў бліжэйшы час. Аб гэтым сёння на пасяджэнні Савета Палаты прадстаўнікоў паведаміў яе старшыня Уладзімір Андрэйчанка, перадае карэспандэнт БЕЛТА.