Адрас:

222357, г. Валожын, пл. Свабоды, 2

Тэлефон прыёмнай:

+375 (1772) 5-55-72

Рэжым работы:

з 8.30 да 13.00 і з 14.00 да 17.30 па буднях

гарачая лінія: +375 (1772) 5-55-72

Аўторак, 15 Верасень 2020 10:39

Бібліятэка ў часе і прасторы

Сёлета спаўняецца 100 гадоў з дня заснавання ў Валожыне публічнай бібліятэкі. Такі шаноўны юбілей – выдатная нагода падвесці своеасаблівы вынік дзейнасці, задумацца над тым, як жа будзе развівацца бібліятэчная сістэма далей, а таксама азірнуцца ў гістарычнае мінулае.

1920 годзе ў райцэнтры па ініцыятыве мясцовага старасты была арганізавана невялікая публічная бібліятэка. Размяшчалася яна ў яго доме па вуліцы Віленскай (цяпер – Савецкая). Кніжны фонд фарміраваўся шляхам збору кніг у насельніцтва і праз некаторы час налічваў ужо каля трохсот экзэмпляраў. Большасць выданняў была на польскай мове, і толькі прыкладна трэцяя частка прадстаўлена класічнай рускай літаратурай. На рукі кнігі бралі за невялікую плату. На кожнага чытача заводзілася картка, дзе рабілася адзнака аб унясенні ўзносу. Працавала ўстанова тры дні ў тыдзень, яе паслугамі карысталіся недзе 50 чалавек.

Пры Савецкай уладзе, у 1939 годзе, бібліятэка перайшла пад райвыканкам. Першым загадчыкам установы стаў Васіль Іванавіч Колка, а яго памочнікам Раман Эдуардавіч Гарбачэўскі.

Падчас Вялікай Айчыннай вайны бібліятэка згарэла. Яе адраджэнне пачалося толькі пасля вызвалення Валожына ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў у 1944 годзе, і першым месцазнаходжаннем стаў будынак па вул. Савецкай. Кніжны фонд ствараўся, зноў жа, з ахвяраванняў гараджан і ўжо да 1949 года складаў каля 3 тысяч экзэмпляраў. Загадчыкам працавала Алена Нікіфарава, а бібліятэкарам – Вера Кавалёва. У 1949 годзе арганізавалася яшчэ гарадская бібліятэка, якой загадвала Еўдакія Сямёнаўна Церахава.

Такім чынам, у горадзе працавалі 2 бібліятэкі. У 1956 годзе іх аб’ядналі, 10600 экзэмпляраў кніг перадалі з гарадской у раённую бібліятэку. Агульны кніжны фонд склаў 24500 зборнікаў. У штаце ўстановы працавалі два супрацоўнікі – загадчыца і бібліятэкар. Колькасць чытачоў складала 530 чалавек.

У пачатку 60-х гадоў сельскія бібліятэкі раёна не мелі вялікіх кніжных фондаў і не маглі забяспечыць патрэбы насельніцтва ў інфармацыі. Таму раённая бібліятэка шырока выкарыстоўвала такія формы абслугоўвання, як перасоўныя бібліятэкі і пункты выдачы літаратуры. У сувязі з гэтым у штат увялі адзінку загадчыка перасоўнага фонду.

Да 1963 года ва ўстанове працавалі чатыры супрацоўнікі: загадчыца – Рыма Іосіфаўна Макей, загадчыца чытальнай залы – Роза Іосіфаўна Сямякіна, загадчыца перасоўнага фонду – Марыя Сцяпанаўна Трыч, бібліятэкар – Тамара Арсеньеўна Авяр’янава.

У 1970 годзе, калі раённая бібліятэка перайшла ў цокальнае памяшканне новага жылога дома па вул. Партызанскай, значна палепшылася яе матэрыяльна-тэхнічная база. Цяпер тут працавалі ўжо 5 чалавек. Наведвалі яе больш за 3 тысячы чытачоў. Былі створаны алфавітны і сістэматычны каталогі на кніжны фонд, вяліся картатэкі. Штомесяц праводзіліся масавыя мерапрыемствы. Працавалі 15 пунктаў выдачы, якія існавалі практычна на ўсіх прадпрыемствах і ўстановах раёна.

Пад кіраўніцтвам дырэктара Марыі Сцяпанаўны Трыч працавалі ўжо 4 чалавекі. Гэта загадчыкі метадычнага аддзела Алена Канстанцінаўна Радзевіч, чытальнай залы Ганна Канстанцінаўна Грамыка, перасоўнага фонду Ірына Станіславаўна Каткевіч і бібліятэкар Вольга Ягораўна Пруднікава.

У 1978 годзе ў раёне ствараецца цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма з кніжным фондам 583,5 тыс. экзэмпляраў. Яна аб’ядноўвала 69 бібліятэк, колькасць чытачоў складала 41 тыс., кнігавыдача – 569 тыс. экзэмпляраў у год. Усе ўстановы набылі статус бібліятэк-філіялаў на чале з цэнтральнай раённай. Раённая дзіцячая бібліятэка стала яе аддзяленнем. Падчас падрыхтоўкі да цэнтралізацыі быў створаны адзіны кніжны фонд і зводны даведачна-бібліяграфічны апарат на яго.

У выніку ў цэнтральнай раённай бібліятэцы арганізоўваюцца новыя аддзелы, значна пашыраецца штат работнікаў. Дзякуючы гэтаму павышаецца якасць і эфектыўнасць апрацоўкі літаратуры, інфармацыйнага і даведачна-бібліяграфічнага абслугоўвання насельніцтва. Узрастае роля метадычнай службы раёна. Актывізуецца масавая работа.

Праца па пераводзе фондаў і каталогаў на бібліятэчна-бібліяграфічную класіфікацыю не толькі раённых, але і сельскіх бібліятэк пачалася ў 1980 годзе. З гэтай працаёмкай задачай калектыў установы справіўся за год.

У 70-80-х гадах шырока распаўсюдзіліся грамадскія агляды бібліятэк. Суднікаўская сельская бібліятэка была ўзнагароджана граматай Міністэрства культуры СССР. Многія ўстановы раёна ўдастойваліся звання “Бібліятэка лепшай працы”. У 1978 годзе грамату Вярхоўнага Савета БССР атрымала загадчыца раённай бібліятэкі Марыя Сцяпанаўна Трыч.

У пачатку 80-х гадоў у калектыў прыходзяць маладыя, ініцыятыўныя работнікі – загадчык аддзела абслугоўвання Таццяна Валянцінаўна Ланько, загадчык аддзела камплектавання і апрацоўкі Зінаіда Аляксандраўна Макар, метадыст Вольга Іванаўна Шыкуць, загадчык раённай дзіцячай бібліятэкі Алена Ігнацьеўна Барахоўская, бібліёграф Надзея Мікалаеўна Мацвеева і інш., узначальвала калектыў у той час Алена Канстанцінаўна Родзевіч. З іх прыходам актывізуецца метадычная і даведніцка-бібліяграфічная работа, наглядная і масавая прапаганда кнігі.

Пачатак 90-х гадоў характарызуецца пагаршэннем эканамічнай сітуацыі, што адбіваецца на стане бібліятэчнай справы ў раёне. З-за памяншэння колькасці насельніцтва значна знізіліся асноўныя паказчыкі. Зніжэнне новых паступленняў у фонды бібліятэк значна пагоршыла абслугоўванне чытачоў. У 1995 годзе іх колькасць скарацілася да 28 тыс. чалавек, кнігавыдача склала недзе 500 тыс. экзэмпляраў, колькасць бібліятэк паменшылася на 10 адзінак.

У 1996 годзе, нягледзячы на цяжкасці, знайшлі магчымасць выдзяліць на камплектаванне 36 млн рублёў. Фонд ЦРБ папоўніўся на 500 экзэмпляраў новай літаратуры.

У 1999 годзе цэнтральную бібліятэчную сістэму, якая ў гэты перыяд аб’ядноўвала 52 установы, узначаліла Алена Ігнацьеўна Барахоўская. Агульны кніжны фонд склаў 373 тыс. экзэмпляраў, абслугоўвалася больш за 25 тыс. чытачоў.

У штогадовым рэспубліканскім конкурсе “Бібліятэка – асяродак нацыянальнай культуры” ў розныя гады былі ўзнагароджаны граматамі Беларускага фонду культуры, Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь і грашовымі прэміямі Валожынская дзіцячая бібліятэка, Ракаўская, Вішнеўская, Дорская сельскія, Івянецкая гарпасялковая бібліятэкі.

У 2002 годзе ЦБС раёна ўзначаліла Ірына Міхайлаўна Зянько, а ў 2004 – цэнтральная раённая бібліятэка пераехала ў новы двухпавярховы будынак на плошчы Свабоды, 5. Тут працуюць асноўныя структурныя падраздзяленні: аддзел абслугоўвання чытачоў і інфармацыі, аддзел бібліятэчнага маркетынгу, аддзел апрацоўкі, камплектавання і арганізацыі адзінага фонду. З мэтай поўнага ахопу бібліятэчным абслугоўваннем насельніцтва ў маланаселеных і аддаленых вёсках пры ЦРБ дзейнічае бібліёбус. Ён уваходзіць у структуру аддзела абслугоўвання чытачоў і інфармацыі.

За выкананне ў 2012 годзе асноўных паказчыкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця, забеспячэнне высокіх паказчыкаў працоўнай і выканальніцкай дысцыпліны цэнтральная раённая бібліятэка была занесена на раённую Дошку гонару.

У студзені 2017 года ў выніку рэарганізацыі Валожынская цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма перастала існаваць, а была створана Дзяржаўная ўстанова “Валожынская цэнтральная раённая бібліятэка”. Сельскія бібліятэкі з’яўляюцца яе структурнымі падраздзяленнямі.

1 снежня 2018 года ўстанову ўзначаліла Марыя Зыгмундаўна Шынгер. Сёння сетка ўключае 14 устаноў, 2 з іх – бібліятэкі-клубы. Агульны кніжны фонд складае 170 тысяч экзэмпляраў, карыстальнікамі з’яўляюцца 13 тыс. чытачоў. У сістэме працуюць 53 супрацоўнікі, 29 – з вышэйшай адукацыяй.

У практыку работы інфармацыйнага і сацыякультурнага цэнтра актыўна ўкараняюцца сучасныя інфармацыйныя тэхналогіі, адбыўся поўны пераход на праграмнае забеспячэнне AlisWEB, ёсць уласны сайт, паспяхова развіваецца прапаганда кнігі і чытання ў сацыяльных сетках. Установа з’яўляецца ўдзельнікам рэспубліканскіх, абласных, раённых конкурсаў. Традыцыйнымі сталі піар-акцыі, якія ладзяцца ў рамках гарадскіх і раённых свят.

На практыцы адчуваецца дзяржаўная падтрымка, што абумоўлена добрым камплектаваннем кніжнага фонду і перыядычнымі выданнямі, паляпшэннем матэрыяльна-тэхнічнай базы, увядзеннем Дня бібліятэк. Менавіта ў гэты дзень, 15 верасня, Валожынская ЦРБ і адзначае свой 100-гадовы юбілей.

Нягледзячы на змену часоў і пакаленняў, бібліятэка па-ранейшаму застаецца патрэбнай і карыснай для кожнага з чытачоў. Няхай гэта традыцыя доўжыцца бясконца!

Настасся ПАХОЛКА,

намеснік дырэктара Валожынскай

цэнтральнай раённай бібліятэкі

Усяго на 1 верасня для шматдзетных сем'яў адкрыта 88 285 дэпазітных рахункаў "Сямейны капітал", з якіх па праграме 2020-2024 гадоў - 6 221, паведамляе БЕЛТА са спасылкай на Міністэрства працы і сацыяльнай абароны.

Уборка цукровых буракоў пачалася ў Беларусі, паведамляе БЕЛТА са спасылкай на аператыўную інфармацыю Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання.

Панядзелак, 14 Верасень 2020 14:25

«Трэба дома бываць часцей»

У Валожыне з’явіўся новы мурал у стылі «стрыт-арт», галоўная ідэя якога – любоў да малой радзімы і духоўнае яднанне з ёй.

Вялікую і прыгожую работу ў рамках арганізаванага райвыканкамам фестывалю графіці і Года малой радзімы пакінулі валожынцам мастакі Аляксандр Благій, Марыя Рудакоўская, Юлія Лазоўская, Раман Янотаў, Сяргей Высоцкі і Яўген Сасюра. Усе яны – выхадцы з розных куткоў Беларусі, аднак аб’яднаны агульнай ідэяй: няма лепшага месца на свеце, чым тое, дзе ты нарадзіўся. Нездарма дэвізам мурала стаў радок з вядомага і любімага беларусамі верша Рыгора Барадуліна «Трэба дома бываць часцей»…

Увесь мурал займае плошчу 216 квадратных метраў. Як расказаў Аляксандр Благій (мы ведаем гэтага таленавітага мастака са сталічнага дуэта «ТАКТАК» па стрыт-арт праекце на сцяне дома па вуліцы Партызанскай у райцэнтры, а яшчэ раней студыя займалася роспісам сцен дома па вуліцы Савецкай і раённай бібліятэкі, дзе адлюстравана птушка-сімвал Валожыншчыны – зімародак), на шчыльную трохдзённую работу пайшло, акрамя старання мастакоў, 20 літраў грунтоўкі, 180 спецыяльных балончыкаў фарбы-спрэя і 65 літраў фасаднай фарбы. Усе гэтыя кампаненты, прадастаўленыя камандзе РУП «Валожынскі жылкамунгас», прызначаны для выкарыстання ў вулічных умовах, таму можна смела разлічваць, што бліжэйшыя гадоў 10, а то і больш, малюнак не выцвіце і не «паплыве».

«Дзякуем Валожыншчыне за прадастаўленую магчымасць праявіць сваю творчасць, увасобіць у жыццё вялікі праект, – ад імя каманды мастакоў гаворыць

Аляксандр. – Усім нам вельмі блізкая тэма роднага дому. У большасці з тых, хто рэалізоўваў задумку, вясковыя карані. Мы і адлюстравалі ў агульнай карціне вёску як выток спакойнага, размеранага жыцця. Арнаменты, восеньскія кветкі, фантастычныя звяры і птушкі звязваюць работы розных людзей у адзінае палатно. Галоўнае, што нам была прадастаўлена поўная свабода творчасці. Даўно мы не рэалізоўвалі такія маштабныя праекты. Спадзяёмся, жыхарам і гасцям горада спадабаецца».

А мы дзякуем мастакам за яшчэ адзін падораны яркі момант сярод шэрані будняў.

Сяргей САДОЎСКІ

Панядзелак, 14 Верасень 2020 13:16

Прыём грамадзян

18 верасня 2020 года з 12.00 да 13.00 у Валожынскім раённым выканаўчым камітэце будзе ажыццяўляць выязны прыём грамадзян Шаўцова Таццяна Мікалаеўна - начальнік uалоўнага ўпраўлення гандлю і паслуг Мінскага аблвыканкама.

Кітайска-беларускі індустрыяльны парк "Вялікі камень" удастоены ўзнагароды кітайскага кірмашу гандлёвых паслуг за дэманстрацыю ўзорнага сэрвісу, паведамляе БЕЛТА са спасылкай на прэс-службу парку.

Міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей сёння сустрэўся з новым прадстаўніком Дзіцячага фонду ААН (ЮНІСЕФ) у Беларусі Таняй Радачай. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе МЗС.

Сучасны Дашкольны цэнтр развіцця дзіцяці зарабіў у гарадскім пасёлку Івянец Валожынскага раёна. Ва ўрачыстай цырымоніі адкрыцця прыняў удзел старшыня Мінаблвыканкама Аляксандр Турчын. Новай дашкольнай установы iвянчане чакалі без малога дзесяць гадоў. Аб няпростым мінулым і шчаслівай будучыні мясцовых ясляў — у рэпартажы МЛЫН.ВУ.

У мінулыя выхадныя ў вобласці быў аб’яўлены вышук чатырох грыбнікоў. Выратавальнікі нагадваюць: нельга легкадумна ставіцца да паходаў у незнаёмы лес.

Шукаць тых, хто заблудзіў, – справа вельмі няпростая і накладны: задзейнічаны спецыяльная тэхніка, баявыя разлікі, вялікая колькасць людзей. Таму, адпраўляючыся на «ціхае» паляванне, выбірайце добравядомыя мясціны або далучайцеся да вопытных грыбнікоў і ні на крок ад іх не адыходзьце. Апранайцеся ў непрамакаемае адзенне і абутак, вазьміце запас вады, лекаў, ежы. Абавязкова майце пры сабе нешта яркае, напрыклад, шалік: пры неабходнасці ён паслужыць маяком для выратавальнікаў.

Пятніца, 11 Верасень 2020 11:26

Гісторыя з фатаграфіяй

Нядаўна давялося мне наведаць Валожынскі краязнаўчы музей.

Амаль тры гадзіны часу, праведзеныя там, праляцелі, як некалькі хвілін. Яно і не дзіўна: кожны экспанат музея (ці гэта нейкі стары фотаздымак, ці дакумент удзельніка Вялікай Айчыннай вайны, ці падшыўка раённай газеты з гадоў майго юнацтва) – цікавая гісторыя роднага краю. Даўно хвалявала мяне і яшчэ адно пытанне, якое я не магла не задаць супрацоўнікам музея.

Сёння на тэрыторыі раёна значацца два камяні – помнікі прыроды, якія знаходзяцца пад аховай дзяржавы. Адзін з іх – ля маёй роднай вёскі Аўгустова – Івашкаў камень. Так называлі яго нашы дзяды і прадзеды. Так ведалі яго і мы – дзеці пасляваеннага пакалення. Сцежкі дзіцячых падарожжаў часта прыводзілі нас да гэтага магутнага, трохі таемнага, замшэлага велікана. Гадоў дзесяць таму, у чарговы прыезд дадому, чамусьці вельмі захацелася яго наведаць.

З’ехаўшы з Пяслівіцкай гары і мінуўшы развілку дарог, з цяжкасцю знайшла ледзь прыкметную сцяжынку. Некалі адкрытая мясцовасць, толькі зрэдку парослая невялічкімі кустамі, сёння сапраўдны густы лес. Адразу нават падумалася, што звярнула я не туды. Але праз метраў пяцьсот дрэвы раптам расхінуліся, адкрываючы невялікі знаёмы ўзгорак. Вялізны шэры асілак сцішана ляжаў на сваім месцы. Шчымліва і горка кальнула сэрца. Па целе велікана, быццам раны, ва ўсе бакі распаўзліся расколіны, а побач валяліся добрыя кавалкі адбітага каменя. Калі і хто так знявечыў гэты цуд прыроды? Ці не запозна ўзяліся яго ахоўваць, як папярэджвала прымацаваная таблічка? Са здзіўленнем прачытала і новую назву – Васькаў камень! Спрадвечны Івашка раптам ператварыўся ў нейкага Ваську! Якія эксперты так папрацавалі над назвай? Ці гэта, можа, простая сугучнасць слоў – “Івашкаў” і “Васькаў” – адыграла сваю ролю? Вось і супрацоўнікі музея замест адказу на маё пытанне толькі развялі рукамі. У іх таксама помнік прыроды ля вёскі Аўгустова значыцца як “Васькаў камень”. Вялізны камень – валун хутчэй за ўсё ледніковага паходжання. Па ўспамінах майго бацькі, які ўсё сваё жыццё пражыў у гэтай мясцовасці, стаяў велікан на ніве аўгустоўца Рыгора Шакуна.

Недзе ў другой палове 30-х гадоў XX стагоддзя (36-37-я гады) польскія ўлады хацелі купіць у яго камень і перавезці да палаца графа Тышкевіча. Праўда, належаў палац ужо войску польскаму. Атрымаўшы добрыя грошы, будынак і некаторыя землі граф прадаў дзяржаве, якой спатрэбілася размясціць у Валожыне вайсковы гарнізон. Давалі Рыгору за камень 70 злотых – вялікія грошы па тым часе. За іх можна было купіць карову. Меўшы ў карыстанні 20 гектараў зямлі, Рыгор лічыўся ў вёсцы заможным гаспадаром. Працавала сям’я многа, а вось у хаце не было нават падлогі. Напэўна, грошы тыя былі б зусім не лішнімі. Ды колькі ні ўгаворвалі Рыгора прадаць камень, ён адказаўся. Пашкадаваў такі цуд прыроды, хоць многія вяскоўцы тады, назіраючы за сітуацыяй, круцілі пальцам ля скроні.

З аповесці валожынца Васіля Гарбачэўскага “Маё мястэчка – Валожын” я даведалася, што вайскоўцы ўсё ж купілі камень, хоць і трохі меншы. Яго знайшлі таксама ля нашай вёскі ва ўрочышчы Пяслівіца. Паставіўшы ля палаца, на ім прымацавалі барэльеф Ю. Пілсудскага. Лёс таго валуна незайдросны. У 1939 годзе яго проста знішчылі, а Івашкаў камень так і застаўся на сваім адвечным месцы.

У 60-я гады мінулага стагоддзя якраз на былой Рыгоравай ніве ля нашай вёскі праходзілі штогадовыя раённыя святы працы і песні. Мы, вясковыя дзеці, ужо напярэдадні доўгачаканага дня беглі напрасткі, праз невялікі лясок, да Івашкава каменя. Там ставілі палаткі для шматлікіх крамаў, упрыгожвалі іх маладымі бярозкамі і рознакаляровымі стужкамі, на ўзгорку, ля валуна, на нашых вачах вырастала сцэна.

Тыя святочныя, яркія дні на ўсё жыццё засталіся ў дзіцячай памяці. Музыка, песні, у крамах цукеркі і марожанае, побач нашы маладыя і шчаслівыя бацькі. Ужо трохі зарубцаваліся балючыя раны вайны, адбудаваны спаленыя хаты, наладжвалася праца ў нядаўна створаных калгасах. Гэтыя яркія, звонкія святы напаўнялі сэрцы людзей гаючай сілай жыцця. І не было мусіць там чалавека, які б не падышоў да магутнага асілка – валуна. Ад цёплых летніх сонечных промняў, ад шматлікіх ласкавых дотыкаў рук камень, здаецца, ажываў і, канешне, быў адным з галоўных герояў таго свята.

Не кожны меў тады фотаапарат. Магчымасць зрабіць свой здымак на фоне гэтага прыгажуна таксама была не ў кожнага. І ўсё ж людзі фатаграфаваліся. Пасля таго, як пабачыла свет мая аповесць “Івашкаў камень”, вельмі цікавая жанчына, былая настаўніца з вёскі Літва Яўгенія Фамінічна Чаплінская паказала адну старую фатаграфію, датаваную, калі не памыляюся, 1968 годам. Здымак зроблены якраз у час свята. На камені ўтульна размясціліся пяць чалавек. Маладыя жанчыны і мужчыны прыгожа, па-святочнаму апранутыя. Некаторыя ў беларускіх вышываных строях. Па словах Яўгеніі Фамінічны, на здымку настаўнікі Валожынскай сярэдняй школы № 2. Адна з іх – яе родная сястра са сваім мужам. Далейшы лёс фатаграфіі мне невядомы. Няма ўжо ў жывых гэтай светлай, разумнай і таленавітай жанчыны. У яе хаце жывуць іншыя людзі.

Пішу свой матэрыял у рубрыку “Гісторыя з фатаграфіяй” без фатаграфіі таго часу. Пішу з вялікай надзеяй, што валожынцы адгукнуцца і хтосьці прынясе ў рэдакцыю газеты ці ў музей стары здымак сваіх родных побач з Івашкавым каменем. Няхай з’явіцца новы (магчыма і не адзін) цікавы экспанат у мясцовым музеі. Хочацца верыць, што не зарасце сцежка да гэтага помніка і яшчэ не адзін чалавек падзівіцца магутнай сіле прыроды, якая змагла нарадзіць такога велікана.

Лідзія ГАРДЫНЕЦ

Старонка 1042 з 1384

Задайте вопрос