Адрас:

222357, г. Валожын, пл. Свабоды, 2

Тэлефон прыёмнай:

+375 (1772) 5-55-72

Рэжым работы:

з 8.30 да 13.00 і з 14.00 да 17.30 па буднях

гарачая лінія: +375 (1772) 5-55-72

У сельскагаспадарчых прадпрыемствах Міншчыны актыўнымі тэмпамі вядзецца нарыхтоўка траў другога ўкосу.

Міжнародныя рэзервовыя актывы Беларусі на 1 ліпеня, паводле папярэдніх даных, склалі $8 795,7 млн (у эквіваленце), паведамілі БЕЛТА ва ўпраўленні інфармацыі і грамадскіх сувязей Нацыянальнага банка.

13 дамоў будуюць у цяперашні час у горадзе-спадарожніку Смалявічы. Аб гэтым паведаміў намеснік прэм'ер-міністра Уладзімір Кухараў на сустрэчы з працоўным калектывам ААТ "Аўтасіла", перадае БЕЛТА.

У Беларусі распрацаваны праекты змяненняў у дзяржаўныя стандарты на спа-паслугі, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі.

Колькі шматдзетных сем'яў атрымаюць кватэры, дзе «вырасце» новы мікрараён № 9, калі дзіцячая паліклініка прыме першых пацыентаў, пра гэта піша МЛЫН.ВY са спасылкай на дырэктара УКБ горада Жодзіна Уладзіміра Зорыча.

Беларусь прапанавала Рэспубліцы Карэя распрацаваць рамачную дарожную карту супрацоўніцтва ў кантэксце "новай паўночнай палітыкі" гэтай краіны. Такую ініцыятыву агучыў намеснік міністра замежных спраў Андрэй Дапкюнас у час відэаканферэнцыі сустаршынь сумеснага беларуска-карэйскага камітэта, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе МЗС.

Чацвер, 02 Ліпень 2020 12:22

Валожынцы і красненскае гета

Ваенная гісторыя маёй роднай вёскі Краснае Маладзечанскага раёна, вывучэннем якой займаюся шмат гадоў, цесна звязана з многімі населенымі пунктамі Валожынскага раёна. 

У час акупацыі фашысты пабудавалі ў Красным вялікую ваенную базу Feld park, дзе захоўвалі боепрыпасы і ваенную тэхніку. Там жа наладзілі працу майстэрняў, каб рамантаваць падбітыя машыны. Праклалі чыгуначную ветку. Па ёй, паводле архіўных дакументаў, у некаторыя дні паступала нават па два эшалоны грузаў. Па сведчанні саміх немцаў: база займала другое па значнасці месца пасля Мінску.

Зразумела, што такі буйны ваенны аб’ект не мог не зацікавіць партызан. Разведчыкі брыгады ім. Чкалава, што дзейнічала на тэрыторыі Валожынскага раёна, наладзілі сувязь з братам Фелікса Эдмундавіча Дзяржынскага – Казімірам і яго жонкай Люцыяй, якія спачатку жылі на хутары Дзяржынава, а пазней пераехалі ў Івянец. Там жанчына ўладкавалася перакладчыцай у гандлёвае таварыства. Як карэнная немка, яна не выклікала падазрэння ў немцаў, таму хутка ўвайшла да іх у давер. Іншы раз Люцыю запрашалі перакладаць у камендатуру, жандармерыю і гестапа. Потым яна ўвогуле перайшла туды на працу, а ў гандлёвым таварыстве яе месца заняў Казімір Эдмундавіч. Неаднаразова па працы ім давялося бываць і ў Красным. Там Дзяржынскія і сабралі для партызан важную інфармацыю па нямецкай базе. Праз некаторы час звесткі былі перададзены на “Вялікую Зямлю”. Вось што пра гэта было надрукавана ў газеце “Праўда”: “Недалёка ад горада Маладзечна ёсць вялікая вёска Краснае. Там фашысты арганізавалі вялізныя ваенныя склады. Казімір і Люцыя сабралі звесткі пра склады, перадалі іх нам (маецца на ўвазе партызанская брыгада ім. Чкалава). І неўзабаве савецкая авіяцыя нанесла па гэтых складах моцны і дакладны бомбавы ўдар. «Феерверк» атрымаўся выдатны!”

Але, на жаль, не ўсё напісанае ў гэтым артыкуле дакладна. На самай справе “феерверк” не атрымаўся. Я быў вельмі расчараваны, калі пасля апытання старажылаў, карэнных жыхароў Краснага, інфармацыю пра бамбардзіроўку ніхто не пацвердзіў, хаця такая падзея не магла прайсці непрыкметна. Зямля павінна была стагнаць ад магутных выбухаў, але іх ніхто не чуў. У чым жа справа? Адказ падказаў яшчэ адзін архіўны дакумент – рапарт солтыса вёскі Ваўкі (знаходзіцца прыкладна ў 7 кіламетрах ад Краснага): “Рапарт. На Ваш загад паведамляю, што ноччу з 8 на 9 сакавіка 1942 года бальшавіцкія самалёты зрабілі налёт на вёску Ваўкі. Скінулі 18 бомбаў, з якіх 17 разарвалася, а адна не разарвалася. Шкод жаданых не зрабілі (толькі павыпадалі шыбы ў вокнах), а ўсе бомбы ўпалі на поле воддаль ад вёскі на 100-300 метраў. 12.03.1942 г.”

Выходзіць, што ўдар савецкія самалёты ўсё ж такі нанеслі, толькі вельмі недакладна. Дзяржынскія сваю справу выканалі дасканала, перадалі патрэбную інфармацыю партызанам, але нешта пайшло не так. Казімір і Люцыя неаднойчы падказвалі мясцоваму насельніцтву пра аблавы, якія планавалі немцы, дапамагалі выратаваць моладзь ад адпраўкі ў Германію на прымусовыя работы, дабылі звесткі пра аперацыю “Герман” па блакадзе Налібоцкай пушчы летам 1943 года. Нейкім цудам ім удалося ўгаварыць нямецкае кіраўніцтва адпусціць заложнікаў, якіх схапілі пасля паспяховай аперацыі па разгроме Івянецкага гарнізона. І такіх спраў было шмат. Але праз некаторы час фашысты западозрылі Дзяржынскіх. Іх арыштавалі, доўга катавалі, дапытвалі пра партызан. Яны ўсё вытрымалі і нікога не выдалі. 24 ліпеня 1943 года Казіміра і Люцыю расстралялі ў лесе недалёка ад Івянца.

Таксама ў час вайны лёс звязаў з вёскай Краснае і іншых жыхароў Валожынскага раёна. Справа ў тым, што на буйной ваеннай базе патрабавалася рабочая сіла. Усё, што дастаўлялі, неабходна было разгрузіць, пачысціць, змазаць і г.д. Цаніліся спецыялісты па рамонце падбітай і сапсаванай тэхнікі. Але дзе ўзяць столькі рабочых рук? Для гэтых мэт немцы выкарыстоўвалі яўрэяў з бліжэйшых мястэчкаў. Перад тым, як знішчыць старых, хворых і дзяцей, з агульнай колькасці адбіралі працаздольных і адвозілі іх у Красненскае гета. Так адбывалася і ў населеных пунктах Валожынскага раёна. Колькі ўсяго іх было дастаўлена ў Краснае – невядома. Але затое ўдалося ўстанавіць імёны тых, хто змог збегчы і далучыўся да партызан. Сярод іх – Іосіф Антонавіч Гіркус 1909 года нараджэння з Валожына. 5 сакавіка 1943 года ён радавым уступіў у партызанскі атрад “За Савецкую Беларусь”.

З 1 верасня быў залічаны радавым падрыўной роты атрада ім. Кузняцова партызанскай брыгады ім. Чкалава валожынец Зэлік Маісеевіч Раговін 1923 года нараджэння. Уцякалі з Красненскага гета і жанчыны. Так, Фаня Іосіфаўна Раговіна 1920 года нараджэння была залічана ў партызанскі атрад ім. Кузняцова спачатку прачкай, а пазней пераведзена ў пякарню. У атрад “За Совецкую Беларусь” радавымі ўзялі Маісея Абрамавіча Мярсона 1893 года нараджэння і Максіма Абрамавіча Млоша 1909 года нараджэння з Валожына, а таксама Барыса Барысавіча Мілікоўскага 1924 года нараджэння з Вішнева, Уладзіміра Шаломавіча Каплана 1923 года нараджэння з Ракава.

Больш падрабязна хацелася б расказаць пра Арона Маісеевіча Раговіна 1914 года нараджэння з вёскі Белакорац. У 1928 годзе ён скончыў 6 класаў. Атрымаў рабочую спецыяльнасць. У 1936 годзе быў прызваны ў Польсую армію. З першага дня прымаў удзел у ІІ Сусветнай вайне. Але ўжо 3 верасня 1939 года быў паранены ў руку. У перыяд фашысцкай акупацыі яго даставілі спачатку ў Маладзечна, а затым у гета вёскі Краснае. Арон Маісеевіч разам з іншымі працаваў на нямецкай базе. Увесь час мужчыну не пакідала думка: трэба ўцякаць, бо прыйдзе час, і з імі абавязкова расправяцца. Вязні пайшлі на вельмі рызыкоўны крок. Са складоў яны ўпотайкі выносілі зброю і перапраўлялі партызанам. Архіўныя дакументы сведчаць, што А. М. Раговіну ўдалося перадаць 11 вінтовак, 1 кулямёт і 1000 патронаў. У ліпені 1942 года ён уцёк з гета і далучыўся да атрада ім. Кузняцова партызанскай брыгады ім. Чкалава, якая дзейнічала ў Налібоцкай пушчы. Першы час мужчына там служыў радавым стралком, а пазней – кулямётчыкам. У баявой характарыстыцы адзначалася, што ён разам з партызанамі 6 разоў удзельнічаў у разгроме варожых гарнізонаў, дзе было знішчана 16 і паранена 18 гітлераўцаў. З падрыўной групай ліквідавалі варожы эшалон: быў разбіты паравоз і 9 вагонаў з тэхнікай, боепрыпасамі і жывой сілай. Летам 1943 года, у час блакады Пушчы, 4 разы ўступаў у адкрытыя баі з ворагам. Разам з ротай вывеў са строю 4 км тэлефонна-тэлеграфнай сувязі немцаў і 5 мастоў. Пры адступленні нямецка-фашысцкіх захопнікаў у ліпені 1944 года партызаны (сярод іх быў і Арон Маісеевіч) знішчылі 40 і ўзялі ў палон 16 немцаў. У час бою захапілі трафеі: 68 вінтовак, 11 пісталетаў, 1 аўтамат.

Хачу прывесці звесткі яшчэ пра аднаго ўраджэнца Валожынскай зямлі. Барыс Барысавіч Мілікоўскі нарадзіўся ў мястэчку Вішнева ў 1924 годзе (па іншых звестках у 1925 годзе). Да вайны паспеў скончыць 8 класаў. У партызанскі атрад “За Савецкую Белорусь” трапіў 5 студзеня 1943 года пасля таго, як збег з Красненскага гета. За адважныя дзеянні, праяўленыя ў барацьбе з ворагам, быў адзначаны шасцю падзякамі ад камандавання. Прабыў там да 19 ліпеня 1944 года. А ўжо 23 ліпеня 1944 года быў прызваны Дзяржынскім РВК у Чырвоную Армію. Служыў у званні сяржанта камандзірам стралковага аддзялення 1268-а палка 385-й стралковай дывізіі. Але ўжо 13 верасня 1944 года, як сведчаць дакументы, прапаў без вестак. У яго засталася сястра (напэўна, дваюрадная) Міня Шмольсаўна Мілікоўская, якая на той час пражывала ў Вішневе.

Кожны з вышэйназваных людзей заслугоўвае таго, каб быць адпаведным чынам ушанаваным на сваёй малой радзіме.

Сяргей СТАРЫКЕВІЧ,

жыхар г. Маладзечна

Чацвер, 02 Ліпень 2020 12:20

Дзяцінства апаліла вайна

Я прысвячаю гэты аповяд усім, хто ў час нямецка-фашысцкага нашэсця аказаўся на акупіраванай тэрыторыі, каму таксама, як і маім родным, давялося перажыць нямала гора і пакут.

Сям’я маёй маці Веры Васільеўны Гарбачэўскай (у той час Ялец), жыла ў вёсцы Заяленье Драгічынскага раёна Брэсцкай вобласці. Фашысты прыйшлі ў іх мясцовасць праз некалькі дзён пасля пачатку вайны. Матуля дагэтуль (ёй споўнілася 84 гады) не можа чуць нямецкую мову і глядзець фільмы пра тыя падзеі. З памяці не сцерліся ўспаміны пра дні, калі родных і яе двойчы хацелі расстраляць за быццам бы існуючую сувязь з партызанамі – ставілі ля дома і нацэльвалі на няшчасных дарослых і перапалоханых дзяцей дулы аўтаматаў. Але кожны раз якімсьці цудам яны заставаліся жывымі.

Аднойчы вярнуліся дадому з лесу, дзе хаваліся, а прыкладна праз гадзіну ўбачылі над дрэвамі дым. Гэта было ў тым баку, дзе знаходзіўся іх шалаш. Справа ў тым, што немцы рабілі аблаву на партызан і выпадкова патрапілі на няхітрыя збудаванні. Можна толькі ўявіць сабе, што б яны зрабілі, каб у тым шалашы засталі людзей…

Ці вось такі эпізод. Раптоўна ўсіх жыхароў вёскі сагналі ў хлеў і трымалі там два дні. Відавочна, рыхтавалася кара за дыверсіі партызан. Немцы абвясцілі: калі адбудзецца хоць адзін падрыў, іх спаляць. Хтосьці папярэдзіў партызан, і тыя спынілі свае вылазкі. Большасць людзей адпусцілі, але расстралялі жанчыну з дзецьмі за спробу ўцячы…

Летам 1944 года акупанты хацелі адправіць жыхароў навакольных населеных пунктаў у Германію. Людскі натоўп з адабраных да вывазу ахоўвалі аўтаматчыкі. Мая маці і яе сястрычка былі самымі малодшымі, вельмі стаміліся і не маглі больш ісці. Тады адзін нямецкі салдат пасадзіў іх у грузавік, дзе ехалі салдаты. Да вечара яны дабраліся да Драгічына, начавалі на зямлі, а раніцай прачнуліся і ўбачылі: фашысты зніклі. Людзі пабеглі да цэнтральнай дарогі і там маглі назіраць, як немцы ўцякаюць на перапоўненых машынах, некаторыя нават на падножках. Прабіраліся ў свае вёскі лесам, над якім узвівалася полымя. Навокал грымела артылерыя. Ніхто не разумеў, што адбываецца. Калі маці з роднымі на наступны дзень прыйшла да сваёй хаты, на дварэ ўбачылі савецкіх салдат і вельмі ўзрадаваліся. Хутка чырвонаармейцы рушылі далей на захад. Гэта было доўгачаканае і імклівае наступленне Чырвонай Арміі.

Мой дзядуля Васілій Аляксеевіч (бацька маці) на той момант знаходзіўся ў канцлагеры, куды немцы сагналі ўсіх мужчын з наваколля, каб узводзіць ахоўныя збудаванні. Некалькі вязняў зрабілі падкоп і ўцяклі з лагера. Дзед прабіраўся дадому полем толькі ноччу. Каб не памерці з голаду, еў зерне з каласкоў. Калі дабраўся ў родныя мясціны, убачыў: нікога няма, і рушыў да сястры ў суседнюю вёску. Тыя месцы на палескіх балотах з’яўляліся цэнтрам партызанскага руху. Як сустрэў партызанаў, тыя не паверылі, што мужчына ідзе да сваякоў, прынялі за лазутчыка, абяцалі расстраляць, калі сястра не прызнае. Але яна кінулася да яго са словамі: “Васіль, браток мой...”

Адразу пасля вызвалення Беларусі дзядулю прызвалі ў Чырвоную Армію. Ён служыў на 1-м Прыбалтыйскім фронце ў 1080-м стралковым палку 310-й стралковай дывізіі. Удзельнічаў у штурме горада Кёнінгзберга, у баях за вызваленне польскіх гарадоў Гдыня і Гданьск, сустракаўся з войскамі саюзнікаў на рацэ Эльбе. Дзядуля ўспамінаў, як амерыканцы запрашалі савецкіх салдат плыць з імі ў ЗША. Многія лічылі гэта прывабным, згаджаліся, аднак дзядуля не мог уявіць, што можна кінуць сям’ю. Мама ж расказвала, як яны кожны вечар станавіліся на калені і маліліся, каб хутчэй скончылася вайна, і бацька вярнуўся дадому. Ён прыйшоў…

Усе чатыры гады, пакуль ішла вайна, дзеці не вучыліся, а 1 верасня 1944 года школа распачала сваю дзейнасць. Не хапала чарнілаў, сшыткаў. Бацькі настойвалі торф, і гэтай чорнай вадой на абрыўках картону ці між радкоў газет хлопчыкі і дзяўчынкі выводзілі літары і рашалі прыклады. Падручнік меўся адзін на ўвесь клас. У сярэдніх класах школы мама вучылася ў вёсцы Хомск. Там нават партаў не было, пісалі на каленях. Узрост вучняў – самы розны. Хоць наўкола холад і голад, але ўсе разумелі: трэба вучыцца…

Аднойчы ў клас увайшла настаўніца і абвясціла: “Вайна скончылася! Перамога!”. Ніхто не змог стрымаць слёз. Матуля ўмела выдатна расказваць, таму карціна таго, што адбывалася ў той дзень, уяўляецца яскрава. Нават я не магу не плакаць. Кожны раз, калі вяртаюся да гэтай гісторыі, думаю: колькі гора давялося перажыць ім, дзецям вайны…

Вера Васільеўна пасля вайны скончыла школу, атрымала адукацыю настаўніка. Працавала ў дзіцячым доме для дзяцей-сірот, затым 38 гадоў была настаўніцай пачатковых класаў СШ № 1 г. Валожына, вучыла сваіх выхаванцаў не толькі чытаць і пісаць, але, самае галоўнае, любіць Радзіму, быць годнымі грамадзянамі сваёй краіны. І гэта ёй удавалася. Яна заўсёды лічыла (і я падзяляю яе перакананне): маладое пакаленне павінна ўсведамляць, што без павагі да гісторыі немагчыма будучыня.

Мая сям’я ненавідзіць фашызм, які прынёс столькі гора і выпрабаванняў нашаму народу. Сваім аповядам я імкнулася яшчэ раз нагадаць чытачам “Працоўнай славы” пра тую страшную вайну. Мне вельмі хочацца, каб на нашай зямлі такое больш не паўтарылася, каб родная Беларусь квітнела, а неба над ёй заўсёды заставалася мірным.

Тамара БУЯН,

жыхарка горада Горкі Магілёўскай вобласці

Чацвер, 02 Ліпень 2020 12:17

Стыль і традыцыі сябруюць

Напярэдадні Дня вышыванкі  абласнымі камітэтамі БРСМ сярод моладзі праведзены фотаконкурс «Сэлфі&фота з вышыванкай». Наш раён прадставілі некалькі творчых груп. Не магла не паўдзельнічаць у цікавым праекце і наша рэдакцыя, тым больш, што асабіста я з’яўляюся ўладальніцай прыгожай кашулі, вышытай рукамі адной з самых знакамітых майстрых Валожыншчыны.

Пра тое, каб папоўніць свой гардэроб стылізаваным нацыянальным уборам – такім, што можна апранаць у паўсядзённым жыцці, марыла даўно. Яшчэ ў студэнцкія гады прыняла ўдзел у святкаванні юбілею горада Рагачова. Там нас, студэнтак, апранулі ў беларускія нацыянальныя касцюмы, і мы з вянкамі ў руках узначальвалі святочнае шэсце. Ах, якая прыгожая была на мне кашуля! Як не хацелася з ёй расставацца. Вось тады і ўзнікла мара – набыць штосьці падобнае. Але ўсё не здаралася.

Некалькі гадоў таму пазнаёмілася з Марыяй Іванаўнай Шумскай з Ракава, напісала пра яе, былую настаўніцу і выключную мастачку, артыкул. Удзячная жанчына прапанавала мне вышыць штосьці на памяць. Я ўзрадавалася. Пашыць незвычайны ўбор – туніку ў нацыянальным стылі па маім уласным эскізе – згадзілася яшчэ адна выдатная майстрыха, таксама ракаўчанка, Хрысціна Станіславаўна Лямбовіч. Пасля чаго на танюткім кужалі з’явіліся вельмі далікатныя чырвоныя крыжыкі.

Па ўзросце ніхто з нашага калектыву не мог удзельнічаць у маладзёжным конкурсе. Тут дапамаглі нашы нашчадкі – мой сын Уладзіслаў (выступіў фатографам) і дачка Алены Збірэнкі Урсула Беняш. Гэта прыгажуня і стала мадэллю, што прадставіла вельмі дарагую для мяне рэч.

Прыгожая дзяўчына ў прыгожай вышыванцы… Пагадзіцеся, паважаныя чытачы, тут ёсць на што паглядзець. А каб вы ведалі, якая асалода быць апранутай  ва ўбор, у якім стыль і традыцыі сябруюць, то і самі б набылі штосьці падобнае.

Валянціна КРАЎНЕВІЧ.

Фота Уладзіслава КРАЎНЕВІЧА

Чацвер, 02 Ліпень 2020 12:15

Місія – абараняць

Адбылася сустрэча старшыні рэспубліканскага камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў дзяржаўных і іншых устаноў Сяргея Фадзеевіча Халявы з лідарамі прафсаюзнага руху некаторых арганізацый Валожына. У круглым стале, які быў наладжаны ў аддзеле ЗАГС райвыканкама (кіраўніком прафсаюза дзяржаўных і іншых устаноў раёна з’яўляецца начальнік ЗАГС Тамара Уладзіміраўна Яныш), прынялі ўдзел старшыні пярвічак: Белдзярстраху – Марыя Станіславаўна Кужоўнік, аддзялення аховы – Юлія Леанідаўна Місевіч, раённага цэнтра па забеспячэнні дзейнасці бюджэтных арганізацый – Таццяна Рыгораўна Ляшкевіч і член прафсаюзнай арганізацыі Валожынскага сельвыканкама Наталля Валянцінаўна Радзівілка.

Сяргей Фадзеевіч адзначыў, што добра ведае: у нашым раёне моцныя прафсаюзныя традыцыі. У першую чаргу – падтрымка людзей, што трапілі ў складаныя жыццёвыя сітуацыі, творчыя віншаванні юбіляраў, арганізацыя святаў і экскурсійных паездак. Магчыма, таму і калектывы Валожыншчыны ў большай частцы згуртаваныя і добразычлівыя. Безумоўна, у прафсаюзнай дзейнасці не ўсё проста. Зараз, як ніколі, неабходна знаходзіць індывідуальны падыход да кожнага супрацоўніка, асабліва калі гаворка ідзе пра ўступленне ў прафсаюз, правільна весці дакументацыю. Кола спраў у адказнага прафорга вялікае. Перш за ўсё гэта распрацоўка і выкананне калектыўнага дагавора, удзел у рабоце розных камісій. Сяргей Фадзеевіч папрасіў прысутных звяртаць асаблівую ўвагу на справядлівасць рашэнняў наймальнікаў пры размеркаванні прэмій і заключэнні кантрактаў. Лідарам руху неабходна дабівацца, каб як мага часцей кантракты заключаліся на тэрміны большыя за год. Гэты дакумент павінен быць прадуманым, кожнае з палажэнняў – скіраваным на абарону правоў работнікаў. І выконвацца ён павінен у поўным аб’ёме.

Прафсаюзны актыў абавязаны ўлічваць, што любая пярвічка моцная сваімі людзьмі, таму, чым больш часу і сіл будзе аддавацца дзеля насычанасці прафсаюзнага жыцця калектыву, тым больш адметным будзе вынік.

У сувязі са складанай эпідэміялагічнай сітуацыяй, якую нам “падарыў” каронавірус, вельмі важна засяродзіць максімум увагі на прафілактыцы небяспечнай інфекцыі – набываць ахоўныя і дэзінфіцыруючыя сродкі, весці тлумачальную работу. Прафсаюз павінен стаць авангардам валанцёрскай работы, што скіравана на падтрымку медыкаў і хворых, якія лечацца ў стацыянарах і на даму.

Прысутныя атрымалі ад старшыні рэспубліканскага камітэта шмат тлумачэнняў па розных кірунках прафсаюзнай дзейнасці. У прыватнасці, па стварэнні калектыўных дагавораў.

Закранулі ў гэты дзень і тэму выбараў. Тамара Уладзіміраўна Яныш паведаміла, што ва ўчастковых выбарчых камісіях задзейнічана значная колькасць членаў прафсаюза.

На развітанне Сяргей Фадзеевіч падкрэсліў: “Людзі павінны адчуваць сябе на рабоце камфортна, быць абароненымі і ўпэўненымі ў заўтрашнім дні. Таму наша задача – своечасова рэагаваць на іх запыты і дапамагаць у вырашэнні праблем. Пры граматным падыходзе любую сітуацыю можна выправіць. На прадпрыемствах, дзе наладжаны партнёрскія адносіны між адміністрацыяй і прафсаюзам, ніколі не будзе дапушчана несправядлівых у адносінах да работніка дзеянняў”.

Валянціна КРАЎНЕВІЧ

Старонка 1068 з 1384

Задайте вопрос