222357, г. Валожын, пл. Свабоды, 2
Тэлефон прыёмнай: Рэжым работы:з 8.30 да 13.00 і з 14.00 да 17.30 па буднях
e-mail: Гэты адрас электроннай пошты абаронены ад спам-ботаў. У вас павінен быць уключаны JavaScript для прагляду.
гарачая лінія: +375 (1772) 5-55-72
Пераможцы I этапу інтэрактыўнага праекта «Адукацыя-2021», які праводзіцца ў рамках фестывалю мастацкай творчасці навучэнцаў і рэспубліканскай студэнцкай моладзі «АРТ – вакацыі-2021»
29 студзеня юныя біятланісты Валожынскага раёна прынялі ўдзел у эстафетных гонках абласных спаборніцтваў "Снежны снайпер". Старэйшая і малодшая ўзроставыя групы занялі 6 і 7 месцы ў камандным заліку. У асабістым заліку лепшы вынік паказала Філіпчык Валерыя і заняла 4 месца. Ёсць добры задзел на будучыню!!!
29 студзеня на базе раённага цэнтра культуры прайшоў раённы турнір інтэлектуальных гульняў «Што? Дзе? Калі?»
На базе Дубінскога сельскага цэнтра культуры адбылася гульнявая праграма «У гасцях у матухны Зімы». Дзеці з задавальненнем гулялі ў сняжкі, ляпілі снегавіка, гулялі ў беларускія народныя гульні «Мароз», «Хто хутчэй збярэцца», «Замарожаныя». Мерапрыемства выклікала ў дзяцей яскравыя эмоцыі і добры настрой.
Да 70-годдзя беларускага пісьменніка Міхася Пазнякова ў Валожынскай дзіцячай бібліятэцы прайшла літаратурная гадзіна «Святло дабрыні». Дзеці пазнаёміліся з жыццёвым і творчым шляхам пісьменніка.
Якія дзеткам кніжкі патрэбны? Безумоўна, займальныя! Несумненна, вясёлыя! Зразумела, дасціпныя! Менавіта так і піша Міхась Пазнякоў, на рахунку якога шэраг цікавых, арыгінальных кніжак – «Ехаў поўны воз дзівос»,«Шые вожык кажушок», «Побач з татам», «Тры чарадзеі», «Вавёрчына хатка», «Дзіўныя «блізняты». Дзеці для Міхася Паўлавіча невычэрпная крыніца натхнення. «Таму больш пішу для дзяцей, – гаворыць ён, – каб на душы было святлей, каб дарыць ім хоць часцінку таго, што яны дораць мне». Вершы, казкі, небыліцы, загадкі і шмат іншага для маленькіх чытачоў прадстаўлены на кніжнай выставе «Хто нам казку лепш раскажа?».
Ёсць людзі, якіх гады мяняюць да непазнавальнасці. Усё ў іх – аблічча, пастава, выраз твару, голас – становіцца не такім, як у маладыя гады. Разам з тым ведаю многіх, пра каго можна сказаць: змаглі захаваць у сабе сябе, нягледзячы на пэўную шліфоўку часам. Маладжавы бляск вачэй, тая самая дзіцячая ўсмешка, паводзіны не дазваляюць прымаць іх за кагосьці іншага…
Сённяшнюю нашу госцю – жыхарку райцэнтра, дырэктара сацыяльна-педагагічнага цэнтра, эфектную жанчыну Святлану Іванаўну МУЧЫНСКУЮ, як нікога, неабходна прылічыць менавіта да другой групы.
На Валожыншчыне яе ведаюць як вопытнага кіраўніка, цудоўную жонку, адданую маці. Хоць у гэта цяжка паверыць, але яна ўжо бабуля. Я ж помню Светачку Ліштван маленькай першакласніцай у белым фартушку і са стужкамі ў косах. Погляд яе выразных блакітных вачэй і зараз нагадвае той дарагі для мяне час, калі дрэвы былі вялікімі…
– Дарагая Святлана, мы – аднакласніцы. Улічваючы восем сумесных гадоў у знакамітай Узбалацкай школе, якая зблізілі нас на ўсё жыццё, першы раз дазволю сабе правесці інтэрв’ю, звятраючыся да суразмоўцы на “ты”. Не супраць?
– Валянціна, наша з табой “выканне” напэўна б насмяшыла многіх.
– Што ж, пачнём з самага пачатку. Як і пад уплывам чаго фарміраваўся характар бялявай дзяўчынкі з Дайнавы?
– Дзяцінства было па-сапраўднаму шчаслівым. Сям’я – дружная, хоць у пэўным сэнсе і не зусім звычайная. Бацькі, калі я нарадзілася, мелі дзвюх дарослых дачок, таму па ўзросце для мяне маглі б быць дзядулем і бабуляй. З позняга дзіцяці яны літаральна пылінкі здзьмухвалі. Старэйшая сястра Ніна ўспрымалася хутчэй цёткай, а сярэдняя Ліля – усё жыццё і за матулю, і за сястру, і за самую лепшую ў свеце сяброўку. Муж яе Міша замяніў брата, якога ніколі не мела.
Бацька пайшоў з жыцця рана, я вучылася тады ў 6-м класе. Маці змагла ўбачыць сваю малую амаль дарослай, паспела нават замуж аддаць, але і яе таксама даўно няма, як і старэйшай сястры. Родныя людзі падарылі адчуванне ўласнай патрэбнасці. Гэта першае і галоўнае, што аказала магутнае ўздзеянне на мяне як на асобу. Другое – наша з табой родная школа, яе проста фантастычны педагагічны калектыў, які некалькі дзесяцігоддзяў узначальвала лепшы педагог у свеце Галіна Васільеўна Кароль. Ты ж памятаеш, у якіх спрыяльных умовах мы вучыліся. Сама школа – панаванне эстэтыкі і рацыянальнасці, а настаўнікі… Кожны – сапраўдны прафесіянал і выключны інтэлігент, чый знешні выгляд нагадваў нам зорак савецкага кіно. Элегантнасць і густ, строгасць і дабрыня, працавітасць і крэактыў… Усё гэта пра іх, і ў першую чаргу пра кіраўніка, якая ўмела даваць веды, арганізоўваць, дамаўляцца, маляваць, пісаць сцэнарыі і ўвасабляць іх у жыццё ў выглядзе мерапрыемстваў так, што мы мелі магчымасць адчуваць сябе таленавітымі артыстамі. Такіх навагодніх ранішнікаў, вечароў, піянерскіх збораў, тэматычных вусных часопісаў я больш ніколі ў жыцці не бачыла. Працаваць нас таксама вучылі ад душы. Не забылася пра школьны неабсяжны вопытны ўчастак? Мы ж нават бульбу ў калгасе ўбіралі, пачынаючы з 4 класа! Зараз дзяцей ні за што б не накіравалі на нарыхтоўку галінкавага корму ці на збор шышак зімой. А нас заўсёды лічылі дарослымі, давяралі, і мы нікога не падводзілі.
– Згодна з табой, Святлана. Скажы, родная вёска, яе жыхары сыгралі ролю ў тваім сталенні?
– А як жа! Гэта незвычайны куток са сваёй гісторыяй. Ты ж ведаеш, што ў 60-х гадах мінулага стагоддзя вёска згарэла. Пра тое, як яна аднаўлялся дагэтуль ходзяць легенды. Узаемападтрымка, небывалая цярплівасць, працавітасць саміх вяскоўцаў, арганізаванасць і шчыры клопат дзяржаўных службаў дазволілі людзям, што літаральна за гадзіну страці ўсю маёмасць, даволі хутка адбудаваць дамы і, што называецца, па-новаму разжыцца. Магчыма агульная бяда зрабіла дайноўцаў, у тым ліку і маіх бацькоў, надзвычай спагадлівымі людзьмі, пазбаўленымі зайдрасці і злосці…
– Наколькі я ведаю, асновай твайго дома ў Валожыне стала бацькоўская хата…
– Так, і я бясконца рада, што ў свой час прыняла такое рашэнне. Думаю, мне было б цяжка пераступаць родны парог, за якім – ніводнай жывой душы. А так… Усё працягваецца.
– Яшчэ ў школе ты трызніла педагагічнай дзейнасцю…
– Ніколі не ўяўляла сябе ў якойсьці іншай іпастасі. Некалькі разоў мяняла месца работы (ліцэй, СШ № 2), але педагагічнай справе не здраджвала. Дарэчы, я нават паспела папрацаваць у школе, якую лічу сваёй. Спачатку ўспрымала той факт, як выпрабаванне. Паспрабаваць стаць адной з тых, каго бязмежна паважаеш, з каго прывыкла браць прыклад, няпроста. Але гэты вопыт – самы каштоўны за ўсё жыццё.
– У якасці кіраўніка апіраешся на вопыт Галіны Васільеўны?
– Паўтарыць яе стыль немагчыма ні ў чым. Да таго ж я – зусім іншы чалавек. Але шчыра прызнаюся, пэўныя прынцыпы ў службовай дзейнасці – ад любімага дырэктара. Напрыклад, у адносінах да падначаленых стараюся заставацца патрабавальнай, пры гэтым раблю ўсё магчымае, каб кожны з іх меў упэўненасць, што ніколі не паступлю неспаравядліва, а ў цяжкую хвіліну зразумею і падтрымаю. Дарэчы, за ўвесь час, што ўзначальваю калектыў СПЦ, у нас звольніліся лічаныя людзі. Мы – добра зладжаная каманда, што дапамагае дзецям са складаным лёсам.
– На мой погляд, ты – самы аптымальны варыянт вобразу сучаснай жанчыны, якой удаецца паспяхова спалучаць прафесійную дзейнасць і сям’ю.
– Для мяне гэта прынцыпова, таму праз гады імкнуся да падобнага балансу. Безумоўна, муж Аляксандр, з якім разам ужо 30 гадоў, дачушка Кацярына і сын (таксама Аляксандр) заўсёды на першым месцы. Да таго ж зараз наша сямейнае кола пашырылася. Маю нявестку, зяця і ўнука Мішу. А яшчэ мы вельмі блізкія са сваякамі. Калі пад нашым дахам збіраюцца госці, гэта шчырая, гаманкая кампанія.
– Любіш святы?
– А як жа! Асабліва тыя, што з’яўляюцца традыцыйнымі. Яны, як нішто, умацоўваюць сямейныя адносіны. Калісьці мая матуля, яе браты і сёстры з сем’ямі кожную нядзелю наведвалі сваю маці. Так было заведзена. Родныя людзі цанілі нават імгненне, праведзенае разам. Іх сустрэчы станавіліся і творчай рэалізацыяй (усе спявалі, танцавалі, расказвалі байкі), і рэлаксам, і сапраўднымі нарадамі, падчас якіх вырашаліся многія сямейныя пытанні. Зараз жыццё больш імклівае, таму не магу сказаць, што мае дзеці наведваюць бацькоўскае гняздо таксама часта. Затое кожны іх прыезддля нас з мужам – падзея. На шчасце, сучасныя тэхнічныя сродкі дазваляюць пастаянна быць на сувязі, не зважаючы на адлегласць.
– Света, ты такая жаноцкая, дагледжаная, маеш уласны стыль… Магчыма падзелішся нейкімі сакрэтамі ў сэнсе здаровага ладу жыцця, выкарыстання касметычных сродкаў?
– Не выдумляй! Якія сакрэты? Нічога надзвычайнага. Проста паважаю сябе і тых, хто побач. Ганаруся статусам бабулі, але выглядаць хачу прыстойна. А стыль… Вось ты аддаеш перавагу спартыўнаму, я ж так не магу. Адчуваю сябе ўпэўнена толькі ў падкрэслена жаноцкіх уборах і абавязкова на абцасах. На дыетах не сяджу, спортам асабліва ніколі не захаплялася. І ўсё ж басейн наведваю часта, стараюся рабіць пэўныя практыкаванні. Ды і ў сэнсе харчавання разумею неабходнасць устанаўліваць некаторыя абмежаванні.
– Маеш хобі?
– У гэтым кірунку я – чалавек не цікавы. Не спяваю, не малюю, дэкаратыўна-пракладнымі відамі мастацтва не займаюся. Работа, дом, прысядзібны ўчастак, трошкі тэлебачання і Інтэрнэту, любімыя Булгакаў ці Чэхаў перад сном... Калі плануецца прыезд нашчадкаў, пачынаючы з сярэдзіны тыдня, рыхтую прысмакі. Якія яшчэ могуць быць захапленні?
– Як лічыш, у нашы гады марыць не сорамна?
– Сорамна не марыць. На шчасце, ніколі не была асаблівым летуценнікам, таму мае спадзяванні рэалістычныя, як кажуць, жыццёвыя. Мару, каб усе былі здаровымі, каб добра працавалася, каб зарплаты хапала і на неабходнае, і на адпачынак, і на падарункі сваякам. Ведаеш, я не вельмі рэлігійная, але галоўнае, аб чым малюся кожны дзень, каб на маёй зямлі не было вайны.
– Пажадаеш што-небудзь чытачам “Працоўнай славы”?
– Абавязкова. Беражыце сябе! Шануйце сям’ю, дружбу і каханне. Не здраджвайце тым, хто вас любіць, і… працуйце з душой.
– Святлана! Наша гутарка падарыла мне сапраўднае задавальненне. Дзякуй табе!
– І табе дзякуй. Размова са школьнай сяброўкай – быццам непрацяглы візіт ва ўласнае дзяцінства.
У аўторак член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, намеснік старшыні пастаяннай камісіі па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні, генеральны дырэктар ААТ “Агракамбінат “Дзяржынскі” Уладзімір Міхайлавіч ЛУК’ЯНАЎ правёў асабісты прыём грамадзян у Валожынскім сельвыканкаме. Жыхары звярнуліся да сенатара з пытаннямі аб добраўпарадкаванні сельскіх населеных пунктаў, расчысткі дарог ад снегу.
Аналіз работы са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб, а таксама выканання адміністрацыйных працэдур па заяўным прынцыпе “адно акно” ў сельвыканкаме сведчыць, што па ўсіх пытаннях жыццядзейнасці насельніцтва мясцовай уладай прымаюцца канкрэтныя меры, у тым ліку з прыцягненнем розных профільных службаў, зацікаўленых у іх вырашэнні.
Таксама адбылася сустрэча са старшынёй райвыканкама Яўгенам Міхайлавічам Круковічам, падчас якой былі агучаны ініцыятывы, што закранаюць розныя аспекты жыцця рэгіёну.

Напярэдадні святкавання Новага года ў Валожынскім раёне быў абвешчаны конкурс “Навагодні дызайн МНС”, удзельнікам якога выратавальнікі прапаноўвалі ўпрыгожыць да свята свае прыдамавыя тэрыторыі, кватэры і вокны ў стылі МНС.




Для стварэння цэласнасці і паўнаты карціны дапускалася выкарыстанне любых тэматычных элементаў, упрыгожанняў і атрыбутаў. Старанні канкурсантаў былі высока ацэнены членамі журы.
Асаблівым творчым падыходам і карпатлівасцю ўразіла праца Васіля Альбертавіча і Таццяны Мікалаеўны Варапаевых з гарадскога пасёлка Івянец. На іх участку, акрамя традыцыйных навагодніх упрыгажэнняў, з’явілася бліскучая пажарная машына з нумарам 112, эмблема МНС і пажаданне ўсім “Бяспечнага Новага года!”. У святочныя дні міма іх домаўладання проста так прайсці або праехаць было немагчыма, хацелася спыніцца і хоць на хвіліну акунуцца ў чароўную казку. Менавіта гэта сям’я заслужана стала пераможцай у намінацыі “Навагодняе афармленне прысядзібнага ўчастка”, а пасля заняла 2-е месца на абласным этапе конкурсу.




У намінацыі “Навагодні дэкор вокнаў” лепшай у раёне журы прызнала Таццяну Мікалаеўну Барадака з Валожына,



а ў “Навагоднім афармленні кватэры ў стылі МНС” – Алу Віктараўну Сівец з аграгарадка Гародзькі.
Праца з дзецьмі і падлеткамі з’яўляецца прыярытэтным напрамкам для супрацоўнікаў МНС і работнікаў культуры. За апошнія некалькі гадоў ДУК Івянецкі Дом культуры правёў шэраг сумесных мерапрыемстваў з РАНС.
28 студзеня 2021 года скарбонка сумесных мерапрыемстваў папоўнілася чарговай сустрэчай ў рамках рэспубліканскай акцыі “Бяспека ў кожны дом”. Яе ўдзельнікамі сталі вучні начальных класаў, якія наведваюць дом культуры і школу мастацтваў ім. К.Паплаўскага. Прапаршчыкам РАНС Бібікам Яўгеніям Браніслававічам была праведзена віктарына, удзельнікі якой атрымалі падарункі ў выглядзе нагляднага дапаможніка па правілам бяспекі.
Такім чынам, праведзеная акцыя ў чарговы раз паказала, што заручыўшыся падтрымкай дзяцей і падлеткаў,супрацоўнікі Дома культуры і МНС, могуць быць ўпэўнены ў тым, што маленькія грамадзяне Рэспублікі Беларусь будуць выконваць рэкамендацыі і патрабаванні па правілах бяспекі.
Матэрыял падрыхтаваны ДУК Івянецкі Дом культуры.