Адрас:

222357, г. Валожын, пл. Свабоды, 2

Тэлефон прыёмнай:

+375 (1772) 5-55-72

Рэжым работы:

з 8.30 да 13.00 і з 14.00 да 17.30 па буднях

гарачая лінія: +375 (1772) 5-55-72

Соб. инф.

Соб. инф.

Аўторак, 31 Сакавік 2020 12:20

Не пашкодзіць лішні раз напомніць

Напярэдадні вясенніх канікулаў у цэнтры творчасці дзяцей і моладзі ў Валожыне прайшло карыснае мерапрыемства – “Хвілінка бяспекі”. На яго запрасілі выхаванцаў, якія наведваюць аб’яднанні па інтарэсах, а таксама супрацоўніка аддзялення ДАІ Вадзіма Пасеку.

Падрыхтавалі гэту “хвілінку” юныя інспектары дарожнага руху з аб’яднання па інтарэсах “Бяспечны свет дзяцінства”, якім кіруе Людміла Дзмітрыеўна Лысенка. Прысутным паказалі цікавы відэаролік “Дарога ў школу”, зняты ў Валожыне. Школьнікам напомнілі Правілы дарожнага руху, правілы язды на веласіпедзе. Самім дзецям здаецца, што яны ўсё ведаюць. Але ніколі не пашкодзіць лішні раз асвяжыць веды, каб пры пераходзе дарогі, пры катанні на веласіпедах не трапіць у непрыемнае становішча, якое можа пагражаць жыццю. Таксама былі задзейнічаны настольныя гульні. Падчас гульні дзеці вырашалі самыя розныя сітуацыі, у якіх могуць апынуцца.

Прынятыя меры папярэдзяць бяду. Няхай жа канікулы пройдуць без непрадбачаных сітуацый на дарозе, не прынясуць непрыемнасцей самім школьнікам і іх бацькам!

Аўторак, 31 Сакавік 2020 12:17

Валожын абудзіў яго душу…

На філфаку БДУ напрыканцы ХХ стагоддзя выкладалі шмат рознай літаратуры: айчыннай, замежнай, антычнай, сучаснай… Карацей, імкнуліся абняць неабдымнае. Але многія славутыя імёны былі пад забаронай. У прыватнасці, ніколі не ўзгадваўся паэт і празаік Хаім Нахман Бялік, які ўнёс бясцэнны ўклад у развіццё яўрэйскай мастацкай славеснасці. Яго нярэдка называюць яўрэйскім Пушкіным. Хаім Бялік сваёй творчасцю даказаў, што на іўрыце можна не толькі тэалагічныя тэксты пісаць, але і перадаваць душэўныя пачуцці чалавека. Сёння ў Ізраілі кожны горад мае вуліцу імя Хаіма Бяліка, яго памяць ушанавана ў Берліне, Адэсе, Жытоміры, у буйных еўрапейскіх гарадах ёсць музеі, прысвечаныя гэтаму чалавеку. Прыйшоў час і Валожыну аддаць даніну павагі сусветнаму класіку, бо менавіта ў Валожыне ён адчуў у сабе патрэбу пісаць, тут сфарміраваўся яго светапогляд, тут з-пад яго пяра нараджаліся першыя вершы…

Імя Хаіма Бяліка, яго біяграфія не былі сакрэтам для супрацоўнікаў раённага краязнаўчага музея. Расказваючы пра валожынскую іешыву, яны абавязкова ўспаміналі 37 знакамітых рабінаў, якія яе скончылі, і не забываліся пра паэта і пісьменніка Хаіма Бяліка. У мінулым годзе гісторык, публіцыст, культуролаг, доктар гуманітарных навук Алесь Белы арганізаваў у музеі невялічкую экспазіцыю выцінанак па творах Хаіма Бяліка, прывёз для азнаямлення зборнік паэта ў перакладзе на беларускую мову, запісы песень на яго тэксты. У выніку – узнікла ідэя данесці валожынцам як мага больш звестак пра класіка яўрэйскай літаратуры.

13 сакавіка ў раённым краязнаўчым музеі адбылося ўрачыстае адкрыццё выставы, прысвечанай жыццю і творчасці Хаіма Нахман Бяліка. Сярод гасцей былі прафесар кафедры гісторыі і тэорыі мастацтваў Беларускай акадэміі мастацтваў Яўген Феліксавіч Шунейка, мастацтвазнавец, аспірант Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, жывапісец Глорыя Маркаўна Ран, член Беларускага саюза мастакоў, архітэктар, дызайнер Фёдар Сяргеевіч Ладуцька. Раённую ўладу прадстаўляў начальнік упраўлення па ідэалогіі, культуры і справах моладзі Вікенцій Мікалаевіч Адамовіч. Ён, у прыватнасці, зазначыў, што для Валожына вялікі гонар – мець у сваёй гісторыі старонку, злучаную з такім вядомым чалавекам. Гэта патрабуе ад нас, сучаснікаў, паклапаціцца пра ўстаноўку памятнага знака ці дошкі на гары Бяліка (так студэнты іешывы называлі гару, куды сямнаццацігадовы Хаім хадзіў любавацца Валожынам, зараз тут размяшчаецца сельскагаспадарчы ліцэй). Імя Хаіма Бяліка трэба ўвекавечыць: праз наш горад пралягае шмат турыстычных маршрутаў, і яшчэ адзін аб’ект толькі паспрыяе прытоку зацікаўленых людзей. Не лішнім было б і адну з вуліц у райцэнтры назваць імем знакамітага паэта.

Адзначу, што ўсе сабраныя аднадушна пагадзіліся з такімі прапановамі. А выстава і сапраўды вартая таго, каб з ёй пазнаёміцца. Зараз, калі масавыя мерапрыемствы лепш абыходзіць бокам, наведайце раённы краязнаўчы музей. Яго супрацоўнікі паклапаціліся пра мультымедыйную ўстаноўку. Вы можаце застацца сам-насам з экспанатамі, а на экране тэлевізара прачытаць цікавыя звесткі пра Хаіма Бяліка, паглядзець унікальную падборку фатаграфій. У выставачнай зале ёсць бюст паэта – гэта першая скульптурная выява Бяліка ў Беларусі. Не пазбаўлена ўнікальнасці і жывапіснае пано Яўгена Шунейкі, на якім мастак паяднаў тэматыку аднаго з вершаў паэта і яго вобраз, нашу Беларусь і далёкую Палесціну. Не застанецеся раўнадушнымі і ад падборкі маляўнічых палоцен, зробленых аўтарамі розных узростаў, прыхільнікамі разнастайнай тэхнікі жывапісу. А песні і вершы на іўрыце, запісаныя на магнітафон, дапоўняць карціну, акунуць у далёкую, зніклую, але такую непаўторную эпоху. Эпоху, калі людзі імкнуліся да высокіх мэт.

Такім, дарэчы, быў і Хаім Бялік. Нарадзіўся ён на Валыншчыне, непадалёку Жытоміра, у беднай яўрэйскай сям’і. Бацькі яго рана памерлі, а дзядуля, адчуваючы, што не спраўляецца з энергічным падлеткам, вырашыў аддаць яго на вучобу ў валожынскую іешыву. Ведаў стары, што тут панавала жалезная дысцыпліна для такіх непакорных юнакоў! Хаім не вельмі гарэў жаданнем вывучаць тэалогію, але спакусіўся магчымасцю вывучэння моў, якіх, як яму казалі, у Валожыне выкладалі аж 72.

За два гады вучобы ў іешыве рэлігійнасці ў Хаіма не прыбавілася, ён сумаваў па радзіме, любіў адзіноту і зайздросціў птушкам, якія маглі паляцець, куды глядзяць вочы. І першы свой верш ён прысвячае ластаўцы: «О, цудоўная птушка, ты вярнулася на сваю радзіму праз далёкую і даўно страчаную маю. Скажы мне, як яна там жыве гэты доўгі час, без мяне і ўсіх нас?» Згодна з паданнем, гэта напісана сямнаццацігадовым Хаімам цёплым красавіцкім днём пасля працяглай халоднай зімы. Праз год верш будзе надрукаваны ў Адэсе. У 1921-м Беларусь зноў адыграе ў лёсе Бяліка немалую ролю – ён атрымае грамадзянства Беларускай Народнай Рэспублікі, потым гэта дапаможа яму эмігрыраваць у Еўропу.

Біяграфія Хаіма Бяліка насычаная і захапляльная. Ён зведаў голад, пакутаваў ад непрызнання, а ў 1904 годзе стаў пры жыцці прызнаным класікам за паэму “Сказанне аб пагроме”.

Штогод у Ізраілі прысуджаецца літаратурная прэмія імя Бяліка. З 1968 года на банкноце вартасцю 10 лір друкуецца яго партрэт.

Аўторак, 31 Сакавік 2020 12:11

Пра што марыў Стары Улас?

У Валожыне шмат гістарычных мясцін – палацава-паркавы ансамбль Тышкевічаў, касцёл Святога Юзафа, царква святых Канстанціна і Алены… Аднак ёсць на карце горада яшчэ адно месца, куды варта зазірнуць цікаўнаму вандроўніку. На доме № 49, што па вуліцы Савецкай, здалёк заўважаеш памятную дошку, а на ёй наступныя словы: “У гэтым доме да 1914 года жыў вядомы беларускі збіральнік фальклору, паэт і публіцыст Стары Улас (Уладзіслаў Пятровіч Сівы-Сівіцкі)”.

Пра Старога Уласа маюцца звесткі ў “Беларускай энцыклапедыі”. Янка Купала хацеў быць рэдактарам яго кнігі. Фенамен паэта-самародка высока ацэньваў Максім Багдановіч. Максім Гарэцкі ў газеце “Наша ніва” пісаў: “Яго творы каштоўныя для нас і арыгінальныя тым, што паказваюць, як стварае сам народ”.

У сакавіку ў жыхароў Валожыншчыны, як і ў кожнага беларуса, ёсць нагода, каб успомніць пра славутага земляка – адзначаецца 155-годдзе з дня яго нараджэння.

Уладзіслаў Пятровіч нарадзіўся 10 (23) сакавіка 1865 года ў Віленскай губерні ў сям’і выхадцаў з валожынскіх сялян – Пятра (кухара графа Тышкевіча) і Людвікі. Іх сын рана застаўся сіратой. Працаваў на графскай кухні. Як старанны работнік быў заўважаны Міхаілам Тышкевічам і прызначаны аб’ездчыкам лясных угоддзяў, а затым і ляснічым. За шматгадовую службу Уладзіслаў Сівы-Сівіцкі атрымаў ад графа надзел у вёсцы Шашальгішкі, дзе пабудаваў сабе другі дом, той, што ў Валожыне, пакінуў дзецям.

Расказаць вам без падману –

Праслужыў я век свой пану.

Дык за то панічка той

Наградзіў мяне зямлёй.

Герард Сівіцкі – унук паэта. Ён нават нарадзіўся ў тым самым доме, што па вуліцы Савецкай, тады, калі дзед яшчэ быў жывы, але памятае славутага продка дрэнна. У 1939 годзе, калі Стары Улас памёр, малому было толькі чатыры гады. Са слоў бабулі Антаніны ведае, што продак быў добрым, справядлівым, міласэрным, заўсёды заступаўся перад графам за сялян. Ён добра ведаў жыццё простых людзей, разумеў іх чалавечую годнасць. Вельмі цаніў у земляках тое, што Янка Купала фармуляваў як “людзьмі звацца”. Дарэчы, у сям’і Сівіцкіх да гэтага часу захоўваецца паданне, быццам менавіта дзядуля пазнаёміў песняра з яго нарачонай – Уладзіславай Станкевіч.

Пры жыцці Старога Уласа яго творы асобнай кнігай не выдаваліся – публікаваліся ў календарах і газетах. Адкрыў паэта ў 1990 годзе беларускі крытык і літаратуразнавец Вячаслаў Рагойша. Каб кніга “Год беларуса” ўбачыла свет, доктару філалагічных навук давялося доўга працаваць у бібліятэчных архівах Беларусі, Літвы і Польшчы.

У. Сівы-Сівіцкі быў сапраўдным патрыётам. Вядома, што нават адмовіўся атрымліваць польскі пашпарт (калі тэрыторыя ўваходзіла ў склад Польшчы), пакуль у дакуменце не зрабілі запіс пра тое, што ён беларус. А яшчэ пры царскай уладзе на ўласныя сродкі адкрыў школу, у якой навучанне вялося на роднай мове. Пры гэтым ён ніколі не ўдзельнічаў у рабоце тайных таварыстваў, проста любіў свой народ і яго мову. А марыў пра адно:

Каб пасля смерці ды свае косці

У беларускай злажыць зямлі…

У зборніку “Пісьменнікі Беларусі” гаворыцца пра тое, што пісаць Стары Улас пачаў пад уплывам газеты “Наша доля”. Але Герард Сівіцкі ўпэўнены: таму, што закахаўся ў пані Вайцяхоўскую – сваю будучую жонку. Нездарма яго першыя вершы з’явіліся ў 1892 годзе. А затым было вяселле…

Натхнялі на творчасць паэта родная прырода, сялянская праца, фальклор, побыт і нават норавы сучаснікаў. Напрыклад, выклікае ўсмешку верш “Мода”, у якім высмейваецца новаўвядзенне таго часу – галенне галавы і вусоў. Таму паэт дапускае:

Пагалоскі ж ёсць таковы,

Што і бабы ўжо гатовы

Будуць скора ўсё галіць.

Што ж, і гэта можа быць!..

Стары Улас выступаў і як журналіст – бічаваў чалавечыя недахопы. “Морам ліецца ў нас гарэлка, і нашы сяляне так абласаваліся ёй, што іншыя дзеля яе пад прысягай сведчыць несправядліва ідуць. Ой, ці не пара было б апомніцца?” – усклікае ён у артыкуле “П’юць, п’юць, душу прадаюць”.

Зараз, калі творцы даўно няма ў жывых, выдаюцца яго кнігі, літаратуразнаўцы пішуць пра яго навуковыя працы, яго імя – у энцыклапедыях і даведніках. Ці марыў пра такое паэт-самародак? У вершы “Апошняе жаданне” ён усяго толькі прасіў:

Толькі пастаўце крыж дубовы

Мне на магілцы, прашу я вас,

А на крыжы напішыце словы:

“Тут пахаваны Стары Улас”.

Памёр У. Сівы-Сівіцкі 30 верасня 1939 года ў перыяд аб’яднання Заходняй Беларусі з Усходняй. Пахаваны на вясковых могілках у вёсцы Сужаны (сёння – Літва).

Герард Сівіцкі не толькі ганарыцца сваім славутым дзедам, але і старанна захоўвае памяць аб ім. Яго нашчадкам таксама ёсць чым ганарыцца. Пасля заканчэння з адзнакай школы міліцыі ён прайшоў няпросты шлях ад лейтэнанта да генерала. У лёсе сваякоў шмат паралеляў. Дзед ганяўся за браканьерамі, унук змагаўся з парушальнікамі закону. Дзед дапамагаў простым людзям, і ўнуку давялося паслужыць свайму народу, у тым ліку і ў якасці дэпутата Вярхоўнага Савета 12-га склікання. Але галоўным для абаіх былі і застаюцца павага ад землякоў і іх добрая памяць.

Аўторак, 31 Сакавік 2020 12:07

Паэзія як музыка душы

Да Сусветнага дня паэзіі ў цэнтральнай раённай бібліятэцы была праведзена літаратурная гасцёўня “Душы распеўнасць і крылатасць”, куды завіталі члены народнага літаратурна-мастацкага аб’яднання “Рунь” і проста неабыякавыя да мастацкага слова людзі.

Вядучая мерапрыемства адзначыла, што вершаваныя радкі, якія нараджаюцца ў таямніцах душы песняра, абуджаюць, даюць сілу, веру ў сапраўднае і непрадказуемае. Яны дапамагаюць адчуваць бясконцую любоў да жыцця і могуць стаць адказам на самыя глыбокія пытанні сучаснага чалавека. А для гэтага неабходна прыцягнуць да паэзіі як мага шырэйшую грамадскую ўвагу.

Сустрэча прайшла ў цёплай сяброўскай атмасферы. Кіраўнік народнага літаратурна-мастацкага аб’яднання “Рунь”, член Саюза пісьменнікаў Беларусі, Саюза пісьменікаў Саюзнай дзяржавы Валянціна Гіруць-Русакевіч павіншавала прысутных са святам і адзначыла, што яно ўсеагульнае, бо датычыцца і тых, хто піша, і хто чытае, любіць паэзію. Яна прадэкламавала прысутным свае новыя вершы, у тым ліку першую частку твора “Малая радзіма” “Вёска”.

Таленавітая дачка Валожынскай зямлі, настаўніца па адукацыі, удзельніца “Руні” Галіна Гражынская пачытала ўласныя добрыя, прачулыя вершы пра беларускую мову, родны горад, людзей, каханне і прыроду. Светлыя, прыгожыя творы прапанавала ўвазе слухачоў і Надзея Агіевіч.

Прысутныя на мерапрыемстве таксама з’явілі жаданне пачытаць любімыя паэтычныя радкі. Узвышана і натхнёна прагучаў верш Ніла Гілевіча “Край мой беларускі”, напоўнены любоўю да мілых сэрцу мясцін. Дэкламаваліся таксама творы нашых таленавітых землякоў Марыі Шакун, Міхася Курылы, Дзмітрыя Краскоўскага і інш.

Усім, хто завітаў у той дзень у бібліятэку, цікава было пазнаёміцца з выставай зборнікаў творцаў заложыншчыны “Паэзія як музыка душы”, якую арганізавалі работнікі ўстановы.

Аўторак, 31 Сакавік 2020 12:04

Кіпіць работа на аб’екце

Менавіта так можна ахарактарызаваць ход узвядзення будынка Івянецкага дзіцячага цэнтра развіцця дзіцяці.

Пятніца. 13 гадзін. Чарговая нарада зацікаўленых службаў праходзіць у бытавым памяшканні. Аднак, нягледзячы на часовае прызначэнне, усё тут зроблена па-гаспадарску акуратна – і гэта адразу кідаецца ў вочы. Сур’ёзны аб’ект, сур’ёзныя выдаткі, такія ж і адносіны да ўчастка працы. А вось што датычыцца самой будоўлі – то тут работа “кіпіць” у літаральным сэнсе слова. І праз месяц часу з апошняга нашага наведвання, калі толькі закладваліся першыя цаглінкі, зараз ужо вядзецца мураванне другога паверха. Аб тым, што зроблена амаль за пяць тыдняў, расказаў дырэктар філіяла “ПМК-17” ААТ “Палессежылбуд” Уладзімір ВАЛЧОК:

– Практычна завершаны першы паверх перакрыццяў, выйшлі на другі паверх. Заліваецца чаша басейна. Вядуцца работы па майстраванні ўваходаў ганкаў і пандусаў. Пачалі ўстаноўку аконных блокаў па перыметры будынка на першым паверсе. На завяршальнай стадыі знаходзіцца пракладка вонкавых сетак і камунікацый: водаправод і каналізацыя зроблены поўнасцю, ідзе будаўніцтва сетак сувязі.

У красавіку распачнём добраўпарадкаванне тэрыторыі: спачатку зробім вертыкальную планіроўку – падсыпку грунту на ўсёй плошчы будоўлі і ўпарадкаванне вуліцы ўздоўж прыватных дамоў. Таксама ў наступным месяцы будуць манціравацца кацельная, газаразмеркавальная станцыя, пажарныя ёмістасці.

Работы вядуцца згодна з графікам. Сродкі, выдаткаваныя на сакавік, асвоены поўнасцю. Атрымалі неабходныя сумы на набыццё цэглы і жалезабетонных перакрыццяў у красавіку. На будоўлі заняты 9 адзінак тэхнікі, працуе 81 чалавек.

Пятніца, 27 Сакавік 2020 12:47

Экзамен вытрымалі дастойна

25 сакавіка пацвердзілі свае ганаровыя найменні народнае літаратурна-мастацкае аб’яднанне “Рунь” (кіраўнік Валянціна Русакевіч), узорны клуб “Грацыя” (кіраўнік Аляксандр Бардылеў) Валожынскага РЦК і народны агітацыйна-харэаграфічны ансамбль “Журавінка” (кіраўнікі Таццяна Аляшэвіч і Станіслаў Бурачэўскі) Івянецкага дома культуры, якія выступалі ў адной канцэртнай праграме, прысвечанай Году малой радзімы і 75-годдзю Вялікай Перамогі.

Творы ўдзельнікаў “Руні”, членаў СПБ Дзмітрыя Краскоўскага, Марыі Шакун, Яўгена Зялкоўскага, Зінаіды Гасціловіч, Валянціны Гіруць-Русакевіч гучалі падчас мерапрыемства як у аўтарскім выкананні, так і ў выкананні вядучых і салістаў РЦК (песні). Годна ўліліся ў канцэртную праграму вершы рунеўцаў Ганны Канановіч, Аляксандра Кулака, Людмілы Садоўскай, песня Галіны Філяноўскай. Дастойна паказалі свае творчыя набыткі “Грацыя”, дзяўчаты якой прадэмастравалі чатыры прыгожыя калекцыі адзення, і “Журавінка” сваімі пастановачнымі нумарамі, танцам і песнямі.

Нямала ўхвальна-падзячных слоў, слоў падтрымкі і парады пачулі кіраўнікі названых калектываў у гэты дзень ад прадстаўнікоў камісіі з Мінскага абласнога цэнтра народнай творчасці на чале з дырэктарам гэтай установы Ірынай Рышардаўнай Пазняк.

Перасоўная выстава «Жыццё ў Слове» прымеркавана да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання.

Яна ахоплівае гісторыю беларускага кнігадрукавання з XVI па XXI ст. Паказаны матэрыялы, якія ў пэўнай ступені сталі сімвалам сваёй эпохі.

Паказаны такія важныя падзеі як І Суветная і ІІ Сусветная войны, у якія былі ўцягнуты дзясяткі краін свету. Трагічныя падзеі ХХ стагоддзя знайшлі сваё адлюстраванне ў літаратуры як дакументальнай, так і мастацкай. Ёсць магчымасць гаварыць не толькі пра беларускую літаратуру, але і сусветную, параўнаць погляды людзей розных нацый, розных дзяржаў на адну і тую ж падзею. Што аб’ядноўвае нас у гэтым свеце, якія ў нас агульныя памкненні? Літаратура дае магчымасць адказаць на гэтыя пытанні. Мы жывём усе разам на гэтай зямлі і ад кожнага залежыць, што адбываецца навокал.

Выстава пачынаецца з Бібліі Францыска Скарыны, з першай на ўсходнеславянскіх землях друкаванай кнігі. Завяршаецца таксама Бібліяй – «кнігай кніг» – сучаснымі перакладамі Бібліі на беларускую мову.

На выставе ідзе гаворка і пра такую цікавую з’яву, характэрную для Беларусі і Літвы, як перанос праз мяжу кніг на роднай мове, калі гэта было забаронена ўрадам Расійскай імперыі напрыканцы ХІХ – пачатку ХХ стагоддзяў. Гэтую з’яву адлюстраваў у сваёй навэле выдатны беларускі празаік, паэт, драматург Уладзімір Караткевіч – апавяджанне «Кніганошы»

На выставе змешчаны матэрыялы, якія дазволяць пазнаёміцца з песеннай творчасцю беларускіх паэтаў.

Праблема дзіцячага дарожна-транспартнага траўматызму на сённяшні дзень застаецца актуальнай. На тэрыторыі Мінскай вобласці зарэгістравана павелічэнне колькасці ДТЗ з удзелам дзяцей, так за 2 месяцы 2020 года зарэгістравана 17 дарожна–транспартных здарэнняў з удзелам непаўналетніх, у якіх 18 дзяцей атрымалі раненні, з іх 10 - пешаходаў, 8 - пасажыраў. На тэрыторыі Валожынскага раёна дарожна-транспартных здарэнняў з удзелам пешаходаў не адбылося.

17 сакавіка 2020 гады асабісты прыём грамадзян будзе праводзіць дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь сёмага склікання па Маладзечанскай сельскай выбарчай акрузе № 73 Алег Аляксеевіч Семянчук:

  • з 11.00 да 13.00 у Пяршайскшv сельскім выканаўчым камітэце (fu. Пяршаі, вул. К. Маркса, 20);
  • з 14.00 да 15.00 у Дорскіи сельскім выканаўчым камітэце (аг. Доры).

Папярэдні запіс на прыём 12 сакавіка 2020 гады з 11.00 да 13.00 па тэлефоне 80176-77 04 21

Старонка 528 з 545

Задайте вопрос