На гэтым фотаздымку у цэнтры вясёлы джыгіт - Кіпкееў Курман – Алі Рамазанавіч (Суліко) – чалавек з гераічнай біяграфіяй. Нарадзіўся наш герой у 1920 годзе у Карачаева-Чаркесіі. Перад вайной закончыў гістарычны факультэт Настаўніцкага інстытута ў горадзе Карачаеўску. Некаторы час працаваў настаўнікам гісторыі, а ў 1940 годзе быў прызваны ў рады Чырвонай Арміі, служыў у Брэсце.
Вайну сустрэў у званні старшага палітрука, удзельнічаў у абарончых баях пад Мінскам, Полацкам, Невелем. Быў цяжка паранены, папаў у акружэнне, хаваўся ў Налібоцкай пушчы.
Калі рана зажыла, Курман-Алі стаў наладжваць сувязі з другімі акружэнцамі - камандзірамі і байцамі Чырвонай Арміі. Праз некаторы час яго група аб’ядналася з партызанскім атрадам № 620. Так Кіпкееў стаў партызанам.
У цяжкіх умовах барацьбы з ворагам гартаваўся характар нашага героя. Партызаны любілі Суліко за смеласць і кемлівасць. Спачатку ён ваяваў у партызанскай брыгадзе імя Чкалава, а ў студзені 1944 года Курман – Алі стаў камандзірам партызанскага атрада імя Кірава партызанскай брыгады “За Савецкую Беларусь”.
Шмат гераічных подзвігаў на ліку нашага героя: разгром нямецкага гарнізона ў Гарадку, Пранчэйкаўскі рэйд, засады каля вёсак Свечкі і Пральнікі, бой у Міхайлаўскім лесе.
Калі фашысты праводзілі карную аперацыю супраць партызан, атрад Суліко знаходзіўся ў раёне в. Печышча і ахоўваў аэрадром. Бой быў цяжкі, але партызаны разбілі ворага і дабылі важныя трафеі. Сярод варожых рэчаў вельмі каштоўнай была карта са звесткамі аб наступленні нямецкіх часцей на партызан, якую дабыў Курман Рамазанавіч.
У час баявой аперацыі пад Маладзечнам Курман быў цяжка паранены ў правую нагу. Пачалася гангрэна. Патрэбны былі лекі. Разведчыкі ноччу накіраваліся ў Валожын, дабылі спірт, бінты, неабходныя лекі. Урач прыняў адзінае рашэнне – ампутацыя. Пацыента прывязалі да нараў, далі выпіць спірту і адпілі нагу простай пілой. Кіпкееў вытрымаў мукі. Рэдкай мужнасці быў чалавек. Цяжкапараненага Суліко своечасова адправілі на самалёце ў Маскву, выратавалі ад заражэння крыві. Пасля Курман Рамазанавіч усё жыццё хадзіў на пратэзе.
Яго жонкай стала жыхарка Валожына Людміла Саўчанка. Пасля вайны Курман – Алі Рамазанавіч працаваў у вёсцы Пяршаі дырэктарам мясцовай школы. Тут працавала настаўніцай і жонка Людміла.
У 1957 годзе Курман-Алі вярнуўся на сваю радзіму, стаў рэктарам Карачаева-Чаркескага педагагічнага інстытута, дэпутатам Вярхоўнага Савета РСФСР.



