“Ад нябеснага да зямнога” – так называецца персанальная выстава Васіля Бурава, якая адкрылася 19 сакавіка ў Валожынскім краязнаўчым музеі. На ёй прадстаўлены 37 жывапісных карцін на жыццёвую і філасофскую тэму. Выстава будзе працаваць да 11 мая.
Нарадзіўся мастак у 1962 годзе ў вёсцы Сяргеевічы Пухавіцкага раёна Мінскай вобласці. Пасля школы служыў у Закаўказскай ваеннай акрузе. Затым сям’я пераехала ў Маладзечна. Ужо ў сталым узросце Васіль Бураў паступіў вучыцца на аддзяленне жывапісу і графікі Усесаюзнай народнай акадэміі выяўленчага мастацтва ў Маскве.
Цяжка вызначыць мастацкую плынь, у якой працуе мастак, яго манеру пісьма і тэхніку. Ёсць у яго і трапныя псіхалагічныя пейзажы, ёсць партрэты. Можна акрэсліць агульны накірунак творчых пошукаў такім вымярэннем — духоўны рэалізм.
Пра сваю творчасць мастак так гаворыць: “Карціны я ствараю для сябе. Яны – дзённік, які хаваеш на працягу некалькіх гадоў і баішся каму-небудзь паказаць. А цяпер адважыўся. Я нібыта вырваў з яго некалькі старонак і паказаў людзям.”
Запрашаем наведаць выставу мастака. Упэўнены, што атрымаеце задавальненне!



