У краязнаўчым музеі з 2-га кастрычніка працуе выстава пад назвай “Блажэнная Валянціна Мінская, духоўная заступніца зямлі Мінскай”, прысвечаная жыццю і падвіжніцкай дзейнасці блажэннай Валянціны Мінскай – уражэнкі вёскі Коскі, якая знаходзіцца на тэрыторыі Дзяржынскага раёна.
На экспазіцыі прадстаўлены работы ўдзельнікаў Міжнароднага мастацкага плэнэра “Святасць зямлі Беларускай”. У творах мастакоў з Беларусі, Расіі, Украіны, Малдовы адлюстравана мудрасць Божага тварэння, наша Радзіма, аб якой мы ў мітусні жыцця задумваемся вельмі рэдка. Гэта надзвычай важна: спыніць імгненне, падумаць, праславіць Бога за яго тварэнні, успомніць пра сябе, і можа быць, мы зразумеем, што нешта не зрабілі ў сваім жыцці.
Святая Валянціна Мінская стала першай у нашай краіне жанчынай, прылічанай да ліку блажэнных, і трэццяй ва ўсім праваслаўным свеце.
Сваім прасветленым поглядам Валянціна бачыла свет з яго духоўнага, часам нябачнага для звычайнага чалавека, боку. Яна, часта не пытаючыся, хто і дзеля чаго прыйшоў, давала адказы на нявыказаныя пытанні.
Больш 30 год яна аздараўляла фізічна і духоўна людей, хоць сама была прыкавана да ложка.
Сягоння імя блажэннай Валянціны Мінскай вядома не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі. З усіх куткоў зямлі людзі пішуць лісты ў Свята-Нікольскі храм вёскі Станькава з просьбай памаліцца на месцы упакаення блажэннай.
Запрашаем наведаць выставу ў музеі кожны дзень, акрамя нядзелі. Выстава будзе працаваць да 16 кастрычніка.



