120-годдзе з дня нараджэння класіка беларускай літаратуры, вядомага байкапісца Кандрата Крапівы ў раёне адзначылі конкурсам чытальнікаў. Арганізатарам мерапрыемства выступіла народнае літаратурна-мастацкае аб’яднанне “Рунь” РЦК. Датыкнуцца да прыгожага і падзяліцца сваім бачаннем літаратурных вобразаў выказалі жаданне вучні 9 школ раёна.
Самая вялікая дэлегацыя прыехала з Вішнева. Для таго, каб больш яскрава данесці гледачам аўтарскую думку, хлопчыкі і дзяўчынкі падрыхтавалі выдатныя сцэнічныя касцюмы, дэкарацыі. Байку “Мурашка і Жук” чыталі Яна Бітэль, Анжаліка Сафрановіч, Вераніка Чэрнік і Дзіма Пасека. Іх выступленне сарвала шквал апладысментаў. Юныя артысты не абышлі ўвагай і драматургію Крапівы. Пад кіраўніцтвам настаўніц Т. І. Беланоўскай і М. Я. Конаўкі старшакласнікі з высокім акцёрскім майстэрствам паставілі ўрывак з п’есы “Пяюць жаваранкі”, што адзначыла журы пры падвядзенні вынікаў. А выканаўца адной з галоўных роляў адзінаццацікласніца Крысціна Пятрашка атрымала асабісты Дыплом.
Найбольш нумароў на рахунку прадстаўнікоў Івянецкай школы. Яны таксама не спыніліся толькі на чытанні: прадумалі касцюмы, музычнае афармленне. Аказваецца, сатырычны аўтар не цураўся і лірычнай паэзіі. Марыя Шафарэвіч адшукала ў Кандрата Крапівы верш “Я шаную”, які падмацавала яшчэ і празаічным урыўкам-роздумам. Уразіла гледачоў выступленне Ксеніі Бібік, Іллі Андронава і Дзіяны Чуйко. У байцы “Заява” яны былі пераканаўчымі, запамінальнымі і яркімі артыстамі.
Добра падрыхтаваўся да конкурсу сямікласнік з Пяршайскай школы Мікалай Калясінскі. Хлопчык чытаў байку “Воўк і Гуманіст”. І быў такім мілым пры падачы сур’ёзнага, нават трохі “трагічнага” сюжэту!
Артыстычнымі здольнасцямі не абдзелены канкурсанты з Ракаўскай школы Данііл Жашкевіч і Вікторыя Ефіменка: выдатная дыкцыя, умелая расстаноўка акцэнтаў, адсутнасць прыкмет боязі сцэны.
Вучні з райцэнтра Аляксандр Латышаў, Ангеліна Зялкоўская, Мікіта Князеў і Міраслаў Харук цудоўна ўвасобілі на сцэне адметнасць гумару класіка, вобразнасць верша “Крапіва” і байкі “Сабачая дружба”.
Тры творы з вялікай спадчыны К. Крапівы выбралі чытальнікі з СШ № 2 г. Валожына. Самыя юныя, пяцікласнікі Кірыл Загорскі і Ульяна Смірнова, спыніліся на байцы “Дэкрэт”, шасцікласніца Лідзія Русакевіч аддала перавагу вершу “Кукарэку”, а група васьмікласнікаў прымерала на сябе ролі з байкі “Мурашка і Жук”.
Калі ж на сцэну выйшлі прадстаўнікі СШ № 1 г. Валожына, дэлегацыя з Вішнева аж захвалявалася: “Нашы канкурэнты!” Вучні старэйшай школы райцэнтра таксама “замахнуліся” на драматургію – іх выбар паў на п’есу “Партызаны”.
Не паскупілася прырода адарыць артыстычным талентам і сямікласніка з Багданава Максіма Сініцкага. У яго выкананні добра вядомая байка “Дыпламаваны Баран” выклікала выбухі смеху. Тым інтанацыям, рухам, якія ўдаваліся хлопчыку, навучыць нельга. “З гэтым трэба нарадзіцца!” – прыйшлі да высновы культработнік з РЦК Алена Санюкевіч, член саюза пісьменнікаў Беларусі, паэтка Марыя Шакун, кіраўнік народнага літаратурна-мастацкага аб’яднання “Рунь” Валянціна Гіруць-Русакевіч.
Калісьці Кандрат Крапіва настаўнічаў у нашым раёне, дапамагаў маладому пакаленню пазнаваць свет, выбіраць жыццёвыя сцяжынкі. Сваімі творамі класік зноў побач з юнымі валожынцамі.



