Фотавыстава “Бенедыкт Тышкевіч. Вяртанне да вытокаў” пачне дэманстравацца ў краязнаўчым музеі з 10 лістапада. Выстава арганізавана пры падтрымцы Пасольства Літоўскай Рэспублікі і Пасольства Французскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь.
На выставе экспануецца 26 высакаякасных копій здымкаў першага фотамастака Беларусі Б. Тышкевіча, якія ён здымаў у Вялым і Заходняй Еўропе.
Гісторыя адкрыцця імя Б.Тышкевіча пачалася ў 1993 годзе, калі Музей фатаграфіі імя Нісефора Ньепса (г.Шалон-на-Соне, Францыя) набыў у аднаго з парыжскіх антыквараў альбом з фатаздымкамі XIX стагоддзя. На адваротным баку пазначана месца і дата – маёнтак Вялае, Літва, 1883 год, а таксама імя аўтара – Б. Тышкевіч. Пра такога мастака не чуў ні адзін мастацказнаўца, яго прац не ведаў ні адзін фатограф. Сляды Бенедыкта Тышкевіча прывялі даследчыкаў у Беларусь. Менавіта тут яны даведаліся гісторыю жыцця і творчы лёс беларускага фатографа-мастака, выхадца са знакамітага роду Тышкевічаў.
Бенедыкт Тышкевіч (1852 – 1935 гг.) – першы фатограф-мастак Беларусі. Выхадзец са знатнага беларускага роду Тышкевічаў. Бенедыкт правёў дзяцінства ў маёнтку Чырвоны Двор (недалёка ад сучаснага Каунаса), дзе атрымаў цудоўную дамашнюю адукацыю.
Захапленне фатаграфіяй пачалося пад час шматлікіх круізаў і падарожжаў, адкуль граф прывозіў здымкі экзатычных мясцін, ні на што не падобнай прыроды і партрэты людзей, якія жывуць на розных кантынентах: Афрыка, Індыя, Японія, Егіпет… У Парыжы падарожніка нязменна сустракала любячая і любімая жонка Элізабет, якая падаравала яму траіх дзяцей. Сур’ёзная хвароба абарвала яе жыццё ў 1883 годзе, Элізабет было ўсяго 26 год…
Перажыць такі ўдар Тышкевічу дапамагло яго мастацтва. Ён прыехаў у паляўнічы маёнтак Вялае пад Валожынам. Тут ён па-ранейшаму не выпускаў з рук фотакамеру – здымаў сялян, пейзажы, ствараў пастановачныя замалёўкі і сцэны з жыцця паляўнічых і памешчыкаў. Часам выязджаў на буйныя еўрапейскія выставы.
У яго работах захаваны вобразы эпохі — сяляне і рамеснікі, бытавыя сцэнкі, інтэр'еры вясковых хат і карчмы, стыльных салонаў і будуараў, а таксама партрэты сучаснікаў, у тым ліку дачкі Лізаветы-Марыі.
Б.Тышкевіч быў вельмі адукаваным чалавекам, і яго фотаздымкі — гэта працяг яго захаплення мастацтвам. З аднаго боку, яго работы здаюцца знарочыстымі (наўмыснымі), а з другога — некалькі іранічнымі. Бо аб'ектамі для здымкі выступалі сам граф і яго сям'я, пераапранутыя ў сялянскія касцюмы. Для нас гэтыя фотаздымкі цікавыя перш за ўсё з боку этнаграфіі: касцюмы, атрыбутыка таго часу.
Жыццё мастака змянілася з пачаткам Першай сусветнай вайны. Граф Тышкевіч пакінуў радзіму і накіраваўся ў Францыю, дзе жыў у асяроддзі дзяцей і ўнукаў да самай смерці.
Наведвальнікам выставы прапануецца прагляд дакументальнага фільма “Бенедыкт Тышкевіч. Спыніць час” студыі беларускіх гістарычных фільмаў “Майстэрня Уладзіміра Бокуна”.



