16 красавіка хрысціяне адзначаць адно з галоўных царкоўных святаў – светлае Уваскрэсенне Хрыстова. У гэты дзень ва ўсіх цэрквах і храмах праходзяць набажэнствы, якія наведвае вялікая колькасць людзей. У сувязі з гэтым работнікі МНС узмоцняць кантроль за пажарнай бяспекай падчас Велікодных мерапрыемстваў на рэлігійных аб'ектах. Асноўная небяспека ў час святкавання – гэта вялікая колькасць крыніц адкрытага агню і масавая навала людзей. Загадзя ў месцах правядзення набажэнстваў са святарамі праведзена прафілактычная праца, падчас якой асаблівая ўвага надавалася стану шляхоў эвакуацыі, наяўнасці і спраўнасці першасных сродкаў пажаратушэння, веданню парадку дзеянняў у надзвычайных сітуацыях. Непасрэдна падчас правядзення Велікодных мерапрыемстваў на ўсіх рэлігійных аб'ектах вобласці будзе арганізавана дзяжурства выратавальнікаў.
Работнікі МНС нагадваюць правілы бяспекі, якія дазволяць пазбегнуць няшчасных выпадкаў: - перад пачаткам службы вывучыце планіроўку будынка царквы, каб ведаць шляхі эвакуацыі; - запаленыя свечкі варта трымаць далей ад лёгкаўзгаральных прадметаў; - старайцеся выконваць бяспечную адлегласць да іншых вернікаў, якія трымаюць у руках запаленыя свечкі; - у выпадку загарання адзення хутка скіньце яго, накрыйце шчыльным матэрыялам, для тушэння загарання выкарыстоўвайце першасныя сродкі пажаратушэння; - пры спрацоўванні пажарнай сігналізацыі і абвесткі аб пажары не панікуйце, не ствараючы цісканіны, хутка пакіньце памяшканне; - пры ўзнікненні пажару неадкладна тэлефануйце па тэлефоне 101 або 112!



