Мястэчка месціцца на мяжы трох раёнаў: Валожынскага, Смаргонскага і Маладзечанскага. Адсюль і яго назва. Усе тут жывуць па суседству.
Каля чатырох гадзін самадзейныя і клубныя артысты з Маладзечаншчыны, Валожыншчыны пелі і танцавалі перад гародзькаўцамі і гасцямі, якіх на пляцоўцы перад школай мастацтваў сышлося добра больш за сотню.
А ў той самы час побач мясцовыя ўмельцы праводзілі школкі па вырабе глінянага посуду, вучылі як зрабіць паштоўкі з пацерак і войлаку, вялі майстар-класы па вырабе лялек... Працавала і веламайстэрня.
Выступалі артысты з Беразінскага дома культуры – народны вакальны ансамбль "Беразіначка", гурт народнага гумару "Дубінскія фанабэры" з Дубіны, фальклорны ансамбль "Гасцінец" з Ракава, самадзейны гурт "Гутатэлі" з невялічкай вёсачкі Лохаўшчына і шмат яшчэ самых розных выступоўцаў.
Нечаканасцю для некаторых аматараў сучаснай беларускай музыкі стала і выступленне Піта Паўлава, саліста ў мінулым гуртоў N.R.M., KRIWI, які раптам прызнаўся, што ён самы сапраўдны мясцовы, бо мае домік і кавалак зямлі ў той самай Лохаўшчыне!
Завяршальным акордам быў паказ у актавай зале школы толькі што знятага мясцовымі хлапчукамі фільма пра Гародзькі. Вучыў іх кінарэжысёрскаму, аператарскаму і журналісцкаму рамяству рэжысёр з Польшчы Даніэль Кермут.
Выратавальнікі прыехалі ў Гародзькі не толькі каб быць напагатове, усё ж масавае мерапрыемства, але таксама вучылі дзяцей і дарослых паводзінам у экстрэмальных сітуацыях. Або як такіх сітуацый пазбегнуць.
На фэсце ганаравалі старажылаў і ўручалі падарункі толькі што прыйшоўшым на свет.
Гурт з Ракава "Гасцінец" радаваў старадаўняй музыкай, выступаў на сцэне, а таксама цягнуў у кола танцаў гледачоў.



