Найвышэйшае шчасце кожнай сям’і - здаровае, паспяховае, шчаслівае дзіця. А самы просты спосаб засцерагчы жыццё дзіцяці - навучыць яго ствараць камфортную і бяспечную сераду ў побыце і навакольнай прасторы.
У рамках першага этапу акцыі «Не пакідайце дзяцей адных!» работнікі Валожынскага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях наведалі дом сямейнага тыпу ў горадзе Валожын. На дадзены момант у гэтай сям’і выхоўваецца 8 дзяцей. Трое з іх зараз адпачываюць у санаторыях. У час сустрэчы дзеці разам з інспектарам абмеркавалі розныя небяспечныя сітуацыі, якія могуць здарыцца ў любы момант. Работнікі райаддзела наведалі і іншыя шматдзетныя сем’і, дзе таксама ў гульнявой форме распавялі дзецям пра важнасць і неабходнасць выконваць правілы бяспекі. Пытанні віктарыны і гульні вельмі зацікавілі дзяцей. Вельмі радуе тое, што яны не проста слухалі, але і вельмі актыўна самі прыводзілі розныя прыклады. Дапамагалі ім і бацькі, якія лічаць сваім абавязкам вучыць сваіх дзяцей правілам бяспекі.
Усе ўдзельнікі акцыі атрымалі на памяць аб сустрэчы карысныя кнігі, памяткі, размалёўкі, пазлы і многае іншае. Індывідуальны прадпрымальнік Аліна Занямонец таксама вырашыла далучыцца да выратавальнікаў і паўдзельнічаць у акцыі. Яна прадаставіла гэтым сем’ям падарункавыя сертыфікаты на дзіцячыя тавары.
Праводзячы такія сустрэчы з бацькамі і дзецьмі, выратавальнікі ў чарговы раз імкнуцца данесці як мага больш карыснай інфармацыі, якая дапаможа засцерагчы жыццё.



