Адрес:

222357, г. Воложин, пл. Свободы, 2

Телефон приемной:

+375 (1772) 5-55-72

Режим работы:

с 8.30 до 13.00 и с 14.00 до 17.30 по будням

горячая линия: +375 (1772) 5-55-72

Галоўнае – не ўпусціць час...

30.05.2017

 

    Сёлетнія капрызы надвор'я даставілі аграрыям раёна нямала праблем. Перыядычныя начныя замаразкі, адсутнасць дастатковай колькасці вільгаці адбіліся і на росце траў. У мінулую пятніцу старшыня райвыканкама Мікалай Анатольевіч Астрэйка разам са спецыялістамі райсельгасхарчу і сумежных службаў, кіраўнікамі гаспадарак правёў выязны семінар-нараду па адной з ключавых тэм у жыцці кожнага сельгаспрадпрыемства – нарыхтоўцы кармоў.

    Мерапрыемства ладзілася на базе СГУ "Бабровічы" УП "Мінскаблгаз", КСУП "Пяршаі-2014" і ААТ "Агра-Дубінское", работнікі якіх ужо прыступілі да касавіцы. Падчас семінара спецыялісты далажылі пра гатоўнасць тэхнікі і палёў да "зялёнага жніва", праінфармавалі аб важных правілах касьбы, уборкі траў, закладкі сянажных і сіласных траншэй. Нягледзячы на тое, што першы травастой сёлета выдаўся адносна небагатым, сёння ўжо нельга марудзіць з яго зборам. Важна нарыхтаваць корм у адведзеную прыродай пару, калі ўтрыманне пажыўных рэчываў у ім дасягае максімуму. Таму кіраўнікам сельгаспрадпрыемстваў неабходна тэрмінова мабілізаваць дзейнасць калектываў у азначаным кірунку. Ёсць, вядома, у гэтай справе і свае нюансы. Сабраную з першых пакосаў масу дастаткова цяжка захаваць у якасці грубага корму: яна дрэнна сохне. Таму ў час семінара было замацавана калегіяльнае рашэнне закручваць такія травы ў стрэйч-плёнку. Дарэчы, у СГУ "Бабровічы" УП "Мінскаблгаз", акрамя дэманстрацыі гаспадарчай кормаўборачнай тэхнікі і магчымасцей экстранных рамонтных брыгад ААТ "Валожынская райаграпрамтэхніка", увазе прысутных была прадстаўлена і прадукцыя з палімерных матэрыялаў ад беларускіх вытворцаў, якія гатовы прапанаваць пакупнікам самыя выгадныя цэны.

    У КСУП "Пяршаі-2014", куды пазней накіраваліся ўдзельнікі семінара, ужо вядзецца работа па нарыхтоўцы зялёнай масы ў поліэтылен. Патрабаванні да захаванасці  кармоў, дбайнага выканання тэхналогіі іх назапашвання пастаянна ўзрастаюць. Пэўныя правілы ёсць і ў названым працэсе. У прыватнасці, візуальна рулон павінен быць правільнай геаметрычнай формы, а вугал вертыкальнай і гарызантальнай частак адпавядаць 90 градусам. Не дапускаюцца да ўпакоўкі рулоны з нявыкананымі краямі і няўшчыльненай сярэдзінай. Гатовыя ж вырабы механізатару пры дапамозе прэс-падборшчыка неабходна пакінуць на полі строга ў вертыкальным становішчы.

    ААТ "Агра-Дубінское", куды ўдзельнікі семінара наведаліся ў апошнюю чаргу, сёння з'яўляецца лідарам сярод гаспадарак Валожыншчыны па надоях: тут атрымліваюць без малога 21 літр малака на карову. Назапасіць дастатковую колькасць клятчаткі, якая дазваляе арганізму жывёлы "працаваць" з высокай самааддачай, статку на выпасе дапамагае тэхніка. Па-добраму прысутныя былі ўражаны і хуткасцю выканання даручэння кіраўніка вобласці па бетанаванні тэрыторыі мехдвара сельгаспрадпрыемства: асноўная частка работы была праведзена за 4 дні.

    Завяршыўся семінар нарадай, на якой падагулілі вынікі ўбачанага. Старшыня райвыканкама выказаў аб'ектыўную крытыку ў адрас асобных кіраўнікоў, што дапусцілі пралікі гаспадарання: з-за гэтага знізіліся сярэднясутачныя прывагі і надоі, пагоршыўся шэраг іншых паказчыкаў. Нявярстаць упушчаныя моманты хоць і няпроста, але неабходна. Акрамя таго, Мікалай Анатольевіч засяродзіў увагу на пытанні захавання камбікармоў: апошнім часам зафіксаваны выпадкі крадзяжу вялікай колькасці пажыўнага харчу са складоў на фермах. Вінаватыя панясуць крымінальную адказнасць.

    У час нарады былі яшчэ раз нагаданы асноўныя патрабаванні нарыхтоўкі кармоў. Расліны павінны быць скошаны ў аптымальныя фазы вегетацыі для дасягнення максімальнай пажыўнасці. Перад закладкай сянажных траншэй іх неабходна вычысціць ад рэштак кармоў, прадэзінфікаваць і пабяліць, правільна ўкласці масу і закрыць згодна з нарматывамі. Акрамя абмеркавання іншых важных умоў фарміравання харчовай базы для гаспадарчага статка, былі ўзяты на кантроль праблемы недахопу вымяральнікаў вільгаці і тэрмометраў у гаспадарках, а таксама набыццё спецыялізаваных мыючых сродкаў па выгадных цэнах.

Сяргей САДОЎСКІ,

фота аўтара

Задайте вопрос