Адрес:

222357, г. Воложин, пл. Свободы, 2

Телефон приемной:

+375 (1772) 5-55-72

Режим работы:

с 8.30 до 13.00 и с 14.00 до 17.30 по будням

горячая линия: +375 (1772) 5-55-72

Не толькі Гран-пры, дыпломы, але і масу станоўчых эмоцый падарыў юным ракаўчанам чарговы фестываль-конкурс

28.07.2017

 

У дні летніх канікул прайшоў ХIII Міжнародны фестываль-конкурс “Artisticsummer” у рамках праекта “Караван культуры” Заходняе Памор’е, горад Волін (Польшча). У конкурсе ўдзельнічалі дзіцячыя калектывы з Расіі, Беларусі, Польшчы, Украіны, Эстоніі, Казахстана, Германіі, Нідэрландаў.

Творчыя выпрабаванні праходзілі ў дзвюх намінацыях: інструментальная творчасць (салісты і ансамблі) і дэкаратыўна-прыкладное і выяўленчае мастацтва.

    Гран-пры конкурсу заваяваў ансамбль "Менестрэлі" Ракаўскай дзіцячай школы мастацтваў пад кіраўніцтвам акардэаністкі Кацярыны Дварэцкай. У выкананні пераможцаў прагучалі “Сонечныя акуляры” Е. Аджэхоўскі і вядомы саўндтрэк з кінафільма “Піраты Карыбскага мора” ў аўтарскай аранжыроўцы.

    У намінацыі “Інструментальная творчасць (сола)” у катэгорыі 10-12 гадоў другое месца прысуджана вучаніцы 6 класа Ракаўскай ДШМ, цымбалістцы Святлане Балабан (выкладчыца К. Сеніна), якая выканала “Беларускую польку” Пукста.

    Акрамя непасрэдна конкурсу ўсе дзеці і настаўнікі ўдзельнічалі ў майстар-класах па цыркавым і дэкаратыўна-прыкладным мастацтве, наведвалі інтэграваныя заняткі з вядомым у Польшчы саксафаністам, педагогам і дырыжорам дзіцячага аркестра ўдарных інструментаў Валерыем Бур’яненкам. Вынікам такіх заняткаў стала выкананне ўсімі ўдзельнікамі песні на польскай мове.

    На трэці фестывальны дзень “Менестрэлі” прынялі ўдзел у сумесным канцэрце на свяце “Дні Воліна”. Там педагогам былі ўручаны падзячныя пісьмы ад бургамістра горада. За час знаходжання ў Польшчы юныя музыканты атрымалі шмат станоўчых эмоцый, новыя ўражанні ад актыўнага адпачынку на Балтыйскім узбярэжжы, экскурсій у розныя гарады краіны. Як сапраўдныя менестрэлі, яны наведалі Мальборк, Гданьск, Шчэцін і іншыя гарады, пазнаёміліся з іх славутасцямі.

Наталля ШТЭЙНЕР

Фота прадастаўлены дырэкцыяй

Ракаўскай дзіцячай школы мастацтваў

Задайте вопрос