Ужо ў першым квартале 2018 года гарачае водазабеспячэнне паступіць у 12 панельных дамоў жыхароў Валожына. Такую інфармацыю паведамілі ў РУП “Валожынскі жылкамунгас”.
Як падлічылі ў жыллёва-камунальнай гаспадарцы, гарачая вада з цэнтральнай кацельні будзе каштаваць у пяць разоў танней, чым пры награванні ў электрычным бойлеры. На дадзены момант праектна-каштарысная дакументацыя праходзіць экспертызу. Плануецца, што ў лістападзе ў дамах па вуліцы Міру №№ 10, 14, 16, 20, 22, Партызанскай – №№ 6а, 22 і па вуліцы Гагарына №№ 6, 8, 9, 10, 12, дзе адсутнічаюць адасобленыя дымавыя каналы, распачнуцца будаўніча-мантажныя работы, якія будзе праводзіць падрадная арганізацыя ТАА “Кіпцепласэрвіс”. У дамах заменяць стаякі, зробяць унутраную разводку па доме і ўстановяць лічыльнікі. А вось падводзіць трубу да крана гаспадары кватэр павінны за ўласны кошт. Для падачы гарачай вады ўлетку закуплены катлы меншай магутнасці.
Гарачае водазабеспячэнне ў райцэнтры будзе праводзіцца ў тры этапы, яго атрымаюць не толькі жыхары шматпавярховак, але і прадпрыемствы і арганізацыі горада. На першую чаргу выдаткаваны больш за 11 мільёнаў бюджэтных сродкаў. Поўнасцю праграма павінна быць завершана да жніўня 2018 года.
Алена ЗАЛЕСКАЯ



