Адрес:

222357, г. Воложин, пл. Свободы, 2

Телефон приемной:

+375 (1772) 5-55-72

Режим работы:

с 8.30 до 13.00 и с 14.00 до 17.30 по будням

горячая линия: +375 (1772) 5-55-72

МАНІТОРЫНГ ПАКАЗАЎ...

15.12.2017

 

Нядаўна давялося паўдзельнічаць у рабоце спецыялістаў цэнтра гігіены і эпідэміялогіі, якія праводзілі абавязковы маніторынг стану малочнатаварных фермаў, мехдвароў і тэрыторый вакол іх. Задача супрацоўнікам была пастаўлена наступная: вывучыць і зафіксаваць з дапамогай фотакамеры дынаміку навядзення парадку.

Прадпрыемствы, у якіх пабывалі, – ТАА “Адамова-агра”, ААТ “Агра-Вішнеўскі”, ААТ “Багданаўскае” і КСУП “Падбярэззе” – яшчэ раней атрымалі вынікі папярэдняга маніторынгу. Кожны факт парушэнняў быў сфатаграфаваны, таму супрацоўнікі РЦГіЭ павінны былі наведаць тыя ж аб’екты і параўнаць іх сённяшні стан з фотаздымкамі.

Інжынер ТАА “Адамова-агра” Дзмітрый Анатольевіч Сасноўскі сустрэў нас на тэрыторыі мехдвара. Разам разглядаем фота. Аказваецца, пэўная работа праведзена, большасць заўваг прынята да ведама. Але стары аўтобус, які ляжыць на баку не першы дзень, па-ранейшаму “ўпрыгожвае” тэрыторыю. “Займішча” даўно спісана, але, каб здаць яго на металалом, неабходна пазбавіцца ад драўлянай падлогі. Чамусьці менавіта дадзеная работа здаецца мужчынам непад’ёмнай. Звяртаем увагу і на станоўчыя моманты. У майстэрні парадак. Механізатары спакойна займаюцца справай – рамантуюць тэхніку. У бытоўцы чыста. А вось душ так і не запрацаваў. Выконваючы абавязкі кіраўніка Павел Іванавіч Родзь, які ў гэты час далучаецца да нас, тлумачыць: зараз адрамантаваць душавую не атрымаецца – няма сродкаў, а вось бліжэй да пасяўной – пастараемся…

Разам з кіраўніком мы на МТФ “Няровы”. Стан тэрыторыі не радуе, але ёсць апраўданне: распачаты будаўнічыя работы. Плануецца ўзвядзенне двух кароўнікаў. Зразумела, што пакуль правесці асфальтаванне немагчыма, але ж адводная труба патрабуе рамонту ўжо зараз, бо навокал – сапраўднае бруднае “мора”. Праўда, у параўнанні з папярэднімі здымкамі, пад'язная дарога мае лепшы выгляд – паспелі правесці падсыпку. Зазірнулі мы і ў малочную залу. Усё выглядае досыць прыстойна. Спецыялісты прыдзірліва аглядаюць абсталяванне. Іх вердыкт: памыўка праведзена якасна. Але ж дзе могуць прыняць гігіенічныя працэдуры самі работнікі?

Далей на маршруце МТФ “Запур’е”, дзе нас сустракае загадчык Дзмітрый Вікенцьевіч Конаўка. У памяшканні малочнай чыста, аднак, калі прадстаўнікі РЦГіЭ паспрабавалі “залезці” ў малочныя шлангі, фільтры, што пабывалі ўнутры, аказаліся бруднымі. Утрыманне халадзільнага абсталявання нараканняў не выклікала. Ёсць яшчэ адна заўвага: да мыючых сродкаў, якіх дастаткова, няма адпаведнай інструкцыі. Выходзіць, што адмяраюцца яны “на вока”. Не спрыяюць стварэнню добрага настрою згніўшыя паліцы, пачарнелыя сцены і пер’е на падлозе. Па-ранейшаму дрэнна выглядае пляцоўка для выгулу жывёлы – уся ў лужынах гною. Пры аналізе фота заўважаем станоўчы момант. На адным з ранейшых здымкаў фігуруе прыбіральня, у якой “знесла” дах. Зараз здалёк відаць: дах “вярнуўся” на месца.

Аб’ект, які належыць ААТ “Агра-Вішнеўскі”, – МТФ “Букатова” амаль тоне ў вадзе, што выцякае з-пад самага падмурка (не наладжаны водаадвод). А вось перад запасным выхадам прасціраецца вялікае возера, запоўненае далёка не вадой. У памяшканні, акрамя душавой (не працуе!), трапіць не змаглі – усё пад замкамі. На МТФ “Калеснікоўшчына” не засталі ніводнага работніка, затое плесні больш чым дастаткова. У даільнай зале вільгаці столькі, што буйныя кроплі падаюць са столі. Не дзіўна, чаму паверхні чорныя. Як пісаў класік, “…цёпла і вільготна”. А ў пакоі, прызначаным для адпачынку, холадна і няўтульна.

Накіроўваемся ў бок Багданава. За вокнамі аўтамабіля мільгаюць дагледжаныя падворкі, і вось – на табе! На пад’ездзе да вакзала (прыкладна ў 300 метрах) – куча смецця. Па другі бок ад таго ж будынка – новая “карціна”, дакладней – “карціны”, бо такіх “упрыгажэнняў” тэрыторыі тут аж два. Гэта значыць, што хутка хтосьці атрымае ад санітарнай службы “пісьмо шчасця”.

На ферме “Селішча” нас сустракае загадчыца Хрысціна Эдуардаўна Вайшнаровіч, яна паказвае ўсе аб'екты, знаёміць з работнікамі. Тое, што бачым, радуе. Вакол чыста, памяшканні выглядаюць утульна. Відавочна, кожны работнік займаецца сваёй справай. Нам адказалі на ўсе пытанні, паказалі кожны вугал. Заўвагі толькі па тэрыторыі. Нядобраўпарадкаваны пад’езд да сянажнай траншэі.

Пераехалі ў КСУП “Падбярэззе”. Перш-наперш наведваем мехдвор. У майстэрню нас суправаджае інжынер Аляксандр Мікалаевіч Барада. Параўноўваем фота і рэальнасць. Амаль усе непрывабныя кропкі змянілі выгляд. Вось толькі дах у майстэрні патрабуе рамонту, амаль у цэнтры – лужыны…

На МТФ “Подберазь” застаём намесніка дырэктара Жанну Баляславаўну Пякарскую. Разам з ёй аналізуем стан памяшканняў і абсталявання. Усё вымыта, выпраўлена нават заўвага “з гісторыяй” – нарэшце з’явіліся гумовыя боты для мыцця халадзільніка. У цэлым уражанне прыемнае, вось толькі адстаўшая плітка стварае на падлозе сумны ўзор. І гэта пры тым, што адзін з кароўнікаў пабудаваны ў 2012 годзе, другі – у 2013-м. Пры аглядзе бытоўкі нас здзівіла рашэнне сумясціць яе з… прыбіральняй.

Загадчыца МТФ “Кабыльчыцы” Алена Валянцінаўна Садоўская сама называе тыя моманты, якія павінны выклікаць нараканні з боку санітарнай службы: не працуе аўтамыйка халадзільнага абсталявання, няма ракавіны для мыцця рук. Кідаюцца ў вочы і вокны, зацягнутыя звычайнай плёнкай.

Па дарозе ў райцэнтр абмяркоўваем убачанае. Не выклікае сумнення: там, дзе людзі на сваім месцы, і праца пастаўлена добра. Не ўсё залежыць ад саміх работнікаў, ёсць моманты, якія патрабуюць значных фінансавых укладанняў. Сыходзімся на тым, што зашкліць вокны сёння, магчыма, няпроста, але ж вымыць шлангі – рэальна. А справіць звычайны рукамыйнік у малочнай было б і не затратна, і, напэўна, правільна…

Валянціна КРАЎНЕВІЧ,

фота аўтара

Задайте вопрос