Вольга Паўлаўна РАТОМСКАЯ ніколі не мела дачынення да вытворчасці фільмаў, аднак уклад гэтай сціплай жанчыны ў папулярызацыю кіно, у тым ліку беларускага, цяжка пераацаніць.
У 1979 годзе яна стала дырэктарам кінатэатра "Юнацтва". Пасада была адказнай, але менавіта яна дазволіла Вользе Паўлаўне рэалізаваць свой творчы патэнцыял і арганізатарскія здольнасці. Разам з калектывам і жыхарамі горада – прыхільнікамі кінамастацтва – перажыла многае... Памяць захоўвае і перапоўненыя залы, калі кіно займала лідзіруючую пазіцыю сярод любімых народам форм баўлення вольнага часу. Давялося перажыць і гады заняпаду – здаралася, работнікі кінатэатра працавалі і для адзінага гледача…
Яе радуюць поспехі тых, хто сёння нясе народу лепшыя дасягненні сусветнай кінаіндустрыі. Час ад часу наведвае родныя сцены, каб пазнаёміцца з прэм'ернымі карцінамі. Ганарыцца, што мела асабістае знаёмства з вядомымі беларускімі дзеячамі кіно – Ігарам Дабралюбавым, Аляксандрам Яфрэмавым, Святланай Зелянковай, Анатолем Катом і многімі іншымі. В. П. Ратомская ўпэўнена: дамашні прагляд з дапамогай Інтэрнэту ніколі не заменіць паход у кінатэатр, дзе якасць праекцыі на экране, адмысловы гук і сама аўра глядзельнай залы (асабліва калі яна запоўнена) ствараюць узнёслы настрой і дораць адчуванне сапраўднай прыгоды, якую перажываеш разам з любімымі героямі.
Валянціна КРАЎНЕВІЧ,
фота аўтара



