Галоўнае свята аграрыяў вобласці сёлета прайшло ў Мядзелі. Лепшых хлебаробаў цэнтральнага рэгіёну краіны прывіталі са сцэны шматлікія высокапастаўленыя госці, сярод якіх былі старшыня Мінскага аблвыканкама Анатоль Міхайлавіч Ісачанка, намеснік міністра сельскай гаспадаркі і харчавання краіны Уладзімір Уладзіміравіч Гракун, намеснік міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь Андрэй Валер’евіч Хмель і іншыя.
У абласных «Дажынках-2018» прынялі ўдзел больш за дзве тысячы чалавек. Сярод іх было і 130 прадстаўнікоў Валожыншчыны. На свята паехалі не толькі работнікі аграрнай галіны, але і прадстаўнікі працоўных калектываў са сваімі таварамі, якія выдатна папоўнілі маштабны фестываль-кірмаш прадукцыі.
Свята поўнілася ўрачыстымі, хвалюючымі момантамі. Дырэктар ААТ «Агра-Дубінское» Генадзь Вацлававіч КАСПЯРОВІЧ (першы злева) на вялікай сцэне атрымаў Ганаровую грамату Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь за добрасумленную працу, прафесіяналізм і дасягненне высокіх вытворчых паказчыкаў па выніках уборкі ўраджаю 2018 года.
У выставе «Горад майстроў» з поспехам удзельнічалі і валожынцы. Арыгінальна і самабытна прадстаўлялі свае рэгіёны работнікі культуры.
Фінальным акордам мерапрыемства стаў феерверк з залацістых пялёсткаў, што сімвалізавалі багаты хлебны каравай Міншчыны, якая ў чарговы раз падтрымала статус асноўнай жытніцы краіны. А эстафету ў Мядзеля пераняў Барысаў. Там і адзначаць «Дажынкі-2019».
Сяргей САДОЎСКІ
Фота Віталя МЫШЛЁНА



