27 лістапада распачала работу служба “адно акно”. Разам з наведвальнікамі мы зазірнулі ў памяшканне, што размешчана на першым паверсе райвыканкама.
З самага пачатку працоўнага дня недахопу ў тых, каму патрэбна кансультацыя ці парада наконт ажыццяўлення пэўных адміністрацыйных працэдур, не адчувалася. У перыяд з 8.00 да 11.00 спецыялісты службы Тамара Георгіеўна Ліцвін і Наталля Сяргееўна Сярэдзіч паспелі прыняць шэсць чалавек. Пытанні, з якімі грамадзяне звярнуліся да службовых асоб у першы дзень, самыя розныя. Большасць наведвальнікаў цікавіліся парадкам правядзення рэканструкцыі жылых памяшканняў і афармлення арэнды.
Жыхарку райцэнтра Аксану Ярашэвіч як прадстаўніка інтарэсаў пажылой сваячкі цікавіла працэдура здачы ў наём прыватнага жылля. Жанчыне дадзена дэталёвая кансультацыя. Яна атрымала належны пакет дакументаў. У любы дзень зацікаўленыя бакі могуць прыйсці ў “адно акно”, дзе падпісаныя гаспадыняй і будучым наймальнікам паперы правераць спецыялісты і зафіксуюць заключэнне дагавора-найму жылога памяшкання. Наведвальніца не шкадавала слоў падзякі ў адрас работнікаў службы. Сапраўды, гэта надзвычай зручна, калі ўсе пытанні можна вырашыць у адным месцы.
Нагадваем, што функцыі “аднаго акна” прапісаны ў Палажэнні аб парадку стварэння і дзейнасці службы “адно акно”, што зацверджана Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 24 мая 2018 года № 202. Да іх адносяцца:
выдача даведак з дзяржаўных рэгістраў, рэестраў, кадастраў, спіскаў, каталогаў, іншых інфармацыйных рэсурсаў;
тлумачэнне абавязкаў упаўнаважаных органаў, правы і абавязкі зацікаўленых асоб;
тлумачэнне тэрмінаў накіравання запытаў у іншыя органы, парадак унясення аплаты за выдачу атрыманых па запытах дакументаў;
бясплатнае прадастаўленне прадугледжаных заканадаўствам форм дакументаў (бланкаў) з тлумачэннем аб парадку іх запаўнення;
прыём заяў, дакументаў, звестак;
адказы зацікаўленым асобам у прыняцці заяў у парадку і выпадках, прадугледжаных заканадаўчымі актамі і пастановамі Саўміна.
Акрамя таго, служба “адно акно” рыхтуе да разгляду заявы ці іншыя дакументы і перадае іх у адпаведныя органы, атрымлівае дакументы ці звесткі для ажыццяўлення адміністрацыйных працэдур, завярае дату і спосаб атрымання інфармацыі, неабходнай для ажыццяўлення працэдур.



