Мінскае абласное аб’яднанне прафсаюзаў сумесна з БРСМ у сёлетняе жніво аб’явіла акцыю “Моладзь Міншчыны за ўраджай”. Яе мэта – вызначыць і ўшанаваць аграрыяў, якія толькі пачалі свой шлях у гэтай высакароднай прафесіі.
У нашым раёне ўжо трэці малады камбайнерскі экіпаж прэтэндуе на званне лепшага. Як сведчаць зводкі КСУП “Пяршаі-2014”, старшы камбайнер Аляксандр ТКАЧЭНКА і камбайнер Максім НОВІК намалацілі амаль 900 тон збожжа новага ўраджаю. Такі поспех – не выпадковы. Хлопцы, нягледзячы на юны ўзрост, на хлебнай ніве не навічкі. Падчас вучобы ў школе былі членамі будаўнічых атрадаў, працавалі на зернесушыльным комплексе. Заўсёды за шчасце лічылі пасядзець у кабіне камбайна ці трактара, калі тата-механізатар браў з сабой у поле.
У гэту ўборачную кампанію гаспадарка даверыла маладому экіпажу камбайн LEXION-510. Складаную машыну хлопцы самастойна рыхтавалі да жніва, пазналі ўсе яе сакрэты і ўжо па гуку распазнаюць зладжанасць работы яе механізмаў і вузлоў.
За апошнія два месяцы ў Аляксандра і Максіма амаль не было выхадных. Ну, хіба здараліся кароткія прастоі па прычыне неспрыяльнага для жніўнай кампаніі надвор’я. Нягледзячы на напружаны графік, экіпаж зусім не выглядае стомленым. Від у хлопцаў, быццам толькі што выдатна адпачылі: акуратныя прычоскі, лёгкі загар, чыстая вопратка. Незамужнім дзяўчатам раю прыглядзецца да гэтых сур’ёзных, руплівых і вельмі прывабных юнакоў – менавіта з такіх потым атрымліваюцца добрыя мужы, бацькі, гаспадары.
З рук старшыні раённага аб’яднання прафсаюзаў Веранікі Загорскай маладыя перадавікі атрымалі падарункі і Ганаровыя граматы. А каб працоўныя будні пераносіліся хлопцамі і далей у добрым настроі, ім паабяцалі на «Дажынкі» яшчэ шмат сюрпрызаў і цікавых падзей.
Не толькі на камбайнах працуюць маладыя рупліўцы. Вадзіцелю гаспадаркі Аляксандру ГОЛУБУ няма яшчэ і трыццаці гадоў, а ён сабраў ужо цэлую калекцыю розных падзяк, грамат, узнагарод. На сёлетнім жніве перавёз 957 тон збожжа новага ўраджаю. Яго старанне і поспех не засталіся без увагі з боку старшыні камітэта прафсаюзаў аграпрамысловага комплексу Віктара Гідлеўскага. Прама на месцы працы – а ў той дзень яно было непадалёку малочнатаварнай фермы ў вёсцы Сушы – Аляксандру ўручылі грамату, сказалі шчырыя словы падзякі. Намеснік кіраўніка гаспадаркі па ідэалагічнай рабоце Марына Майсевіч не без гонару зазначыла: “Пакуль наша Пяршайшчына багатая такімі маладымі людзьмі, і мы, і ўся наша краіна будзем з хлебам…”