222357, г. Валожын, пл. Свабоды, 2
Тэлефон прыёмнай: Рэжым работы:з 8.30 да 13.00 і з 14.00 да 17.30 па буднях
e-mail: Гэты адрас электроннай пошты абаронены ад спам-ботаў. У вас павінен быць уключаны JavaScript для прагляду.
гарачая лінія: +375 (1772) 5-55-72
Спартыўныя аб'екты Мінскай вобласці гатовы прыняць спаборніцтвы любога ўзроўню і маштабу. Аб гэтым заявіў у праекце БЕЛТА "Краіна гаворыць" намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення спорту і турызму Мінаблвыканкама Уладзімір Губарэвіч.
У Беларусі зменены стаўкі экспартных пошлін на нафту і нафтапрадукты, вывозімыя за межы мытнай тэрыторыі Еўразійскага эканамічнага саюза. Гэта прадугледжана пастановай Савета Міністраў ад 31 ліпеня 2023 года нумар 498, паведамляе БЕЛТА са спасылкай на Нацыянальны прававы інтэрнэт-партал.
Сёння выхаванцы нашай установы дашкольнай адукацыі з вялікай радасцю адзначылі "Міжнародны дзень дружбы". Гэты дзень проста створаны для таго, каб мы нагадалі сваім сябрам пра тое, якiя яны дарагія і важныя. Сябры нам патрэбныя ў любым узросце і пры любым стане душы! А вось сябраваць мы вучымся з дзяцінства.
Гэты дзень пачаўся з акцыі "Падары ўсмешку сябру", працягнуўся гутаркай "Дружба, як я яе ўяўляю!", выніковым мерапрыемствам было тэматычнае свята "Дзіцячы сад — гэта я, гэта ўсе мае сябры". Хлопцы спявалі песні, танцавалі, чыталі вершы і прыказкі пра сяброў. Свята прынесла не толькі станоўчыя эмоцыі, але і ўзбагаціла жыццё нашых дзяцей важнасцю сяброўскіх адносін. Хлопцы засвоілі, што з сябрамі добра і ў радасці, і ў суме. Сябры павінны быць у кожнага. Мы жадаем нашым хлопцам шчырых і верных сяброў!


У летнія гарачыя дні людзі аддаюць перавагу праводзіць час на беразе вадаёма: хтосці паплаваць і пазагараць, хтосці парыбачыць. Але, як паказвае статыстыка гібелі людзей на вадзе, аб правілах бяспекі памятаюць далёка не ўсе.

Абсалютная большасць няшчасных выпадкаў фіксуецца ў выхадныя і святочныя дні, у вячэрні час сутак, а таксама ў месцах, не абсталяваных для купання. У мэтах прафілактыкі ратавальнікі Валожынскага раённага аддзела па НС правялі прафілактычны рэйд па вадаёмах раёна.

Падчас правядзення мерапрыемства ратавальнікі пагутарылі з адпачываючымі. Нагадалі ім аб правілах паводзін на вадаёмах, аб небяспецы купання ў забароненых месцах і ў стане алкагольнага ап'янення.

На асаблівым кантролі – дзеці: ратавальнікі тлумачаць правілы паводзін у вадзе, а бацькоў заклікаюць не пакідаць дзяцей без нагляду.
1 жніўня на Міншчыне стартуе iнфармацыйна-прапагандысцкая кампанія «З клопатам аб бяспецы малой Радзімы». Мэта кампаніі - папярэджанне пажараў з-за неасцярожнага абыходжання з агнём і гібелі на іх людзей сталага ўзросту.
Пенсіянеры - адна з найважнейшых катэгорый насельніцтва, якая знаходзіцца пад пільнай увагай МНС. Для прыцягнення іх да пытанняў бяспекі ратавальнікі выкарыстоўваюць розныя формы работы, імкнучыся дастукацца да кожнага пажылога чалавека і ўцягнуць яго ў правядзенне маштабнай рэспубліканскай акцыі «З клопатам аб бяспецы малой Радзімы».
Акцыя пройдзе ў два этапы: першы – з 1 па 18 жніўня, а другі – з 18 верасня па 2 кастрычніка. У рамках гэтых этапаў запланавана шмат карыснага і цікавага. І, вядома ж, сустрэчы з жыхарамі сельскай (гарадской) мясцовасці, дзе прапагандысты яшчэ раз нагадаюць аб правілах бяспекі, зробяць акцэнт на прычынах узнікнення надзвычайных сітуацый.
Пра бяспеку ў руху таксама будзе вяшчаць спецыяльны транспарт МНС, які праедзе па сельскіх населеных пунктах для транслявання насельніцтву кароткіх прафілактычных тэкстаў праз гучнагаварыцель. Акрамя гэтага, ратавальнікі правядуць працу па маршруце руху гандлёвых аўталавак праз праект «Аўталаўка бяспекі». Сумесна з актывістамі і прадстаўнікамі зацікаўленых арганізацый яны паедуць у населеныя пункты, дзе ў месцах прыпынкаў перасоўных магазінаў разгорнуты інтэрактыўныя пляцоўкі, правядуць майстар-класы па аказанні першай дапамогі, размесцяць тэматычную інфармацыю на таварах народнага спажывання.
Кожны можа паўдзельнічаць у аглядзе-конкурсе на лепшае афармленне прысядзібнага ўчастка і аграсядзібы «Ландшафтны дызайн МНС».
Калі здаецца, што традыцыйная пошта - перажытак мінулага, то гэта вялікая памылка. Нашы бабулі і дзядулі працягваюць актыўна карыстацца гэтым відам паслуг і адчуваць тыя ж эмоцыі, што і раней – прыемнае трапятанне і лёгкае хваляванне пасля атрымання запаветных адпраўленняў. Менавіта таму работнікі прапаганды арганізуюць рассылку не толькі бяспечнай карэспандэнцыі, але і пасылак ад МНС, унутры якіх пажылыя людзі змогуць знайсці прадметы, здольныя зрабіць іх жыццё больш бяспечным. Так ні адзін адрас не застанецца па-за ўвагай прапагандыстаў.
Прыпеўкі - самы любімы і цытуемы від народнай творчасці. Нават у чатырохрадкоўе з лішкам месціцца ўся «соль» зададзенай тэматыкі. Ратавальнікі ўносяць сваю лепту і правядуць ужо традыцыйны конкурс для пенсіянераў «Прыпеўкі бяспекі».
Гэта толькі невялікі пералік тых мерапрыемстваў, якія правядуць прапагандысты з пажылымі грамадзянамі ў рамках кампаніі «З клопатам аб бяспецы малой Радзімы».
Завершыцца акцыя 2 кастрычніка шырокамаштабнымі мерапрыемствамі, якія пройдуць у рамках Міжнароднага дня пажылых людзей.
25.07.2023 года ў Ракаўскім Цэнтры народнай творчасці Лямбовіч Хрысціна Станіславаўна, майстар па ткацтву паясоў, правяла майстар-клас “Водар ракаўскіх лугоў” па ткацтву габелена з лекавых раслін.
31 ліпеня выхаванцы лагера "Дружба" адправіліся на прагулку па родным аграгарадку з адной мэтай: завітаць да самых паважаных аднавяскоўцаў. І ім гэта ўдалося.
Сустрэліся з Чаславай Уладзіміраўнай Бурак, шаноўным педагогам, выхаваўшым не адно пакаленне сівічан.
Пабывалі ля дома, дзе раней жыў адважны партызан, стойкі камуніст, старшыня калгаса "Рассвет" (цяпер гэта КУП "Сівіца") Галубцоў Мікалай Іванавіч. Зараз гэты дом належыць гаспадарам Яновічам. Віктар Іванавіч ветэран афганскай вайны—заўсёды паважаны госць у школе.
З Марынай Феліксаўнай Маляўскай сустрэліся літаральна на некалькі хвілін - спяшалася на працу. Сацыяльны работнік, стараста аг.Сівіца, дэпутат, дэлегат Усебеларускага народнага сходу і адна з тройкі лепшых сацыяльных работнікаў цэнтральнага рэгіёна па выніках конкурсу "Лепшы сацыяльны работнік Мінскай вобласці 2022", карыстаецца пашанай людзей і маладзейшых і сталых. Яна паведаміла выхаванцам лагера пра сваю працу і пачаставала іх цукеркамі.
І закончылася прагулка адпачынкам і рухомымі гульнямі ў дэндрапарку.






Каманда Рэспублікі Таджыкістан па вольнай барацьбе, якая прыме ўдзел у ІІ Гульнях краін СНД, сёння прыбыла ў Беларусь. Трэніравацца, выступаць і пражываць спартсмены будуць у Мінскай вобласці, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
Збожжавыя і зернебабовыя ў Беларусі ўбраны больш як з 22 працэнтаў плошчаў. Аб гэтым паведамілі БЕЛТА ў Міністэрстве сельскай гаспадаркі і харчавання.
Тут усё зроблена з любоўю. Менавіта так можна сказаць пра сядзібу Аляксандра і Людмілы БУРАКОЎ, што жывуць па вуліцы Міру, 14 у аграгарадку Сакаўшчына.
Ці адчувалі калі-небудзь незразумелы стан душы: заходзіш на падворак, і адразу ж агортваюць незвычайнае цяпло і асалода? Наваколле як быццам бы прымае цябе і насцеж расчыняе свае дзверы. Тут настолькі добра, спакойна і ўтульна, што хочацца затрымацца і нават застацца, каб наталіцца гэтым хараством.
Аляксандр Іванавіч і Людміла Аляксандраўна свой Эдэм стваралі пятнаццаць гадоў.
– Домік на вёсцы шукалі даўно, – расказвае гаспадыня. – Я – з Гомельшчыны. Муж нарадзіўся на Валожыншчыне – у вёсцы Зарэчная, што паміж Вішневам і Багданава. А Сакаўшчына – малая радзіма яго стрыечных братоў: Валянціна, Аляксандра, Сяргея Сухадольцаў. Хацелася затрымацца дзесьці паблізу. Падказалі адрас. Прыехалі, паглядзелі – так прыгожа: наўкола бяскрайняе поле, рукой падаць хваёвы лес стаіць. На сам дом нават увагі не звярнулі. А ён, як у той песеньцы, – без акон і дзвярэй, і амаль што без даху. Суседзі расказвалі, што дзеці дзесяць гадоў “у вайну” тут гулялі – паразбіралі ўсё, што можна. Вось так і пачалася наша “вялікая” будоўля.
Людміла Аляксандраўна прызналася, што мае добры мастацкі густ: прыгожа малюе, дачка – мастак-мадэльер па прычосках і стрыжках. Талент ім перадаўся ў спадчыну па мацярынскай лініі. Таму ўвесь дызайн, ды і самі аднаўленчыя работы – справа рук гаспадыні. Яна ўсё жыццё адпрацавала брыгадзірам на будоўлях у сталіцы. Мураванне, бетанаванне, тынкоўку, пафарбоўку як дома, так і гаража рабіла сама.
За гады ўжо чатыры разы памяняліся “інтэр’еры” кветак. А іх тут – не злічыць: адны адцвітаюць, і адразу ж на гэтым месцы пышнай квеценню пакрываюцца іншыя. І так да позняй восені.
На падворку – мноства туй. Яны так пасаджаны, што ствараюць зялёную агароджу. Больш таго, іх абрэзкай і наданнем патрэбнага выгляду займаецца таксама Людміла Аляксандраўна.
Зроблены невялікі штучны вадаём, у якім красуюцца натуральныя белыя гарлачыкі. Удала прапісаліся на сядзібе і камяні, якія асабліва папулярнымі сталі ў апошнія гады ў афармленні ландшафтнага дызайну.
Маецца вялікі фруктовы сад, дзе растуць не толькі яблыні і грушы, але абрыкосавае, персікавае, нектарынавае дрэвы, грэцкі арэх і шмат іншых цеплалюбівых насаджэнняў. Дарэчы, яны шчодра пладаносяць.
На прысядзібным участку ёсць уся агародніна, што вырошваецца на зямлі: грады зроблены не аматарскія – для зяленіва, а спраўныя, як заўсёды было на вёсцы. У цяпліцы ужо паспяваюць памідоры і перац, а вось кабачкі і кроп пасеяны ў другі раз – на тым месцы, дзе дагэтуль рос часнок.
Незвычайным унутраным убраннем сустрэў нас і дом Буракоў, дзе прадумана і падабрана кожная рэч – ад мэблі да свяцільняў на столі.
У адным з пакояў па-сучаснаму абсталяваны ляжак, абкладзены керамічнай пліткай: цяпло ў ім падтрымліваецца дровамі, а выглядае ён нібы вялікая прадаўгаватая паліца. Ёсць камін, а вось газавага ацяплення няма – памяшканне абаграваецца натуральнымі відамі паліва.
На другім паверсе – спальні і пакой для ўнукаў: вельмі ўсцешыла, што на ложках ляжаць падушкі, навалочкі для якіх вязала і вышывала яшчэ іх прабабуля.
У доме зроблены дзве тэрасы з выхадам з першага і з другога паверхаў. Людміла Аляксандраўна патлумачыла, што, нягледзячы на адлегласць амаль у 10 кіламетраў, на іх выразна можна было ўбачыць салют у Валожыне, які рознакаляровымі фарбамі расквечваў небасхіл на свяце горада.
На пытанне, ці прыжыліся яны на сакаўшчынскай зямлі, муж і жонка ў адзін голас адказалі: “Даўно сталі сваімі. Тут вельмі добрыя суседзі. А лес ведаем больш, чым мясцовыя жыхары: нават дзе растуць лісічкі і сунічкі ўжо пытаюцца ў нас. А калі на некароткі час па сямейных абставінах трэба паехаць у Мінск, спяшаемся як мага хутчэй вярнуцца сюды – у куточак, які стаў мілы сэрцу і душы”.