Бліз вёскі Бурмакі мы засталі сем камбайнаў гаспадаркі, якія ўбіралі пшаніцу. Пагутарыць давялося з маладзёжным экіпажам у складзе старшага камбайнера Сяргея Саломкі і камбайнера Максіма Мацецкага. Сяргей – прадаўжальнік сямейнай дынастыі камбайнераў, у гаспадарцы шчыруе ўжо 9-ы год. Пэўны час дапамагаў бацьку, але ўжо другі сезон працуе самастойна. Максім, студэнт БДАТУ, на жніве ўпершыню. Іх намалот складае 247 тон.
Каб механізатары і іншыя работнікі працавалі прадукцыйна, клапоцяцца работніцы мясцовай сталовай. Повары Людміла Ковель, Алена Чаенка, раздатчыцы Алена Карасёва і Алёна Мамонька з ранку завіхаюцца на харчпункце. Акрамя супа, мясной з гарнірам стравы, на поле абавязкова вязуць садавіну і агародніну, морсы і кампоты. Ялавічына для “другога” – дубінской гадоўлі, свініну ж закупляюць. Але якасць кожнага прадукту – адмысловая. “Мы нашых хлопцаў песцім, – жартуюць жанчыны, – абы чаго яны есці не будуць, ды для нас саміх гатаваць смачна – справа гонару”.
Восем дзяўчат і адзін юнак – такі склад студатрада імя Васіля Шчарбіны завіхаецца на зернетаку ААТ “Агра-Дубінское”. Кіруе працавітай, энергічнай камандай настаўніца СШ № 1 Яна Ярота. Для многіх студатрадаўцаў гэта першы ў жыцці працоўны вопыт. Чатыры гадзіны, якія на працягу дванаццаці дзён неабходна адпрацаваць, гульнёй няўрымслівай моладзі не здаюцца, але і не палохаюць. Як адзначыла Вольга Лысенка (дзяўчына з актыўнай жыццёвай пазіцыяй, пастаянная ўдзельніца творчых і працоўных спраў), добрым стымулам для кожнага з членаў атрада з’яўляецца заробак.



