Акцыя, прысвечаная юбілею Вялікай Перамогі, стартавала некалькімі днямі раней у раёне. Супрацоўнікі ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва сумесна з кіруючым складам раённага ваеннага камісарыяту выязджалі на тэрыторыі сельсаветаў, каб уручыць удзельнікам Вялікай Айчыннай вайны, ветэранам працоўнага фронту, тым, хто быў гвалтоўна вывезены на Нямеччыну на прымусовыя работы, юбілейныя медалі, ушанаваўшы тым самым памяць пра слаўныя падзеі франтавых часоў.
У першы дзень акцыі па дарогах Валожынскага сельсавета вандравалі намеснік ваеннага камісара Дзмітрый КРУГЛЕНЯ, начальнік тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Галіна РАЙ, інспектар аддзялення сацыяльнай дапамогі на даму ТЦСАН Ганна Альшэўская. Перад мабільнай групай стаяла задача наведаць 27 чалавек. Улічваючы паважаны ўзрост кожнага з гэтых людзей, не варта дзівіцца, што некаторых дома не засталі: кагосьці забралі да сябе дзеці, нехта знаходзіўся на бальнічным ложку… Узнагароды і матэрыяльную дапамогу ў памеры 400 тысяч рублёў кожнаму ў той дзень атрымалі 18 дзядуляў і бабуль. Сярод іх – вязні з вёсак Дубіна і Ганчыцы Уладзімір Пятровіч МУЧЫНСКІ і Надзея Рыгораўна ПАШКОЎСКАЯ .



