У сакавіку – красавіку ў раёне прайходзіць традыцыйны “Тыдзень лесу”, падчас якога аматары прыроды змогуць паўдзельнічаць у пасадках саджанцаў. Сёлетняя дабрачынная акцыя прайшла пад дэвізам “Пасадзі дрэва ў гонар Вялікай Перамогі”.
Акрамя мясцовых жыхароў, работнікаў лясгаса, членаў школьных лясніцтваў да мерапрыемства далучыліся і прадстаўнікі іншых рэгіёнаў рэспублікі. Гэта стала магчымым дзякуючы ААТ “Контэ Трэйд”, супрацоўнікі якога актыўна адгукнуліся на акцыю. Усяго ж у пасадцы лесу прынялі ўдзел больш за тысячу чалавек. Плошча, якую ім удалося засадзіць, складае 14,7 гектара.
На тэрыторыі Валожынскага лясніцтва, непадалёку вёскі Ганчары закладзена будучая дубрава. Маладыя дубы, елкі і лістоўніцы высаджаны ў Ракаўскім і Вішнеўскім лясніцтвах. Пастаяннае месца “жыхарства” атрымалі 64200 саджанцаў.
У межах “Тыдня лесу” прайшлі і работы па добраўпарадкаванню. Восем лясных участкаў агульнай плошчай 23,8 гектара ачышчаны ад хламу, адрамантаваны і абноўлены 7 месцаў адпачынку. А на тэрыторыі Валожынскага лясніцтва пабудаваны новы аб’ект для тых, хто жадае правесці свой вольны час на ўлонні прыроды.
На працягу апошніх трох гадоў пры садзейнічанні Валожынскага райвыканкама, лясгаса, Івянецкага гарпасялковага аддзела грамадскага аб’яднання “Саюз палякаў на Беларусі” апарат Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцей сумесна з кіраўніцтвам нацыянальна-культурных аб’яднанняў праводзяць акцыю па пасадцы дрэў у рамках традыцыйнага “Тыдня лесу”.
Чарговая такая акцыя пройдзе на Валожыншчыне 18 красавіка бягучага года.



