Ветэранская старасць далёка
Уладзімір Антонавіч ШАБЛЫКА нарадзіўся на Мядзельшчыне ў шматдзетнай сям’і. Калі пачалася вайна, дапамагаў бацьку, які быў сувязным у партызанскім атрадзе.
У 1944 годзе Валодзю забралі ў армію. Служба пачалася ў Волагдзе. Рыхтавалі на фронт. Планавалася адпраўка ў Варшаву, але аказаўся ў Мурманску. Пад самім Мурманскам эшалон разбамбілі нямецкія самалёты. Уладзімір Антонавіч добра запомніў гэты дзень. Ні да таго, ні пасля таго не было так страшна. Шмат людзей палягло ў той бамбёжцы. Салдату Шаблыку пашанцавала…
Пасля была служба ў Фінляндыі, дзе сустрэў Перамогу. Абяцалі перавод у Саюз, ды прыйшлося там жа адслужыць тэлефаністам яшчэ 3 гады. Калісьці, у школе, планаваў стаць ваенным, але за армейскія гады прага да мірнага жыцця перасіліла дзіцячую мару. Хацелася вучыцца, працаваць. Сумаваў па сям’і. Шчымлівыя ўспаміны аб вечарах, якімі бацька браў у рукі скрыпку, брат – гармонік, а ён, Валодзя, – цымбалы, звалі дадому.
Вярнуўшыся з арміі, скончыў тэхнікум, ажаніўся з дзяўчынай з суседняй вёскі. Пасля атрымання дыплома быў накіраваны на працу на Валожынскі маслазавод. Тут, на Валожыншчыне, Уладзімір Антонавіч і Валянціна Вікенцьеўна знайші сваю другую радзіму. Тут з’явіліся на свет іх дзеці, у якіх даўно ўжо свае, такія ж дружныя, як у бацькоў, сем’і. Тут іх ведаюць як добрых работнікаў, руплівых гаспадароў, шчырых і добрасумленных людзей. Уладзімір Антонавіч вядомы яшчэ і тым, што да нядаўняга часу, не зважаючы на ўзрост, з году ў год прымаў удзел у лыжных спаборніцтвах, абараняючы спартыўны гонар свайго роднага прадпрыемства. Дарэчы, Уладзімір Антонавіч ганарыцца тым, што кіраўніцтва і калектыў малочнага прадпрыемства, якому аддадзена шмат гадоў, не забываюць пра ветэрана вайны і працы. Нястомны працаўнік, і сёння ён паспявае ўсё: і ў хаце ўтульнасць падтрымаць, і агарод спарадкаваць, і прыхварэўшую жонку дагледзець.
Убачыўшы гэтага чалавека, хочацца адкінуць нават думкі аб нейкім нездароўі, смутку, жаданні ленавацца і скардзіцца. Пагутарыўшы з ім, адчуваеш, што старасць яшчэ далёка, бо ветэран Вялікай Айчыннай вайны Уладзімір Антонавіч Шаблыка ў свае 90 з ёй пакуль не сустрэўся.
Валянціна КРАЎНЕВІЧ,
Урокi мужнасцi i славы
Ветэрана вайны М. Д. ВІТКІНА лёс узнагародзіў не толькі шматлікімі выпрабаваннямі. Майсей Давідавіч здолеў захаваць бадзёрасць духу і зайздросную прагу да жыцця, хоць хутка яму пойдзе 97-ы год.
Франтавік дачакаўся траіх праўнукаў. І па волі лёсу жыве на вуліцы Партызан- скай райцэнтра. Ён з цікавасцю чытае газеты і глядзіць тэлевізар у модных навушніках, што ўзмацняюць гук, толькі шкадуе, што ў апошні час радзей бярэ ў рукі мемуары – вочы ад напружанага чытання хутка стамляюцца.
…У панядзелак 23 чэрвеня 1941 года студэнт Майсей Віткін павінен быў здаваць апошні дзяржэкзамен па літаратуры. Заканчваў ён Гомельскі педінстытут імя Чкалава. Але хлопцу не суджана было адсвяткаваць атрыманне дыплома і падзяліцца радасцю з роднымі, якія жылі ў Хоцімску Касцюковіцкага раёна Магілёўскай вобласці. Бо пачалася вайна…
Дзяржаўная камісія была ў разгубленасці і вырашыла не экзаменаваць, маўляў, пасля вайны даздасце. Але студэнты настаялі. Іспыт прынялі ў паловы групы, як па радыё абвясцілі паветраную трывогу. Прыйшлося спускацца ў падвал. Калі варожыя самалёты адбамбілі аэрадром і зніклі, экзамен, нарэшце, удалося скончыць. Замест дыпломаў выдалі часовыя пасведчанні. І Майсей Віткін стаў настаўнікам рускай мовы і літаратуры з правам выкладання беларускай.
Гомель бамбілі. Юнакам загадалі звяртацца ў любыя ваенкаматы, дзе іх возьмуць на ўлік. 25 чэрвеня малады настаўнік Майсей Давідавіч ужо быў на зборным пункце. Яму ішоў 23-і год.
Калі пачалася вайна, яго родныя браты служылі ў арміі. Старэйшы Леанід – таксама настаўнік рускай мовы, які да вайны працаваў дырэктарам школы і меў сваю сям’ю, – вось-вось павінен быў мабілізавацца. А малодшы Навум толькі прымераў салдацкую форму. Таму яны адразу пайшлі на фронт.
Майсей Давідавіч трапіў у артылерыйскі полк. Але прабыў там толькі сем дзён. Паколькі ў арміі ён не служыў, але меў вышэйшую адукацыю, яго накіравалі ў Разанскае ваеннае артылерыйскае вучылішча. Гэту навучальную ўстанову М. Д. Віткін скончыў за 5 месяцаў у званні малодшага лейтэнанта, у мірны ж час вайскоўцаў там рыхтавалі 4 гады.
Затым маладому настаўніку і ўжо афіцэру загадалі адпраўляцца ў горад Какчэтаў Паўночнага Казахстана, дзе ў вучэбным артылерыйскім палку ён павінен быў рыхтаваць салдат. Прабыў там толькі месяц. І больш не змог. Як жа ён будзе рыхтаваць для фронту іншых, а сам “адседжвацца”? Напісаў рапарт з просьбай адправіцца на перадавую. Але яму адмовілі. Тады ён паўтарыў спробу, і жаданне задаволілі.
Майсей Давідавіч трапіў на Заходні фронт, з якога ў 1944 годзе ўтварыўся 3-і Беларускі фронт пад камандаваннем генерала Чарняхоўскага. У складзе гэтых войскаў М. Д. Віткін ішоў дугой Віцебск-Вільнюс-Усходняя Прусія. Ён быў камандзірам узвода артылерыйскай разведкі: сачыў за варожымі агнявымі кропкамі, перадаваў даныя на пазіцыі.
На подступах да Кёнігсберга яго цяжка раніла. З агнявых пазіцый па-пластунску прабіраўся да назіральнага пункта, перабягаючы з адной варонкі ў іншую, калі варожы кулямёт чаргой перабіў яму нагу. Так скончылася яго франтавое жыццё, што доўжылася 2 гады і 7 месяцаў.
Цяжкапараненага Майсея Давідавіча адправілі ў далёкі тыл, у сталіцу Башкірыі Уфу, у эвакашпіталь № 2574. А дзень выпіскі якраз прыпаў на 9 мая 1945 года.
З Уфы на радзіму франтавік адправіўся праз Маскву. Народ трыумфаваў. Дарэмнай была турбота Майсея Давідавіча, як на дзвюх мыліцах перайсці з Казанскага вакзала на Беларускі. Людзі наперабой імкнуліся яму дапамагчы: на рукі падхопяць, паставяць на эскалатар, дзяжурныя знімуць унізе, у вагон пасадзяць.
Усю вайну ён быў адзінокім. Лістоў нікому пісаць не мог. Таму што тэрыторыя, дзе жылі яго родныя і сябры, была акупіравана. Але і той пераможны май не дазволіў Майсею Давідавічу абняцца са сваёй сям’ёй. Малады лейтэнант вярнуўся інвалідам 2-й групы. Дома яго ніхто не чакаў. Падчас акупацыі бацькоў і сястру расстралялі, хата згарэла. Лёс малодшага брата быў невядомым: ці то загінуў, ці то трапіў у палон (праз гады сваякі спрабавалі адшукаць звесткі пра яго, але намаганні аказаліся беспаспяховымі). Застаўся жывым старэйшы брат Леанід, які ў дадатак да ўсіх нягод перажываў яшчэ і страту жонкі, расстраляную немцамі.
Майсей Давідавіч вырашыў, нарэшце, заняцца педагогікай, аднак яго накіравалі ў Заходнюю Беларусь, дзе не хапала кадраў для ўкамплектавання дзяржустаноў. Ён трапіў у тады яшчэ Вілейскую вобласць, якая потым стала Маладзечанскай, а пазней Мінскай. У Вілейцы працаваў у аблвыканкаме, затым перавялі ў Маладзечна. Быў начальнікам кантрольна-ўліковага бюро: кантраляваў выдачу картак па вобласці. Паколькі свайго даху над галавой не было, яму дазволілі жыць па месцы працы. Днём памяшканне служыла кабінетам, а ўвечары станавілася жылым пакоем.
Неўзабаве ён сустрэне настаўніцу пачатковых класаў Таццяну Сямёнаўну, сваю будучую жонку. Нягледзячы на бытавыя цяжкасці, яны створаць сям’ю, выхаваюць дачок Людмілу і Вольгу, якія працягнуць педагагічную дынастыю, стаўшы настаўніцамі нямецкай мовы.
Дарэчы, Майсей Давідавіч дзеля жонкі прыехаў настаўнічаць у Валожын і застаўся тут на ўсё жыццё. Яна, карэнная расіянка, не ведала беларускай мовы. Таму, каб яна змагла выкладаць, муж знайшоў школу з рускамоўным навучаннем. Такія школы адкрываліся ў месцах дыслакацыі ваенных гарнізонаў. Вакантнае месца было ў Валожыне.
…Амаль 30 гадоў Майсей Давідавіч быў педагогам. Працаваў дырэктарам вячэрняй сярэдняй школы ў Валожыне, настаўнікам і дырэктарам СШ № 2 райцэнтра, дырэктарам мясцовай школы-інтэрната, а перад пенсіяй пайшоў настаўнікам у СШ № 1.
Акрамя баявога ордэна Чырвонай Зоркі ў ветэрана ёсць не менш значная працоўная ўзнагарода – медаль “Выдатнік народнай адукацыі”. Яе ён атрымаў не толькі за педагагічную дзейнасць. Яго энергіі і энтузіязму хапала і на вялікі аб’ём грамадскай працы. Напрыклад, Майсей Давідавіч стаў ініцыятарам будаўніцтва спартыўнага корпуса для СШ № 2 і ўзводзіў яго разам з настаўнікамі і старшакласнікамі. Зараз у гэтым будынку на вуліцы Набярэжнай знаходзіцца дзіцяча-юнацкая спартыўная школа раёна.
Тэкст і фота Алены ПАШКЕВІЧ
Цэнiць мiр i спакой на зямлi
Жыве ў вёсцы Брылькі Валожынскага сельсавета ветэран Вялікай Айчыннай вайны Іван Фаміч Радына. Гледзячы на гэтага энергічнага чалавека, не скажаш, што яму 95 гадоў. Я амаль кожную нядзелю бачу яго ў царкве. Дабіраецца ў Валожын на маршрутным аўтобусе. Крыўдуе трохі, што здароўе падводзіць, цяпер яму патрэбна намнога больш часу, каб дайсці ад сваёй хаты да аўтобуснага прыпынку.
Пасля вызвалення Беларусі ў 1944 годзе Іван Фаміч быў прызваны на фронт. У верасні ён прыбыў на зборны пункт у Лідзе. На выбар прапанавалі пайсці ў польскую ці савецкую армію. Наш герой выбраў польскую, бо жыў на тэрыторыі, якая належала Польшчы, добра ведаў польскую мову. Часць фарміравалася ў Беластоку. Там выдалі абмундзіраванне, трохі падвучылі і адправілі ў Люблінскае ваяводства, дзе дыслацыравалася ўся армія, што ўваходзіла ў склад 1-га Украінскага фронта пад камандаваннем маршала Савецкага Саюза І. С. Конева. камандны састаў складалі савецкія афіцэры, а вось малодшы састаў быў польскі. Паколькі І. Ф. Радына меў за плячамі 7 класаў польскай школы, то яму адразу далі званне малодшага сяржанта і назначылі камандзірам аддзялення.
Першы яго бой быў пры фарсіраванні Нісы, прытока Одэра. Аддзяленне з 10 чалавек, якім камандаваў Іван Фаміч, першым дабралася да ракі. Гэта атрымалася дзякуючы таму, што яны змаглі ўтварыць моцную дымавую заслону. На беразе знайшлі лодку і паплылі. Але яна на сярэдзіне ракі пачала тануць, прыйшлося ўплаў дабірацца да супрацьлеглага берага. Іван Фаміч успамінае, як яго панесла цячэннем, добра што паспеў ухапіцца за нейкі сухі корч. Затым, выстаўляючы ўперад аўтамат, паціху дабраўся да берага. Пераплыўшы раку, іх аддзяленне адразу заняло пазіцыю. Гарматамі закідалі і заглушылі агнявы пункт праціўніка, пашырылі плацдарм, хвілін праз сорак падышлі асноўныя сілы. За ўзорнае выкананне гэтага задання І. Ф. Радына атрымаў польскія Крыж Адважных і знак “GRUNWALD-BERLIN”.
Іван Фаміч цудам застаўся жывы падчас гэтай аперацыі. Ён успамінае, што, як толькі падняліся на бераг Нісы, паміж ім і чырвонаармейцам Сямашкам з-пад Вільні ўзарваўся мінамётны снарад. Нашага героя кантузіла. памятае, што рот быў поўнасцю забіты граззю, але на целе не з’явілася ні адной драпіны. А вось баявога сябра забіла на месцы, усё цела было зрашэчана асколкамі снарада. Знаходзіліся яны адзін ад аднаго метрах у дзесяці. Цяжка было бачыць смерць блізкіх людзей. Састаў аддзялення ўвесь час мяняўся, і да канца вайны з тых, з кім пачынаў службу, засталося 5 чалавек. З Брылькоў у аддзяленне трапілі трое. Ю. Бубневіч загінуў, А. Станілевіч быў паранены і дэмабілізаваўся, нашага героя лёс сцярог ад варожых куль.
Затым быў штурм Ротэнбурга, вяліся страшныя баі за Герліц. Невялікі горад Брэтнік чатыры разы пераходзіў з рук у рукі. Уся зямля была ўслана целамі забітых. Тут загінула многа сяброў і знаёмых. Назаўсёды засталася ў памяці І. Ф. Радыны легендарная сустрэча саюзніцкіх войскаў на Эльбе.
Наступіла доўгачаканая Перамога, але вайна для нашага героя не закончылася. Паколькі ён меў званне малодшага сяржанта, то быў накіраваны ў Заходнюю Украіну на барацьбу з бандэраўцамі. За год, які Іван Фаміч тут прабыў, двойчы пападаў у засады, быў паранены. Дэмабілізаваўся ў канцы красавіка 1946 года.
Першы раз трапілі ў засаду ў пачатку чэрвеня. Аддзяленне з трыма падводамі адправілася ў адну з вёсак, каб прывезці саломы на нары. Вёска багатая, у кожным двары гумно. Зайшлі ў хату, каб папрасіць саломы, а там нікога няма. Пліта топіцца, ежа на агні гатуецца. Адчынілі гумно, саломы многа. На ўсялякі выпадак Іван Фаміч выставіў пасты. Нагрузілі саломы, рушылі назад, на вазы не селі, па пяць чалавек з бакоў ідуць. Праехалі дзве вёскі, і тут нечакана іх абстралялі з кулямётаў і аўтаматаў. Добра што з аднаго боку жыта расло. Залеглі ў яго, падпусцілі бліжэй і адкрылі агонь. У выніку заданне выканалі.
Ветэран успамінае, як іх гарнізон спыніўся на хутары, толькі ўладкаваліся, як паступіў загад з’ездзіць у разведку ў суседнюю вёску. Дваццаць чалавек селі на машыну і рушылі ў дарогу. Толькі ўехалі, як іх абступілі і абстралялі з кулямётаў і гранатамётаў бандэраўцы. І. Ф. Радыну параніла левую руку, бок ссекла асколкамі. Сталі адступаць. Ён з таварышам саскочылі ў канаву, сталі аглядацца, шукаць, адкуль страляюць. Бачаць, у спаленым доме сядзіць у акне кулямётчык і вядзе агонь. Наш герой пры адступленні паспеў забраць аўтамат і гармату, але левая рука прастрэлена, а ён ляўша, таму зрабіць нічога не можа. А зброя сябра засталася на машыне, таму Іван Фаміч перадаў яму сваю, і той заглушыў кулямёт назаўсёды. І. Ф. Радына выскачыў з канавы, з вёскі пачуліся стрэлы аўтамата, яго двойчы раніла ў нагу.
Пасля вайны Іван Фаміч пабудаваў дом, ажаніўся, выгадаваў дзяцей. У гэтым доме жыве і цяпер. Амаль кожную нядзелю ветэрана наведваюць дачка і ўнучка. Ён кожны раз з радасцю сустракае родных людзей.
У скарбонцы Івана Фаміча ордэн Айчыннай вайны II ступені, шматлікія медалі, сярод якіх “За Одэр, Нісу, Балтыку”, “За Перамогу”, “Pro Memoria”. Сярод гэтых узнагарод на грудзях ззяе ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга. Пасля вайны ён працаваў брыгадзірам комплекснай брыгады, заўсёды меў высокія ўраджаі, добрыя прывагі. Вазіў зерне і скаціну на абласныя і рэспубліканскія выстаўкі. Яму нават далі пуцёўку на выстаўку ў Маскву, якую ён наведаў з вялікім задавальненнем. Пайшоўшы на пенсію працягваў працаваць спачатку памочнікам брыгадзіра, а затым рознарабочым.
Больш за ўсё Іван Фаміч цэніць мір і спакой на зямлі, вельмі хвалюецца аб тым, што адбываецца зараз на Украіне…
Анжэла РАДЫНА
Яшчэ пажывём!
9 мая 2015 года, 10:53
Звяртаючыся да ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Аляксея Іванавіча САНТАЛАВА з просьбай аб сустрэчы, хвалявалася. Але пачуўшы добра пастаўлены, бадзёры голас з рускім акцэнтам: “А Вы заязджайце, убачыце, як жывём, ды не саромейцеся, мы з жонкай будзем рады!” – адразу супакоілася.
“Лёшачка выйшаў, але зараз будзе ў хаце. А Вы заходзьце, мы гасцей любім”. Жонцы ветэрана, Алімпіядзе Мікалаеўне, як і самаму Аляксею Іванавічу, які адзначыў 90-гадовы юбілей, ні за што не дасі яе гадоў – прыгожы твар, добрыя вочы, шчырая ўсмешка… “Ведаеце, а мы з Лёшам разам ужо 64 гады! Дзве дачкі ў нас і два сыны, сямёра ўнукаў і пяць праўнукаў. Вось якое багацце! Так усё жыццё разам і пражылі. А чаму? Ён, Лёшачка мой, вельмі добры! А якія ў яго рукі! Ён жа ўсё на свеце рабіць умее. І хату сам збудаваў, тата мой толькі дапамагаў. Усё давёў да толку і ўнутры, і на падворку. А гаспадарку калі трымалі, столькі працаваў! Нічога болей не хачу, абы толькі ён здаровы быў!”.
“Не ён, а мы, – папраўляе жонку гаспадар, далучаючыся да размовы. – Я лічу, самае галоўнае ў свеце – здароўе, сям’я і мір. Вайна – горшае, што ёсць на зямлі. Гэта боль, страх, пакута. Чалавек павінен працаваць, сям’ю пыніць, а не забіваць. Упэўнены, што любы мір, нават калі дзе што трохі і не так, усё адно добра. А пра той страшны час стараюся не ўспамінаць. Але ж памяць такая штука, не сатрэш…
Да вайны мая сям’я жыла ў Расіі. Маці родам з Валожына, але выйшла замуж за салдата і паехала за ім. Працавалі ў калгасе. У 1941 годзе мне было 16 гадоў, іншых планаў, чым праца на зямлі, не меў. Добра помню дзень, які перавярнуў жыцці маіх суайчыннікаў. Аднавяскоўцы сабраліся каля сельсавета. Шум, гам, бабы ў слёзы, вочы ў людзей спалоханыя… Было страшна за бацькоў, яны ў той час гасцявалі ў валожынскіх сваякоў, і мы доўга не ведалі, што з імі. У той год восенню нас, юнакоў, сталі вучыць на трактарыстаў. А я да тэхнікі быў здатны. Хутка ўжо сам араў. Цяжка было, нагрузкі вялікія. Ні выхадных, ні адпачынку. У камсамол мяне прымалі прама ў полі.
У армію забралі ў 1943 годзе, адправілі на Далёкі Усход. Усе сібірскія дывізіі тады ваявалі пад Масквой, і нас, маладое папаўненне, абучалі маладзенькія сяржанты. Дзень і ноч рыхтавалі да адпраўкі на фронт. Я асвоіў спецыяльнасць мінамётчыка. Служыў аж да 1945 года. Перад пачаткам Маньчжурскай аперацыі (Савецка-японскай вайны) нас пераправілі на граніцу. Помню, як цэлы тыдзень плылі праз Татарскі праліў Ахотскага мора на Курылы. Не паспелі высадзіцца, адразу ў бой. Ці было страшна? Не ведаю, здавалася, што ўсё гэта нейкі жудасны сон. Пасля Курылаў перакінулі на Камчатку. Там праслужыў 5 гадоў. Быў старшынёй, камандзірам узводу, з мінамётчыкаў перавялі вадзіцелем. Вясной 1945-га нас рыхтавалі да ўдзелу ў парадзе ў Петрапаўлаўскім-Камчацкім. Але ў сувязі з тым, што гэта была пагранічная зона, парад адмянілі.
Ці шмат маю ўзнагарод? Трохі ёсць! Зараз пакажу! Бачыце, гэта медаль “За перамогу над Японіяй”. Вельмі даражу гэтай узнагародай! Пасля вайны мае бацькі пераехалі ў Беларусь, і я пасля дэмабілізацыі адправіўся да іх. З цяжкасцю дабраўся са станцыі “Валожын” да горада, і на вуліцы Кастрычніцкай (тады – Дубінской) сустрэў бацьку. Ён мяне не пазнаў, не бачыліся столькі гадоў! Жыць у пасляваенны час таксама было цяжка, але ўсведамленне, што вайна скончылася, мы перамаглі, давала стымул працаваць, планаваць будучыню. А да працы мне не прывыкаць!
Уладкаваўся вадзіцелем у райвыканкам, затым працаваў інструктарам у ваеннай аўташколе, начальнікам пункта тэхнічнага абслугоўвання, шафёрам у райспажыўтаварыстве, у прамкамбінаце (зараз – РКБА). Пазней і да самай пенсіі вазіў першага сакратара райкама партыі. Пры мне іх змянілася ці то 8, ці то 9. Добра памятаю сустрэчу з Пятром Міронавічам Машэравым. Ён проста прыязджаў на поле ў час уборкі. За руку вітаўся не толькі з начальствам, але і з механізатарамі, і са мной, простым шафёрам. Увогуле, за час работы ў райкаме пабачыў розных людзей, у тым ліку і начальнікаў даволі высокага рангу. Прыйшоў да высновы, калі чалавек разумны, інтэлігентны, тады і пасада яго ўпрыгожвае і ён пасаду, калі ж не…”
А. І. Санталава валожынцы ведаюць як добрага музыканта. Ён шмат гадоў быў салістам хору ветэранаў РЦК. Адкуль гэткія здольнсці ў простага сялянскага хлопца, пытаюся ў Аляксея Іванавіча.
“Здольнасці ад бацькоў, уся сям’я была музычнай. Яшчэ ў дзяцінстве навучыўся іграць на балалайцы. Калі споўнілася 12 гадоў, бацька купіў гітару. У арміі за добрую службу атрымаў акардэон, але я яго не любіў, прадаў, купіў баян, зараз маю два. А спяваю, колькі сябе памятаю. Ды жонку добрую спявачку ўзяў”.
“Так, – у размову ўступае Алімпіяда Мікалаеўна, – спяваць мы любім і танцаваць любілі. На танцах некалі і пазнаёміліся. Здаецца зусім нядаўна гэта было. А цяпер спяваем ужо толькі дома, для сябе, ці калі ўсёй сям’ёй на свята якое збяромся. У нас добра, весела! Вось бы толькі яшчэ пажыць, праўда Лёшачка?”.
Аляксей Іванавіч падбадзёрвае сяброўку жыцця: “Яшчэ пажывём! Уперадзе такое свята – 70-годдзе Перамогі! Для нас – гэта святы дзень! Так павінна быць для ўсіх, людзі не маюць права забываць урокі гісторыі. Я маладым заўсёды жадаю берагчы Радзіму і не дапускаць канфліктаў, бо калі над намі мірнае неба, можна жыць. А жыццё, яно такое кароткае і… такое доўгае”.
Напрыканцы сустрэчы гаспадар узяў у рукі баян, гаспадыня прысела побач, і хата напоўнілася гукамі цудоўнай, трошкі сумнай песні аб жыцці і аб каханні.
Валянціна КРАЎНЕВІЧ,



