Менш чым праз месяц школьнікі ў новых уборах ускінуць на плечы рукзакі і пасля доўгага летняга адпачынку адправяцца на ўрокі за ведамі.
Традыцыйна ў перыяд школьных кірмашоў у валожынскім універмагу для пакупнікоў дзейнічаюць спецыяльныя прапановы. Для шматдзетных сем’яў да канца жніўня праходзіць акцыя: на тавары школьнага асартыменту – скідка 10%. Такая ж скідка прадугледжана для школьнікаў, якія купілі абутак на суму звыш 500 тысяч рублёў, адзенне – звыш 1 млн рублёў, канцылярскія тавары – звыш 200 тысяч рублёў, рукзакі і ранцы – звыш 200 тысяч рублёў.
У якую суму бацькам абыходзяцца абноўкі для гардэроба дзіцяці? Колькі каштуюць неабходныя канцылярскія прылады? Мы вырашылі высветліць гэта, адправіўшыся ва ўнівермаг райцэнтра.
Асартымент заплечнікаў тут прадстаўлены беларускай фірмай “Галантэя” і кітайскім вытворцам. Кошт іх вагаецца ў межах 200-500 тысяч рублёў. Напрыклад, самы дарагі беларускі заплечнік быў з цэннікам у 526 тысяч. Побач вісеў “made in China” за 455 тысяч з цікавай характарыстыкай на этыкетцы: эрганамічныя змякчальныя падушачкі на спінцы і на лямках з вентыляцыйнымі адтулінамі, ушчыльненая спінка, тканіна валодае воданепрымальнымі і марозаўстойлівымі ўласцівасцямі, ёсць кішэнь для наўтбука. Каляровая гама заплечнікаў вельмі стрыманая: галоўным чынам дамінуе чорны. Толькі рукзакі для малодшых школьніц радуюць яркасцю і вясёлымі малюнкамі.
Самая галоўная рэч у школьнай сумцы – дзённік. Кошт яго 7500 рублёў. На якую мінімальную суму можна набыць астатнюю канцылярыю? Вокладка для дзённіка абыдзецца ў 2700 рублёў, для сшытка – у 500 рублёў. Тонкі школьны сшытак на 12 лістоў каштуе 1600 рублёў, шарыкавая ручка – 2900 рублёў, просты аловак з гумкай – 2600 рублёў, альбом для малявання на 16 старонак – 4700 рублёў, набор з 6 штук рознакаляровых алоўкаў – 12500 рублёў, такі ж набор фламастараў – 6300 рублёў, акварэльныя фарбы на 8 колераў – 12500 рублёў, гуаш на 6 колераў – 33 тысячы рублёў, гумка – 3100 рублёў, драўляная лінейка на 15 см – 1800 рублёў. Сціплы пластмасавы пенал абыдзецца ў 10600 рублёў, а “наварочаны”, з двума раздзеламі – у 63600 рублёў.
У школьнікаў, якія пішуць левай рукой, папулярныя лінейкі для ляўшэй, дзе адлік лічбаў размешчаны справа налева, а таксама спецыяльныя нажніцы з перавернутымі лёзамі, якія не закрываюць лінію рэзу пры рабоце левай рукой. У продажы ёсць ручка-шпаргалка за 7 тысяч рублёў, якая выручыць аматараў карыстацца на ўроках пісьмовымі падказкамі: з яе корпуса выцягваецца шырокая белая глянцавая плёнка, на якую лёгка наносіць любы тэкст і сціраць яго, адпусціўшы нацягнуты край плёнкі, яна імгненна скручваецца і хаваецца ў ручку.
У якім абутку адправіцца на ўрачыстую лінейку 1 верасня? Ва ўнівермагу можна падабраць пару сярод фірмаў “Шагавіта”, “Сівельга”, “Марка”, “Нёман”. Абыдзецца яна ад 350 да 600 тысяч рублёў. Хлопцам-старшакласнікам з атлетычным памерам ступні у 46-47 см прадаўцы прапануюць выбраць сабе туфлі сярод мужчынскіх мадэляў. Напрыклад, самыя дарагія з іх – “Марка Premium” коштам 921 тысяча рублёў.
У дзяўчат каторы год папулярнасцю карыстаюцца балеткі: ва ўнівермагу іх кошт да 500 тысяч рублёў.
Асартымент спартыўнага абутку прадстаўлены не толькі беларускім вытворцам, але і расійскім, польскім і кітайскім. Галоўным чынам гэта чаравікі з тэкстыльным верхам. Каштуюць ад 92 да 300 тысяч рублёў. Каб ногі падчас спартыўных нагрузак дыхалі, Лідская абутковая фабрыка прапануе абутак з ільняным верхам, а гродзенскі “Нёман” – са скураной вусцілкай.
У аддзеле адзення касцюмы для школьнікаў прадстаўлены ў сіне-чорна-карычневай гаме салігорскай “Калінкі”, бабруйскай “Славянкі”, віцебскага “Знамя індустрыялізацыі” і іншых айчынных вытворцаў. На вешалках знайшлося толькі некалькі дзявочых мадэляў у бардовую клетку і бела-чорную. Кошт гарнітураў залежыць ад размеру: чым большы, тым даражэйшы. Асартымент – багаты, аднак няўпэўнена, што тут адшукаюць сабе рэч да густу заўзятыя моднікі.
Хлопчыкам прапануюць касцюмы (камізэлька+штаны альбо пінжак+штаны) ад 96 да 959 тысяч рублёў. Кашулі каштуюць ад 112 да 207 тысяч рублёў, гальштукі – ад 24 да 75 тысяч рублёў. Гардэроб прапануюць папоўніць трыкатажнымі камізэлькамі і джэмперамі. Спартыўны хлапчуковы касцюм каштуе ад 196 да 358 тысяч рублёў, дзявочы – у сярэднім 250 тысяч рублёў. Трыкатаж прадстаўлены беларускімі фірмамі “Калінка”, “Світанак”, “Палессе”, “8 Марта” і іншымі.
Для дзяўчынак у продажы – сарафаны, касцюмы-двойкі (камізэлька і спадніца) і -тройкі (жакет, спадніца, штаны). Цана іх вагаецца ад 79 да 653 тысяч рублёў. Сярэдні кошт блузак – 200 тысяч рублёў.
Некаторыя сем’і, купіўшы тавары школьнага асартыменту на суму больш за 1 мільён рублёў, карыстаюцца акцыяй “Прывітанне, школа!”. Яна прадугледжвае растэрміноўку без пераплат на тры месяца з першапачатковым узносам 10%. Тым, хто прывык адкладаць падрыхтоўку да школы ў доўгую скрыню, не варта хвалявацца: акцыя дзейнічае да 15 верасня.
На першым паверсе ўнівермага размешчаны спецыяльны кошык, у якім спагадлівыя пакупнікі пакідаюць канцылярскія прылады. Такім чынам чулыя людзі дапамагаюць дзецям з абмежаванымі магчымасцямі сабрацца ў школу. Усе падарункі з кошыка будуць перададзены выхаванцам Чэхаўшчынскай школы-інтэрната. Арганізатарам дабрачыннай акцыі “Пойдзем у школу разам!” стала райспажыўтаварыства.
Алена ПАШКЕВІЧ,



