1 верасня ў Валожынскім краязнаўчым музеі адбылося адкрыццё выставы карцін беларускіх мастакоў “На жыццёвых сцяжынах”. На ёй прадстаўлены работы нашага земляка-валожынца Уладзіміра Сайко, Андрэя Лычкоўскага, Хведара Ладуцькі, прафесара Беларускай Акадэміі Мастацтваў Яўгена Шунейкі. Сярод карцін вядомых мастакоў пачэснае месца займае карціна зусім юнага, але ужо таленавітага Уладзіслава Шуцько – вучня У.Сайко. Гэтыя мастакі ўваходзяць у суполку “Абуджэнне”, мэтай якой з’яўляецца папулярызацыя гістарычнай спадчыны, культуры і мастацтва. Усе яны прысутнічалі на адкрыцці.
Адкрыццё выставы было прымеркавана да Дня ведаў, таму першымі наведвальнікамі яе сталі вучні СШ №1 г.Валожына. Пад час гэтага мерапрыемства адбыўся цікавы дыялог на тэму сучаснага мастацтва і яго ролі ў жыцці грамадства. Мастакі перадалі ў дар музею восем карцін, на якіх выявы Валожына і яго наваколля.
Затым мастакі накіраваліся ў в.Багданава, на былую сядзібу мастака Ф.Рушчыца. Жывапісныя краявіды багданаўскай зямлі натхнілі іх на стварэнне новых твораў, якія былі падараваны музею. У выніку - фонды музея папоўніліся сямнаццаццю новымі карцінамі.



