Адрес:

222357, г. Воложин, пл. Свободы, 2

Телефон приемной:

+375 (1772) 5-55-72

Режим работы:

с 8.00 до 13.00 и с 14.00 до 17.00 по будням

горячая линия: +375 (1772) 5-55-72

Усе цяжкасці выпраўляюць дзіцячыя ўсмешкі

11.01.2021

Падчас акцыі «Нашы дзеці», якую праводзяць розныя ведамствы, у тым ліку і МУС, намеснік начальніка РАУС Аляксандр Акушка і начальнік інспекцыі па справах непаўналетніх Аляксандр Чаховіч наведалі дзіцячы дом сямейнага тыпу ў Валожыне.

Сёння тут выхоўваюць шасцярых непаўналетніх – Алену, Софію, Назара, Івана, Яніну і Аліну. Дзеці напачатку здзівіліся: раней іх дом міліцыянеры не наведвалі. Аднак хутка разам з бацькамі парадаваліся прывезеным салодкім падарункам і сфатаграфаваліся на памяць.

У гэтым доме заўсёды рады гасцям. Асабліва іх шмат у навагоднія святы. Рабят ужо павіншавалі супрацоўнікі МНС, а Беларускі дзіцячы фонд падарыў квіткі на навагодняе прадстаўленне ў Белдзяржцырк.

…Святлана – матуля як па пасадзе, так і па закліку сэрца. Пэўны час яна ў адной са школ раёна выкладала рускую мову і літаратуру, сумяшчала пасаду педагога-арганізатара. Пасля таго, як з мужам Вітаўтасам выгадавалі ўласную дачку, абодва рашыліся на адказны крок – падарыць свой нерастрачаны, па іх уласным меркаванні, бацькоўскі патэнцыял іншым дзеткам.

У 2011 годзе Святлана і Вітаўтас упершыню на выхаванне ўзялі дваіх прыёмных дзяцей з прытулку. Праз некаторы час муж прапанаваў узяць яшчэ… Так выхаванцаў стала 8.

Спачатку жылі ў вёсцы. А ў 2013 годзе пераехалі ў новы, спецыяльна пабудаваны дом па вул. Горкага ў райцэнтры. Тут нясуць пачэсную місію і да гэтага часу. Матуля прызнаецца, што адразу на яе крыху “ціснулі” мэбля з інвентарнымі нумарамі, мноства дакументацыі, што неабходна пастаянна весці і запаўняць, нечаканыя візіты органаў кантролю. Цяпер яна не звяртае на такія дробязі ўвагі. Усе цяжкасці перакрываюць светлыя эмоцыі ад усмешак дзяцей са складаным лёсам, які цярпліва і нястомна выпраўляюць Святлана і Вітаўтас. Дарэчы, за ўвесь перыяд работы да прыёмных бацькоў ні разу не было нараканняў – адны падзякі. Сам Вітаўтас працуе ў сталічным метрапалітэне тунэльшчыкам. Гэта цяжкая работа. Аднак мужчына стараецца не паказваць стомленасць: і на пытанні рабят адкажа, і дапаможа ім усім неабходным.

Узрост, з якога дзеці могуць выхоўвацца ў дзіцячым доме сямейнага тыпу, – ад 3 да 16 гадоў. У асноўным дзеці ў доме сямейнага тыпу выхоўвацца да 9 класа. Пасля – ліцэі і іншыя навучальныя ўстановы. Пакінуць дзіця пры сабе да 11 класа можна толькі пры ўмове, што ў яго будзе добрая паспяховасць і яму не будзе цяжка асвойваць вучэбную праграму. Гаспадыня вялікай сям’і прызналася: усе яе выхаванцы разумеюць сітуацыю, у якой апынуліся. Што яна для іх – не родная. Аднак калі кроўным бацькам аказалася непатрэбным цяпло маленькіх сэрцаў, дзеці шчодра дзеляцца гэтым багаццем са Святланай і Вітаўтасам.

Асноўнай задачай сабе жанчына ставіць абавязак навучыць і падрыхтаваць дзяцей да дарослага жыцця. А таксама стараецца кожны дзень здзівіць іх пэўнымі кулінарнымі вынаходствамі. У меню вялікай сям’і – тунец і авакада! Заўважыла ў дзяцей асаблівасць: кішэнныя грошы яны, у асноўным, расходуюць на яе, дорачы розныя падарункі. Хутчэй за ўсё, дзеці бачаць, як яна траціць грошы на іх патрэбы, нярэдка песціць сюрпрызамі, і таму распараджаюцца сваімі фінансамі па яе прыкладзе.

Тры сабакі і два каты, агарод на прысядзібным участку (апрацоўвае Вітаўтас з дзецьмі!), дзевяць курэй, тры індыкі і тры качкі – вось такая падсобная гаспадарка ў дружным доме сямейнага тыпу па вуліцы Горкага. У двары стаіць старэнькі пазадарожнік “Lаnd Rover” яшчэ 80-х гадоў. Гэта асабісты аўтамабіль Святланы і яе мужа. Набывалі яго, ужо як сталі жыць і працаваць тут, у Валожыне, з разлікам толькі на ўласны бюджэт. Хацелі мікрааўтобус, але не хапіла фінансаў. Таму выбар спынілі на брытанскай класіцы: у аўтамабілі і дагэтуль хапае месца ўсім. Наогул, жонка з мужам прывыклі жыць па сродках, гэтаму ж

вучаць і сваіх выхаванцаў. Але разам з тым імкнуцца выканаць жаданні дзяцей. Калі гаворка заходзіць аб прадмеце або цаццы вялікага кошту, то набываецца яна для ўсіх і з агульнай згоды. Выключэнне – смартфоны. На думку Святланы, у дзіцячым узросце яны прыносяць больш шкоды, чым карысці. Жанчына лічыць, што ў сучасных рэаліях дзеці не могуць абысціся без навыкаў работы на камп’ютары. Аднак рабяты не павінны праменьваць пачуццё раскрытай кнігі ў руках і паху друкарскай фарбы на маніторы сучасных гаджатаў…

На развітанне Святлана, Алена, Софія, Назар, Іван, Яніна і Аліна папрасілі супрацоўнікаў міліцыі часцей заходзіць у госці і расказваць як мага больш аб прафесіі. Некаторыя з выхаванцаў, відавочна, у будучым плануюць звязаць свой лёс са службай у органах унутраных спраў. Нам яны пажадалі моцнага здароўя, менш здарэнняў і поспехаў на службе.

Галерея изображений