Дзень маці – цудоўная нагода шчыра павіншаваць, падарыць кветкі, праявіць клопат, прызнацца ў лепшых пачуццях самым блізкім людзям, якія падарылі нам жыццё.
Вялікай пашаны заслугоўваюць жанчыны, якія нарадзілі і выхоўваюць па трое і больш дзяцей. У гарадскім пасёлку Івянец пражывае 56 шматдзетных сямей, дзе выхоўваецца 177 дзетак, у Івянецкім сельсавеце – яшчэ 49 такіх сямей, у іх расце 161 дзіця.
Вялікі святочны канцэрт “Для тых, хто жыццё даруе і цяпло!”, прымеркаваны да Дня маці, прайшоў у Івянецкім доме культуры. На ім ушанавалі вызначаныя катэгорыі матуль, а пасля для іх прагучалі віншавальныя нумары. Удзел у канцэрце прынялі прадстаўнікі Дома культуры, агульнаадукацыйнай школы, музычнай школы, дзіцячага сада, быў прадэманстраваны відэарад з тэматычнымі слайдамі. Прысутных уразілі цёплая атмасфера і майстэрства выканаўцаў.
Святочныя мерапрыемствы, прымеркаваныя да Тыдня маці, прайшлі ва ўсіх школах і дзіцячых садках Івянецкага сельсавета. Урачыстыя канцэрты адбыліся ў Суднікаўскім доме культуры і Каменскім спартыўна-забаўляльным цэнтры. У Сівіцкай бібліятэцы да Дня маці прымеркавалі кніжную выставу. Работнікі Івянецкага сельвыканкама на чале са старшынёй Інай Раманаўнай Яновіч арганізавалі выезды ў сацыяльныя дамы, дзе адбыліся сустрэчы з жанчынамі-матулямі за салодкім сталом.
Анжэла РАДЫНА



