Адрес:

222357, г. Воложин, пл. Свободы, 2

Телефон приемной:

+375 (1772) 5-55-72

Режим работы:

с 8.30 до 13.00 и с 14.00 до 17.30 по будням

горячая линия: +375 (1772) 5-55-72

Валожынцы расказалі аб тым, чаго чакаюць ад VI Усебеларускага народнага схода

25.01.2021

Генадзій Вацлававіч КАСПЯРОВІЧ, дырэктар ААТ «Агра-Дубінское»:

– Еду раніцай у 7 гадзін на работу. На дварэ – за мінус 20. На аўтобусным прыпынку стаяць дзеткі – чакаюць школьнага аўтобуса, мерзнуць… Адразу ж на ўспамін прыходзіць маё дзяцінства: адна настаўніца ў Бунях вучыла 16 дзяцей. У нас такі прыгожы аграгарадок, а школу і дзіцячы сад закрылі – возяць вучыцца каго ў Гародзькі, каго ў Валожын. Хто ж паедзе ў тую вёску, будзе тут рабіць і заставацца жыць, калі ў населеным пункце няма самых важных аб’ектаў, дзе выхоўваецца наша з вамі будучыня? Заняткі ў школьнікаў пачынаюцца зараз у 9 гадзін – дык тая ж дзетвара, як прыедзе, яшчэ амаль дзве гадзіны спіць на падаконніках. Яно і не дзіўна, бо ўставаць у школу трэба а шостай гадзіне.

Каб вёску адрадзіць, штосьці варта варочаць і на кругі свая. Як альтэрнатыва – адкрыццё дзіцячага садка на базе гаспадаркі: калісьці ж былі калгасныя садкі. Добра было б хаця б пачатковую школу на месцы мець. Сельгаспрадпрыемства наша вялікае – ад Узбалаці да Ласокіна і Брылькоў. Таму задумацца і папрацаваць ёсць над чым.

Міхаіл Ігнацьевіч РАДЫНА, дырэктар Валожынскага філіяла ДП «Мінаблпаліва»:

– Час, ды і апошнія падзеі ў краіне паказваюць, што для чалавека самае важнае – стабільнасць у грамадстве і ўпэўненасць у заўтрашнім дні. Гэта па-першае.

Па-другое, як валожынца мяне турбуе развіццё нашага раёна: каб была вытворчасць, і людзі мелі работу на месцы – адсюль і падаткі, і рабочыя месцы, і заработная плата. Жыллё будуецца, а працаваць няма дзе. Мы страцілі сваю буйную будаўнічую арганізацыю, скарацілі райсельгасхімію, затухаюць дзяржаўны гандаль і меліярацыя. Няпроста даводзіцца і тым нешматлікім прадпрыемствам, якія працуюць, таму варта павярнуцца да іх тварам.

Па-трэцяе, больш увагі надаваць маладым кадрам. Падыход павінен быць да кожнага індывідуальны – такія ўмовы дыктуе сённяшні зменлівы свет. З моладдзю трэба размаўляць на роўных, а не з пазіцыі «я старэйшы і разумнейшы», паважаць іх, давяраць, падтрымліваць, вучыць, падказваць, накіроўваць – яны наша змена, за імі будучыня. Гэта ж адносіцца і да маладых кіраўнікоў.

Наталля Паўлаўна ЛОЎЧАЯ, дырэктар раённага краязнаўчага музея:

– На сённяшні дзень адной з галоўных задач павінна стаць выпрацоўка эфектыўных механізмаў па рашэнні першачарговых праблем, важных для любога грамадзяніна краіны. Самае асноўнае для кожнага з нас – спакой у роднай Беларусі, развіццё розных кірункаў дзейнасці. На мой погляд, сярод мноства, безумоўна, наспелых пытанняў трэба абавязкова абмеркаваць захаванне гістарычнай памяці сярод жыхароў Беларусі. Ведаю, тэма ўжо не новая, але, тым не менш, яе далейшая глыбокая распрацоўка, удалае прыстасаванне да сённяшніх складаных абставін уяўляе адну з самых актуальных ідэалагічных задач. У справе выхавання падрастаючага пакалення зараз самы час актывізаваць работу па ваенна-патрыятычным выхаванні юнакоў і дзяўчат на мясцовым матэрыяле, які выдатна паказвае вытокі, ролю і значэнне подзвігу савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. Беларуская зямля багатая на такія прыклады, якія проста неабходна выкарыстоўваць у выхаваўчых мэтах.

Уладзімір ЦІХАНОЎСКІ, першы сакратар райкама ГА «БРСМ»:

– Усебеларускі народны сход – гэта магчымасць вызначыць, як наша краіна будзе развівацца надалей, які арыенцір будзе абраны на бліжэйшыя пяць гадоў. Толькі беларускі народ павінен вырашаць, як нам жыць. І гэта тычыцца ўсіх кірункаў – палітычнага, сацыяльнага эканамічнага. Народнае веча – адкрыты дыялог, а значыць, павінны ўлічвацца ўсе меркаванні.

Што хвалюе моладзь? Многае: ад першага рабочага месца, фарміравання ўмоў працы і заработнай платы, атрымання даступнага жылля, падтрымкі маладых сем’яў, інфармацыйных і сацыяльных тэхналогій да выхавання сапраўднага грамадзяніна-патрыёта сваёй краіны, які будзе любіць Беларусь, беражліва захоўваць, развіваць і перадаваць дзецям і ўнукам яе традыцыі.