ХII абласны фестываль-конкурс “Напеў зямлі маёй” прайшоў у Мар’інай Горцы. У ім бралі ўдзел 28 разнажанравых калектываў Міншчыны з найменнямі “народны” і “ўзорны”.
Узорны фальклорны гурт “Вянок” (спадарожнік самага знакамітага нашага калектыву – “Гасцінец”) Ракаўскага цэнтра народнай творчасці заняў у абласным конкурсе першае месца. Юныя выканаўцы вынеслі на суд аўтарытэтнага журы аўтарскі твор свайго кіраўніка Лізаветы Пятроўскай – фальклорную замалёўку “Скачам, гуляем – дожджык выклікаем!”. Падарункам пераможцам стаў камплект гукаўзмацняльнай апаратуры.
У абласной спартыўна-аздараўленчай базе “Галактыка” ля Ракава на працягу трох дзён праходзіла III спартакіяда работнікаў аддзелаў адукацыі, спорту і турызму рай-, гарвыканкамаў Мінскай вобласці. У спартакіядзе бралі ўдзел 30 каманд. Акрамя акрэсленых – каманды ўпраўленняў адукацыі, спорту і турызму Мінаблвыканкама і сямі падведамасных ім спартыўных арганізацый. Былі вызначаны лепшыя ў спаборніцтвах па дартсе, скачках праз скакалку, паркавым валейболе, настольным тэнісе, кідках у баскетбольнае кальцо, набіванні футбольнага мяча, фігурным ваджэнні веласіпеда і камандных скачках з месца.
Каманда аддзела адукацыі, спорту і турызму нашага райвыканкама заняла агульнае другое месца, прапусціўшы наперад сваіх калег з Капыльскага раёна, уступіўшы ім усяго 2 ачкі. За каманду выступалі намеснік начальніка аддзела па спорце Валянціна Башаркевіч, дырэктар ДЮСШ Дзмітрый Ажарэльеў, трэнеры-выкладчыкі ДЮСШ па лёгкай атлетыцы і дзюдо Настасся Паталей і Аляксей Садоўскі, інструктар-метадыст ФАЦ “Надзея” Аляксей Міхнавец. Нашы былі лепшымі ў дартсе (мужчына і жанчына), у астатніх відах увайшлі ў дзясятку лепшых. Каманда аддзела атрымала граматы, кубак і спартыўны інвентар. Таксама работнікі нашага аддзела забяспечвалі судзейства спаборніцтваў.



