У Валожынскім краязнаўчым музеі з 1-га лютага 2021 г. працуе выстава «Краявіды роднай зямлі». На ёй прадстаўлены мастацкія працы скульптара Калясінскага Валерыя Францавіча і яго дачкі Калясінскай Паліны.
Валерый Францавіч нарадзіўся ў Мінску 30 лістапада 1960 года. Скончыў Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў па спецыяльнасці «Скульптура», пазней – аспірантуру. У 1998-2001 стажыраваўся ў Творчых акадэмічных майстэрнях Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь.
З 2000 года - член грамадскага аб'яднання "Беларускі саюз мастакоў». Зараз жыве і працуе ў аг.Пяршаі.
Шырыню творчых захапленняў Валерыя Калясінскага раскрываюць прадстаўленыя ў экспазіцыі малюнкі краявідаў Пяршайшчыны, выкананыя тушшу. На выставе прадстаўлены барэльефы В.І.Дуніна-Марцінкевіча і Старога Уласа, бюст мастака Ф.Рушчыца. Выклікаюць цікавасць яго работы з граніту: «Змяя», «Ваза», «Полымя», «Чалавек».
Калясінская Паліна пераможца шматлікіх конкурсаў: 1-е месца ў абласным конкурсе «Калыска талентаў» у г.Клецку, 3- е месца ў раённым конкурсе «Бяспека на пажары» (2018г.), тры дыпломы за удзел у рэспубліканскай выставе Беларускага саюза майстроў народнай творчасці ( 2018 г., 2019 г., 2021 г.). Дыплом за ўдзел у 9-м Міжнародным пленэры, прысвечаным Ф. Рушчыцу ў г.Вільнюсе (2019г.), дыплом удзельніка дзіцячага пленэра- конкурса ў Багданаве (2020 г). Паліна марыць стаць скульптарам і зараз займаецца ў Рэспубліканскім каледжы мастацтваў імя І.В.Ахрэмчыка ў Мінску.



