Адрес:

222357, г. Воложин, пл. Свободы, 2

Телефон приемной:

+375 (1772) 5-55-72

Режим работы:

с 8.30 до 13.00 и с 14.00 до 17.30 по будням

горячая линия: +375 (1772) 5-55-72

Гiсторыя касцёла Святога Юзафа ў Валожыне, якому спаўняецца 205 гадоў

19.02.2021

18 лютага 205 гадоў спаўняецца касцёлу Святога Юзафа ў Валожыне, які на працягу многіх гадоў быў духоўнай апорай для вернікаў. Урачыстае адкрыццё святыні прыйшлося на 19 сакавіка 1816 года. Акт асвячэння выканаў канонік інфляндскі ксёндз Тадэвуш Навіцкі.

Вядомы паэт і нястомны краязнаўца Уладзіслаў Сыракомля, творчасць якога прыйшлася на XIX стагоддзе, убачыўшы валожынскі касцёл, пісаў:

— Над прысадзістым мястэчкам, якое, здаецца, пала на калені перад веліччу касцёла, свецяць цудоўныя «муры» храма. Гэтая святыня ў гусце ХVІІІ стагоддзя, калі алоўкам архітэктара кіравала не набожнасць, а захапленне грэцкай прыгажосцю.

Храм і сапраўды вытрыманы ў строгіх формах класічнай архітэктуры Старажытнай Грэцыі. Яго галоўны фасад вылучаны 6-калонамі з трохкутным франтонам порцікам дарычнага ордэра. Плоскасць фасада раздзеленая чатырмя паўкруглымі арачнымі нішамі, дзе раней знаходзіліся гіпсавыя статуі евангелістаў. Ледзь воддаль ад касцёла, у мініяцюры паўтараючы яго архітэктуру, размясцілася брама-званіца на тры званы.

Даўжыня будынка, які ўзвышае над плошчай урэзаны ў адхон пагорка подыум з валуноў, 57 метраў, вышыня — 18.

Будаўніцтва святыні ў колішнім мястэчку было пачата графам Іосіфам Тышкевічам, які набыў горад 10 сакавіка 1803 года. На жаль, давесці справу да канца ён не паспеў. 1815-ты год стаў апошнім у жыцці графа. Мару бацькі ажыццявіў сын Міхаіл.

Чаго толькі не перажыў храм за свае 205 гадоў, на якія падзеі не наглядзеўся. Яго закрывалі, пераасвячалі ў царкву.

— У ліпені 1919 года касцёл быў вернуты католікам, — расказвае дырэктар Валожынскага краязнаўчага музея Наталля Лоўчая. — На жаль, гэта падзея была азмрочана пажарам, у выніку якога згарэлі дах і трэцяя частка скляпення. Агульнымі намаганнямі парафіян праведзены рамонтныя работы.

Касцёл закрылі 8 кастрычніка 1960 года. Яго настаяцель ксёндз Ян Германовіч пакінуў парафію і выехаў у Польшчу. Касцельная маёмасць без гаспадара падверглася разбурэнню. Быў знішчаны арган, дэкаратыўныя ўпрыгожванні, разбіты фігуры евангелістаў, якія стаялі ў нішах фасада.

Першапачаткова будынак касцёла прыстасавалі пад склад мэблі гандлёвай арганізацыі, пасля — цэх будаўнічага жалезабетону міжкалгасбуда. А затым тут размясціўся філіял завода «Тэрмапласт».

Мясцовыя жыхары расказваюць, што машыны і станкі са сцен культавай установы пачалі вывозіць у пачатку 1990-х.  Якраз у гэты час завод, дзе працавала вельмі шмат жыхароў райцэнтра, закончыў узвядзенне новага вытворчага корпуса, пад які была адведзеная тэрыторыя ў іншым месцы горада. А вернікі касцёла Святога Юзафа зноў узяліся за рэстаўрацыю касцёла, дзе па сённяшні дзень праходзяць набажэнствы.

Автор статьи: Марына Сліж

Автор фото: Фота з адкрытых крыніц

Задайте вопрос